вярну́ць 1, вярну, вернеш, верне; зак., каго-што.

1. Аддаць узятае. Вярнуць пазычанае. Вярнуць доўг. □ Вярнула смелая Марылька гаспадару каня і ўсё дабро. Якімовіч.

2. Атрымаць назад што‑н. затрачанае, зрасходаванае. Не то што ўраджай сабраць, нават насення людзі вярнуць не змаглі... Грамовіч.

3. Прымусіць або ўгаварыць вярнуцца назад. [Людзі], тулячыся да хвоі, баяліся паварушыцца — усё ім здавалася, што іх хтосьці бачыць і верне іх зараз назад. Чорны. Далей аўтобуснага прыпынку Зіна не дазволіла сябе праводзіць, нават Сямёна вярнула. Шыцік. // перан. Выклікаць, узнавіць у каго‑н. ранейшае (пра думкі, настрой). Гэтыя словы адразу вярнулі Язэпа да рэальнасці. Шахавец. Гудок вярнуў Міхала да ранейшых думак. Карпаў.

•••

Вярнуць да жыцця — аднавіць жыццёвыя сілы, энергію, функцыі каго‑, чаго‑н.; вылечыць.

вярну́ць 2, вярну, вернеш, верне; незак., што.

1. Мяняць напрамак руху, паварочваць. Суровыя і маўклівыя перавозчыкі са стрэльбамі і гранатамі.. плывуць некаторы час удоўж берага.., а потым вернуць упоперак Прыпяці і шчасліва прыстаюць на яе другі бераг. Колас. Сонца вярнула з поўдня, пякло, паліла твар. Пташнікаў.

2. Нахіляць, валіць на бок, пераварочваць. Вярнуць воз. □ — На бок вярніце, дном угору! Палечым зараз, наш ты хворы! — Да чоўна дзядзька так звярнуўся. Колас.

3. перан. Разм. Схіляць да чаго‑н., даваць пэўны напрамак думкам, размовам і пад. Не туды, брат, вернеш! □ [Варывончык:] — Ты [Аксіння] занадта ўжо стала вярнуць усюды на сваё. Кулакоўскі.

4. перан. Разм. Перакладаць віну на другога. Жывёлаводы вярнулі на брыгадзіраў, брыгадзіры абвінавачвалі жывёлаводаў. Дуброўскі. [Бабуля:] — Мачыха сама мёд крадзе, а верне ўсё на падчаранят. Брыль.

5. Разм. Варочаць што‑н. цяжкае, грувасткае; выконваць цяжкую работу. Ззаду [трактара] падскоквалі плугі, скраблі дарогу і вярнулі дзёран. Пташнікаў.

6. Рухацца, падаць, узнімацца суцэльнай плынню. На маленькім століку стаіць самавар і скавыча на ўсе галасы.. аж пара з яго верне. Колас.

•••

Вярнуць нос — адносіцца да каго‑, чаго‑н. з пагардай; грэбаваць кім‑, чым‑н.

Горы вярнуць на каго — няславіць, гаварыць пра каго‑н. дрэннае.

З душы верне — пра што‑н. вельмі непрыемнае, агіднае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

секану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

1. Моцна, з размаху ўдарыць якім‑н. вострым прадметам, зброяй. Мы [партызаны] далі залп, выскачылі на дарогу і яшчэ далі залп. Коннікі завярнуліся і паімчаліся назад. І адзін з іх секануў шашкай нашага хлопца. Чорны. Яўхім некалькі разоў спрытна секануў, і корч разляцеўся напалам. Гурскі. // Рэзка, хутка махнуць чым‑н. у паветры. Гаруноў рэзка секануў рукою паветра. Дуброўскі.

2. Разм. Раптоўна хлынуць (пра дождж, град і пад.). Вера не ўпарцілася, бо пакуль яны гаварылі і смяяліся, пасунулася хмара і секануў дождж, адразу імклівы, спорны. Сачанка.

3. Выстраліць кароткай чаргой са зброі па нечым. — Федзя, секані з кулямёта, пагрэй.. [фашыстаў], — папрасіў Анатоль. Федасеенка. // Застукаць, забарабаніць (аб кулях). Раптам, як парывісты дажджавы шквал па шыбах, па дрэвах секанулі разрыўныя кулі, здавалася, што вораг страляе ўжо зусім блізка, побач з зямлянкай. Няхай.

4. перан. Разм. Рэзка сказаць, адказаць са злосцю. Секануць цябе без дай прычыны Слоўцам у трамвайнай ціскатні — І зямля хіснецца прад вачыма, Пачарнее сонца ў вышыні. Макаль. — А дзе ваш Анатоль цяпер? — секануў.. [Назарэўскі], не зводзячы вачэй з жанчыны. Чорны. Людзі з гэтай яго прагнасці да кар’еры кпілі, і калі толькі заводзілася гаворка пра Андрэя, таго і чакай, што хто-небудзь секане напрамкі: «А-а, Завацкага хлебам не кармі — толькі дай лейцы ў рукі». Ваданосаў. // Зрабіць што‑н. нечакана, рэзка, імгненна. Але Федзя сам павярнуў да іх, секануў святлом Івану ў твар, слізгануў па Веры зверху ўніз і зноў засвяціў на Івана. Кудравец.

5. Разм. Пякуча ўджаліць, укусіць. Секанулі пчолы так, Што рукамі, як вятрак, Замахаў [Бурак] — і ходу. Бялевіч.

6. Разм. Хутка пабегчы з перапуду. І тут я не вытрымаў — свіснуў. І.. [заяц] тады ўжо секануў порстка, дарогай паўз жыта. М. Стральцоў.

7. Разм. Моцна сцебануць (пугай, дубцом і пад.). — Пустадомак ты, — закрычаў на мяне бацька і гэтак секануў пугаю па спіне, што, мне здалося, спусціў скуру. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыліп, ‑ла; зак.

1. Моцна прыстаць да чаго‑н. (пра што‑н. ліпкае, клейкае, мокрае або да чаго‑н. ліпкага, клейкага, мокрага і пад.). Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты. Бядуля. // перан. Шчыльна прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Кулямётчык] .. здаваўся адным целам з кулямётам, да таго ён прыліп да яго, зблізіўся з ім. Лынькоў. Пад плотам, у прагным чаканні, прыліп да зямлі худы рабы кот. Савіцкі. Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, а з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына. Брыль. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Прыліпла мянушка да .. [Асмалоўскага] — Адвакат. Сіўцоў. Механік быў зусім малы; Мянушка некалі — Малеча — К яму прыліпла горш смалы. Калачынскі.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. На шчасце, прыліп да .. [Ігната] добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Мележ. У гэтыя першыя трывожныя дні да .. [Домны і Раечкі] неяк прыліп Андрушка Шэмет. Лобан. // Перадацца каму‑н. (пра хваробу, пра што‑н. дрэннае). Ліхая хвароба падсачыла .. [бацьку], прыліпла к нядошламу целу, улезла ў яго нутро. Гартны. Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Грахоўскі. // Прыстаць з распытваннямі, папрокамі, парадамі і пад. — Ну, што ты да яе прыліп? — сказала маці і з дакорам паглядзела на Валодзю. — Вырасце такая, як ты, таксама не будзе баяцца. Васілеўская.

3. перан. Разм. Моцна захапіўшыся, старацца не разлучыцца з чым‑н. [Бацька] прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. Шамякін. Маці .. здзівілася: што з .. [Віцем] сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам. Няхай. Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот. Дуброўскі. А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны. Крапіва. // Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны. Федасеенка. Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны. Алешка. / Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы. Кірэйчык. / Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца. Астрэйка. З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк. Ваданосаў. / Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна. Кірэенка. Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі. Шыловіч. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным. Колас.

2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе. Шыловіч. Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі. Кулакоўскі.

3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма. Ленін. // Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ. Шынклер. То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу. Скрыган. // Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пакласці так, каб нельга было знайсці; змясціць у патаемным месцы. На эмтээсаўскі двор прыгналі першы і пакуль што адзіны трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лесе Кастусь Серада. Шахавец. У гэты ж дзень я схадзіў у лес, нарэзаў арэхавых вудзільнаў і схаваў іх за варыўнёй. Ляўданскі. // Прыкрыць што‑н. Адвярнуўшыся, моцна плакала Зіна. Яна схавала твар у хустку, каб не чуваць было рыданняў. Няхай. // перан. Не даць магчымасці каму‑н. заўважыць што‑н.; утаіць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.). Схаваць радасць. Схаваць трывогу. Схаваць хваляванне. □ Употайку горка ён [Мікітка] плакаў, Каб слёзы схаваць ад людзей. Колас. Чаго ж маўчыш, сыночак? Што з табою? Ад маці не схаваеш дум сваіх. Прыходзька.

2. Пакласці, прыбраць куды‑н. для захаванасці. [Данік] узяў залатоўку, схаваў яе ў сумцы, тады ўжо сеў за стол і падсунуў да сябе місу з крупнікам. Брыль. [Арына] схавала ў шафу падарунак і заспяшалася на кухню. Карпаў. Сцёпка акуратненька злажыў Аленчын ліст і схаваў. Колас. // Даць чаму‑н. належнае месца. Дзед .. схаваў зброю за пояс. Лынькоў. — Маўчы, распусніца! — пані схавала ў сумачку люстэрка. Бажко.

3. Зрабіць нябачным, засланіўшы сабой. Дажджлівая заслона схавала ўсе горы. Маўр. Я нам няма ні шляхоў, ні дарог, Асака іх схавала і мох. Астрэйка. У паветры стаяла парнасць, хоць сонца ўжо схавалі хмары. Марціновіч. Хутка паварот дарогі схаваў постаці лыжнікаў ад вачэй настаўнікаў. Шыловіч.

4. Даць прыстанішча таму, хто хаваецца ад праследавання. Іх [разведчыкаў] .. шукалі ды так і не знайшлі толькі таму, што іх схавала старая жанчына. Брыль. Цяжка параненага Зыгмунта сябры схавалі ў маёнтку пані Касцялоўскай. Якімовіч.

5. Прыкрыць, засцерагчы ад чаго‑н. Схаваць ад рэзкага ветру. □ Як хутка дождж прагрымеў! Я не паспеў дабегчы нават — Цябе схаваць пад кроны дрэў, Пад іх аховаю ласкавай. Танк.

•••

Схаваць пад крыло — акружыць увагай, праявіць клопат аб кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцюдзёны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які мае нізкую ці адносна нізкую тэмпературу; халодны (пра паветра, вецер і пад.). Вада ў .. [рэчцы] сцюдзёная, крынічная, чыстая, як крышталь. Новікаў. Хвілін праз сорак, у дадатак да ўсіх нашых няшчасцяў, мы [лётчыкі] трапілі ў густы сцюдзёны туман. Шамякін. Пуста і холадна цяпер там [на месцы сустрэчы], вербы атрасаюць апошняе лісце, сцюдзёны вецер вее ад ракі. Чарнышэвіч. / Пра цела, часткі цела. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч. [Ногі] былі дужа азызлыя, нібы падпухлыя, і дужа сцюдзёныя. Быкаў. // Які характарызуецца нізкай тэмпературай (пра пагоду, пару і пад.). У верасні ночы бываюць сцюдзёныя. Галавач. Іх [сяброў] прывялі за дрот зімой сцюдзёнай. Аўрамчык. У сцюдзёную зімовую пару аўтаматчыкі станавіліся на лыжы і рабілі рэйды ў тыл ворага. «Звязда». // Які не ацяпляецца; не ўцеплены (пра памяшканне). У доўгай, бы пуня, сцюдзёнай будыніне, апрача залы са сцэнай, былі два пакойчыкі. Мядзёлка. // Пазбаўлены цеплыні (пра рэчывы, прадметы, з’явы). Калючым сцюдзёным снегам гарэзна сыпле ў твар [вецер], сячэ, як шротам. Якімовіч. Сцюдзёная раса абмывае ногі, аж ломіць у суставах. Гамолка. // Ахалоджаны. Сцюдзёны квас.

2. Звязаны з адчуваннем холаду, з уяўленнем аб холадзе. Сцюдзёнае неба. / Пра цемень, сінь і пад. Ранак сустрэў Свету сцюдзёным блакітам чыстага неба. Гарбук. [Вочы старога рыбака] наглядзеліся за век і на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе, і на сцюдзёную чорную цемрадзь. Брыль. // перан. Які нагадвае па колеру лёд, глыбіню вады, паветраную прастору. Калі адцвітае яна — пяшчотна сіняя сцюдзёная краска — тады жыццё адкрывае ўсе вокны. Лынькоў.

3. Які не вылучае цяпла; не выклікае адчування цяпла (пра месяц, зоркі). А там, на радзіме, марозам убраны У сцюдзёныя зоры стары медны бор. Танк. / Пра зару, святло і пад. Калі ж разліўся ў роднай шыры Сцюдзёным сполахам усход, Ужо над пожнямі у вырай Вандроўнік-жораў вёў свой род. Кірэенка. / у вобразным ужыв. Гарэла каліна ў сцюдзёным агні. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбі́цца, узаб’юся, узаб’ешся, узаб’ецца; узаб’ёмся, узаб’яцеся; зак., на каго-што.

1. Нечакана наскочыць на каго‑, што‑н.; наткнуцца. Узбіцца на камень. Узбіцца на востры сук. □ Ад невялічкай газнічкі, што стаяла на паліцы каля абразоў, хапала святла толькі на тое, каб не ўзбіцца на чалавека. Лобан. Аслеплены дымам, Міша ўзбіўся на нейкі цабэрак і паляцеў потырч. Арочка.

2. Нечакана сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. непажаданым, непрыемным; напароцца. Узбіцца на засаду. □ [Ляснік:] — Перадумаў я, хлопцы. Начуйце. Час позні, можна і на ваўка дзе ўзбіцца. Паўлаў.

3. Разм. Натрапіць, напасці на што‑н. Шафёр, абмінаючы замёрзлыя лужыны, усё хмурыў твар, пасля, кіламетраў якіх праз сорак, узбіліся на шашу. Чыгрынаў. [Салдат:] — Ішоў, ішоў, узбіўся на бураковае поле. А ў лагчынцы, бачу, салдаты буракі капаюць. Лужанін. // перан. Дайсці, дапасці да чаго‑н. (у думках, размове і пад.). [Грэчка:] — У апошні момант узбіўся быў на цікавы сон. Няхай. Гутарка ўзбілася на залатога кухара, і, падвыпіўшы, госці пажадалі паглядзець на яго. Гарэцкі.

4. Разм. Узабрацца на верх чаго‑н., насесці, налезці на каго‑, што‑н. Пад рабінай была лавачка, мокрая яшчэ ад дажджу, не высахла, і на яе ўзбіліся дзеці. Пташнікаў. Злавіў [Базыль] свайго сівага аж каля балота і, ледзь узбіўшыся на яго шырокую спіну, ступою накіраваўся на пацяробы. Нікановіч.

5. без дап. Стаць пышным. Падушкі ўзбіліся. // Успеніцца ад моцнага струменя, узбівання і пад. На піве ўзбілася пена.

6. Разм. З цяжкасцю абзавесціся чым‑н., разжыцца. Рана .. [Рымша] асірацеў, але і адзін неяк-такі ўзбіўся на гаспадарку. Якімовіч. Узяцца адразу за будоўлю ўсё ніяк не выпадала: і з лесам было цяжка, і на грошы лішнія ўсё ніяк не маглі ўзбіцца. Васілевіч. Адзін час .. [Максім Астапавіч] узбіўся на каня і наймаўся вазіць тавар адсюль у Мінск і з Мінска сюды. Чорны.

•••

Узбіцца на капейку — разжыцца на грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Права кіравання дзяржавай; форма палітычнага кіравання, панавання. Прыйсці да ўлады. Савецкая ўлада. □ Мір і братанне!.. Улада — Саветам, Шахты — рабочым, Сялянам — зямля. Глебка. // Права і паўнамоцтва дзяржаўных органаў. Заканадаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада. □ Усебеларускі з’езд Саветаў аб’явіў, што вышэйшай уладай у рэспубліцы з’яўляецца з’езд Саветаў. «Весці».

2. Кіруючыя дзяржаўныя органы; урад. Саветы — сапраўдная народная ўлада, якая дала народу мір, зямлю і свабоду. Галавач. У будынку райвыканкома Коршак праводзіў нараду з падпольшчыкамі, арганізуючы ў гарадку часовую ўладу. Хадкевіч. // толькі мн. (ула́ды, улад). Асобы з урадавымі паўнамоцтвамі; начальства. [Грузчыкаў] не пускалі на прычал, бо там ужо знаходзіліся належныя ўлады і праводзілі.. следства. Лынькоў.

3. Права і магчымасць распараджацца, кіраваць дзеяннямі, паводзінамі, лёсам каго‑н. Улада старшыні праўлення. Бацькоўская ўлада. □ [Тапурыя:] — «Вольны! — кажа князь, — адпу[ск]аю цябе з-пад свае ўлады сваім княжым словам!» Самуйлёнак. Пазней, калі хворы прыкметна пачаў ачуньваць, я, надзелены ўладай галоўнага ўрача, выканаў яго просьбу і забараніў штодзённыя наведванні яго блізкімі... Васілевіч. [Ірына] раптам адчула, што мае нейкую ўладу над Салаўёвым. Шахавец. / у перан. ужыв. Абуджаюць павагу і самавітыя рухі разліўшчыка, яго спакойна-засяроджаны твар, яго ўлада над агністым металам. Карпаў.

4. перан. Сіла, магутнасць, моцны ўплыў чаго‑н. Улада пачуццяў. Улада зямлі. □ Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна. Звонак.

•••

Перавышэнне ўлады — выкарыстанне правоў, паўнамоцтваў у большай, чым дазволена законам, ступені (пра службовых асоб).

Ва ўладзе; пад уладай чаго — пад уздзеяннем, пад уплывам чаго‑н. І не дарма ж на Палессі Чуў ад сталых я галоў, Што ў жыцці мы, як у лесе — Пад уладай нейкіх слоў. Колас. Прапахла ружамі машына, А я, ва ўладзе ўспамінаў, Смяялася, закрыўшы вочы, Са шчасця баючыся збочыць. Вярба.

Ваша ўлада — рабіце, што хочаце; ваша справа.

Сваёй уладай — на аснове права, дадзенага каму‑н.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) гл. стаць.

Траціць уладу над сабой гл. траціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́лад, ‑у, М ‑дзе; мн. халады, ‑оў; м.

1. толькі адз. Нізкая тэмпература навакольнага асяроддзя (паветра, вады і пад.). Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы [хлопчык] ужо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся. Брыль. Калі няма хмар, неба бялее і ад гарачыні і ад холаду. Карпаў. // Халоднае паветра, струмень такога паветра. Сыры вецер дзьмухнуў.. [мельніку] вострым холадам у твар. Чорны. // Месца, дзе тэмпература паветра нізкая, дзе холадна. Паставіць цеста на холад.

2. Вельмі халоднае надвор’е; мароз. Тады перада мною ўставалі, як у вялікі холад, высока паднятыя і сціснутыя плечы. Скрыган. Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны Пракопавай «станцыі». Колас. // звычайна мн. (халады́, ‑оў). Працяты перыяд з нізкай тэмпературай надвор’я. Не страшны смелым ім былі Спякота, халады. Купала. Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Мележ. А тут яшчэ наступілі халады і .. [Алёшку] загадалі апальваць кацельную. Лынькоў.

3. толькі адз. Адчуванне дрыжыкаў (ад хваробы, страху і пад.). Лукашык успомніў начных гасцей, і холад прабег у яго па целе. Дамашэвіч.

4. перан.; толькі адз. Душэўная раўнадушнасць, стрыманасць у праяўленне пачуццяў, увагі. А потым прыехала Соня, і як бы штось зрушылася ва мне і ў самой прыродзе: холад чужой бяды адышоў — прапаў неяк лёгка і проста. Вышынскі. // Раўнадушныя, абыякавыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага і пачаў траціць сваю ранейшую ажыўленасць. Чорны. Мінулага холаду паміж.. [тэатрам] і гледачом не засталося і ў паміне. Сяргейчык. Ад фільма [«Сад самых салодкіх пладоў»] вее холадам, абыякавасцю. «Маладосць».

•••

Полюс холаду — раён найніжэйшых зімовых тэмператур на Зямлі.

Штучны холад — нізкая тэмпература асяроддзя, цел або рэчываў, што ствараецца шляхам адводу ад іх пэўнай колькасці цеплыні.

Кінуць у холад — пачаць трэсці, калаціць.

Сабачы холад — вельмі моцная сцюжа.

Цярпець холад і голад гл. цярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчыпа́ць, шчыплю, шчыплеш, шчыпле; незак., каго-што.

1. Моцна, з сілай зашчамляць скуру цела пальцамі і пад. Злосны гусак заўсёды шыпеў на .. [хлопчыка] і шчыпаў да сінякоў за лыткі. Лужанін. Начальнік разведкі злёгку шчыпаў .. [Надзю] за шчокі, прыкладаў да лба калючы халодны снег. Бураўкін.

2. Выклікаць адчуванне рэзкага калючага болю, свербу, пякоты і пад. Усё гатова: ранцы, лыжы — Дарэмна шчыплеш ты, мароз! Нядзведскі. Труба ад печы выходзіла ў столь, і бярвенне вакол трубы пацямнела і ад дыму, і ад гарачыні. Дым шчыпаў вочы. Арабей. Каля вуглоў завывае вецер і гоніць крупінкі сухога снегу, які балюча шчыпле твар. Мыслівец. / у безас. ужыв. [Наста] пастаяла ля ганка, пачакала, захінуўшыся каўняром ад ветру і схаваўшы ў рукавы кажуха голыя, без рукавіц, рукі: шчыпала за пальцы. Пташнікаў. // перан. Прыносіць душэўны боль; абражаць. — А дзе ж гэта Кіеш? — запыталася [Люба] наўмысля, каб накіраваць на другое думкі Агапіны, бо слёзы яе і гаротнасць балюча шчыпалі за сэрца. Мурашка. Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Крыўда шчыпала сэрца. Мыслівец.

3. Церабіць, пацягваць, тузаць. Мы непрыкметна падрасталі, А іншы ўжо шчыпаў вусы, І лічыў іх гарой красы. Багдановіч.

4. Адрываць, вырываць што‑н. [Янак] адвярнуўся і пачаў шчыпаць вішні, якія, здавалася, самі прасіліся ў рот. Бажко. // Есці, з’ядаць што‑н., адрываючы пры дапамозе зубоў, губ, дзюбы і пад. А конь шчыпаў траву каля Івана. Колас. Бабка кажа: — Зайцы — вунь! Паганяйце — Шчыплюць рунь! Дзеружынскі. На зялёным лужку козы мірна шчыплюць траву. Няхай. // Вырываць пух, пер’е ў птушкі. Шчыпаць курыцу. // перан. Наносіць урон, страту; знішчаць каго‑, што‑н. [Дзед Бадыль:] Галавой яны належаць! Нашы хлопцы і самі іх [паноў] шчыплюць патроху. Крапіва.

5. Рвучы, раздзяляць што‑н. на часткі. Зося нахіляецца, зрывае рамонак, паволі шчыпле бялюткія пялёсткі. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)