ПЯТРО́ЎСКІ (Ян) (н. 20.1.1905, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. рэліг. дзеяч, выдавец, літаратар, мовазнавец. Скончыў гімназію ў Вільні, служыў у польскім войску. Скончыў Тэалагічную школу метадыстаў у Клярысаве (1930). Быў пастарам у Варшаве, у Дзярэчыне (цяпер Зэльвенскі р-н). З 1936 пастар у Варшаве, адначасова сакратар Польскай гадавой канферэнцыі метадыстаў. З сак. 1941 пастар у Германіі, дзе быў арыштаваны гестапа. Прапаведнік метадысцкай царквы з 1945 у Аўстрыі, з 1953 у ЗША. У 1962—66 выдаваў рэліг. час. «Сьветач хрыстовае навукі». Выдаў у перакладзе на бел. мову 6 кніг дыялогаў стараж.-грэч. філосафа Платона (1966—81), кнігу ням. філосафа В.Гумбальта «Унутраная форма мовы» (1989). Складальнік і выдавец «Класічнага грэцка-беларускага слоўніка» (кн. 1—2, 1983—85), а таксама англа-бел. і бел.-англ. слоўнікаў (1993), якія ўключаюць больш за 10 тыс. слоў. У 1977 стварыў у ЗША Бел. харытатыўна-адукац. фонд з мэтай спрыяння развіццю бел. мовы і культуры і пашырэння ў краінах Захаду ведаў пра Беларусь. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1988—97), якія з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Зах. Беларусі і бел. дыяспары.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны. Мн.;
Мюнхен, 1999. С. 154.
Л.У.Языковіч.
т. 13, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)