Навушча́ць ’падбухторваць’ (калінк., Арх. ГУ). Укр. науща́ти ’навучаць, настаўляць; падгаворваць, падбухторваць’, рус. науща́ть ’падбухторваць’; усе са спалучэння на+усти (Фасмер, 3, 49), гл. вуста, што добра відаць у формах закончанага трывання: ст.-рус. наустити, рус. наустить ’угаварыць, падбухторыць’, укр. наусти́ти ’падвучыць, падбухторыць’, семантычнае развіццё, відаць, ад ’пастаянна мець на вуснах’ — ’угаворваць’, як у рус. внушать ’намаўляць’, літаральна ’ўкладваць у вушы’. Не выключана сувязь з вуськаць ’падбухторваць; цкаваць’ (Яўс.), якое выводзяць з вусь, усь ’вокліч, якім нацкоўваюць сабак’ (што ў сваю чаргу з кусь ’тс’, гл. ЭСБМ, 2, 234) ці рус. науськать ’намовіць; паслаць’, якое Фасмер (там жа) лічыць расшырэннем з наустить; блізкасць беларускага і рускага слоў прымушае не пагадзіцца з апошнім меркаваннем, хутчэй за ўсё гэта другаснае збліжэнне, таксама як і збліжэнне з навучаць, што паўплывалі на семантыку слова. Роднаснае літ. äuscioti ’балбатаць, шаптаць’∼прасл. *ustjati, гл. Трубачоў, Проспект, 36; Мартынаў, Лекс. Палесся, 14.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыль-пыль, пы́лі‑пы́лі — падзыўныя словы для куранят (Мядзв., Шымк. Собр., Гарэц., Шат., Жд. 1, Янк. 2, Мат. Маг., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’падзыўныя словы для качак, качанят і гусянят’ (беласт., Ніва, 1980, 14 вер.), пшя ’тс’ (там жа), пы́люш ’вокліч, якім адганяюць курэй’ (клім., Мат. Маг.), пыляня ’кураня’ (Шпіл.), пыльна ’тс’ (Шат.; петрык., Мат. Гом.), пыляты ’кураняты’ (Мат. Маг.), рус. пылі‑пы́лі ’падзыўныя словы для курэй’, пы́ля‑пы́ля ’падзыўныя для індыкоў’, пшя ’курыца, кураня’, польск. руlі‑руlі, чэш. ріlі‑ріlі, руl’а‑рyl’а, pile ’гусяня’, в.-луж. pila ’качаня, гусяня’, н.-луж. pile‑pile, pile ’гусяня’, балг. пили‑пили ’падзыўныя для куранят’, пиле ’кураня’, серб.-харв. піме ’тс’, макед. пиле ’кураня, птушачка’. Паводле Махэка₂ (449), “старажытнае даіндаеўрапейскае слова”, параўн. крым.-тат. pili ’кураня’, тамільск. piḷḷai ’птушаня’. Прасл. *pilę, параўн. літ. pylėt лат. pile ’качка’, лац. pullūs ’маладая жывёліна’, гоц. pula ’жарабя’, інд. ріllіка ’птушаня’. Гл. таксама пуль‑пуль, пуляня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. — Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шту́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Штурхаць каго‑н. А гэтае жарабятка ўжо на другі ці на трэці дзень свайго нараджэння пачынала хадзіць за Нямком, штурхацца мысаю ў спіну, браць у губы яго палец і смактаць. Кулакоўскі. // Штурхаць адзін аднаго. Спрасонку ўсе таўкліся, штурхаліся, тыцкаліся, як сляпыя. Грахоўскі. З Краснаярска адыходзіў параход. Штурхаўся, спяшаўся з клункамі народ. Шушкевіч.

2. перан. Разм. Знаходзіцца, быць дзе‑н. у цеснаце, таўкатні. Садзімся.. ў сваю машыну і едзем. Яно і добра. Не трэба ў тралейбусе штурхацца. Корбан. // Знаходзіцца, быць, бадзяцца дзе‑н. без асобага занятку, без мэты. І на другім «паверсе» Зіна таксама любіла штурхацца, прыцэньвацца да тавараў. Грамовіч. Ззаду ў нас пачуўся зычны вокліч: — Разыдзіцеся, грамадзяне! Няўжо ў вас спраў няма іншых, як штурхацца тут? Васілевіч.

3. Разм. Штурхаць што‑н. ці стукацца ў што‑н., імкнучыся прабіцца, пранікнуць куды‑н.

4. Зал. да штурхаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

hail

I [heɪl]

1.

v.t.

1) віта́ць, віта́ць во́клічамі

2) віта́ць, называ́ць, зваць

They hailed him leader — Яны́ віта́лі яго́ як правадыра́

3) акліка́ць

2.

n.

1) во́кліч прывіта́ньня, прывіта́ньне n.

2) во́клік -у m. (на адле́гласьці чу́тнасьці го́ласу)

3.

interj., Poetic

Віта́ньне! Прывіта́ньне!

II [heɪl]

1.

n.

град гра́ду m.

2.

v.i.

1) It hails — Ідзе́ град

2) сы́пацца гра́дам

3.

v.t.

сы́паць, закіда́ць (як гра́дам)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

cry

[kraɪ]

1.

v., cried, crying

1) пла́каць

2) крыча́ць; го́ласна клі́каць (на дапамо́гу)

2.

n.

1) плач, ля́мант -у m.

2) крык -у m., клі́каньне m. (на дапамо́гу)

3) за́клік, кліч -у m.; во́кліч, вы́крык -у m.

4) Figur. агу́льная ду́мка, дамага́ньне

5) про́сьба f., мале́ньне n.

•

- cry down

- cry for

- cry off

- cry one’s eyes out

- cry one’s heart out

- cry out

- cry up

- in full cry

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

лі́ха ​1, ‑а, н.

1. Няшчасце, зло, бяда; гора. [Марына:] — Ох, сыночак, мая зорка! Як цябе падгадаваць, Як ад ліха захаваць. Колас. У вочы.. [Карніцкаму] ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. Паслядовіч. // Разм. Хвароба. [Мацей:] — Нейкае ліха ўбілася пасля прастуды. Пальчэўскі.

2. У фальклоры — нячыстая сіла, чорт. Адказаў хлапец паціху: — Праўду я шукаць іду, А за мною следам Ліха Водзіць Гора і Бяду. Грахоўскі.

•••

Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.

Да ліха — вельмі многа, вялікая колькасць.

Каб на яго (цябе, яе, вас, іх) ліха — ужываецца як вокліч, якім выказваецца прыкрасць, абурэнне, злосць. — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) — немаведама хто, што, абы-які і пад. Можа і сам ён, Мікалай, бачыў, што тут ліха ведае што робіцца. Чорны.

Ліха гарыць з каго — пра верхавода, завадатара. Усё ліха гарэла з Камінскага, а цяпер Шыслоўскі верхаводзіць. «Маладосць».

Ліха з ёй, з ім і пад. — няхай будзе так, можна пакінуць без увагі. «Ліха з ёю, з шапкаю. Старая і без брыля», — суцешыў Валодзя сам сябе. Ваданосаў.

Ліха яго бяры — адносіцца абыякава да чаго‑н. — Ай, ліха яго бяры з работаю. Сёння ўжо няхай прападае дзень. Чорны.

Ліха яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

На (якое) ліха (лаянк.) — для чаго, нашто. — Мы добра абыходзіліся і без бурмістра. Па ліха ён нам. Якімовіч. — Давай памяркуем сур’ёзна, — сказаў Андрэй жонцы. — На якое табе ліха гэтая служба? Шахавец.

Не памінай (не памінайце) ліхам гл. памінаць.

Што за ліха! — вокліч незадавальнення, здзіўлення. — Што за ліха! Раненых дваццаць дзевяць, а гісторый [хвароб] трыццаць. Мележ.

Як на (тое) ліха — не ў пару, не да месца. Не хапала касцоў, а, як на тое ліха, тры старыя даваенныя касілкі стаялі ля кузні няспраўнымі. Асіпенка. Рыбакі боўталіся ў Нёмане. Але, як на тое ліха, рыба не лавілася! С. Александровіч.

лі́ха ​2, безас. у знач. вык.

Разм. Цяжка, дрэнна. Было яму ліха, ды яшчэ і пагоршала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вунь, часціца.

1. указальная. Ужываецца для ўдакладнення месца ці месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Вунь там, каля тых дубоў. Вунь дзе ён вынырнуў. А вунь, што гэта за дрэва? □ Вунь дзе ён, наш «саманны завод», каля самай дарогі, у глінішчах. Брыль.

2. вылучальная. Вылучае або падкрэслівае значэнне таго ці іншага слова ў сказе. Глядзі, вочы вунь у іх зусім зліпаюцца. Вунь і нядаўна іх бачылі на вуліцы. □ І ці не Яноль толькі выглядае гэта вунь там з-за елкі? Колас. [Тэкля:] — На дварэ ўжо восень, лісты вунь асыпаюцца. Краўчанка.

3. узмацняльная. У спалучэнні з займеннікамі ўказвае на меру або ступень якасці чаго‑н. Вунь глядзіце, колькі каменняў выбралі. Бядуля. [Дзямід:] — Вунь след які глыбокі ды шырокі. В. Вольскі.

4. у знач. прысл. У тым месцы, не тут. Вунь відаць вёска. □ Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца! Ах, не тое!.. Адвярнула!.. Гэта шышка на сасонцы. Купала.

•••

Вунь (яно) што! Вунь (яно) як! — вокліч для выказу здзіўлення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

о ​1, нескл., н.

1. Шаснаццатая літара беларускага алфавіта. Вялікае О.

2. Галосны гук задняга рада сярэдняга пад’ёму, які вымаўляецца з удзелам губ.

о ​2, выкл.

1. Вокліч, пры дапамозе якога выказваецца пачуццё здзіўлення, захаплення, абурэння, дакору і пад. — О, дык у цябе, браце мой, кватэра нішто сабе, — сказаў Кузьма Чорны. Скрыган. О-о-о, непедагогі не ведаюць, што такое няўрымслівасць маладога настаўніка перад навучальным годам! Лобан. // Ускрык, стогн, які выражае боль, адчай. Зноў [Чыжык] пачуў цяжкое, як стогн, «О!», потым ціхі шэпт «Ваня!», які чамусьці прывёў яго ў жудасць. Лупсякоў.

2. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай экспрэсіўнасці выказвання ў рытарычных сказах і рытарычных зваротах. О, як прыгожа з вышыні Акінуць вокам лес і поле... Чарот. Дзеці нягоды, о слёзы людскія! Колас. О, як бы нам хацелася забыць І войны ўсе, і стогны, і руіны! Панчанка.

3. Ужываецца для ўзмацнення сцвярджэння або адмаўлення. Жыта цячэ з рукавоў-латкоў машыны па гатунках. Іх аж тры. О, такое [жыта] можна сеяць! Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пас ​1, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма. Малатарня ўжо стаяла напагатове, злучаная пасам з Ладуцькавым трактарам «Беларусь». Хадкевіч. Глуха застукала турбіна, ляснуў пас, тонка заспяваў ненагружаны генератар. Шамякін.

2. Тое, што і пояс (у 1 знач.), пасак. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны. Колас. // Паласа. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ. Кудысьці ўдаль рассцілаецца жаўтаваты пас гладкай, нібы ток, дарогі. Бядуля.

пас ​2, ‑а, м.

Перадача мяча, шайбы і пад. каму‑н. з ігракоў сваёй каманды ў спартыўнай гульні. Дакладны пас.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пас ​3, выкл.

1. Пры гульні ў карты — вокліч аб адказе ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; у знач. вык. Разм. Няма сіл, магчымасцей; вымушаны адмовіцца што‑н. рабіць (зрабіць). Аматар траскатні з трыбуны ўзнімае «шквал» Пра статыстычны «вал», Як аб прагрэсе, дасягненні веку... А што дае канкрэтнаму ён чалавеку, Як паляпшае дабрабыт ён мас — Аратар «пас». Валасевіч.

[Ад фр. (je) passe — прапускаю, не гуляю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)