ПАЛІ́НСКІ (Міхаіл Мадэставіч) (1785, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 1848),

бел. матэматык. Д-р філасофіі (1814), праф. (1819). Скончыў школу ў Жыровічах, Віленскі ун-т (1808). З 1808 у Мінскай, з 1813 у Віленскай гімназіях. У 1817—19 у замежнай камандзіроўцы (Германія, Францыя, Італія) з мэтай удасканалення ў галіне матэм. навук і вывучэння сістэмы адукацыі. У 1816—32 у Віленскім ун-це (з 1823 дэкан фіз.-матэм. ф-та). Выкладаў алгебру, вышэйшую геадэзію, аналіт. геаметрыю, аналіт. механіку.

Літ.:

Беспамятных Н.Д. Математическое образование в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1975.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЦІ ((Muti) Рыкарда) (н. 28.7.1941, г. Неапаль, Італія),

італьянскі дырыжор. З 1969 дырыжор опернага «Тэатра камунале» ў Фларэнцыі. У 1967—82 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік фестывалю «Фларэнтыйскі музычны май». У 1973—83 кіраўнік Лонданскага, у 1980—93 — Філадэльфійскага сімф. аркестраў, з 1986 — т-ра «Ла Скала». Удзельнік Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары оперы італьян. класікаў і сімф. творы кампазітараў 20 ст. Адточаны густ, пачуццё стылю, яскравы тэмперамент вылучаюць яго інтэрпрэтацыі твораў Б.​Брытэна, Г.​Петрасі, Л.​Далапікалы, К.​Орфа, І.​Стравінскага, Дз.​Шастаковіча і інш.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫНЕ́ЦІ ((Marinetti) Эміліо Філіпа Тамаза) (22.12.1876, г. Алесандрыя, Італія — 2.12.1944),

італьянскі пісьменнік; заснавальнік і тэарэтык футурызму ў еўрап. л-ры і мастацтве. Пісаў на італьян. і франц. мовах. Дэбютаваў як паэт свабоднага верша (паэма «Заваяванне зор», 1902). У «Першым маніфесце футурызму» (1909), шэрагу «тэхнічных маніфестаў» выклаў канцэпцыю «дынамічнай літаратуры будучага» («futuro») і яе асн. маст. прынцыпы. Аўтар сатыр. п’есы «Кароль-Гулянка» (1905), рамана «Мафарка-футурыст» (1910), зб. вершаў «Занг-тум-тум» (1914), нарысаў, тэарэт. прац (кн. «Маніфесты футурызму», т. 1—4, 1909—19) і інш.

Е.​А.​Лявонава.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭО́ЦІ ((Matteotti) Джакома) (22.5.1885, Фрата-Палясіне, прав. Равіго, Італія — 10.6.1924),

італьянскі паліт. дзеяч, герой антыфаш. супраціўлення. Юрыст. Адзін з лідэраў Італьян. сацыяліст. партыі. У 1-ю сусв. вайну за антываен. дзейнасць быў зняволены ў турму. У 1919—24 дэп. парламента. У 1922 за рэфармісцкую дзейнасць выключаны з Сацыяліст. партыі. Адзін з заснавальнікаў і паліт. сакратар (з 1922) Унітарнай сацыяліст. партыі. 30.5.1924 у палаце дэпутатаў публічна выкрыў перадвыбарныя махінацыі і злоўжыванні фаш. партыі. Выкрадзены і забіты фашыстамі. Выступленне і забойства М. выклікалі востры паліт. крызіс фаш. рэжыму ў Італіі — т.зв. «М. крызіс».

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ФІЯ [італьян. maf(f)ia],

тайная злачынная арганізацыя, якая дзейнічае метадамі шантажу, гвалту, забойстваў і да т.п. Узнікла на в-ве Сіцылія (Італія) спачатку як арганізаваная самаабарона насельніцтва. У 20 ст. ў Італіі, а потым і ў інш. краінах (напр., «Коза ностра» ў ЗША) манапалізавала злачынны бізнес (найперш наркабізнес, ігральныя дамы, прастытуцыю і да т.п.), пранікла ў паліт. сферу. Адметнай рысай М. як крыміналагічнага феномена з’яўляецца сувязь з перажыткамі родаплемянных звычаяў, якія надаюць М. асаблівую ўстойлівасць і ўнутр. згуртаванасць. Часам тэрмінам «М.» пазначаюць усе формы арганізаванай злачыннасці.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ЕЎРО́ПА»,

тайнае міжнар. аб’яднанне рэв.-дэмакр. арг-цый некаторых краін Еўропы ў 1834—36. Створана Дж.Мадзіні ў Швейцарыі ў крас. 1834 з мэтай спрыяння ўсталяванню рэсп. ладу ў еўрап. краінах. У аб’яднанне ўваходзілі пераважна паліт. эмігранты (рэспубліканцы розных кірункаў), якія прадстаўлялі тайныя саюзы «Маладая Італія», «Маладая Германія» і «Маладая Польшча». Асн. дзейнасць «М.Е.» была накіравана на стварэнне ва ўсіх краінах Еўропы рэсп. арг-цый: заснаваны саюзы «Маладая Францыя», «Маладая Іспанія», «Маладая Бельгія». У 1836 улады Швейцарыі выслалі з краіны членаў «М.Е.», што прывяло да спынення яе дзейнасці.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́Н ((Manin) Даніэле) (13.5.1804, г. Венецыя, Італія — 22.9.1857),

дзеяч італьян. нац.-вызв. руху ў перыяд Рысарджымента. Адвакат. Вучыўся ў Падуанскім ун-це. У 1846—47 кіраўнік ліберальнага руху за аўтаномію Венецыі ў складзе Аўстр. імперыі. У снеж. 1847 арыштаваны. У пачатку рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўзначаліў нар. паўстанне ў Венецыі (вызвалены паўстанцамі з турмы) супраць аўстр. панавання. 22.3.1848 абвясціў Венецыю незалежнай рэспублікай і 23 сак. выбраны яе прэзідэнтам (з жн. 1848 дыктатар). Пасля задушэння рэспублікі аўстр. войскамі (жн. 1849) эмігрыраваў у Францыю. З 1854 прыхільнік аб’яднання Італіі вакол Сардзінскага каралеўства.

т. 10, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭСО́РЫ ((Montessori) Марыя) (31.8.1870, г. К’яравале, Італія — 6.5. 1952),

італьянскі педагог, урач. Скончыла Рымскі ун-т (1894). Д-р мед. н. (1896). З 1900 у Рым. ун-це (у 1904—08 праф.). Распрацавала сістэму развіцця органаў пачуццяў у разумова адсталых дзяцей, потым выкарыстала яе ў выхаванні нармальных дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту (сістэма заснавана на ідэях свабоднага выхавання). Прапагандавала сваю сістэму ў некат. краінах Еўропы, ЗША і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Метод научной педагогики, применяемый к детскому воспитанию в «домах ребенка». 4 изд. М., 1920.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАІ́НА, Мараіні (Maraino, Maraini) Іначэнца, архітэктар і мастак-дэкаратар 2-й пал. 18 ст. Родам з Італіі (Лугана). Вучыўся ў Мілане ў Брэры. З 1764 працаваў пераважна ў Рэчы Паспалітай. З 1.6.1777 пры двары М.​К.​Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл., да 1780 кіраваў буд-вам спец. памяшкання для Слонімскага т-ра Агінскага («Новы дом оперы»), пісаў дэкарацыі. Верагодна, у 1786 ствараў дэкарацыі для т-ра «Ла Скала» (Італія). Гал. работы: перабудова Нац. т-ра ў Варшаве, буд-ва драўлянага амфітэатра ў г. Львоў (Украіна; 1790-я г.).

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕЛУ́ЧЫ ((Michelucci) Джавані) (2.1.1891, г. Пістоя, Італія — 1990),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Фларэнцыі. Праф. ун-таў у Фларэнцыі (1932—48) і Балонні (з 1948). З 1946 дырэктар час. «La Nuova Cittá» («Новы горад»). У 1930—50-я г. прыхільнік рацыяналізму, пазней эвалюцыяніраваў да арганічнай архітэктуры. Арганічна спалучаў смелыя паводле канструкцыі сучасныя збудаванні з гіст. забудовай (цэнтр. вакзал у Фларэнцыі, 1930—36, з арх. Н.​Бароні і інш.; таварная біржа ў Пістоі, 1949—50), складаныя кампазіцыйныя вырашэнні лаканічныя, пластычна выразныя (царква Сан-Джавані на Вія дэль Соль каля Фларэнцыі, 1964).

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)