ГОМАТАЛІ́ЗМ (ад гома... + грэч. thallos галінка, атожылак),

двухполавасць у некат. грыбоў і водарасцей, пры якой да зліцця (капуляцыі) здольны гаметы, што паходзяць з аднаго талома (з адной клеткі). Такія віды называюць гоматалічнымі. Гл. таксама Гетэраталізм.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).

Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш. Тэхн. і дэкар. расліны.

А.​Д.​Антанюк.

Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),

раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВІ,

акультураная кветкавая расліна роду актынідыя. Радзіма Аўстралія і Акіянія. Дзікарослыя віды роду пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі.

Павойная ці лазячая дравяністая кустападобная ліяна. Кветкі аднаполыя, радзей двухполыя, жоўтыя ці чырванаватыя. Плады — зялёныя або зеленавата-жоўтыя ягады, ядомыя. Багаты вітамінамі C, B, правітамінам A, жалезам, каліем, кальцыем, магніем, цукрам. Спажываюць у сырым, вараным, сушаным, замарожаным і марынаваным выглядзе.

У.​П.​Пярэднеў.

Ківі: галінка з пладамі і плод у разрэзе.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,

у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн. Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазней муз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РКАВЫ ДУБ (Quercus suber),

кветкавая расліна сям. букавых. Пашыраны ў прыморскім поясе (на выш. да 400—500 м) Зах. Міжземнамор’я. Культывуецца на Пд Еўропы, Каўказе, у Кітаі.

Вечназялёныя дрэвы выш. да 20 м, дыяметр ствала каля 1 м. Карані глыбокія, стрыжнёвыя. Лісце зубчастае або суцэльнакрайняе, знізу шэрае, апушанае. Тычынкавыя кветкі ў каташках, песцікавыя — адзіночныя. Плод — жолуд. На 3—5-ы год ствол і буйныя галіны пакрываюцца коркам. Спеласць корку настае на 15—20-ы год. Выкарыстоўваюць у прам-сці.

Галінка коркавага дуба.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРГА́ЦЫЯ (ад лац. virga галінка),

1) у геамарфалогіі разгалінаванне горных хрыбтоў у адным напрамку. Звычайна паўтараецца некалькі разоў (напр., віргацыя Алайскага хр. ў зах. напрамку).

2) У тэктоніцы веерападобнае разыходжанне складак горных парод пры апусканні складкавай зоны і затуханні складкавасці. Назіраецца звычайна на перыферыі складкавых гор, напр. на З Цянь-Шаня. Пры віргацыі складкі разыходзяцца ў адным або процілеглых напрамках, злучаюцца на канцах (міндалепадобна) або збліжаюцца (злучаюцца) у цэнтр. зоне. Адрозніваюць свабодную віргацыю і вымушаную (пры абцяканні перашкоды).

Да арт. Віргацыя. Разыходжанне горных хрыбтоў у гарах Цянь-Шаня.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКАІ́НАВЫ КУСТ, кока (Erythroxylum coca),

кветкавая расліна сям. какаінавых. Пашыраны ў горных трапічных лясах Паўд. Амерыкі. Культывуецца ў Паўд. Амерыцы і Азіі. Лісце мае ў сабе какаін (да 1,3%) і інш. алкалоіды. З куста здымаюць за год да 5 кг сухога лісця.

Вечназялёны куст выш. да 5 м. Лісце шырокаэліптычнае, суцэльнае. Кветкі па 3—15 у пазухах лісця, дробныя, жаўтавата-белыя. Плод — ярка-чырв. касцянка. Лек. расліна (аказвае танізуючае і мясц. анестэзіруючае ўздзеянне). Пры празмерным карыстанні выклікае залежнасць (какаінізм). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.

Галінка какаінавага куста.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСКІ КАШТА́Н, горкі каштан (Aesculus),

род кветкавых раслін сям. конскакаштанавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Радзіма — Балканскі п-аў. У Еўропе ў культуры з 16 ст. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды: К.к. звычайны (A. hippocastanum), гібрыдны (A. hybrida), мяса-чырв. (A. carnea), васьмітычынкавы (A. octandra).

Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з пірамідальнай кронай, выш. 25—30 м. Лісце супраціўнае, пальчата-складанае. Кветкі няправільныя ў прамастойных мяцёлкападобных суквеццях. Плод — шыпаватая каробачка з адным буйным семем. Лек і дэкар. расліны.

Конскі каштан: галінка з кветкамі і плод.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПЕРСЫ, каперцы,

капорцы (Capparis),

род кветкавых раслін сям. каперсавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных краінах абодвух паўшар’яў. Растуць найчасцей у засушлівых месцах. Найб. вядомыя К.: травяністыя (C. herbacea) і калючыя (C. spinosa).

Дрэвы, кусты, паўкусты і шматгадовыя травы. Лісце простае, чаргаванае з прылісткамі ў выглядае калючак. Кветкі (4—8 см у дыяметры), двухполыя, зігаморфныя, белыя, ружовыя, чырв., жоўтыя і інш. колераў, з вял. колькасцю тычынак. Плод — струкападобная сакавітая ягада. Харч. (кветкавыя бутоны, маладыя плады, верхавінкі парасткаў спажываюць у ежу), кармавыя, лек., фарбавальныя, алейныя і меданосныя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Каперсы (галінка з кветкамі).

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)