раўнава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Стан спакою, у якім знаходзіцца цела пад уздзеяннем роўных, процілегла накіраваных сіл. Устойлівая раўнавага. Няўстойлівая раўнавага. □ Галінка загойдалася. І, каб утрымацца, захаваць раўнавагу, сарока замахала крыламі. Лынькоў.

2. Устойлівае становішча, устойлівасць. У галаве страшэнна шумела, і .. [Сяргей] баяўся падымацца, каб часам не страціць раўнавагу. Шамякін.

3. перан. Устойлівыя суадносіны паміж чым‑н.; ураўнаважванне адно другім. Раўнавага сіл.

4. перан. Спакой, нармальны стан духоўнага і маральнага жыцця. Вывесці з раўнавагі. □ За два гады Таня павольна прызвычаілася да свайго становішча, асвоілася з горкім лёсам саламянай ўдавы, пабыла жыццёвую раўнавагу. Машара. Ганна напружыла ўсе свае сілы, каб захаваць спакой і раўнавагу. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гі́ліць ’біць мяч гілкай’, гілка ’палка, якой падкідваюць мяч у час гульні’ (Бяльк.). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) вельмі непераканаўча аб’яднаў пад праформай *gyliti далёкія па семантыцы словы: серб.-харв. ги̏лити ’шчыкатаць’, ги́льати ’хадзіць па гразі, вадзе, снегу’, рус. дыял. ги̏лить ’смяшыць, балакаць’ і рус. дыял. паўд. ги́лить, гыли́ть ’падкідваць мяч’, укр. гили́ти ’падбіваць мяч гилкою’. Лепш меркаваць, што ў бел. мове і паўд.-рус. гаворках гэта проста запазычанне з укр. Параўн. укр. ги́лка, гі́лка ’галінка; палка для падбівання мяча; гульня ў мяч’. Непераканаўча таксама (аб укр. словах) Рудніцкі, 1, 614.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́біржына ’вузкая дошка, што накладваецца на капылы паверх вязаў’ (смарг., Шатал.). Відаць, да бераг ’край’, параўн. іншую назву той жа дэталі — наберажня (гл.); дэфармацыя і дээтымалагізацыя можа быць звязана з уплывам дзеяслова тыпу літ. biržyti, сярод значэнняў якога сустракаецца і ’лупіць, біць, сцябаць’, што адпавядала б унутранай форме іншай назвы гэтай дэталі — на́плестка (ад пляскиць?), або назоўнікаў тыпу biržlis ’бярозавая галінка’ ці beržinė ’бярозавы дубец’, што можна разглядаць як іншую версію паходжання слова, бо першапачаткова названую дэталь у санях маглі рабіць са скручаных бярозавых дубцоў, параўн. намаразень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́цвіна ’адзін з двух драцяных цяжоў, якія злучаюць галоўкі саней з пярэднімі капыламі’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Юрч.). Рус. дыял. и́тви́на ’прут, тонкая палачка’, пск., смал. ’папярочны брус, які злучае ўгары палазы саней’ (улічваючы геаграфічнае пашырэнне, магчыма, з беларускай), ви́тви́на ’сцябло, ліст каранеплодных раслін’, ’прут, тонкая палачка’, ’вялікая галінка’, витли́на ’бацвінне бульбы, гароху’. Польск. witwina ’парода вярбы’. Звязана з *viti, *větvь (з вакалізмам *vit‑; параўн. польск. witka, славен. vȋtva). Праабражэнскі, 1, 86; Фасмер, 1, 321. Адносна агульнай і.-е. карціны гл. ветка 1. Параўн. яшчэ семантычна і фармальна блізкія віціна 1, вица.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прут 1 ’тонкая доўгая палачка, галінка, дубец, розга’, ’доўгі металічны стрыжань’, ’кавалак дроту’, ’вітка’, ’вочап у студні з жураўлём’, ’тупы край касы — патоўшчаная яе частка, супрацьлеглая вастрыю’, ’прут у жолаба навою для прымацавання палатна’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. 2, Сцяшк.; маст., Шатал., ТС; брэсц., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), ’прут у ярме’ (ЛА, 2, 355), пруто́к ’стрыжанёк, на якім абарачаецца цэўка ў чаўнаку’ (Тарн., Бяльк., Янк. 2; Уладз.; лун., в.-дзв., Шатал.), ’адзін рад саломы на страсе’ (ТС), ’кіёк у ніце’ (ТС, Скарбы), ’сухі чалавек’ (полац., Нар. лекс.), пруткі́ ’спіцы для вязання’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Сцяшк.; віл., беласт., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), пруты́ ’жалезныя цягі, якімі злучаюцца ручкі плуга з дышлам’ (Тарн.), прут ’жалезны прут, якім злучаюцца ручкі плуга’ (Смул.), ’металічныя стрыжні ў аснове бараны’ (драг., Выг.; лях., Сл. ПЗБ), ’тонкія жэрдкі, якія прымацоўваюць упоперак латы пры крыцці саламянай страхі’ (Сцяшк., ТС), пру́цік ’спіца для вязання’ (Мат. Маг.), ’палачка ў бёрдзе’ (віл., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. прутъ ’адзінка вымярэння даўжыні і плошчы’ (гл. падрабязна Скурат, Меры, 24 і наст). Рус. прут ’галінка, дубец, розга; металічны стрыжань, кавалак дроту’, прутки́ ’вязальныя спіцы’, укр. прут ’галінка, дубец’, ст.-рус. прутъ ’прут, дубец’, польск. pręt, палаб. prǫt, в.-луж. prut, н.-луж. pšut, чэш. prut, славац. prút, серб.-харв. пру̑т, славен. prọ̑t, балг. прът ’прут’. Прасл. *prǫtъ, паводле Фасмера (3, 390) і Брукнера (436), роднаснае слав. *prǫdъ‑ ’цячэнне’ (гл. пруд) з першасным значэннем ’галінка’, параўн. у семантычных адносінах рус. побе́г ’ветка; парастак’ ад бежа́ть. У і.-е. мовах у якасці роднасных прыводзяцца ст.-ісл. spretta ’ўскокваць, пырскаць, прарастаць’, англ. sprint ’мчацца’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць’ і да т. п. Менш верагодныя параўнанні з рус. пря́тать (бел. пра́таць), (Брукнер, 436; Праабражэнскі, 2, 145 і наст.); з рус. прыть, пры́ткий (Брукнер, 436), з польск. promień (Петарсан, BSL, 82). Інакш таксама Махэк₂ (488), які параўноўвае *prǫtъ з чэш. prtiti ’ўсходзіць вясной з зямлі (аб траве)’ і да т. п.; з’яўленне насавога галоснага ён тлумачыць “афектаваным” характарам слова, якое прывяло да падваення зычнага ў канцы слова: *prъttъ > prъntъ > prątъ, што вельмі штучна. Гл. Шустар-Шэўц, 2, 1164; ЕСУМ, 4, 617; БЕР, 5, 831; Банькоўскі, 2, 776. Гл. яшчэ прэнт. Аб пруто́к у ткацкай тэрміналогіі гл. Трубачоў, Этимология–1963, 20.

Прут 2 ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, камент., 872), ’укладка посуду аднаго ў адзін’ (Вярэн.). Да прут 1; гэтыя значэнні можна вывесці з ’рад, роўны, як прут’; параўн. прут 1 ’рад саломы на страсе’, а таксама пакладка на прост (пад прост 1).

Прут 3 ’згуба, пагібель, смерць’ (капыл., Нар. словатв.). Адваротны дэрыват ад пруцяне́ць, апруцяне́ць (гл.). Параўн. яшчэ паралельныя ўтварэнні апру́да ’смерць’, апру́дзіцца ’цяжка захварэць, акалець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віці́на 1 ’дубец, галінка’ (БРС, Др.-Падб.); ’кій, плыт’ (Гарэц.); ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваецца бярвенне з пакладзенымі на іх жэрдкамі’ (З нар. сл.), віці́ны ’перапляценне, на якое кладуць жэрдкі ў плоце’ (Шатал.). Рус. ви́тина ’дубец; кошык, пляцёнка’, серб.-харв. ви̏тина ’дубец, звычайна лазовы, для звязвання снапоў або перавязь з дубцоў’. Да віць (Праабражэнскі, 1, 86); (параўн. таксама ў словаўтваральных адносінах літ. vỳtinė ’дубец, галінка’ ад vỹtis ’тс’). Гл. віца.

Віці́на 2 ’вялікая барка або лодка, асаблівы від барак’ (Федар., 6, 106, 7, 254; Шн., 1; Дзмітр., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вити́на, вити́н, вити́ма ’хадавое пласкадоннае судна толькі на Нёмане і яго прытоках і на Прыляці’, польск. wicina ’тс’. Этымалогія застаецца няяснай. Брукнер (613) лічыць слова літоўска-беларускім. Скарджус (ZfslPh, 26, 1957, 150 і наст.) адносіць яго да запазычанняў з літ. (слав. витина, віціна < літ. vytìne ’пласкадоннае судна, барка’, якое з vytìs або výtas ’плецены’) і ў якасці аргумента на карысць запазычання ўказвае на геаграфію і ізаляванасць слова ў славянскіх мовах. Але з семантычнага і словаўтваральнага пунктаў погляду як літоўскае, так і славянскае паходжанне (ад віць, віты) роўнаверагодныя; параўн. польск. okręt ’карабель’ з *obkrǫntь ’пляцёнка’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 230 і наст.). Фасмер (1, 321) дапускае славянскае паходжанне і роднаснасць з ветвь, ви́твина.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галлё ’галіны, хвораст’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), таксама го́лле ’тс’ (Касп.). Дакладна адпавядае ўкр. гілля́ (зборн. наз., н. р.). Бел. і ўкр. словы Фасмер (1, 434) параўноўвае з рус. дыял. голья́ ’галіна, сук’ (ж. р., адз. л.!) і далей са славен. gȏl ’ачышчаны ад сучкоў ствол маладога дрэва’, чэш. hůl ’палка, галіна’. Далей бачаць сувязь з галу́за ’галінка’ і да т. п. Больш пераконвае дапушчэнне, сувязі прама з *golъ ’голы; ачышчаны ад лісця’. Тады *golьje — гэта проста зборны назоўнік з першасным значэннем ’голыя галінкі’. У рус. мове голья, магчыма, са старога гольё (н. р., зборн. наз.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таніна́ ’танчыня’ (Ян.), ’тонкасць’ (Бяльк.), ’тонкая галінка’ (мёрск., ЛА, 1), таніня́ ’тонкасць, танклявасць’ (Варл., Барад.). Параўн. укр. тонина́ ’тс’. Дублетныя адпрыметнікавыя ўтварэнні ад тонкі (гл.) як вынік канкурэнцыі блізкіх па семантыцы суф. ‑ін‑а і ‑ін‑я, проціпастаўленых на частцы моўнай тэрыторыі; апошні мае пераважна паўночную арыентацыю, што, паводле Сцяцко (Афікс. наз., 138), звязана з націскам на аснове, параўн. танкі́ ’тонкі’ (вільн., паст., мядз., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Язык, 634) беспадстаўна меркаваў, што мае месца семантычная дыферэнцыяцыя таніна (ад танны, гл.) і таніня (ад тонкі, гл.). Пра пашырэнне суф. ‑ін‑я ў літаратурнай мове гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1169–1170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пла́каць, плачу, плачаш, плача; незак.

1. Праліваць слёзы ад болю, гора і пад. [Зося] ўвайшла ў хату з цвёрдаю думкаю.. больш ніколі не плакаць ад крыўды. Чорны. // Бедаваць, шкадаваць, тужыць. [Фрэйда:] — Дарагі брат, дарэмна ты плачаш пра маё адзіноцтва. Наш калгас цяпер адна вялікая сям’я. Бядуля.

2. перан. Усхліпваць, завываць, скуголіць (пра вецер, буру і пад.). Галінка рабіны ўсю ноч біла ў шыбу, у коміне плакаў вецер, грукала непрывязаная аканіца. Навуменка. Навальніца плача стомлена, сціхнуць, змоўкнуць галасы. Дубоўка.

3. перан. Разм. Пакрывацца кроплямі вільгаці, пацець (пра шкло). Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Хомчанка.

•••

Асіна плача па кім гл. асіна.

Вяроўка плача па кім гл. вяроўка.

Плакаць наўзрыд — плакаць усхліпваючы, сутаргава (пераважна моцна, уголас).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)