МІЯРЭЛАКСА́НТЫ (ад мія... + лац. relaxatio аслабленне),
група лекавых сродкаў, якія паніжаюць тонус шкілетнай мускулатуры і памяншаюць рухальную актыўнасць. У якасці М. выкарыстоўваюць прэпараты расл. і сінт. паходжання, што блакіруюць перадачу нерв. імпульсаў у нерв.-мышачных сінапсах. Паводле механізму ўздзеяння М. падзяляюць на антыдэпалярызуючыя (канкурэнтныя) і дэпалярызуючыя. Антыдэпалярызуючыя (дыплацын, панкуроній, піпекуроній і інш.) блакіруюць перадачу ўзбуджэння з нерва на шкілетную мышцу за кошт змяншэння адчувальнасці рэцэптара да дзеяння медыятара ацэтылхаліну. Дэпалярызуючыя М. (напр., суксаметоній) выклікаюць стойкую дэпалярызацыю клетачнай мембраны, што таксама парушае правядзенне ўзбуджэння з нерва на мышцу. М. выкарыстоўваюць для расслаблення мышцаў пры хірург. аперацыях, для ўпраўлення вывіхаў, як процісутаргавы сродак пры слупняку, атручэннях і інш.
М.К.Кеўра.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДНЫ́РАЧНАЯ ЗАЛО́ЗА,
парны эндакрынны орган вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны над ныркамі. Складаецца з вонкавага коркавага (кара) і ўнутр. мазгавога рэчываў, укрыта капсулай. У кары Н.з. вылучаюць 3 зоны: клубочкавую, пучковую і сеткавую, якія адрозніваюцца будовай і функцыяй. Клеткі кары Н.з. сакратуюць гармоны кортыкастэроіды (гідракартызон, альдастэрон, кортыкастэрон і інш.), якія маюць высокую біял. актыўнасць, рэгулююць мінер. абмен у арганізме, абмен вугляводаў, бялкоў, тлушчаў, таксама сінтэзуюць і выдзяляюць палавыя гармоны андрагены і эстрагены. Клеткі мазгавога рэчыва Н.з. сакратуюць адрэналін і норадрэналін, якія стымулююць абмен рэчываў у арганізме, рэгулююць артэрыяльны ціск, частату сэрцабіцця і інш. Гармоны Н.з. адыгрываюць значную ролю ў працэсах адаптацыі арганізма да неспрыяльных умоў, забяспечваюць выжыванне яго пры стрэсах.
А.А.Арцішэўскі.
т. 11, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАФЛАВІ́Н, вітамін B2,
водарастваральны вітамін групы B, C17H20O6N4. У арганізме чалавека не сінтэзуецца (паступае з прадуктамі харчавання). Будову Р. вызначылі ў 1935 шляхам хім. сінтэзу адначасова П.Карэр і Р.І.Кун. Удзельнічае ў абмене рэчываў шляхам пераўтварэння ў флавінавыя каферменты (флавінмонануклеатыд і флавінадэніндынуклеатыд), якія забяспечваюць актыўнасць важнейшых акісляльна-аднаўленчых ферментаў, што рэгулююць рэакцыі бялковага, вугляводнага, тлушчавага і энергет. абмену. Неабходны для праяўлення актыўнасці інш. вітамінаў (D, B6, фоліевай к-ты).
Недахоп Р. ў арганізме выклікае агульную слабасць, пахудзенне, тармажэнне росту, запаленне скуры, малакроўе, парушэнне зроку, сардэчнай дзейнасці і інш. Сутачная патрэбнасць для дарослага чалавека — 1,5—2,5 мг. Найб. Р. ў печані, нырках, яйках, дражджах, малочных прадуктах і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,
сумесная полімерызацыя некалькіх (2 і больш) манамераў; прамысл. метад вытв-сці многіх сінт. супалімераў.
Рэакцыйная здольнасць (актыўнасць) манамераў пры С. вызначаецца іх прасторавай будовай, спалучэннем і палярнасцю падвойных сувязей. Састаў супалімера звычайна (акрамя выпадкаў азеатропнай С., калі актыўнасці манамераў аднолькавыя) адрозніваецца ад саставу манамернай, сумесі, які ў ходзе працэсу мяняецца: колькасць больш актыўнага манамера памяншаецца, менш актыўнага — павялічваецца. Пры С. да глыбокіх ступеняў ператварэння манамераў рознай актыўнасці валавы супалімер мае ланцугі рознага саставу. Размяшчэнне звёнаў у ланцугах статыстычнае, акрамя выпадкаў чаргавальнай, ці альтэрнатыўнай С., калі незалежна ад саставу сумесі манамераў утвараюцца супалімеры з рэгулярным чаргаваннем звёнаў. С. дазваляе накіравана змяняць уласцівасці палімераў. Выкарыстоўваюць С. для атрымання палімераў з разнастайнымі ўласцівасцямі.
т. 15, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́НУС (лац. tonus ад грэч. tonos нацяжэнне, напружанне) у фізіялогіі, нармальны (нестамляльны) стан пастаяннага ўзбуджэння нерв. цэнтраў і працяглае напружанне мышцаў; забяспечвае аптымальны функцыян. стан органаў і тканак, падтрыманне пэўнага становішча цела ў прасторы. Т. нерв. цэнтраў падтрымліваецца аферэнтнымі нерв. імпульсамі, што бесперапынна паступаюць у ц. н. с. ад перыферычных рэцэптараў, і ўздзеяннем хім. раздражняльнікаў (напр., гармонаў, медыятараў), якія знаходзяцца ў крыві. Пасіўны мышачны Т. залежыць ад вязкаэластычных уласцівасцей мышцы, актыўны — ад колькасці мышачных валокнаў, што скарачаюцца пад уздзеяннем нерв. імпульсаў, якія ўзнікаюць у рухальных нейронах спіннога мозга. Іх актыўнасць падтрымліваецца і рэгулюецца імпульсамі, што паступаюць ад вышэйшых цэнтраў (напр., рэтыкулярнай фармацыі ствала мозга) і ад прапрыярэцэптараў, якія знаходзяцца ў мышцах.
С.С.Ермакова.
т. 15, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМАКАГЕНЕ́ТЫКА (ад грэч. pharmakon лякарства + генетыка),
раздзел фармакалогіі, які вывучае асаблівасці дзеяння лякарстваў у арганізме чалавека ў залежнасці ад генет. фактараў.
Уплываючы на гены, храмасомы, перадачу генет. матэрыялу, лекавыя сродкі зменьваюць якасці і прыкметы арганізма, якія і перадаюцца ў спадчыну. Ф. даследуе гэты ўплыў, спадчынныя індывід. спецыфічныя рэакцыі арганізма на лякарствы. Напр., генет. абумоўленая нізкая актыўнасць у крыві ферменту псеўдахалінэстэразы, які расшчапляе мышачна расслабляльны сродак дытылін, прыводзіць да рэзкага павелічэння працягласці яго дзеяння і спынення дыхання. Прыроджаны дэфіцыт ферменту метгемаглабінрэдуктазы ў спалучэнні, напр., з прыёмам сульфаніламідных прэпаратаў, вікасолу выяўляецца кіслароднай недастатковасцю. Ф. высвятляе, якія лякарствы выклікаюць заганы эмбрыянальнага развіцця, памяншае ўскладненні ад лек. тэрапіі і інш.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),
уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік A) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл. Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл. Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.А.Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.
Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл. Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ. Вып. 1—4. М., 1969;
Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.
Э.А.Рудак.
т. 13, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
то́нус
(лац. tonus, ад гр. tonos = напружанне)
1) працяглае ўзбуджэнне нервовых цэнтраў і мышачных тканак, якое не суправаджаецца стомай і абумоўлівае пэўнае функцыянаванне органаў;
2) жыццёвая актыўнасць, жыццядзейнасць (напр. павышаны т.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
стымуля́тар, ‑а, м.
1. Рэчыва, якое стымулюе развіццё раслін і жывёл. Аказваецца, што калі з .. [кук[о]лю] дастаць тую атруту і ў самым малым памеры даць яе на палеткі, дык яна робіцца стымулятарам і павялічвае ўраджай жыта ці пшаніцы напалову. Дубоўка.
2. Лекавы прэпарат, які выкарыстоўваецца для павышэння разумовай і фізічнай працаздольнасці, для паляпшэння самаадчування. // перан. Пра ўсё, што стымулюе творчую актыўнасць.
3. Тое, што і допінг.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВІРО́ІДЫ,
вірусападобныя інфекц. агенты, якія ўяўляюць сабой нізкамалекулярную адналанцужковую кальцавую рыбануклеінавую кіслату і ў якіх адсутнічае антыгенная актыўнасць. У адрозненне ад вірусаў не маюць вірыённай стадыі, устойлівыя да процівірусных прэпаратаў, награвання, ультрафіялетавых прамянёў. Выклікаюць хваробы жывёл (скрэйпі авечак, энцэфалапатыі норак і інш.) і раслін (верацёнападобнасць клубняў бульбы, экзакорпіс цытрусавых, карлікавасць хрызантэм і хмелю, бледнаплоднасць агурка і інш.).
Сімптомы захворванняў, што выклікаюцца віроідамі, падобныя да вірусных хвароб: прыгнечанне росту, хлароз лісця, дэфармацыі. Пры экзакорцісе цытрусавых, напр., кара лускаватая, растрэскваецца і адломліваецца ад ствала. Сцёблы бульбы, пашкоджанай віроідамі, прыгнечаныя, выцягнутыя і прамастойныя, клубні верацёнападобныя з выяўленымі над паверхняй вочкамі і рэзкімі бровамі, ураджай клубняў зніжаецца на 20—70%.
Літ.:
Шелудько Ю.М., Рейфман В.Г. Вироиды — новый класс патогенов. М., 1978.
Ж.В.Блоцкая.
т. 4, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)