Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ВО́НДЭЛ ((Vondel) Іост Ван дэн) (17.11.1587, г. Кёльн, Германія — 5.2.1679),
нідэрландскі паэт і драматург.Найб. яскрава яго талент раскрыўся ў драматургіі. У ранніх творах (1610—40-я г., т.зв. рымскі перыяд) адчуваецца ўплыў Сенекі, у больш позніх (1650—70-я г., т.зв. грэчаскі перыяд) — Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда. Першая трагікамедыя «Пасха» (паст. 1610) — водгук на вызваленне Галандыі ад ісп. прыгнёту. У трагедыі «Разбурэнне Іерусаліма» (1620) на матэрыяле стараж.-яўр. гісторыі паказаў небяспечнасць унутр. канфліктаў перад знешняй пагрозай. На біблейскія сюжэты напісаны трагедыі «Браты» (1639), «Іосіф у Егіпце» (1640), «Пётр і Павел» (1641), «Саламон» (1648), «Іефай» (1659), трылогія «Люцыфер» (1654), «Адам у выгнанні» (1664), «Ной» (1667), у якіх даў новае асэнсаванне спрадвечнай барацьбе Дабра і Зла. У творчасці Вондэла арганічна спалучаліся тэндэнцыі барока і класіцызму (пры відавочнай перавазе першых). Яго стыль адметны эпічнасцю, жывапіснасцю, амаль што рубенсаўскай магутнасцю, барочнай поліфанічнасцю і кантрастнасцю. Аўтар зб. «Розныя вершы» (1644-47).
Тв.:
Рус.пер. — Трагедии. М., 1988.
Літ.:
Балашов Н.И. Вондел в системе западноевропейской литературы XVII в // Вондел Й. ван ден: Пер. с нидерл. Трагедии. М., 1988;
Ошис В.В. «Трагик хороший»;
(Творчество Вондела и нидерландская литература XVII в.) // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАН ((Bergman) Інгмар) (н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),
шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.Шэкспіра, Г.Ібсена, А.Стрындберга, А.Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксама дакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.
Літ.:
Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед.М., 1985;
Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКА́НЕ,
адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.
Літ.:
Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ДЗІ́КЕНС ((Dickens) Чарлз) (7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НДГРЭН ((Lindgren) Астрыд Ганна Эмілія) ( н. 14.11.1907, г. Вімербю, Швецыя),
шведская дзіцячая пісьменніца. Вядомасць прынесла аповесць «Пэпі-Доўгая панчоха» (1945—52, экранізацыя 1968). Аўтар кніг «Знакаміты сышчык Кале Блюмквіст», «Мы ўсе з Бюлербю» (абедзве 1946), «Міо, мой Міо» (1954), «Тры аповесці пра Карлсана, які жыве на даху» (1955—68, экранізацыя 1974), «Расмус-бадзяга» (1956, экранізацыя 1982), «Мы на востраве Сальткрока» (1964), «Браты Львінае Сэрца» (1973, экранізацыя 1977), «Роня, дачка разбойніка» (1981), трылогіі «Эміль з Лёнебергі» (1963—70). У творах узняты праблемы дабра і зла, дэмакратыі і тыраніі, цудоўнага і рэальнага, узаемаадносін дзіцячай асобы з дарослымі. Яны поўныя гумару і ўвасабляюць дзіцячае, непасрэднае ўспрыманне людзей і свету. На бел. мову аповесць «Браты Львінае Сэрца» пераклалі С.Лузгіна, Т.Лукша і С.Мураўёва (1990, 1997). На бел. сцэне ставіліся спектаклі паводле аповесцей Л.: «Малыш і Карлсан, які жыве на даху», «Пэпі-Доўгая панчоха», «Новыя прыгоды Карлсана» (абодва Бел.рэсп.т-р юнага гледача, адпаведна 1969, 1970, 1973), «Міо, мой Міо» (Магілёўскі абл.т-р лялек, 1993).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—5. СПб., 1997—99;
Пеппи Длинный чулок. Мн., 1997.
Літ.:
Брауде Л.Ю. Сказочники Скандинавии. Л., 1974;
Яе ж. Скандинавская литературная сказка. М., 1979.