РАЗУМО́ВАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

фарміраванне ведаў, уменняў, навыкаў і асноў светапогляду, развіццё мыслення і прывіццё культуры разумовай працы; адна з асн. частак усебаковага выхавання чалавека. З’яўляецца няспынным працэсам, які пачынаецца ў дашкольным узросце, актывізуецца ў працэсе адукацыі ў школе і інш. навуч. установах і самаадукацыі. У працэсе Р.в. актывізуецца і ўскладняецца разумовая дзейнасць, засвойваюцца і сістэматызуюцца веды; у сувязі з гэтым развіваюцца ўвага, назіральнасць, памяць, уяўленне, мысленне, мова, самастойнасць, уменне скарыстоўваць веды на практыцы і інш. Р.в. знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з інш. састаўнымі часткамі выхавання (гл. Самавыхаванне, Сенсорнае выхаванне, Фізічнае выхаванне, Эстэтычнае выхаванне).

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКА́Ў Віктар Афанасьевіч (22.1.1935, в. Целяшы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.6.2000),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1958), Мінскую вышэйшую парт. школу (1971). Працаваў настаўнікам, у шклоўскай раённай газеце, у газ. «Звязда», з 1975 у час. «Полымя», з 1982 адказны сакратар. Друкаваўся з 1956. У зб-ках вершаў і паэм «Вернасць» (1968), «Акно ў зялёны сад» (1972), «Пазыўныя» (1975), «Песня і памяць» (1979), «І сноп, і птах, і я...» (1983), «Жыць — палоць» (1995) тэмы любві да радзімы, ваен. дзяцінства, пераемнасць пакаленняў, праблемы сучаснай вёскі. Аўтар нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАФІ́З, Гафіз,

Хафез (сапр. Шамседдзін Махамед; каля 1325, г. Шыраз, Іран — 1389 ці 1390),

персідскі і таджыкскі паэт. Атрымаў багаслоўскую адукацыю і праславіўся як «хафіз» (чалавек, які ведае на памяць Каран). Вершы пачаў пісаць рана. Асн. жанр — газелі (больш за 400), у якім дасягнуў дасканаласці. Яго лірыка простая, перадае розныя адценні чалавечых пачуццяў, вызначаецца гармоніяй зместу і формы, зліццём думкі, жывапісу і музыкі. Апяваў каханне, віно, зямное шчасце. Выказваў незадаволенасць рэчаіснасцю, асуджаў духавенства. Зведаў уплыў суфізму і містыцызму.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Уфа, 1973;

Сто семнадцать газелей. М., 1981;

Газели. 2 изд. М., 1984.

т. 16, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕЛІ́СК (грэч. obeliskos літар. невялікі ражон),

гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў з часоў Стараж. Егіпта. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных падзеях, для стварэння кампазіцыйных акцэнтаў у прасторавым вырашэнні арх. ансамбляў (абеліск на П’яцца дэль Попала ў Рыме, 1589, арх. К.​Фантана). Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напр., шчыткі-пілоны, уласна абеліска), у помніках на ўшанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць ням. фашыстаў (напр., Манумент Перамогі ў Мінску).

Абеліск ахвярам фашысцкага тэрору каля в. Вялікі Трасцянец Мінскага раёна. 1963.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬКУЛЯ́ТАР, мікракалькулятар,

электронная вылічальная прылада. Вырабляецца на аснове мікрапрацэсара; мае клавіятуру для ўводу лікаў і камандаў і індыкатар для ўзнаўлення вынікаў дзеянняў. Бываюць кішэнныя і настольныя; найпрасцейшыя, інжынерныя і праграмавальныя.

Найпрасцейшы К. выконвае арыфм. дзеянні над дзесятковымі лікамі, часам здабыванне кораня і інш. Інжынерныя К. дадаткова вылічваюць значэнні трыганаметрычных і лагарыфмічных функцый і інш. Праграмавальныя К. па структуры набліжаюцца да ЭВМ, маюць аператыўную памяць для захоўвання лікаў і камандаў сістэма камандаў дазваляе рэалізаваць праграмы, якія маюць разгалінаванні, цыклы, падпраграмы і інш.; у некаторых з іх набраную праграму можна запісаць на магн. картку, дзе яна захоўваецца ў гатовым для выканання выглядзе.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАГАРО́ВІЧ Марка Станіслававіч (н. 28.2.1927, в. Забалацце Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. У Вял. Айч. вайну ў партыз. атрадзе, у выніку ранення застаўся без рук. Друкуецца з 1951. У вершах — суровая памяць вайны, апяванне хараства роднага краю, справы сучаснікаў: зб-кі «Мой таварыш» (1955), «На крыллях песні» (1958), «Маё выступленне» (1961), «Крокі» (1966), «Пачастунак» (1969), «Разводдзе» (1973), «Сплаў» (1976), «Жорны віру» (1980), «Бляск крышталю», (1983), «Далоні Радзімы» (1994). Піша для дзяцей: зб-кі «Каля кастра» (1959), «Жураўліная труба» (1968), «Паглядае Дзіма ў неба» (1978), «Гартаванне» (1987). Сатыр. вершы ў зб. «Са свайго пункту гледжання» (1966, з М.​Макаевым і І.​Шуцько).

М.С.Смагаровіч.

т. 15, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПАК Георгій Іванавіч (н. 8.9.1943, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

расійскі ваен. дзеяч. Ген.-палкоўнік (1997). Д-р пед. н. (2000). Скончыў Разанскае вышэйшае паветр.-дэсантнае вучылішча (1966), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1978), Ваен. акадэмію Генштаба (1988). Удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане ў складзе абмежаванага кантынгенту сав. войск (1979—1981), служыў на камандных і штабных пасадах у Беларускай, Прыбалтыйскай, Адэскай, Ленінградскай, Туркестанскай і Прыволжска-Уральскай ваен. акругах. У 1990-я г. распрацоўваў планы ваен. аперацый у Чэчні, удзельнічаў у міратворчых аперацыях у Босніі. З 1996 каманд. паветр.-дэсантнымі войскамі Рас. Федэрацыі.

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Асіповіцкага р-на. Мн., 2002. С. 632—638.

Б.​Дз.​Далгатовіч.

т. 17, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЛЬВА,

мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў колішняй в. Дальва (Лагойскі р-н), якіх ням.-фаш. захопнікі сагналі ў хату аднаго з жыхароў вёскі В.​Кухаронка і спалілі. Створаны ў 1973 (скульпт. У.​Церабун, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974). Размешчаны на адкрытай паляне сярод лесу. Каля дарогі камень-валун, на якім высечаны надпіс: «Да 19 чэрвеня 1944 г. тут была в. Дальва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы жывымі спалілі яе жыхароў». Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляецца пастаўлены на месцы спаленай хаты помнік: фігура маці і хлопчыка на фоне 3 сімвалічных абгарэлых бэлек. Каля помніка бетон ная сцяна з пералікам 44 прозвішчаў тых, хто загінуў. Побач у памяць аб ахвярах пасаджаны 44 бярозкі.

Мемарыяльны комплекс Дальва.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

па́мятлівы, ‑ая, ‑ае.

Які мае добрую памяць, здольны лёгка запамінаць што‑н. — Ты, мусіць, не адсюль? — пытаў.. [Чыкілёнак] і сам адказваў: — Канешне, не адсюль. А то ж я адразу цябе пазнаў бы, хоць ужо дваццаць гадоў не быў тут. Я, брат, на народу памятлівы. Чыгрынаў. — А дзе... твая барада? — пытае [Шурка] .. [Версан:] — Ты, аказваецца, памятлівы. Няма барады. Асмаліў як непатрэбную. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растлума́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Тлумачачы, раскрыць сэнс чаго‑н., зрабіць ясным, зразумелым. — Ён [Коля] жмінда, — памаўчаўшы, заявіў Алеська. — Што гэта за жмінда? — не зразумеў Сашка. — Зайздрослівы, прагны да ўсяго, — растлумачыла Пюрка. Даніленка. Сабралі камандзіраў і камісараў атрадаў, растлумачылі ім баявую задачу. Шамякін. Чаму яна, гэта песня, прыйшла цяпер мне на памяць, я не магу растлумачыць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)