1. Страта ў гульні; становішча, якое склалася ў выніку няўдачнага канца гульні. Пройгрыш у шахматнай гульні.// Няўдачны вынік, паражэнне (у якой‑н. справе, спрэчцы і пад.). Злосць забірае Аксёна. Перад яго вачамі ўстаюць суды, доўгая цяганіна з панам Скірмунтам і пройгрыш справы па ўсіх інстанцыях.Колас.
2. Тое, што прайграна. Вялікі грашовы пройгрыш.
3. Няўдача, нявыгада. Апынуцца ў пройгрышы. □ [Сцёпка:] — Правільна кажаш, Атрымалі б выйгрыш у часе, але пройгрыш у сіле...Гамолка.Адзіны пройгрыш мой, і немалы — не здолеў я прываражыць Ірыну.Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),
старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс.рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА ПО́ЛЕ,
міжгорная катлавіна каля г. Прышціна ў былым аўт. краі Косава (Сербія), дзе 15.6.1389 адбылася вырашальная бітва паміж аб’яднаным войскам сербаў і баснійцаў пад камандаваннем сербскага кн. Лазара (15—20 тыс.чал.) і тур. арміяй султана Мурада I (27—30 тыс.чал.). Пасля ўпартых баёў, у ходзе якіх загінулі Мурад I і Лазар, перамаглі туркі. У выніку паражэння на К.п. Сербія стала васалам Турцыі (з 1459 у складзе Асманскай імперыі), сербы і інш.балк. народы трапілі пад тур. панаванне больш як на 400 гадоў. Бітва на К.п. адлюстравана ў сербскіх песнях, былінах і паданнях як адна з найб. трагічных і гераічных падзей у гісторыі сербаў. У кастр. 1448 на К.п. таксама пацярпела паражэнневенг. войска на чале з Я.Хуньядзі (разбіта тур. арміяй султана Мурада II).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТГО́МЕРЫАламейнскі
(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),
брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл.Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.
Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),
цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым з рус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». За паліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус.правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬДЭМАР (Valdemar),
каралі ў сярэдневяковай Даніі.
Вальдэмар I Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.
Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм.тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).
Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням.гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Леанід Мікалаевіч) (21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ГАР (?—945),
вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл.Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант. правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ,
нацыянальна-вызв. паўстанні грэкаў вострава Крыт супраць тур. панавання ў 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97. Праходзілі пад лозунгам далучэння Крыта да Грэцыі. Паўстанне 1866—69 выклікана ўвядзеннем падаткаў на тытунь, соль і віно, закрыццём некалькіх грэч. школ. Паўстанцы знішчылі некалькі тур. гарнізонаў, потым пайшлі ў горы, дзе стварылі часовы ўрад; іх падтрымлівалі зброяй і добраахвотнікамі Грэцыя і інш. краіны. Задушана тур. экспедыцыйнай арміяй пасля таго, як Грэцыя вымушана была спыніць ім дапамогу. Паўстанне 1896—97, выкліканае заменай губернатара Крыта хрысціяніна на мусульманіна, перарасло ў вайну паміж Грэцыяй і Турцыяй (крас.—май 1897), у якой грэч. армія і крыцкія паўстанцы пацярпелі паражэнне. Аднак у 1898 пад уздзеяннем паўстанняў і націскам буйных еўрап. дзяржаў Турцыя мусіла надаць Крыту адм. аўтаномію.
Літ.:
Сенкевич И.Г. Россия и Критское восстание, 1866—1869 гг.М., 1970.