Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПАЧЫ́Н МЕТА́ЛАЎ,
працэс частковага аднаўлення структуры і фіз.-хім. уласцівасцяў дэфармаваных ці радыяцыйна апрамененых металаў і сплаваў. Адбываецца пры награванні да т-ры рэкрышталізацыібез змены мікраструктуры. Жалезныя вырабы награваюць да t 250—300 °C, легкаплаўкія металы і сплавы (напр., свінец) вытрымліваюць пры пакаёвай т-ры. Адпачын металаў ліквідуе скажэнні крышталічнай рашоткі, суправаджаецца зніжэннем эл. супраціўлення, скорасці растварэння ў кіслотах і межаў цякучасці металаў і сплаваў. Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці канструкцыйных матэрыялаў без паніжэння іх трываласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГА́МІЯ (ад аа... + ...гамія),
тып палавога працэсу (спосаб палавога размнажэння), пры якім зліваюцца розныя па памерах, форме і паводзінах палавыя клеткі (гаметы) і ўтвараецца зігота. Жаночая гамета — буйная, нерухомая (без жгуцікаў) яйцаклетка (яйцо). Мужчынская гамета (сперматазоід) — значна драбнейшая, звычайна рухомая (з 1 або некалькімі жгуцікамі), радзей без жгуцікаў (у некаторых ніжэйшых раслін і некаторых вышэйшых ракаў) або прадстаўлена толькі генератыўным ядром унутры пылковай трубкі (у многіх голанасенных і ўсіх пакрытанасенных). Аагамія ўласціва шматклетачным жывёлам, вышэйшым раслінам і многім ніжэйшым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНТАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
будаўнічыя матэрыялы, якія вырабляюць з гліністых грунтоў (глін, суглінкаў, супескаў) без абпальвання з выкарыстаннем вяжучых рэчываў. Падзяляюцца на грунтабетоны (умацоўваюцца цэментам, вапнай, гіпсам) і грунтасілікатныя матэрыялы (умацоўваюцца грунтацэментам — сумессю алюмасілікатных рэчываў са злучэннямі шчолачных металаў), сырцовыя (робяцца з гліны без прымесей, напр. цэгла-сырэц) і саманныя (з гліны і валакністых запаўняльнікаў, напр. саломы, кастрыцы). Грунтабетоны, сырцовыя і саманныя грунтаматэрыялы воданяўстойлівыя, грунтасілікатныя — вода- і марозаўстойлівыя. Грунтаматэрыялы выкарыстоўваюць у дарожным, гідратэхн., аэрадромным, сельскім буд-ве.