ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).

Агульная пл. ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн. км² (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн. км³. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн. км², з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).

2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.

З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.

На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл. Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛЬКЕ ((Rilke) Райнер Марыя) (4.12.1875, Прага — 29.12.1926),

аўстрыйскі пісьменнік. У 1886—92 вучыўся ў ваен. школах, у Гандлёвай акадэміі ў Лінцы. У 1895—97 вывучаў л-ру, гісторыю, мастацтва, філасофію ў Пражскім, Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. Аўтар зб-каў вершаў «Жыццё і песні» (1894), «Ахвяры ларам» (1896), «Вянчаны снамі» (1897), «Перад калядамі» (1898), «Мне на свята» (1900), «Кніга вобразаў» (1902), «Часаслоў» (ч. 1—3, 1899—1903, поўнае выд. 1905), «Новыя вершы» (ч. 1—2, 1907—08), паэт. цыклаў «Дуінскія элегіі» і «Санеты Арфею» (абодва 1923), драм. і празаічных твораў, у т. л. рамана «Запіскі Мальтэ Лаўрыдса Брыге» (1910), мастацтвазнаўчых прац і інш. Пісаў таксама на франц. і рус. (захавалася 8 вершаў) мовах. У яго паэзіі рус., укр., італьян. і інш. матывы, яна адметная маст. універсалізмам, спалучэннем неарамант. і імпрэсіянісцкіх тэндэнцый з сімвалісцкімі і экспрэсіянісцкімі. У творах Р. праблемы чалавека і Бога, жыцця і смерці, мастака і мастацтва, вечнага і мінучага. Перакладаў з рус., франц., англ. моў. Яго канцэпцыя «новай рэчавасці» знайшла працяг у бел. паэзіі (А.​Разанаў). На бел. мову яго вершы перакладалі А.​Зарыцкі, В.​Сёмуха, М.​Сяднёў.

Тв.:

Бел пер. — Санеты Арфею. Мн, 1982;

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1974;

Лирика. М., 1981;

Записки Мальте Лауридса Бригге: Роман. Новеллы. Стихотворения в прозе. Письма. М., 1988;

Ворпсведе. Огюст Роден. Письма. Стихи. М., 1994;

Часослов: Стихотворения. М., 2000.

Літ.:

Березина А.Г. Поэзия и проза молодого Рильке. Л., 1985;

Карельский А.В. Жалоба и хвала: (Лирика Р.​М.​Рильке) // Карельский А.В. От героя к человеку: Два века западно-европейской лит. М., 1990;

Хольтхузен Г.Э. Р.​М.​Рильке...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;

Лявонава Е.А. Паблізу воблакаў і ветру: Штрыхі да філас.эстэт. партрэта Р.​М.​Рыльке // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;

Яе ж. А.​Разанаў і еўрапейская філасофска-літаратурная традыцыя «рэчаўнасці» // Там жа;

Тычына М. З даверам да зямнога // Крыніца. 1997. № 12;

Кісліцына Г. Рыльке-орфік // Там жа;

Станкевіч Ю. Рускі Рыльке // Там жа.

Е.​А.​Лявонава.

Р.М.Рыльке.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ста́віць ‘размяшчаць, умацоўваць вертыкальна’, ‘расстаўляць’, ‘будаваць’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ст.-бел. ставити ‘тс’ (Альтбаўэр). Параўн. укр. ста́вити, рус. ста́вить, ст.-рус. ставити, польск. stawić, в.-луж. stawić, н.-луж. stawiś, чэш. staviti, славац. staviť, славен. stáviti, серб.-харв. ста̏вити, балг. ста́ви, макед. стави, ст.-слав. ставити. Прасл. *staviti ‘рабіць так, каб нешта стаяла’ — каузатыў ад прасл. *stojati (гл. стаяць), мае адпаведнікі ў літ. stovė́ti ‘стаяць’, лат. stãvêt ‘тс’, гоц. stōjan ‘накіроўваць’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 742 з літ-рай; Борысь, 576; Глухак, 582; Бязлай, 3, 313–314; Махэк₂, 575–576; Скок, 3, 330–333; Траўтман, 283–284; ЕСУМ, 5, 389 390. Непакупны (Связи, 68–69) звяртае ўвагу таксама на семантычны паўночнаславянскі (і славенскі) пераход ‘ставіць, паднімаць’ → ‘будаваць’, які мае працяг у балцкіх (літ. statýti ‘ставіць’ і ‘будаваць’) і германскіх (ням. aufstellen) мовах, аднак не характэрны для рускай мовы, што недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́кса 1 ’расцэнка тавараў або памер аплаты’ (ТСБМ), сюды ж таксава́ць ’вылічаць, ацэньваць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк.), таксо́ўшчык ’ацэншчык’ (Байк. і Некр.), такса́тар, таксо́ўнік ’тс’ (Некр. і Байк.), відаць, працяг ст.-бел. такса ’такса, расцэнка’ (1563 г.) < ст.-польск. taksa, што да с.-лац. taxa; са ст.-польск. taksować і ст.-бел. таксовати (Булыка, Лекс. запазыч., 78, 81). У сучасныя мовы, хутчэй за ўсё, запазычана з заходнееўрапейскіх моў, параўн. франц. taxer ’устанаўліваць цвёрды кошт’ — з лац. taxāre ’ацэньваць, вызначаць кошт’, уласна ’абмацваць (прыцэньваючыся)’, што этымалагічна звязана з лац. tangere ’датыкацца, чапаць, спрабаваць’, ням. Taxe ’ацэнка, расцэнка’ і інш. (Чарных, 2, 225–226; Фасмер, 4, 13; ЕСУМ, 5, 505).

Та́кса 2 ’сабака Canis vertagus’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Выводзіцца (праз рус. такса?) з ням. Dachshund ’такса’, якое літаральна азначае ’барсуковы сабака’, спецыяльная парода сабак, выведзеная для палявання на звяроў, што хаваюцца ў норах (ЕСУМ, 5, 505; Чарных, 4, 13; Фасмер, 4, 13).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ланцу́г 1, ланцу́х, ланцу́к, лынцю́г, ланьцу́г ’жалезны ланцуг’ (Нас., Гарэц., Грыг., Мядзв., Касп., Бяльк., Сцяшк., Шат.; кам., Выг.; паўд.-усх., рагач., КЭС, Сл. паўн.-зах.), ланцужок, ланцу́жык ’ланцужок да гадзінніка, медальёна’ (Нас., Гарэц., Касп., Сцяшк.). Ст.-бел. ланцухъ, лонцухъ, ланцугъ, ланчухъ, ленцухъ (XV ст.) (вытворныя: ланцужокъ, ланцужно, ланцужный, ланцуговый, ланцушокъ, поланцужное) былі запазычаны са ст.-польск. łańcuch (łancuch, lancuch, lańcuch) < с.-в.-ням. *lannzug, якое з lanne ’ланцуг’ і zuc, zuges ’працяг; тое, што цягнецца’ (Брукнер, 306; Слаўскі, 4, 462; Кюнэ, Poln., 73; Булыка, Лекс. запазыч., 101). У сучаснай беларускай мове лексема набыла наступныя значэнні: ’назва прыстасаванняў, прылад, фізічных з’яў’, ’рад гор’, ’лінія стралкоў’ (Крукоўскі, Уплыў, 151). Сюды ж шальч. ланцу́х ’ключ птушак у палёце’ < літ. lenciū̃gas ’тс’ (Грынавецкене, Сл. паўн.-зах., 2, 617), а таксама ланцу́г, ланцужо́к, ланьцу́х, ланьцушо́к ’пляцёнка пражы, аснова, заплеценая ў петлі пасля таго, як яе знялі са снавальніцы ці сцяны’ (Уладз.; трак., вільн., Сл. паўн.-зах.), ланцу́жка ’дзявочы танец, які складаецца з кругападобных фігур’ і ланцу́жнік ’злачынец, закаваны ў ланцуг’, ’злодзей’ (Шат.).

Ланцу́г 2 ’страўнік’ (?) (Герд, Беларус. ізал., 32). Да ланту́х (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недалу́га ’ненармальная, недаразвітая з нараджэння істота’ (мсцісл., З нар. сл.), ’нямоглы, хваравіты чалавек’ (Мядзв., Макар.), ’няздольны, няздатны чалавек’ (Сцяшк.), ’няўдаліца’ (Яўс.), недалу́гі ’хваравіты, слабы’ (Федар., Рам., Мат. Маг., Ян.), ’неправорны, непрыгодны да справы’ (Сцяшк.), ’няўклюдны’ (Сл. ПЗБ), недалу́жны ’ганебны, няўдалы, непрыгожы, мізэрны’ (Яўс.), ’бездапаможны, слабасільны; закінуты, сіратлівы, няшчасны’ (Гарэц.), ’слабасільны, нездаровы’ (Нас.), недолу́жны ’слабы, хворы’ (ТС), недалу́жнік ’слабасільны чалавек’, укр. недолу́га ’тс’, недолу́гий, недолу́жний ’бяссільны, слабы, нямоглы’, рус. недолу́га ’слабы, худы чалавек; капун’, недолу́гий, недолу́жный ’хворы, хілы; няўмелы’, польск. niedołęga ’слабы, хілы, бездапаможны чалавек; калека; няздольны мець дзяцей’, ’слабасць, бяссілле, няздатнасць’, ’недахоп, адсутнасць чаго-небудзь’; niedołężny ’які мае фізічныя недахопы, слабы, няздатны’, чэш. дыял. nedoluha ’хвароба’, nedolužný ’неразвіты ў разумовым і фізічным плане’. Прасл. *nedolǫga, *nedolǫžьnъ утворана пры дапамозе прыставак ne‑do‑, якія абазначаюць недастатковасць (гл. неда-), і каранёвай марфемы lǫg‑/lǫž‑, роднаснай ням. langen ’быць дастатковым, хапаць’, што чаргуецца з lęg‑ (гл. недалягаць), параўн. Махэк₂, 393–394. Слав. *nedolǫżьnъ разглядаецца звычайна як паўночнаславянскі дыялектызм, аднак мае працяг у славенскай і заходніх сербахарвацкіх дыялектах (гл. Борысь, SOr, 36, 23–30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуп 1 ’след ад пупавіны на целе’ (ТСБМ, Варл., ТС), ’пупавіна’ (Сл. ПЗБ, ТС, Шат.), ’страўнік у птушак’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’ікра або малою ў рыбы’ (віц., Нар. лекс.; бяроз., Жыв. НС; полац., З нар. сл.), сюды ж пупо́к ’тс’ (Янк. 2), пуска́ти пу́па ’пускаць ікру, малою, нераставаць’ (Крыв.), пупарэ́зніца, пупарэ́зіца ’павітуха’ (Нас., Бяльк., Варл., Нік. Очерки), пу́пна ба́ба, пупы́ха, пупоре́зна баба, пупорэ́зка ’тс’ (палес., Зб. памяці Талстога, 2, 103); укр. пуп ’пуп’, пупо́к ’пуп, пупавіна; страўнік у птушак’, пупе́ць ’тс’, рус. пуп, пупо́к ’тс’, польск. pęp, pępek, в.-луж., н.-луж. pup, pupk, чэш. pupek, славац. pupok, серб.-харв. пу̑п, пу̏пак, балг. пъп, пъпо́к, макед. папок, дыял. pъmp (у розных значэннях). Прасл. *pǫpъ ’пупышка, прышч; пуп’, роднаснае літ. pam̃ti ’разбухаць’, лат. pàmpt ’набухаць, надувацца’, што разглядаецца як працяг і.-е. *pou‑, пашыранага элементам ‑m‑ (Фасмер, 3, 407; Шустар-Шэўц, 2, 1192; БЕР, 5, 854; Глухак, 512; Банькоўскі, 2, 538).

Пуп 2 ’прылада, пры дапамозе якой робяць ганчарную пасуду’ (Жд. 2). Да пуп 1 (з-за знешняга падабенства).

Пуп 3 ’ручка касы’ (ДАБМ, камент., 831). Гл. пупок ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́рка ‘скарынка’ (Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ), скора́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. скора ‘скура’. Працяг прасл. *(s)kora, *(s)korъka, якія ў рус. арл., разан. скора́ ‘кара дрэў’, ско́рка ‘скарынка’, укр. скі́ра, скі́рка ‘скура’, дыял. ско́ра ‘кара, скура’, ц.-слав. скора ‘кара’, польск. skóra, skorka ‘скура, скарынка’, в.-луж. skora, skórka ‘тс’, н.-луж. skóra, škóra, škorka ‘тс’, чэш. skora ‘скура’, славен. skóra, skórja ‘кара, скарынка’. Да і.-е. кораня *(s)ker‑ ‘рэзаць, аддзяляць, з першасным значэннем ‘(здзёртая) скура, (неапрацаваная) скура жывёліны’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skarà ‘адрэзаны шкут’, лат. skara ‘кучаравая воўна, абрывак’, ст.-в.-ням. scëran ‘стрыгчы’, лац. scortum ‘скура’, літ. skírti, skiriù ‘раздзяляць’ (Траўтман, 266–267; Мюленбах-Эндзелін, 3, 872 і наст.; Брукнер, 495; Фасмер, 3, 650–651; Махэк₂, 547; Сной₁, 574; Борысь, 553). Меркаванні Козырава (Очерки, 156) пра замацаванне ў беларускай мове скорка ‘скарынка’ пад уплывам польск. skórka ‘тс’ з улікам лінгвагеаграфіі назвы не маюць падстаў. Гл. яшчэ скура і кара, скарынка. Да таго ж кораня належаць скрабаць, шчарбіна. Гл. таксама Новое в рус. этим., 209; ЕСУМ, 5, 280; Глухак, 550, 610; БЕР, 6, 805.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

След ‘адбітак ступні нагі, капыта, лапы’, ‘знак уздзеяння’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Некр. і Байк., Сцяшк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), ‘права, прычына, падстава’ (Нас.), ‘дарога, сцежка; часовая мяжа на сенажаці паміж участкамі (Яшк.), ст.-бел. следъ ‘мера зямлі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слід, рус. след, стараж.-рус. слѣдъ, польск. ślad, в.-луж., н.-луж. slěd, чэш., славац. sled, серб.-харв. сли̏јед, славен. slẹ̑d, балг. следа́, макед. следа, ст.-слав. слѣдъ. Прасл. *slědъ. Роднасныя літ. slidùs ‘гладкі, склізкі’, лат. sliēds ‘след, каляіна’, ст.-прус. slidenikis ‘сабака-сышчык’, с.-в.-ням. slîten ‘слізгацець’, ст.-в.-ням. slito ‘сані’, нова-в.-ням. Schlitten ‘тс’, грэч. ολισθανω ‘я слізгаю’; гл. Траўтман, 269; Торп, 539; Мюленбах-Эндзелін, 3, 932, 957–958; Фасмер, 3, 668; БЕР, 6, 858; Махэк₂ (553) літ. slidús лічыць запазычаннем з польскай. Сной₁ (579) узводзіць да і.-е. кораня *(s)lei̯dh‑ ‘слізгаць; паўзці’ з першасным значэннем для прасл. ‘каляіна, санная дарога’. Прасл. таксама *slěditi, працяг яго ў слядзі́ць, укр. сліди́ти, рус. следи́ть, польск. śledzić, в.-луж. slědźić, н.-луж. ślěźiś, чэш. slíditi, славац. sliediť, серб.-харв. слијѐдити, славен. sledíti, балг. следя́, макед. следи; гл. Фасмер, там жа; БЕР, 6, 862.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРО́ДЗЕНСКІ ТЭА́ТР ТЫЗЕНГА́ЎЗА,

оперна-балетная трупа падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза ў Гродне ў 1769—80. Да 1774 невял. ансамбль інструменталістаў і вакалістаў, пазней сталы калектыў (у 1780 больш за 70 чал., уключаючы капэлістаў) са значным оперным і балетным рэпертуарам з твораў ням., франц. і італьян. аўтараў. У 1774 пераважалі італьян. артысты, запрошаныя ў Гродна прыдворным скрыпачом і капельмайстрам Л.​Сітанскім (гл. ў арт. Сітанскія). У 1776 т-р канчаткова сфарміраваўся. У ім працавалі 7 спевакоў і 8 спявачак, у т. л. вядомыя італьян. вакалісты Дж.​Кампанучы, Г. дэ Бернуцы Давія і К.​Банафіні (усе пазней артысты італьян. оперы С.-Пецярбурга), Я.​Д.​Гіблер, А.​Бароні, а таксама М.​Сітанская, Д.​Малевіч, Г.​Змітровіч і інш. З 1778 у пастаноўках удзельнічалі вучні Гродзенскай музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза, прыгонныя танцоўшчыкі, спевакі і інструменталісты. Балетная трупа ў 1779—80 уключала больш за 30 чал. Балетмайстры Г.Петынеці (1774—79; ставіў балеты на ўласныя лібрэта, танцаваў гал. партыі), з 1779 К.​А.​Марэлі і яго жонка, педагог і першая танцоўшчыца Г.​Марэлі (Саламоні). Сярод артыстаў Л.Петынеці (пасля 1775), прыгонныя М.Адольская, А.Бжазінскі, Е.Валінскі, А.Дарэўская, Р.Лаўцэвіч, М.Малінская, Д.Пякарская-Сітанская, М.Рымінскі, М.Чаклінская, якія пазней атрымалі вядомасць на варшаўскай сцэне. У 1778 у т-ры пастаўлены опера «Магніфік» («Велікапышны») А.​Грэтры, балеты «Сялянскі балет» і «Квартэт дудароў», «Другі балет пекараў» (харэаграфія ўсіх Г.​Петынеці), камедыя «Севільскі цырульнік» П.​Бамаршэ. Паказы суправаджала Гродзенская капэла Тызенгаўза. Пасля закрыцця т-ра балетная трупа працавала ў Паставах (да 1785).

Будынак т-ра закладзены ў 1772 па ініцыятыве Тызенгаўза, узведзены ў 1770-я г. з цэглы (арх. І.​Г.​Мёзер, Дж.​Сака). Задуманы як працяг Гродзенскага палаца Тызенгаўза (злучаўся з яго левым флангам крытым пераходам). Тэатр. зала, сфарміраваная па «італьян. крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры; мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый. Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 надбудаваны 3-і паверх, расшырана сцэн. каробка і глядзельная зала. Трохпавярховы будынак складанай канфігурацыі ў плане пастаўлены на высокі руставаны цокаль, накрыты 4-схільным дахам. Гал. фасад асіметрычны, падзелены карнізам на 2 часткі. Над уваходам у левым крыле — вял. балкон, які падтрымліваюць 4 калоны, апрацаваныя рустам. Правая частка будынка — прамавугольны ў плане аб’ём сцэн. каробкі. Глядзельная зала знаходзіцца на ўзроўні 1-га і 2-га паверхаў. На 1-м паверсе размешчаны невял. фае і службовыя памяшканні, на 2-м — рэпетыцыйны пакой, грымёрныя. З 1984 у будынку працуе Гродзенскі абл. т-р лялек.

Літ.:

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990. С. 187—191, 224—227.

Г.​І.​Барышаў (тэатр), С.​Я.​Сільверстава, А.​Ю.​Пятросава (архітэктура).

Гродзенскі тэатр Тызенгаўза.

т. 5, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)