МІКАБАКТЭ́РЫІ (Mycobacterium),
род бактэрый, роднасных актынаміцэтам. Каля 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, харч. прадуктах.
Палачкі (0,2—0,6 × 1—10 мкм), часта злёгку скрыўленыя, галінастыя з уключэннямі ў выглядзе ружанцаў і гранул. Некат. віды ўтвараюць гіфы, якія распадаюцца на палачкі і кокі. Грамстаноўчыя, кіслотаўстойлівыя, нерухомыя. Маюць у сабе караціноіды, таму іх калоніі часта пігментаваныя (аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя). Размнажаюцца дзяленнем клетак, спор не ўтвараюць. Сапрафітныя формы ўдзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэшткаў, некат. акісляюць парафіны і вуглевадароды. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (туберкулёз, лепру), жывёл і раслін.
т. 10, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАПЛА́ЗМЫ (Mollicutes),
клас бактэрый, якія абмежаваны толькі цытаплазматычнай мембранай і не маюць клетачнай сценкі. Пашыраны ў вадаёмах і сцёкавых водах, часцей развіваюцца ў міжклетачных прасторах тканак шматклетачных арганізмаў.
Клеткі дыям. 125—250 нм, зменлівай формы, нерухомыя, грамадмоўныя. З-за адсутнасці клетачнай сценкі здольныя праходзіць праз бактэрыяльныя фільтры. Размнажаюцца дзяленнем, спор не ўтвараюць. Пераважна хемаарганатрофы, факультатыўныя анаэробы, некат. — строгія анаэробы. Многія віды патагенныя для чалавека (выклікаюць захворванні дыхальных шляхоў, вачэй і інш.), жывёл (плеўрапнеўманія буйн. раг. жывёлы), раслін (карлікавасць кукурузы, ведзьміны мётлы бульбы, люцэрны і інш.).
Ж.В.Блоцкая.
т. 10, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКА́РДЫІ (Nokardia),
род бактэрый сям. накардыі групы актынаміцэтаў. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадаёмах і інш. прыродных субстратах.
Утвараюць міцэлій з дыяметрам гіфаў 0,5—2 мкм Нерухомыя. Грамстаноўчыя. Аэробы. Размнажаюцца фрагментацыяй міцэлію, некат. ўтвараюць таксама споры і хламідаспоры. Сапрафіты, ёсць патагенныя віды для чалавека і жывёл (узбуджальнікі накардыёзу). У глебе ўтылізуюць устойлівыя да раскладання рэчывы расліннага паходжання (лігнін), удзельнічаюць у мінералізацыі гумусу, раскладаюць цяжкадаступныя для інш. мікраарганізмаў рэчывы (сінт. матэрыялы, воскі, вуглевадароды, адходы нафтавай прам-сці). Могуць выкарыстоўвацца для барацьбы з забруджваннем навакольнага асяроддзя.
т. 11, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́НЦКІ ((Nencki) Марцэлій Вільгельмавіч) (15.1.1847, г. Каліш, Польшча — 14.10.1901),
польскі біяхімік і мікрабіёлаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1870). З 1877 праф. Бернскага ун-та, з 1891 у Ін-це эксперым. медыцыны ў Пецярбургу (заг. аддзела). Даследаваў сінтэз мачавіны і прапанаваў (разам з І.П.Паўлавым) тэорыю яе ўтварэння ў арганізме млекакормячых. Адкрыў небялковую ч. гемаглабіну (гемін) і ўстанавіў яго хім. структуру. Паказаў (разам з польскім хімікам Л.П.Мархлеўскім) хім. падабенства гемаглабіну і хларафілу. Даследаваў хім. састаў некаторых бактэрый, хімізм гніласнага распаду бялкоў. Распрацаваў метады барацьбы з чумой рагатай жывёлы.
т. 11, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
антыбіётыкі
(ад анты- + гр. bios = жыццё)
хімічныя рэчывы арганічнага паходжання, здольныя прыпыняць рост шкодных бактэрый і знішчаць іх.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
рызасфе́ра
(ад гр. rhiza = корань + сфера)
прыкаранёвая зона глебы, у якой сканцэнтравана вялікая колькасць мікраарганізмаў (бактэрый, грыбоў, актынаміцэтаў).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
энтэрабактэ́рыі
(ад энтэра + бактэрыі)
сямейства палачкападобных бактэрый; жывуць пераважна ў кішэчным тракце чалавека і жывёл, вадзе і глебе.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
глей, ‑ю, м.
1. Адклады на дне вадаёмаў, у састаў якіх уваходзяць найдрабнейшыя часцінкі мінеральных і арганічных рэчываў; іл. Азёрныя глеі, запаўняючыя большым або меншым слоем дно азёрнай катлавіны, складаюцца з сумесі арганічных і мінеральных часцінак. Прырода Беларусі.
2. Слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтварыўся пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый. Сіняватая ад глею дарога ідзе паміж тарфянога балота і поля. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
метыламана́ды
(н.-лац. methylomonadaceae)
сямейства бактэрый, здольных атрымліваць энергію толькі за кошт выкарыстання аднавугляродных арганічных злучэнняў метану або метанолу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бактэрыятэрапі́я
(ад бактэрыі + тэрапія)
метад лячэння, заснаваны на ўвядзенні ў арганізм аслабленых або мёртвых хваробатворных бактэрый ці процібактэрыяльных ядаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)