расці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Націснуўшы ці сціснуўшы, зламаць, змяць, расплюшчыць, раздушыць. Расціснуць ягаду. □ Я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак. М. Стральцоў. «Хаця б іх [памідоры] не расціснуць, — з’яўляецца думка, і я ўсхопліваюся, каб паставіць мех пры сцяне. С. Александровіч. [Кастусь:] — Пане старшы, я вінаваты перад вамі. Дужаўся з Аляшкевічам і расціснуў ваш гадзіннік. С. Александровіч. // Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, пакалечыць, забіць. [Кюблер] спыніўся перад .. [дзяўчынкай] і падумаў, што калі з размаху адчыніць дзверы, то гэтую малую можна расціснуць на блін, бо дзверы даставалі да самай сцяны. Шамякін. / у безас. ужыв. — Адкрытыя дзверы былі, а Пецечка ручкаю за канцік узяўся. Вагон — то-орг. А яму — расціснула ручаньку... Савіцкі.

2. Перастаўшы сціскаць, раскрыць (пальцы, зубы, губы і пад.); разняць, расшчаміць. Расціснуць кулак. □ Апусціўшы вочы, .. [чалавек] з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь. Караткевіч.

3. Разм. груб. Выпіць (спіртныя напіткі). [Шыковіч:] — Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Шамякін. — Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.

1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.

2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.

3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гры́мнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да грымець.

2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. Нечакана грымнула вайна, і сын нават не развітаўся са сваёй добрай, чулай старэнькай маці. Новікаў.

3. чым і без дап. Моцна, з сілай ударыць, стукнуць. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале. Шамякін. Максім так грымнуў.. [афіцэрыку] у карак, што той носам заараў мокры пясок. Грахоўскі.

4. Разм. З грукатам упасці, паваліцца. І абняла Петрычыха ногі, ды так абняла, што .. [Журавінка] не адзержаўся на іх, на зямлю грымнуў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць да канца ці да якога‑н. месца. Хата дагарэла. Адна абкураная печ сіратліва стаяла на вогнішчы. Шамякін. Вэня.. трымаў рукі ў саломе, пакуль запалка не дагарэла да пальцаў. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Перастаць свяціцца; патухнуць. А зара як дагарыць, Усё звоняць камары. Танк.

3. перан. Зачахнуць, памерці. Увосень здароўе Зосі вельмі пагоршылася, і яна дагарэла, як свечка, на віду ў любага чалавека. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

безжыццёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены жыцця, мёртвы. Візэнер з жудасцю адпіхнуў ад сябе ўжо безжыццёвае цела. Шамякін.

2. Нерухомы, вялы, малавыразны. Правая рука [Каршукова] абыякава ляжала на Ядвісіным плячы. Гэтая безжыццёвая халодная рука чамусьці раздражняла Ядвісю. Асіпенка. У яго [гаспадара] быў безжыццёвы, пусты позірк, і пад вачыма ляжалі цені. Лупсякоў.

3. Без прыкмет якога‑н. жыцця, руху. Моцны звонкі гук набліжаўся, і нельга было зразумець, адкуль ён ідзе: ні то з горада, ні то з безжыццёвых караблёў, што стаяць па той бок бухты. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

астудзі́ць, астуджу, астудзіш, астудзіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць халодным або халаднейшым. Астудзіць ваду. □ А на дварэ было парна. Навальніца і ноч не астудзілі дзённай гарачыні. Асіпенка. Паліць гарачае сонца, І вецер яго не астудзіць. Танк.

2. перан. Разм. Стрымаць, суцішыць сілу, палкасць якога‑н. пачуцця, жадання і пад. От што значыць час: ён можа астудзіць, патушыць самы вялікі пажар пачуццяў. Сабаленка. Наведванне пісара Васількевіча яшчэ болей астудзіла ў настаўніку жаданне да далейшых візітаў. Колас. Васіль ураз астудзіў гэтага вяртлявага чалавека. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Навучыць каго‑н., даць адукацыю; абучыць. Вывучыць сына цяслярскаму рамяству. □ Каб вывучыць усіх дзяцей, працавалі і бацька, і маці. Шыцік.

2. Вучачы, засвоіць, запомніць; развучыць. Вывучыць замежную мову. Вывучыць урок. Вывучыць песню.

3. Даследаваць што‑н. Вывучыць прычыны засухі. Вывучыць старажытную архітэктуру.

4. Уважліва наглядаючы за кім‑, чым‑н., добра спазнаць, зразумець, пазнаёміцца. Вывучыць характар сябра. □ Лясніцкі ішоў і лаяў сябе за тое, што не пазнаёміўся блізка, не вывучыў як належыць гэтага камандзіра. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Адкалоць, аддзяліць (трэску, лучыну). Толькі ў Мажэйкі куля адшчапіла ў аўтамаце кавалак прыклада, а ў Салаўёва быў прастрэлены рукаў. Шахавец. Маланка адшчапіла .. ніжнюю галіну, і яна павісла ўздоўж камля. Шамякін.

2. Адкрыць, адкінуць (кручок, зашчапку). [Мужчына] адшчапіў кручкі, піхнуў на двор абедзве рамы акна і высадзіў, ледзь не пад дождж, сваю лысіну. Брыль. Ігнась адшчапіў і ўважна агледзеў цёмныя сенцы без столі. Мурашка.

3. Адшпіліць, зняць прышчэпленае. Дзямід Сыч падышоў да Шайтана і адшчапіў карабін. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абску́бці, ‑скубу, ‑скубеш, ‑скубе; ‑скубём, ‑скубяце; зак., каго-што.

1. Паабрываць, ачысціць, скубучы. [Кавалёў:] — Кажу — бяры! Хто там мне яго [цецерука] абскубе ды выпатрашыць. Чарнышэвіч. [Гукам:] — Колькі разоў я прасіў цябе: не чапай лісця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь каштан абскубеш. Шамякін. // Скубучы падраўноўваць, рабіць больш роўным, гладкім (пра сена, салому і пад.). Абскубці стог.

2. Пасашчыпваць, паз’ядаць траву (пра коней, авечак, птушак і пад.). Гусі і качкі абскублі.. [траву] так нізка і гладка, бы хто ножкамі штодзень рэгаў тут маладую атаву. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́сціся 1, крадзецца; незак.

Зал. да красці (у 1 знач.).

кра́сціся 2, крадуся, крадзешся, крадзецца; пр. краўся, кралася; незак.

Употай прабірацца куды‑н., стараючыся быць незаўважаным. Ціха, асцярожна краўся ўраднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Колас. Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Шамякін. // Асцярожна падбірацца да здабычы (пра драпежнікаў). У малінніку піснула спалоханая птушка: мабыць, пачула, што па паркане, асцярожна перабіраючы лапамі, крадзецца кот. Навуменка. / у перан. ужыв. Мы выходзілі дружна насустрач пагрозе, Што патаемнымі сцежкамі кралася ў дом. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)