ГЕКСАМЕТЫЛЕНТЭТРАМІ́Н, гексамін, уратрапін,

гетэрацыклічнае арган. злучэнне. Сінтэзаваны А.М.Бутлеравым (1860).

Бясколерныя крышталі саладкаватага смаку, у паветры асмальваюцца пры 280 °C, вазганяюцца ў вакууме пры т-ры вышэй за 230 °C. Добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна — у эфіры, бензоле, чатыроххлорыстым вугляродзе. Моцнымі к-тамі гексаметылентэтраміну раскладаецца на аміяк і фармальдэгід, што абумоўлівае яго антысептычныя ўласцівасці. У прам-сці атрымліваюць пры выпарванні ў вакууме сумесі аміяку і фармальдэгіду: 4NH3 + 6CH2O ⇄ (CH2)6N4 + 6H2O.

Выкарыстоўваюць як лек. прэпарат групы антысептычных сродкаў (напр., уратрапін, кальцэкс), сыравіну вытв-сці гексагену, бяздымнае цвёрдае паліва (т.зв. цвёрды спірт), ацвярджальнік фенола-фармальдэгідных смол, фунгіцыд.

Да арт. Гексаметылентэтрамін.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЫ́Н, амінавоцатная кіслата, глікакол,

H2NCH2COOH, прасцейшая, заменная амінакіслата. Бясколерныя крышталі, tпл 232—236 °C, у 100 мл вады пры 25 °C раствараецца 25 г гліцыну, у абсалютным спірце і эфіры не раствараецца. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў, глутатыёну, а таксама мурэіну клетачных сценак бактэрый, трапляецца ў жывых арганізмах у свабодным стане. Удзельнічае ў біясінтэзе парафінаў, крэаціну, пурынаў, крыніца аміячнага азоту ў рэакцыях пераамінавання. Вытворныя гліцыну — гіпуравая і глікафоліевая к-ты, бетаін і інш. Атрымліваюць гліцын гідролізам жэлаціну або сінтэзам з монахлорвоцатнай к-ты і аміяку. Выкарыстоўваюць для прыгатавання буферных раствораў, сінтэзу гіпуравай к-ты і інш.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,

смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).

Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл. Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц. т-ва «Лесахімік».

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),

арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст. завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сць сінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭЗО́ЛЫ, метылфенолы,

арганічныя злучэнні, CH3C6H4OH.

Існуюць 3 ізамеры: 2-метылфенол (орта-К.; t 30,9 °C, tкіп 191 °C); 3-метылфенол (мета-К.; tпл 11 °C, tкіп 202,8 °C); 4-метылфенол (пара-К.; tпл 31,8 °C, tкіп 201,9 °C). Бясколерныя крышталі або вадкасці. Раствараюцца ў вадзе, растворах асноў, этаноле, эфіры, хлараформе, бензоле, ацэтоне. Сумесь ізамераў вылучаюць з кам.-вуг. ці сланцавай смалы, раздзяляюць дыстыляцыяй. Выкарыстоўваюць у вытв-сці крэзола-альдэгідных смол, дэзінфекцыйных сродкаў; асобныя ізамеры — у вытв-сці азафарбавальнікаў, інсектыцыдаў, гербіцыдаў, антыаксідантаў. К. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў, выклікаюць кан’юнктывіты. ГДК 0,1—0,5 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКТО́НЫ,

арганічныя рэчывы; унутраныя цыклічныя складаныя эфіры аксікіслот, маюць у цыкле атамную групоўку —C(O)—O—.

Л. — вадкасці ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках. Ніжэйшыя Л. — лакрыматары. Л., якія маюць у цыкле больш за 8 атамаў, адносяцца да макралідаў. Макраліды — макрацыклічныя Л., якія могуць мець розныя замяшчальнікі; многія з іх прадуцыруюцца штамамі бактэрый і з’яўляюцца антыбіётыкамі. Л. ёсць у малацэ і малочных прадуктах, раслінных мускусах (гл. Мускус). Сінт. Л. атрымліваюць цыклізацыяй адпаведных аксі- і галагенакіслот. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, як пахучыя рэчывы, лек. сродкі. Гл. таксама Кумарын.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЦЫЦІ́НЫ (ад грэч. lekithos яечны жаўток), халінфасфатыды,

складаныя эфіры амінаспірту халіну і дыгліцэрыдфосфарных кіслот; найважн. прадстаўнікі фосфаліпідаў. Малекулы складаюцца з рэшткаў гліцэрыну, тлушчавых к-т, фосфарнай к-ты і халіну.

Гіграскапічныя воскападобныя рэчывы, добра раствараюцца ў спіртах. У арганізме чалавека многа Л. у печані, сардэчнай мышцы, нерв. тканцы. Шмат Л. у яечным жаўтку, ікры рыбы, насенні coi і сланечніку. Асн. функцыя ў арганізме — удзел у будаўніцтве біял. мембран. Шэраг Л. атрыманы сінтэтычна. У медыцыне пры хваробах нерв. сістэмы, анеміях ужываюць цэрабралецыцін, які атрымліваюць экстракцыяй з мозга буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкстыльнай і касметычнай прам-сці.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАКАТЭХІ́Н, 1,2-дыгідраксібензол,

двухатамны фенол, C6Н4(OH)2.

Бясколерныя крышталі, у паветры на святле хутка цямнеюць. t 105 °C, tкіп 240 “С. шчыльн. 1371 кг/м³ Добра раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле, дыэтылавым эфіры. П. і некаторыя яго вытворныя знойдзены ў раслінах; могуць быць вылучаны, напр., з драўніны і прыродных смол. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў (алізарыну і гістазарыну), пахучых рэчываў (напр., гваяколу), як зыходнае рэчыва для сінтэзу адрэналіну, кампанент фарбавальніка для футра, праявіцель у фатаграфіі. Пыл і пара П. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў; ГДК у вадзе 0,1 мг/л.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫМІДЗІ́Н 1,3-дыазін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H4N2.

Бясколерныя крышталі, tпл 22,5 °C, tкіп 124 °C. Добра раствараецца у вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Слабая аснова. Інертны да электрафільных рэагентаў (не ўступае ў рэакцыі нітравання і сульфіравання); пратанаванне адбываецца пры ўзаемадзеянні з вельмі моцнымі к-тамі з утварэннем солі па адным атаме азоту, Лёгка ўступае ў рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння. П. і яго вытворныя ўваходзяць у састаў найважн. біяпалімераў — нуклеінавых кіслот (гл. Пірымідзінавыя асновы), а таксама шэрагу біялагічна актыўных рэчываў: вітаміну B1, антыбіётыкаў аміцэтыну і блеаміцыну, барбітуратаў (гл. Барбітуравая кіслата), каэнзімаў і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРАГЕ́НТЫ (ад экстра... + агент),

вадкія або парападобныя растваральнікі, якім уласціва здольнасць выцягваць, экстрагаваць які-н. кампанент з сумесей вадкіх і цвёрдых рэчываў.

Э. з’яўляюцца галагеназмяшчальныя вуглевадароды, спірты, эфіры і інш. Найб. пашыраныя Э.: нейтральныя — фосфарарган. злучэнні (трыбутылфасфат, фасфінаксіды, нафтавыя сульфаксіды); кіслыя — фосфарарган. кіслоты, алкілфенолы; асноўныя — солі трыактыламіну, чацвярцічных амоніевых, фасфоніевых, арсоніевых асноў, першасныя і другасныя аміны; кіслыя хелатыравальныя — аксіаксімы, алкілаксіхіналіны. Асн. патрабаванні да Э.: утварэнне з рэчывам, што экстрагуецца, хім. сувязі; высокая выбіральнасць; высокая хім. ўстойлівасць; нізкая растваральнасць у вадзе; сумяшчальнасць з разбавіцелямі; негаручасць або дастаткова высокая т-ра ўзгарання.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)