ЗВОНЬ, Званское возера,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 12 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 1,46 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 17,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 17,4 км². Схілы катлавіны выш. да 9 м (на ПнУ да 25 м), пераважна разараныя, на Пд і З парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, часткова пад хмызняком. Дно да глыб. 3,5—4 м пясчанае, ніжэй глеістае. З астравы агульнай пл. 4,2 га. На Пд упадае р. Зуйніца, на Пн выцякае ручай у воз. Вялікая Існа. Адзначаны пасяленні баброў. Уваходзіць у зону адпачынку курорта Ушачы.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЯПЁРЫЯ (Crossopterygii),

выкапнёвыя касцістыя рыбы. 5 атрадаў. Вядомы з ранняга дэвону (каля 400 млн. г. назад), росквіту дасягнулі ў сярэднім і познім дэвоне. У сярэднім дэвоне далі пачатак наземным пазваночным. 1 сучасны від — латымерыя. На Беларусі рэшткі К. (луска), па якіх вызначаюць узрост геал. адкладаў, знойдзены ў пясчана-гліністых адкладах сярэдняга і верхняга дэвону (віцебскі, нароўскі, старааскольскі і пашыйска-кынаўскі гарызонты) Аршанскай упадзіны. К. — жыхары марскіх і прэсных вадаёмаў.

Даўж. выкапнёвых форм ад 7 см да 5 м, латымерыі — да 1,8 м, маса да 95 кг. Цела верацёнападобнае, з моцным хвастом, укрыта вял. тоўстымі акруглымі лускамі-шчыткамі Мелі парныя шырокія плаўнікі з шкілетнай воссю, якімі маглі апірацца на дно. Драпежнікі. Яйцажывародныя.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯРУ́ДНЫХ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, спецыялізаванай на здабычы, драбленні і абагачэнні буд. каменю, здабычы друзу, жвіру, буд. пяску. На Беларусі як прамысл. галіна пачала фарміравацца пасля Вял. Айч. вайны з буд-вам спецыялізаваных прадпрыемстваў. Аб’ядноўвае больш за 350 прадпрыемстваў, найбуйнейшыя з іх Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Заслаўскі і Аршанскі драбільна-сартавальныя з-ды, Смаргонскі драбільна-сартавальны гідрамеханізаваны ’з-д. Аснова сыравіннай базы — радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу і буд. каменю. Прадукцыя выкарыстоўваецца як напаўняльнік для вытв-сці бетону, жалезабетону, пры буд-ве і рамонце чыгункі, дарог з цвёрдым пакрыццём, меліярац. сістэм і інш. Гл. таксама Адкрытая распрацоўка радовішчаў, Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

Да арт. Нярудных будаўнічых матэрыялаў прамысловасць. Здабыча граніту на Мікашэвіцкім радовішчы.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВЫ́Я КАРДЫЛЬЕ́РЫ А́НДАЎ,

мерыдыянальны ланцуг хрыбтоў у сістэме Андаў ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак., у Калумбіі, Эквадоры, Перу і Чылі. У Калумбіі (Серанія-дэ-Баўдо) утвораныя пераважна пясчанікамі і мергелямі, выш. да 1810 м, моцна расчлянёныя рэкамі. Ў Эквадоры складзены з пясчана-вапняковых матэрыялаў, выш. масіваў да 1800 м. На тэр. Перу асобныя астанцовыя хрыбты выш. да 1780 м. У Чылі — адзіны, моцна расчлянёны хрыбет выш. да 3200 м. На Пн тэр. Перу і Чылі прадстаўлены мезазойскімі, на Пд — палеазойскімі адкладамі, пранізаны мелавымі інтрузіямі, з шматлікімі радовішчамі медных рудаў (Эль-Тофа і інш.). Ад 34 °C паўд. ш. да п-ва Тайтао масівы складзены са стараж. крышт. і метамарфічных парод, далей на Пд за 41°31 паўд. ш. пераходзяць у астраўны Чылійскі архіпелаг.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ САХА́РСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН, Алжыра-Туніскі артэзіянскі басейн,

размешчаны пераважна на тэр. Алжыра, ахоплівае таксама паўд. палову Туніса і часткова Лівію. Пл. каля 600 тыс. км². На Пн абмежаваны Сахарскім Атласам, на З — Угарцкімі ланцугамі, на Пд — масівам Ахагар, усх. мяжа басейна дакладна не вызначана. Прыўрочаны да апускання Сахарскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Гал. ваданосны комплекс звязаны з ніжнемелавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Глыбіня 100—1300 м. Дэбіт свідравін да 300 л/с самавыліваннем, сярэдні ўдзельны дэбіт 1—3 л/с. Воды нярэдка тэрмальныя (60 °C і болей), прэсныя або маламінералізаваныя (0,3—2,4 г/л). Асн. вобласць жыўлення басейна на схілах гор, а таксама кандэнсацыйная вільгаць у раёнах буйных пясчаных масіваў (эргаў). Воды выкарыстоўваюцца для прам-сці, арашэння і абваднення.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 18 км на Пд ад г. Полацк. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 3,46 км², даўж. 3,4 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 11,7 км. Пл. вадазбору 744 км².

Схілы катлавіны выш. 4—8 м, на ПдЗ да 18 м, пераважна разараныя, у ніжняй ч. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, участкамі галечныя і камяністыя. Дно паўн. плёса плоскае, паўд. больш глыбокае, лейкападобнае са стромкімі схіламі. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае. У паўд. заліве востраў пл. 0,1 га. Шыр. паласы расліннасці да 100 м. Упадае ручай з воз. Канашы, злучана пратокай з воз. Зашчаты, сцёк па пратоцы ў воз. Суя.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́Н (Equus hemionus),

няпарнакапытнае млекакормячае сям. коневых. 8 падвідаў. Пашыраны ў пустынях і паўпустынях Пярэдняй, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Жыве табунамі (да 100 і больш жывёл). Трапляецца ў высакагор’ях да выш. 5000 м. 2 падвіды: К. індыйскі (E.h. khur) і К. сірыйскі (E.h. hemippus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 2,6 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 350 кг. Афарбоўка пясчана-жоўтая, уздоўж хрыбта цёмная паласа, ніз цела і ногі белыя. У адрозненне ад каня мае большую галаву, вушы даўжэйшыя, ногі танчэйшыя з вузкімі капытамі. Грыва кароткая, стаячая. На канцы хваста доўгія грубыя валасы ўтвараюць кутас. Кормяцца травой і хмызняком, могуць піць марскую ваду. Хутка бегаюць (да 75 км/гадз), плаваюць.

Э.​Р.​Самусенка.

Кулан.

т. 8, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІЯ ЯРЫ́,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў г. Мазыр і Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1986 з мэтай захавання, рэкрэацыйнага выкарыстання і павышэння ўстойлівасці лагчынна-яравых утварэнняў. Пл. 1141,5 га.

Размешчаны на ўзвышанай і расчлянёнай ч. Мазырскай грады на выш. 150—200 м. Шчыльнасць яроў да 30 шт/км². Града складзена з пяскоў, пясчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Лясы бярозавыя, хваёвыя, дубовыя, чорнаальховыя, грабавыя і кляновыя; ёсць бук і піхта. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, у т. л. занесеных у Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, гусіная цыбуля пакрывальцавая, званочак сібірскі, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, лілея кучаравая, мнаганожка звычайная. Шмат гаспадарча-карысных раслін, у т. л. ажына, барбарыс, маліна, каліна, шыпшына і інш.; у арнітафауне шмат драпежных птушак.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка (выцякае з возера), за 4 км на Пн ад г. Мядзел. Пл. 16,2 км², даўж. 6,3 км, найб. шыр. 4 км, найб. глыб. 24,6 м, даўж. берагавой лініі каля 31 км. Пл. вадазбору 89,2 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, у верхняй ч. разараныя, у ніжняй параслі хмызняком. З ПдУ да возера прымыкае лес. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, участкамі на Пд і У зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. да 250 м, вакол заліваў забалочаная. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелямі. 8 астравоў агульнай пл. 0,24 км², найбольшыя: Замак, Бярозавы, Кульчына, Селішча. Моцна зарастаюць залівы. Упадаюць 6 ручаёў. Выкарыстоўваецца як месца адпачынку.

Возера Мядзел. Від на востраў Замак.

т. 11, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛУ́ШТА,

горад на Украіне, у горнай даліне на Паўд. беразе Крыма. За 45 км ад чыг. ст. Сімферопаль. 33 тыс. ж. (1992). Прыморскі кліматычны курорт. Развіваецца з 19 ст. Адметны надзвычай спрыяльнымі для паўнацэннага адпачынку, лячэння лёгачных і нерв. хвароб умовамі: клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, цёплым малавоблачным летам, цёплай і працяглай восенню; марскія купанні з чэрвеня да кастрычніка; багатая вечназялёная расліннасць у далінах рэк, букавыя і хваёвыя лясы, вінаграднікі на схілах велічных горных масіваў Дэмерджы; адзін з найлепшых у Крыме пясчана-галечны пляж працягласцю каля 5 км. Шмат санаторыяў, пансіянатаў, турбаз і дамоў адпачынку. Прыродныя і архю-гіст. помнікі (пячоры Чатырдага, «Даліна прывідаў», рэшткі візант. і генуэзскіх крэпасцяў, умацаванняў і паселішчаў, палацы, маёнткі і сядзібы Раеўскіх, Гагарыных і інш. рус. вяльможаў). Музеі краязнаўчы і С.​М.​Сяргеева-Цэнскага.

Літ.:

Талышев В.П. Алушта: Путеводитель. Симферополь, 1984.

Алушта.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)