ХО́МСКІ, Чомскі (Chomsky) Аўрам Ноам (н. 7.12.1928, г. Філадэльфія, ЗША), амерыканскі мовазнавец, палітолаг, публіцыст; заснавальнік генератыўнай лінгвістыкі. Маці паходзіць з г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1963), Нац. АН ЗША (1972), чл.-кар. Брыт. акадэміі (1974). Д-р філасофіі (1955). Скончыў Пенсільванскі ун-т (1951). З 1951 у Гарвардскім ун-це, з 1955 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1961 праф.). Асн. працы па мовазнаўстве, кагнітыўнай псіхалогіі, філасофіі, гісторыі, паліталогіі, эканоміцы, міжнар. адносінах. Заклаў асновы тэорыі трансфармацыйных (генератыўных) граматык і фармальных моў як раздзела матэм. логікі (кн. «Трансфармацыйны аналіз», 1955; «Сінтаксічныя структуры», 1957), даў іх класіфікацыю (т.зв. іерархія Х.). Выступаў з ідэяй універсальнасці асн. («глыбінных») грамат. структур у розных мовах свету (кн. «Мова і мысленне», 1968). Стваральнік генератыўнай фаналогіі (1968, з М.​Хале). Сфармуляваў (1995) «мінімалісцкую праграму» генератывізму.

Тв.:

Рус. пер. — Язык и мышление. М., 1972;

Аспекты теории синтаксиса. М., 1972;

Логические основы лингвистической теории. М., 2002;

Прибыль на людях: Неолиберализм и мировой порядок. М., 2002;

Новый военный гуманизм: Уроки Косова. М., 2002.

Літ.:

Barsky R.F. Noam Chomsky: A life of dissent. Cambridge, 1997;

Литвивов В.П. Мышление Ноама Хомского. Тольятти, 1999.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)