РУДО́ЛЬФ II Габсбург (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл.Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛІЙ II (Basileios) Балгарабойца
(958, Канстанцінопаль — 15.12.1025),
візантыйскі імператар [976—1025]. З Македонскай дынастыі. Узмацніў паліт., эканам. і ваен. магутнасць Візантыі; абмежаваў уплыў знатных родаў, задушыў іх паўстанні ў 976—79 і 987—89. Меў добрасуседскія адносіны з кіеўскім князем Уладзімірам, за якога выдаў замуж сваю сястру Ганну. Гэты шлюб паспрыяў прыняццю на Русі хрысціянства. У 995 здзейсніў паспяховы паход у Сірыю супраць Фатымідаў; захапіў частку груз. і арм. зямель. Пасля працяглай вайны ў 1018 пакарыў Зах.-Балг. царства і падпарадкаваў яго Візантыі; за жорсткасць, якую праявіў у гэтай вайне (у 1014 загадаў асляпіць 14 тыс.балг. палонных), празваны Балгарабойцам. Значна пашырыў тэр. сваёй імперыі: яна ўключыла ўвесь Балканскі п-аў і М. Азію, распасціралася да Каўказскага хрыбта і Месапатаміі на У і Італіі на З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ IV, Карэл I Чэшскі (Karl IV, Carel I; 14.5.1316, Прага — 29.11.1378),
кароль Чэхіі (з 1346), герм. кароль (з 1347), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1355—78], кароль Бургундыі (з 1365). З дынастыі Люксембургаў. Сын чэш. караля Яна. У 1334—46 рэгент у Чэхіі, 11.7.1346 выбраны чэш. каралём. Умацоўваў каралеўскую ўладу (у т. л. ў Германіі праз прыняцце Залатой булы 1356), апіраўся на гандл.-рамесніцкія колы, сярэднюю і дробную шляхту. Пры ім Чэхія стала гал. дзяржавай «Свяшчэннай Рым. імперыі», а Прага фактычна яе сталіцай (садзейнічаў інтэнсіўнаму буд-ву ў горадзе, у т. л. Карлава моста цераз р. Влтава, у 1348 засн. Пражскі, або Карлаў, ун-т). Далучыў да ўладанняў Люксембургаў ч. Верхняга Пфальца, землі ў Цюрынгіі, Саксоніі, Ніжнія Лужыцы, у 1373 Брандэнбург (страчаны пасля яго смерці), з дапамогай дынастычнага шлюбу ўмацаваў сувязі з Польшчай і Венгрыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́Н (Limon) Хасэ (сапр. імя Аркадыо; 12.1.1908, г. Кульякан, Мексіка — 2.12.1972),
амерыканскі танцоўшчык і харэограф; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў амер. танца мадэрн. З 1915 у ЗША. З 1928 вучыўся танцу мадэрн у Д.Хамфры і Ч.Вейдмана (у 1930—40 у іх трупе), у 1945 — класічнаму танцу ў Э.Цюдара і інш. З 1945 кіраваў уласнай трупай (Трупа Лімона; да 1958 разам з Хамфры). У мужчынскім танцы выпрацоўваў энергічны, атлетычны стыль. Сярод пастановак: «Чакона ў рэ мінор» на муз. І.С.Баха (1940), «Павана Маўра» Г.Пёрсела і «Выгнаннікі» на муз. А.Шонберга (1949), «Імператар Джонс» Э.Вілы-Лобаса (1956), «Кароткая меса ваенных часоў» на муз. З.Кодая (1958; выканаў гал. партыю), «Крылатыя» Джонсана (1966), «Танцы для Айседоры» на муз. Ф.Шапэна (1971), «Арфей» на муз. Л. Бетховена (1972), «Не апетыя» (1970) і «Карлота» (1972) без муз. суправаджэння.
аўстрыйскі дыпламат.Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМІЛЯ́Н I (Maximilian; 22.3.1459, г. Вінер-Нойштат, Аўстрыя — 12.1.1519),
германскі кароль (з 1486), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1493—1519], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын і пераемнік імператара Фрыдрыха III, бацька Філіпа I Прыгожага, дзед Карла V і Фердынанда I. У выніку дынастычнага шлюбу 1477 з Марыяй Бургундскай (дачка Карла Смелага, п. ў 1482) атрымаў ва ўладанне Нідэрланды і Франш-Кантэ. Сапернічаў з франц. каралём Людовікам XI. Заснаваў войска ландскнехтаў. Пацярпеў паражэнне ў т.зв. Швабскай вайне 1499 з швейцарцамі. Дынастычнымі шлюбамі забяспечыў сваім наследнікам ісп., венгерскі і чэш. прастолы. Пачаў фактычнае аб’яднанне аўстр. уладанняў Габсбургаў і цэнтралізацыю іх кіравання, намагаўся зрабіць Германію цэнтрам універсальнай дзяржавы Габсбургаў. Быў прыхільнікам гуманізму, спрыяў мастакам, у т. л. А.Дзюрэру, і вучоным (найперш ням. гуманістам); сучаснікі называлі яго «апошнім рыцарам». Аўтар некалькіх літ.-аўтабіягр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГІЗМУ́НД I (лац. Sigismundus, венг. Zsigmond, чэш. Zikmund; 15.2.1368, г. Нюрнберг, Германія — 9.12.1437),
імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1410—37], венг. кароль [1387—1437], чэш. кароль [1419—21, 1436—37]. Сын імператара Карла IV, апошні з дынастыі Люксембургаў. У 1387 у выніку шлюбу з дачкой венг. караля Лаяша Вялікага стаў венг. каралём. Узначаліў крыжовы паход аб’яднанага еўрап. войска супраць туркаў, разбіты тур. султанам Баязідам I. Адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў царк. Канстанцкага сабора (1414—18), санкцыяніраваў пакаранне смерцю Я.Гуса, якому раней даў ахоўную грамату. Пасля смерці брата Вацлава IV (1419) атрымаў у спадчыну чэш. прастол, арганізаваў супраць гусітаў крыжовыя паходы (гл.Гусіцкія войны). У 1421 пазбаўлены чэш. прастола Часлаўскім сеймам, зноў абвешчаны каралём у 1436 сеймам у Іглаве. Сваім пераемнікам прызначыў аўстр. герцага Альбрэхта. Агульнае абурэнне ў Чэхіі палітыкай С. I прымусіла яго збегчы. Памёр па дарозе з Чэхіі ў Венгрыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАДО́СІЙ I, Феадосій Вялікі,
Флавій (Flavius Theodosius; 11.1.347, Кока, Іспанія — 17.1.395), рымскі імператар [379—395]. Сын палкаводца. У 379 абвешчаны аўгустам (суправіцелем імператара Грацыяна), атрымаў у кіраванне ўсх.ч. імперыі. Спыніў наступленне вестготаў і паводле пагаднення 382 рассяліў іх у якасці федэратаў у ніжнім цячэнні Дуная. Пасля смерці Грацыяна (383) Ф. I аб’яднаў пад сваёй уладай усх. і зах. часткі Рым. імперыі. На 2-м Усяленскім саборы (381) ён замацаваў панаванне артадаксальнага хрысціянства. Адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка, праследаваў прыхільнікаў арыянства і язычніцтва. У 391—392 забараніў язычніцкія культы, у 394 — Алімпійскія гульні. Пры Ф. I разбурана шмат стараж. храмаў, спалена частка Александрыйскай бібліятэкі. Абвешчаны хрысц. царквою Вялікім. Пасля яго смерці Рым. імперыя ў 395 распалася на ўсх. і зах. часткі.
Літ.:
Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́ЙЛЕ СЕЛА́СІЕ I,
да 1930 Тафары Маконен (23.7.1892, Ыджэрса-Гора, правінцыя Харэр, Эфіопія — 27.8.1975), імператар Эфіопіі [1930—74]. З сям’і дзярж. дзеяча Маконена, стрыечнага брата імператара Менеліка II. У 1916 абвешчаны рэгентам пры імператрыцы Заўдыту. Пасля яе смерці каранаваны імператарам Эфіопіі (2.11.1930) пад імем Х.С. I. Увёў цэнтралізаванае кіраванне краінай, адмяніў рабства і гандаль рабамі, ажыццявіў некат. прагрэсіўныя мерапрыемствы ў галіне адукацыі і аховы здароўя, абвясціў (1931) першую ў Эфіопіі канстытуцыю і інш. У 1923 дамогся прыняцця Эфіопіі ў Лігу Нацый. У час італа-эфіопскай вайны 1935—36 узначаліў барацьбу супраць італьян. захопнікаў. Адзін з ініцыятараў стварэння Арганізацыі Афрыканскага Адзінства. У выніку перавароту з-за сацыяльна-эканам. і паліт. крызісу ў краіне 12.9.1974 скінуты, у жн. 1975 забіты.
Літ.:
Ягья В.С. Хайле Селассие 1 // Вопр. истории. 1990. №10;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОГЕНЦО́ЛЕРНЫ (Hohenzollern),
дынастыя курфюрстаў Брандэнбурга [1415—1701], каралёў Прусіі [1701—1918] і імператараў Германіі [1871—1918]. Паходзілі са стараж. швабскага графскага роду (пачынальнік роду граф Фрыдрых фон Цолер, п. у 1125), іх родавы замак Гогенцолерн або Цолер (адсюль назва дынастыі). Каля 1227 падзяліліся на швабскую (старэйшую) і франконскую (малодшую) лініі. Прадстаўнік апошняй бургграф нюрнбергскі Фрыдрых VI у 1415 атрымаў у леннае ўладанне марку Брандэнбург і стаў курфюрстам пад імем Фрыдрых I. Найб. вядомыя: Фрыдрых I [1415—40], Фрыдрых Вільгельм [1640—88], Фрыдрых III [1688—1713, з 1701 прускі кароль Фрыдрых I], Фрыдрых II [1740—86], Фрыдрых Вільгельм III [1797—1840], Фрыдрых Вільгельм IV [1840—61], Вільгельм I (прускі кароль у 1861—88 і герм.імператар у 1871—88) і Вільгельм II [1888—1918; пазбавіўся ўлады ў выніку Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі]. Прадстаўнікі швабскай лініі Гогенцолернаў — Гогенцолерны-Зігмарынгены — у 1866—1947 правілі ў Румыніі. З 1968 галавой дому Гогенцолернаў з’яўляецца Луі Фердынанд (унук Вільгельма II).
Літ.:
Туполев Б.М. Династия Гогенцоллернов // Новая и новейшая история. 1991. № 6.