1) расходаванне вады на патрэбы насельніцтва, прам-сці і інш. водакарыстальнікаў. Вада на водаспажыванне адбіраецца з воднага аб’екта беззваротна або вяртаецца, змененая якасна. Адрозніваюць водаспажыванне гасп.-пітное і камунальнае (для быт. мэт) і тэхн. або вытв. (для тэхнал. мэт прам-сці, энергетыкі, транспарту). Аб’ём водаспажывання залежыць ад нормы водаспажывання — удзельнага расходу вады за суткі 1 жыхаром або ўмоўнай адзінкай для дадзенай вытв-сці. У меліярацыі водаспажыванне — расходаванне вады на арашэнне, абвадненне пашы, водазабеспячэнне сельскіх нас. пунктаў, с.-г. комплексаў, на проціпажарныя і прыродаахоўныя мерапрыемствы, рыбныя гаспадаркі і інш. 2) Колькасць вады, неабходная для с.-г. культур ці севазвароту за пэўны час, каб забяспечыць нармальнае развіццё раслін. Велічыня водаспажывання адпавядае сумарнаму расходаванню вады на транспірацыю раслінамі і фіз.выпарэнне з паверхні глебы. У такім выпадку водаспажыванне разлічваецца таксама і для дзікарослых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],
раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.А.Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙДА́ХА (Idaho),
штат на ПнЗ ЗША. Уваходзіць у групу горных штатаў Далёкага Захаду. Пл. 214,3 тыс.км²; нас. 1099 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Бойсе. Найб. гарады Айдаха-Фолс і Пакатэла. Гар.насельніцтва каля 50%. На б.ч. тэрыторыі адгор’і Скалістых гор (выш. да 3857 м), на З ускраіна Калумбійскага плато, на Пд пласкагор’е Вял. Басейн і раўніна р. Снейк. Клімат кантынентальны, змякчаецца Ціхім акіянам. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (серабро, свінец, сурма, малібдэн, ртуць, золата, кобальт, ванадый, цынк, фасфаты, паўкаштоўныя камяні), харч. (асабліва перапрацоўка бульбы), лясная і дрэваапр., хім., радыёэлектронная, каляровая металургія. У таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі пераважае раслінаводства. Гал. культуры: бульба (каля 1/4 збору краіны), пшаніца, кукуруза, ячмень, цукр. буракі, хмель. Садоўніцтва (пераважна яблыкі). Пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Транспарт аўтамаб., чыгуначны. Штат перасякаюць 2 транскантынентальныя чыг. магістралі. Развіты турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СТУДЭ́НЦКІ САЮ́З (БСС),
арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.Абрамовіч, Т.Куніцкі, І.Гагалінскі, М.Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час.«Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтваЗах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.
Хор Беларускага студэнцкага саюза (у цэнтры Р.Шырма і М.Забэйда-Суміцкі). Вільня.Члены Беларускага студэнцкага саюза. Вільня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПУТА́Т (ад позналац. deputatus упаўнаважаны),
асоба, выбраная ў прадстаўнічы орган дзяржавы ці орган мясц. самакіравання; паўнамоцны прадстаўнік пэўнай часткі насельніцтва — выбаршчыкаў свайго выбарнага органа або ўсёй нацыі. Д. працуе ў адпаведным прадстаўнічым органе на прафес. (у большасці дэмакр. дзяржаў) або непрафес. аснове, г. зн. не парываючы з асн. дзейнасцю. Статус Д. ўстанаўліваецца канстытуцыяй і спец. законамі. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў органах дзярж. улады з’яўляюцца Д. Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Д. мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яго паўнамоцтвы пачынаюцца з дня выбрання і заканчваюцца ў дзень выбрання Д. новага склікання або датэрмінова ў адпаведнасці з заканадаўствам. Д. забяспечваюцца ўмовамі для бесперашкоднага і эфектыўнага ажыццяўлення сваіх правоў і абавязкаў, маюць пэўныя льготы і карыстаюцца дэпутацкай недатыкальнасцю (гл.Імунітэт). Пры неабходнасці Д. можа быць адкліканы сваімі выбаршчыкамі. Адкліканне Д. ажыццяўляецца на падставах, прадугледжаных законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯЦІ́НА (лац. decima, франц. décime, dîme, ням. Zehnt, англ. tithe),
1) дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (Дз. царкоўная). Узнікла ў канцы 6 ст. У Стараж. Русі ўстаноўлена кн. Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі і прызначалася першапачаткова для Кіеўскай Дзесяціннай царквы, а пазней набыла характар паўсюднага падатку, які збіраўся царк. арг-цыямі (але не манастырамі). У ВКЛ у 15—16 ст. была Дз. «снаповая» (сяляне аддавалі кожны 10-ы сноп) і агульная (1/10 частка збожжа, мёду і інш.).
2) Стараж.-рус. мера зямельных плошчаў. Першапачаткова ўяўляла сабой квадрат з бакамі, якія раўняліся 1/10 вярсты (адсюль назва); пл. 2500 кв. сажняў. Як гал. пазямельная адзінка Расіі ўведзена Межавой інструкцыяй 1753 у выглядзе казённай Дз. плошчай 2400 кв. сажняў, або 1,0925 га. Скасавана ў 1918 з пераходам да метрычнай сістэмы мер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 4-га — 3-м тыс. да н.э. жылі ў бас. Дзясны і на У Пасожжа. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Паселішчы пл. 300—600 м² размяшчаліся на прыбярэжных тэрасах, узгорках, якія ўдаваліся ў даліны рэк. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю, прамавугольнай або авальнай формы, пл. 10—12 м². Агнішчы адкрытага тыпу былі ў цэнтры жытлаў. Плямёны Дз.к. выраблялі крамянёвыя, грубаапрацаваныя сякеры, скрэблы, бакавыя і клінападобныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі і інш., грубы гліняны вастрадонны посуд аздоблены круглымі, авальнымі і ромбападобнымі ямкамі, з якіх скампанаваны паясы, рамбічныя і шахматныя кампазіцыі. На познім этапе Дз.к. з’явіліся адбіткі перавітай шнурам палачкі (т.зв. лапчасты арнамент), наколы пад вуглом, што было вынікам уплыву суседніх плямён днепра-данецкай культуры і верхнедняпроўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш.Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл.Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Мікалай Львовіч) (н. 30.12.1948, г. Брэст),
бел. і польскі гісторык. Канд.гіст.н. (Мінск, 1977), доктар габілітаваны (Вроцлаў, 1989). Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1971). З 1973 працаваў у Ін-це гісторыі АНБССР, з 1985 дацэнт Вроцлаўскага, з 1991 праф. Іерусалімскага ун-таў. З 1992 супрацоўнік радыё «Свабода» (Прага). Даследуе нац. палітыку ў БССР і СССР, развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў міжваен. перыяд, праблему ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у 1939, гісторыю яўрэяў у Беларусі. Аўтар кніг «Палякі ў Савецкім Саюзе ў 1921—1939 гг.» (Вроцлаў, 1990), «Першы пакараны народ. Палякі ў Савецкім Саюзе, 1921—1939» (Варшава; Вроцлаў, 1991), «Першы пакараны народ. Сталінізм і ягоны стасунак да польскага насельніцтва на крэсах (1921—1938)» (Варшава, 1991).
Тв.:
Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФТА́Н,
1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.
2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.