ВАЛО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ. Найб. вядомыя:

Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл. Валовіч А.Б. Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл. Валовіч М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),

грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц. адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.​Б.​Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз. к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.

Літ.:

Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;

Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.

У.​П.​Емяльянчык.

Т.Ваўжэцкі.

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ НАРО́ДНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя І.​І.​Жыновіча.

Пачаў дзейнасць у Мінску ў 1930 як Бел. дзярж. ансамбль нар. інструментаў (створаны на аснове ансамбля нар. інструментаў Бел. муз. тэхнікума, 1928). Першы маст. кіраўнік Дз.Захар (1930—35), з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Жыновіч, з 1975 — М.Хазінец. У 1937 ператвораны ў Аркестр бел. нар. інструментаў у складзе Бел. філармоніі, з 1948 наз. Дзярж. нар. аркестр БССР, імя І.​Жыновіча з 1974, акадэмічны з 1987. Аркестр унікальны па складзе інструментаў і па гучанні. Асн. месца належыць бел. цымбалам, уключае таксама дудкі і ліры, баяны, флейты, габоі, кларнеты, групу ўдарных. У рэпертуары больш за 1000 арыгінальных твораў і пералажэнняў бел. кампазітараў, у т. л. У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Я.​Глебава, Я.​Дзягцярыка, Жыновіча, Э.​Зарыцкага, В.​Іванова, С.​Картэса, У.​Кур’яна, А.​Мдывані, В.​Помазава, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, К.​Цесакова, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна і інш., кампазітараў-класікаў, сучасных замежных аўтараў. З аркестрам выступалі майстры бел. сцэны Л.​Александроўская, Л.​Аляксеева, З.​Бабій, І.​Балоцін, М.​Ворвулеў, С.​Данілюк, М.​Дзянісаў, С.​Друкер, В.​Малькова, Р.​Млодак, Т.​Ніжнікава, І.​Пятроў, І.​Сарокін, Н.​Ткачэнка, а таксама спевакі Расіі, Украіны, Зах. Еўропы і інш. Калектыў гастраліруе за мяжой, удзельнік шматлікіх фестываляў і конкурсаў. У розны час у аркестры працавалі цымбалісты А.Астрамецкі, В.Бурковіч, С.Навіцкі, Х.​Шмелькін, М.Шмелькін і інш.; працуюць (1997) салісты А.Курмакін, С.Лясун, А.Рудкоўскі.

Літ.:

Жинович И.И. Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958;

Ракова Е.Я. Государственный народный оркестр БССР имени И.​И.​Жиновича. Мн., 1978.

А.​Я.​Ракава.

Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ЎСКІ (Вацлаў Леанардавіч) (7.6.1880, б. фальварак Лябёдка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.12.1943),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Д-р тэхнал. н. (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1904). Да 1913 на навук. і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1902 адзін з заснавальнікаў Бел. рэв. грамады, Беларускай сацыялістычнай грамады (у 1904—05 чл. яе ЦК). У 1903 узначаліў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1906—14 кіраваў дзейнасцю бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». У 1913—15 на грамадскай і выдавецкай працы ў Вільні. У сак.вер. 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. У 1918 міністр асветы ва ўрадзе БНР. У 1919 заг. літ.-выдавецкага аддзела Мінскага губ. камісарыята асветы Літ.-Бел. ССР. З восені 1919 чл. Часовага бел. нац. к-та, чл. прэзідыума Цэнтр. бел. школьнай рады, выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар Мінскага бел. пед. ін-та. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1922—39 праф. Варшаўскага політэхн. ін-та. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-та. У Вял. Айч. вайну з 17.11.1941 бургамістр (старшыня) г. Мінска. Адначасова з 1942 чл. Гал. рады (у ліп.ліст. 1943 часовы кіраўнік) Беларускай народнай самапомачы, у 1943 старшыня Беларускай рады даверу і нам. старшыні Беларускага навуковага таварыства. Паводле афіц. версіі, забіты сав. партызанамі.

Літ.:

Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990;

Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. Warszawa, 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ (Іван Іванавіч) (25.9.1792, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 8.7.1869),

рускі пісьменнік. Удзельнік Айч. вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—15. У 1820—37 (з перапынкамі) дырэктар навуч. устаноў Пензенскай, Казанскай, Цвярской губ. З 1843 віцэ-губернатар у Цверы, у 1853—54 — у Віцебску. У 1856—58 цэнзар у Пецярбургу. З 1858 у Маскве. Друкаваўся з 1807. Адзін з пачынальнікаў рус. гіст. рамана («Апошні Навік», ч. 1—4, 1831—33; рамантызаваная версія першых перамог Расіі ў Паўн. вайне 1700—21). Лепшы гіст. раман — «Ледзяны дом» (1835), у якім праўдзіва ўзнавіў эпоху царавання Ганны Іванаўны і «біронаўшчыны». Суровы каларыт часоў стварэння цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы ў 15 ст. апісаў у рамане «Басурман» (1838). Пісаў вершаваныя трагедыі («Апрычнік», нап. 1842, забаронена цэнзурай, выд. 1859; паводле яе аднайм. опера П.​Чайкоўскага), вадэвілі. Аўтар раманаў «Вядзьмар на Сухаравай вежы» (1840, незавершаны), «Няшмат гадоў таму» (ч. 1—4, 1862), «Унучка панцырнага баярына» (1868; напісаны па матэрыялах, сабраных ім у Віцебску, дзе з кансерватыўных пазіцый паказана паўстанне 1863—64), мемуарнай аповесці «Беленькія, чорненькія і шэранькія» (1856), нарысаў-успамінаў пра А.​Пушкіна, В.​Бялінскага, вайну 1812. У «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) акрамя сваіх ваен. уражанняў змясціў запісы пра бел. гарады. Эпісталярная спадчына часоў службы ў Віцебску адлюстроўвае спачувальнае стаўленне аўтара да бел. сялян.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. Можайск, 1994.

Літ.:

Петров С.М. Русский исторический роман XIX в. 2 изд. М., 1984. С. 95—142;

Воробьева Т. Лажечников в Витебске // Неман. 1970. № 9;

Симанович Д. Сквозь даль времен. Мн., 1984.

Л.​В.​Календа.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЛЁШКА (Міхаіл Вінцэнтавіч) (псеўд. Міхалка Скарэўскі; 9.5.1892, в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл.крас. 1941),

бел. гісторык, этнограф. Вучыўся ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (1918—21). У 1914—18 у арміі. З 1917 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады. Дэлегат з’езда бел. дэмакр. і сацыяліст. арг-цый у Віцебску (лета 1917); на з’ездзе бел. вайсковых арг-цый (ліст. 1917) абраны старшынёй. З 1918 у Віцебскім аддзяленні Белнацкома. З 1920 у Чырв. Арміі (служыў у Віцебскім губваенкамаце), працаваў у Віцебскім археал. ін-це, губ. архіве і аддзеле нар. адукацыі. З ліст. 1922 у Цэнтрархіве (Мінск), з 1927 у Цэнтр. архіўным упраўленні БССР, адначасова у Інбелкульце і Бел. АН. У 1923—24 выкладаў бел. этнаграфію ў Віцебскім вышэйшым пед. ін-це, у 1926—28 — гісторыю Беларусі ў Камвузе Беларусі. Даследаваў праблемы прыгоннага права, сял. выступленняў супраць самаўладдзя ў 1863 і ў рэвалюцыю 1905—07. Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927). Аўтар працы «Камень у вераваннях і паданнях беларусаў» (1929). Рукапіс працы аб Мялеціі Сматрыцкім захоўваецца ў Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і сасланы ў Самару на 5 гадоў. 16.2.1938 паўторна арыштаваны «як удзельнік контррэвалюцыйнай эсэра-меншавіцкай арганізацыі». 4.3.1940 вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957 і 1962.

Тв.:

Дзённік Міхаіла Мялешкі // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1994.

Літ.:

Скалабан В., Крапивин С. Михаил Мелешко: долгое возвращение в Беларусь // Сов. Белоруссия. 1998. 10 окт.;

Бібліятэка Міхася Мялешкі: Зводны кат. Мн., 1998.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

М.В.Мялешка.

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛЬГРЫМО́ЎСКІ (Гальяш) (сярэдзіна 16 ст. — пасля 17.8.1604),

грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік. Вучыўся ў кальвінісцкай школе. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. У 1581 пад камандаваннем К.​Радзівіла прымаў удзел разам з Ф.​К.​Чарнабыльскім і А.​Рымшай у паходзе ў Расію. Сакратар польск. караля Стафана Баторыя, у 1583 па яго даручэнні ездзіў у Маскву да Івана IV Грознага. З 1586 пісар ВКЛ, з 1600 сакратар пасольства Рэчы Паспалітай у Маскве на чале з Л.​Сапегам, з 1602 выконваў абавязкі маршалка Літоўскага трыбунала. Літ. дзейнасць пачаў у 1583. Пісаў на бел., лац. і польск. мовах. Аўтар паэт. і празаічных панегірыкаў на лац. мове, празаічнага дыярыуша на польскай мове «Пасольства Льва Сапегі ў 1600 годзе ў Маскву паводле дыярыуша Гальяша Пельгрымоўскага, сакратара пасольства, з рукапісу, выпадкова знойдзенага, Уладзіславам Трэмбіцкім апісанае» (надрук. ў 1846, Гродна). У дыярыушы былі тэксты і на бел. мове: праект дагавора паміж Польшчай і Маскоўскай Руссю, пералік падарункаў рус. цару і яго сыну, выступленні Л.​Сапегі і П. ў прысутнасці цара. Гэтаму падарожжу П. прысвяціў і вершаваны твор на польскай мове. Ля вытокаў бел. паэзіі знаходзіцца яго паэма на бел. і польскай мовах «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601», у якой аўтар раскрывае сістэму поглядаў на міжнар. адносіны і становішча, справы рэлігіі, свабоды сумлення і інш. На сучасную бел. мову паэму П. пераклаў М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Гутарка аднаго Паляка з Маскалём на маскоўскім замку ў годзе 1601 // Полымя. 1994. № 7.

Літ.:

Казбярук У. Мастацкі дакумент сярэднявечча // Спадчына. 1992. №4;

Кавалёў С. У пошуках вечнага міру // Там жа.

У.​М.​Казбярук.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),

шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:

Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.​Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.​Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.​Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ТЛЕР ((Hitler) Адольф) (20.4.1889, г. Браўнаў-ам-Ін, Аўстрыя — 30.4.1945),

фюрэр (правадыр) ням. нацыянал-сацыялістаў, фаш. дыктатар Германіі ў 1933—45, гал. нацысцкі ваен. злачынец. Бацька Гітлера да 1876 меў прозвішча маці Шыкльгрубер. Гітлер меў незакончаную сярэднюю адукацыю. У 1907—13 жыў у Вене, самадз. мастак. З вясны 1913 у Германіі (Мюнхен; герм. грамадзянства атрымаў у 1932). Удзельнік 1-й сусв. вайны (узнаг. Жал. крыжам 1-га класа); яфрэйтар. З кастр. 1919 чл. Герм. рабочай партыі (з 1920 Нацыянал-сацыялісцкая герм. рабочая партыя — НСДАП), з ліп. 1921 старшыня НСДАП. 8 — 9.11.1923 на чале ўзбр. нацыстаў і праварадыкадаў намагаўся захапіць уладу ў Баварыі (т.зв. «піўны путч»); асуджаны і зняволены ў крэпасці г. Ландсберг (1923—24). У зняволенні пачаў пісаць кн. «Mein Kampf» («Мая барацьба»; т. 1 надрук. ў 1925, т. 2 — 1926) — ідэалаг. і паліт. праграму нацыстаў. Быў добрым прамоўцам (асабліва спекуляваў незадаволенасцю многіх немцаў Версальскім мірным дагаворам 1919). Дамогся падтрымкі кансерватыўных колаў прамыслоўцаў і рэйхсвера. З 30.1.1933 рэйхсканцлер, адначасова са жн. 1934 прэзідэнт Германіі, з 1938 і галоўнакаманд. вермахтам. Устанавіў у краіне таталітарны рэжым. Знешнепаліт. курс Гітлера (адзін з этапаў — аншлюс Аўстрыі) прывёў да развязвання Германіяй у саюзе з блокам агрэсіўных дзяржаў 2-й сусв. вайны (у час яе 3—4.8.1941 быў у Барысаве, 26.8.1941 — на тэр. Брэсцкай крэпасці). Адзін з гал. арганізатараў масавага знішчэння мірнага насельніцтва, ваеннапалонных, зверстваў, здзейсненых фашыстамі ў акупіраваных краінах і асабліва на захопленай тэр. СССР, у т. л. на Беларусі. Ва ўмовах ваен. паражэння Германіі Гітлер скончыў самагубствам у бункеры берлінскай імперскай канцылярыі.

Літ.:

Пруссаков В. Оккультный мессия и его рейх. М., 1992;

Больдт Г. Последние дни Гитлера: Пер. с нем. Мн., 1993.

т. 5, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬ ((Gaulle) Шарль дэ) (22.11.1890, г. Ліль, Францыя — 9.11.1970),

французскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1940). Скончыў ваен. вучылішча ў Сен-Сіры (1912) і Вышэйшую ваен. школу ў Парыжы (1924). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 ваен. саветнік у Польшчы. Выкладаў ваен. гісторыю ў Сен-Сіры (з 1921), служыў у штабе маршала А.Ф.Петэна (з 1925). У 1932 — 36 ген. сакратар Нац. савета абароны. У ваен.-тэарэт. працах «За прафесійную армію» (1934), «Францыя і яе армія» (1938) падкрэсліваў неабходнасць узмацнення абараназдольнасці краіны, хутчэйшай механізацыі франц. арміі, стварэння аператыўна самаст. танк. падраздзяленняў. У пач. 2-й сусв. вайны камандзір танк. Падраздзяленняў 5-й франц. арміі, потым 4-й бранятанк. дывізіі, нам. ваен. міністра. Перад капітуляцыяй Францыі эмігрыраваў у Лондан. Заснавальнік руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»). З 1943 у Алжыры, сустаршыня (1943) і старшыня (1943—44) Французскага камітэта нацыянальнага вызвалення. У 1944—46 кіраўнік урада (да ліст. 1945 Часовага) Франц. Рэспублікі, у ліст. 1945 — студз. 1946 таксама яе часовы прэзідэнт (да ўстанаўлення парламенцкай Чацвёртай рэспублікі 1946—58). Стваральнік і старшыня (1947—53) паліт. руху «Аб’яднанне франц. народа». Ва ўмовах паліт. крызісу 1958 выбраны прэм’ер-міністрам. У 1958—69 прэзідэнт Францыі. Ініцыіраваў устанаўленне прэзідэнцкай Пятай рэспублікі, спыненне калан. вайны ў Алжыры і наданне яму незалежнасці (1962), заключэнне германа-французскага дагавора 1963, выхад Францыі з ваен. арг-цыі НАТО (1966) і інш. Пайшоў у адстаўку пасля прайгранага рэферэндуму 27.4.1969 аб новым адм.-тэр. падзеле краіны і рэарганізацыі Сената.

Тв.:

Рус. пер. — Военные мемуары. Т. 1—2. М., 1957—60.

Літ.:

Арзаканян М.Ц. Шарль де Голль // Вопр. истории. 1991. № 2—3;

Молчанов Н.Н. Генерал де Голль. 3 изд. М., 1988.

Ш. дэ Голь.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)