ЖАЛЕЗАСЕРАПРАТЭІ́ДЫ, жалезасерныя бялкі, Fе—S-бялкі,

клас бялкоў, прастэтычныя групы якіх складаюцца з негімінавага жалеза, комплексна звязанага з неарган. або арган. (у складзе цыстэіну) серай з утварэннем аднаго ці некалькіх Fe—S-кластэраў. Кластэры здольныя аддаваць ці прымаць электроны (але не вадарод) з абарачальнай зменай валентнасці атамаў жалеза (Fe​3+ ⇄ Fe​2+). Дзякуючы гэтаму Ж. ў жывых арганізмах выконваюць функцыю акісляльна-аднаўленчых кампанентаў у тэрмінальных ланцугах пераносу электронаў паміж флавапратэідамі і цытахромамі (гл. Дыханне). Малекулярная маса Ж. ад 6000 (ферыдаксіны бактэрый) да 12 000 (ферыдаксіны хларапластаў) і больш (ксантынаксідаза).

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)