ШУМІ́ЛІНА,

гарадскі пасёлак, цэнтр Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк; аўтадарогі на Віцебск, Полацк, Бешанковічы, Гарадок. За 40 км ад г. Віцебск. 7,9 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч., тарфяной, мясц. прам-сці. 2 сярэднія і юнацка-спарт. школы, Палац культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, 2 аддз. сувязі. Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла бел. партызан і ахвяр фашызму. Вайсковыя могілкі.

У 19 ст. вёска ў Ловажскай вол. Полацкага пав. Віцебскай губ. У 1866 у Ш. 38 ж., 5 гаспадарак, 13 пабудоў. Пасля будаўніцтва Рыга-Арлоўскай чыг. (1886) пабудаваны чыг. станцыя (да 1962 наз. Сіроціна), царква; вёска вырасла ў мястэчка. З 1924 цэнтр Шумілінскага раёна (да 1961 Сіроцінскага р-на) Віцебскай акр. (1924—30), з 1938 — Віцебскай вобл.; з 1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 8.7.1941 да 23.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія знішчылі ў Ш. і раёне 1,5 тыс. чал. У 1962—66 Ш. ў складзе Віцебскага р-на.

Літ.:

Память: Ист.-док. хроника Шумилинского р-на. Мн., 1985.

т. 17, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НАВІЧЫ,

гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р. Вымнянка, каля воз. Янавіцкае. За 38 км на ПнУ ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Лёзна. Аўтадарогай злучаны з г.п. Лёзна і з аўтадарогай Віцебск—Сураж. 1087 ж. (2002). Масласырзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

У ВКЛ мястэчка Віцебскага пав., належала Пацеям. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, узяты ў казну. Уваходзілі ў Суражскі, з 1866 у Віцебскі пав. У пач. 20 ст. больш за 2 тыс. ж., пач. школа, бальніца, млын, гарбарня, гандаль збожжам і лёнам. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Суражскага р-на Віцебскай акр., з 1938 — вобласці. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў кастр. 1943 ням. фашысты спалілі Я., за час акупацыі ў Я. і раёне загубілі 1800 мірных жыхароў. З 10.9.1957 да 20.1.1960 цэнтр Суражскага раёна. У 1960—62 і з 1966 у Віцебскім, у 1962—66 у Лёзненскім р-нах.

В.​В.​Грынявецкі (гісторыя).

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ РСДРП.

Аформілася ў канцы 1903. У студз. 1904 на правах раённай увайшла ў Палескі камітэт РСДРП. Пасля яго расфарміравання ў вер. 1905 пераўтворана ў раённую арг-цыю, падзялялася на Гарадскую, Навабеліцкую і Чыгуначную арг-цыі. У рэвалюцыю 1905—07 разам з Бундам кіравала выступленнямі працоўных, мела баявыя дружыны. У час кастр. паліт. стачкі 1905 яе прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйны рэв. к-т, у дні снежаньскай паліт. стачкі 1905 — у Гомельскі камітэт дэлегатаў. Вясной 1906 арг-цыя рэарганізавана ў акруговую. У 1907 разгромлена. У вер. 1909 адноўлены Гомельскі акр. к-т РСДРП. З 1911 дзейнічалі Чыгуначная і Навабеліцкая арг-цыі. Вясной 1912 Гомельская арганізацыя РСДРП удзельнічала ў правядзенні сходаў рабочых у знак пратэсту супраць Ленскага расстрэлу. Мела перадатачны пункт падп. л-ры, распаўсюджвала газ. «Правда» і збірала сродкі ў яе фонд, арганізоўвала стачкі, паліт. сходкі, выдавала і распаўсюджвала лістоўкі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы Гомельскага перасыльнага пункта паўстання 1916. Напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у горадзе дзейнічалі с.-д. групы на эвакуіраваных заводах. У сак. 1917 яны ўвайшлі ў склад Гомельскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. У крас. 1917 бальшавікі выйшлі з яе і ўтварылі самастойны Палескі к-т РСДРП(б).

М.​В.​Біч.

т. 5, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ВІ́ЦЕБСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

З 1862 у Віцебску існаваў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў, з 1903 — губ. архіў. У 1919 заснавана губ. архівасховішча Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення, з 1924 Віцебскі акр. аддзел Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Віцебскі гіст. архіў, з 1930 Віцебскае аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР (у 1933—36 Паўн.-Бел., з 1938 Віцебскі абл. архіў). На 1.1.1997 у архіве 6219 фондаў, 1 033 696 спраў з 1917. Зберагае дакументы губ., пав., валасных, акруговых, раённых, гар. і сельскіх устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў. якія дзейнічалі на тэр. Віцебскай вобл., асабістыя фонды. Сярод іх матэрыялы пра гісторыка і краязнаўца А.​П.​Сапунова, пра Віцебскую нар. мастацкую школу і мастакоў М.​Шагала, К.​Малевіча, Ю.​Пэна, В.​Ермалаеву, нар. кансерваторыю і дырыжора М.​А.​Малько, кампазітара М.​В.​Анцава, якія працавалі ў ёй, і інш.; успаміны Р.​Я.​Арансона «Карнілаўскія дні ў Віцебску», дакументы па гісторыі нэпа і калектывізацыі, перыяду Вял. Айч. вайны і інш. Дакументы на бел., рус., ням. і яўр. мовах.

Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм: выкарыстання дакументаў; гасп.-разліковы.

А.​Р.​Трусава.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МАГІЛЁЎСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.

Засн. ў Магілёве ў 1919 як Магілёўскае губ. архіўнае ўпраўленне, пазней бюро, з 1924 Магілёўскі акр. архіў (аддзел) Цэнтр. архіва БССР. У 1930 фонды архіва перададзены Цэнтр. дзярж. архіву Кастр. рэвалюцыі (знаходзіўся ў Магілёве). У 1938 адноўлены як Магілёўскі абл. архіў. На 1.1.1941 у архіве зберагалася каля 1300 фондаў, 650 тыс. адзінак захоўвання. У час 2-й сусв. вайны большасць фондаў загінула, страчаны ўвесь навук.-даведачны апарат, частка дакументаў вывезена гітлераўцамі ў Рыгу. У 1943 архіў аднавіў дзейнасць. На 1.1.1997 у архіве 2440 фондаў, 436 185 адзінак захоўвання з 1917. На зберажэнні дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці мясц. органаў улады, устаноў, прадпрыемстваў, што дзейнічалі на тэр. сучаснай Магілёўскай вобл. У архіве прадстаўлены матэрыялы ўстаноў першых гадоў сав. улады, пра арганізацыю і дзейнасць рэв. к-таў, пра гісторыю с.-г. і культ. будаўніцтва ў вобласці, пра прамысл. развіццё і нар. адукацыю, навуку, прафс. рух і інш. Дакументы на бел., рус., ням., польск. і яўр. мовах.

Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; аўтаматызацыі інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.

Г.​І.​Жаваранкава.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЧЫ,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. За 122 км ад Гомеля.

Вузел чыг. ліній на Гомель, Жлобін, Брэст, Оўруч, аўтадарог на Гомель, Парычы, Жыткавічы, Оўруч. 42,2 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаюцца ў 1560 як сяло Каленкавічы ў Багрымаўскім старостве Мазырскага пав. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Рэчыцкага пав. Мінскай губ., належала кн. Шахоўскаму. У 1795 у К. 116 душ мужч полу, 36 двароў. З 1805 у царскай казне, у арэндзе М.​Стражнікавай. З 1882 чыг. станцыя, з 1910 чыг. вузел. У 1897—1,3 тыс. ж, 196 двароў. З 3.7.1925 горад, у Мазырскай акр. У 1924—30 і з 1939 цэнтр Калінкавіцкага раёна. З 1938 у Палескай вобл. 9,8 тыс. ж. у 1939. З 21.8.1941 да 14.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1550 чал. Дзейнічала Калінкавіцкае патрыятычнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—14,9, у 1970—23,9 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, дрэваапр., харч. прам-сці. Заводы быт. хіміі, рамонтна-механічны. Брацкія магілы сав. воінаў, брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, сав. лётчыкам. Помнік археалогіі — гарадзішча.

Горад Калінкавічы. Забудова цэнтра горада.

т. 7, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,

цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦК КПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл. ЦК КПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦК КПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел. нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦК КПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.​Корчык), С.​Т.​Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл. ЦК КПЗБ Я.​С.​Бабровіч, Р.​Д.​Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.​М.​Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.​Б.​Пірышка, А.​Х.​Раф, Л.І.Родзевіч, А.​М.​Розенштайн і інш.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́Н,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Рагачоў—Жлобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пд ад г. Рагачоў, 113 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Луцкае. 919 ж., 435 двароў (1999).

На думку некат. даследчыкаў, тут размяшчаўся стараж. горад Лучын. Згадваецца як горад у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 — пач. 15 ст.), у 1480 у Грамаце караля Казіміра мінскаму купцу Церашковічу. У 14—18 ст. у Рагачоўскай воласці (старостве) ВКЛ, з 16 ст. вядомы як сяло. З 1793 у Рас. імперыі, у Рагачоўскім пав. Беларускай, з 1802 Магілёўскай, з 1919 Гомельскай губ. У 1886—672 ж., 114 двароў, царква, 2 ветракі. З 1924 цэнтр сельсавета ў Рагачоўскім р-не Бабруйскай акр. (да 1930), з 1938 у Гомельскай вобл. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі двойчы (у 1941 і 1944) часткова спальвалі Л. У 1972—1352 ж., 387 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі група археал. помнікаў Лучын.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБЫ́ТКІ,

вёска ў Гомельскім р-не, на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета. За 22 км на ПдУ ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Зябраўка. 549 ж., 250 двароў (2000). Клуб, б-ка, бальніца, цырульня. Царква Раства Прасвятой Багародзіцы. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1640 як сяло (9 дымоў) у Гомельскім старостве ВКЛ. Адносілася да Гомельскага замка, якім валодаў кн. Чартарыйскі. З 1772 у Рас. імперыі. У 1773 пабудавана правасл. царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. цэнтр маёнтка, які належаў М.​А.​Бардоўскаму. У 1853 у П. 267 рэвізскіх душ, нар. вучылішча (з 1856), у 1864—64 рэвізскія душы мужч. полу, сукнавальня і крупадзёрка, што належалі М.​Бетулінскай, у 1877 засн. маслабойня. У 1886 у П. 581 ж., 98 двароў, царкоўнапрыходская школа, млын, хлебазапасны магазін, у 1909—989 ж., 160 двароў, у Насовіцкай вол. Гомельскага пав., у 1926—878 ж., 179 двароў, школа 1-й ступені, цэнтр сельсавета Насовіцкага раёна Гомельскай акр., з 26.7.1930 — Гомельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням. фашысты спалілі 143 двары, загубілі 17 жыхароў.

В.​В.​Віталёва.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРВІ́НСКІ Павел Іванавіч (псеўд. Сава; 1841, г. Горкі Магілёўскай вобл., паводле інш. звестак Віцебская губ. — 19.3.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З дваран. У пач. 1860-х г. вучыўся ў Ін-це горных інжынераў і Тэхнал. ін-це ў Пецярбургу, быў звязаны з арг-цыяй «Зямля і воля». У пач. 1863 у маёнтку Марыенгаўзен Віцебскай губ., дзе была друкарня «Зямлі і волі», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. Вясной 1863 зняволены ў Дынабургскую крэпасць, 19.6.1863 пазбаўлены правоў і засуджаны на 4 гады катаргі. 1.7.1863 уцёк з-пад варты і далучыўся да атрада Э.​Вжаснёўскага, які дзейнічаў у Вількамірскім і Панявежскім пав. Ковенскай губ. У кастр. 1863 узначаліў асобны паўстанцкі атрад у Вількамірскім пав. (Анікшты, Андронішкі, Віжуны, Ушполь), атрымаў некалькі перамог над урадавымі войскамі. За мужнасць К.​Каліноўскі надаў Ч. званне паручніка і прызначыў яго паўстанцкім ваен. начальнікам Новааляксандраўскай акр. 3.1.1864 яго атрад разбіты, паранены Ч. трапіў у палон. Часовым палявым аўдытарыятам прыгавораны да смяротнага пакарання, павешаны ў мяст. Ушполь. Браты Ч.: Ян — кіраўнік паўстанцкага атрада — расстраляны ў Кіеве; Раймонд, які змагаўся ў атрадзе Звяждоўскага, загінуў на Магілёўшчыне.

Г.​В.​Кісялёў, Я.​Я.​Янушкевіч.

т. 17, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)