РО́КФЕЛЕРЫ, Ракфелеры (Rockefeller),
сямейная фінансава-прамысл. група ў ЗША. Склалася ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік — Дж.Д.Рокфелер старэйшы (1839—1937). Прамысл. ядро — утвораная ў 1892 нафтавая кампанія «Стандарт ойл компані (Нью-Джэрсі)» якая ў 1973 перайменавана ў «Эксан». фін. цэнтр — «Чэйз Манхатан банк». Сфера ўплыву: прам-сць (электратэхніка, машынабудаванне) і крэдытна-фін. інстытуты, страхаванне жыцця. У 1913 засн. таксама Ракфелераўскі фонд для садзейнічання дабрабыту чалавецтва, які з 1928 спрыяе і навуцы (належыць да найб. вял. фондаў свету); складаецца з некалькіх інш. фондаў, у т. л. для Ракфелераўскага ун-та ў Нью-Йорку (засн. ў 1901 як мед. ін-т), Ракфелераўскага братэрскага фонду (з 1940), Ракфелераўскага сямейнага фонду (з 1967). З 1980-х г. роля групы памяншалася, ч падкантрольнай уласнасці распраданая. З сям’і Р. найб. вядомы: сын Дж.Д.Рокфелера старэйшага Джон Дэйвісан Р. малодшы (1874—1960; субсідзіраваў куплю зямлі для штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку і пабудаваў Ракфелераўскі цэнтр), яго сыны — Джон Дэйвісан трэці (1906—78; садзейнічаў заснаванню Лінкальн-цэнтра), Нелсан Олдрыч (1908—79; віцэ-прэзідэнт ЗША у 1974—77).
Літ.:
Рокфеллер Дж.Д. Искусство разбогатеть: Мемуары американского миллиардера: Пер. с англ. М., 1992.
т. 13, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)