Дра́хлы ’драхлы’ (БРС). Рус. дря́хлый, рус.-ц.-слав. дрѧхлыи ’пануры, смутны, марудны, лянівы, стомлены і да т. п.’, дрѧсълыи ’пануры’, укр. дряглий ’стары, падгніўшы’, ст.-сл. дрѧхлъ ’смутны, лянівы’, дрѧселъ ’пануры, смутны’, балг. дре́хъл ’абадраны’, серб.-харв. дре̏сео ’смутны’, в.-луж. drjechły ’брудны’ і г. д. Прасл. *dręx(ъ)lъ(jь), *dręsьlъ(jь), *dręselъ(jь). Лічыцца звязаным з літ. drum̃sti ’муціць, перамешваць’; сляды апафаніі вакалізму бачаць у ст.-рус. дроухлъ (*drǫx‑: *dręx‑). Агляд літ-ры гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 112–113. Сюды ж вытворныя тыпу драхле́ць, дра́хласць (БРС). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 544 (спецыяльна аб рус. слове друхлый).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казу́тка ’козлік, падобны да ўслончыка, на якім катаюцца зімой з горкі’ (віц., Нар. лекс.), ’дрожкі’ (Касп.). Два ўтварэнні, якія фармальна і тэрытарыяльна суадносяцца. Матывацыя першага зразумелая (параўн. каза ’тс’, відавочна і наяўнасць зааморфнай адзнакі). Словаўтварэнне — ад асновы коз‑ з непрадуктыўнай ‑ут‑суфіксацыяй, паралельнай да ‑ур‑, ‑ул‑; Сцяцко (Афікс. наз., 129) адзначае яе адпрыметнікавыя малюта, галюта і галута рэг. (віц.) утварэнні, што важна з пункту погляду геаграфіі. Не выключана, аднак, што неабходнай з’яўляецца рэканструкцыя прыметніка тыпу козі. Матывацыя другога слова — казутка ’дрожкі’, няясная. Калі гэта не самастойнае ўтварэнне, можна меркаваць аб пераносе назвы з невялікіх санак, саней наогул, для якіх матывацыя больш-менш зразумелая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́лік1 ’божая кароўка’ (гродз., Шат., З жыцця). Паводле Шаталавай (там жа, 171), звязана з палі́к (гл.), укр. пола́к ’вышыты наплечнік жаночай сарочкі’ (з-за стракатасці), параўн. по́лка ’кавалак тканіны’; хутчэй, фанетычна змененае Паўлюк (гл.), параўн. пётра‑паўла ’божая кароўка’, або да поле (гл.): калі пагода, ляці ў поля (там жа, 169).

По́лік2 ’аб’ём у бутэльку’ (Нас.), ’мера спіртнога: паўлітровая бутэлька’ (смал.); параўн. рус. полишка ’палова чаго-небудзь; мера гарэлкі’. Ад *пол‑ ’палова’ (гл. паў-) з памянш. суф. ‑ік па тыпу ўтварэнняў ад лічэбнікаў сямік, асмік, параўн. аналагічныя славен. polič ’кубак’, харв. pòlić ’палова меркі’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́гала ’пудзіла’: адзеўса, як пу́гало (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.); пуга́ла ’тс’ (Др.-Падб.). Калі гэта не позняе запазычанне (у часы бежанства) з рус. пу́гало (ад пуга́ть ’палохаць’), то магчыма сувязь з дзеясловам тыпу ўкр. дыял. опу́гатися ’цёпла апрануцца, шмат надзець на сябе’, значэнне якога Пятлёва (Этимология–1985, 18) тлумачыць як ’апрануць на сябе столькі, што стаць падобным на шар, камяк’, і гэта дазваляе выводзіць дзеяслоў ад назоўніка пу́га з абагульненым значэннем ’патаўшчэнне, пукатасць’, суадносным з лат. pàuga ’падушка, мяккая падкладка хамута’, paugas ’хамут’, ст.-інд. pūgas ’куча, мноства, тлум’ і пад. (Фасмер, 3, 399). Параўн. пугі (гл.), пужала.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сваво́ля ‘гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць’, ‘свавольныя ўчынкі, паводзіны’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Мал., Янк. БП), ‘неразважныя дзеянні’ (Варл.), сюды ж сваво́ліць ‘гарэзнічаць’ (Нас., Шымк. Собр., Сержп., Варл.), свово́ліць ‘тс’ (ТС), свавольнік ‘гарэза; неслух’ (Нас., Бяльк., Ласт.), сваво́льства ‘непаслушэнства’ (Нас., Бяльк.), ст.-бел. своволенство ‘тс’. Ад свой і воля; Карскі (2–3, 89) бачыў тут, як ва ўкраінскай і польскай, “слитие слов”. У гэтай форме, мабыць, запазычанне з польск. swawola ‘тс’. Махэк₂ (596) польскае слова і чэш. svávůle, дыял. svávoľa ‘сваволя’ лічыць спалучэннем або састаўным словам і адрознівае іх ад складаных слоў тыпу рус. своеволье, своеволить, параўн. сваяволіць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Справядлі́вы ‘згодны з правам, праўдай, аб’ектыўнымі фактамі; праўдзівы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.; ашм., Стан.; Бяльк.), ‘праўдзівы, чэсны, правільны’ (Сл. ПЗБ), ‘сапраўдны’: справедлі́вы грыб ‘баравік, Boletus edulis Bull.’ (Пятк. 2, ЛА, 1), ст.-бел. справедливъ ‘праведны, праўдзівы, міласцівы’ (Альтбаўэр). Паводле Борыся (571), усходнеславянскія словы (укр. справедли́вий, рус. справедли́вый) з польск. sprawiedliwy, якое, у сваю чаргу, з чэш. spravedlivу́; апошняе з больш ранняга spravedlný пад уплывам прыметнікаў на ‑dl‑ivý (тыпу mlčedlivу́ ‘ціхі, маўклівы’), дэрывата ад назоўніка sprava ‘справа’, якое ад *praviti (гл. правіць). Гл. яшчэ Кохман, Stosunki, 127–129; Віткоўскі, Зб. Ліміту, 178; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 335 (“nie jest to formacja prasłowiańska”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́раста ‘выбраны або прызначаны ў абшчыне, арцелі; адказны класа, гурту і пад.’ (ТСБМ, Бяльк., Рам. 3), ‘сват на вяселлі’ (пін., Шатал.), ста́руста ‘тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. староста ‘службовая асоба, якая кіравала паветам у ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́роста, рус. ста́роста ‘тс’, польск., в.-луж. starosta ‘стараста абшчыны’, славац. starosta ‘тс’, чэш. starosta ‘правадыр, начальнік’. Параўн. яшчэ стараж.-рус. староста ‘стары; старшыня; стараста; кіраўнік, эканом’. Прасл. *starosta. Да стары; гл. Фасмер, 3, 747; Брукнер, 514; Махэк₂, 574; Борысь (575) мяркуе, што першапачаткова гэта быў абстрактны назоўнік на ‑ostь: *starostь, які потым перайшоў у катэгорыю назоўнікаў на ‑а тыпу слуга, ваявода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́рла, сурло́ ’мурло, морда, тоўсты твар’ (Юрч., Юрч. Сін.). Параўн. рус. дыял. су́рла ’твар’, серб. су̑рла ’хобат; рыла (свінні)’ (Вук), харв. sȗrla ’дудка, жалейка пастуха’, макед. сурла ’хобат’, ’музычны інструмент’. Апошнія словы выводзяць з тур. zurna ’музычны інструмент’ (Скок, 3, 665) або з перс. surnā ’тс’; у беларускую мову, магчыма, праз укр. сурна́ ’музычны інструмент’, рус. раз. сурна́, пенз. сурно́ ’морда’, якія да рус. сурна́ ’музычны інструмент’ (Фасмер, 3, 807), гл. сурма2. Горбач (Арго, 22) выводзіць укр. аргат. су́рло ’морда’ з рум. súrlă ’свіння; рыла’. Не выключана збліжэнне з народнымі экспрэсіўнымі ўтварэннямі тыпу балг. дыял. су́рльо ’неахайны, апушчаны чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́тнасць ’самае істотнае, галоўнае, унутраны змест чаго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк.), су́тностʼ (сутʼ) ’існасць’ (Вруб.). Укр. су́тність ’тс’, параўн. стараж.-рус. сутьство, ст.-слав. сѫтьство ’тс’, якія выводзяцца са стараж.-рус. суть, ст.-слав. сѫть, формы 3 ас. мн. л. цяп. ч. дзеяслова быць ’яны ёсць’ (Фасмер, 3, 812; ЕСУМ, 5, 485), гл. суць. Украінскае (і, відаць, беларускае) слова ўтворана па тыпу рус. су́щность ’тс’ у пачатку XX ст. на базе прыметніка су́тній ’існы, істотны’ (Німчук, Давньорус., 15), што на фоне старога і́снасць ’самае істотнае’ (ТСБМ) дае падставы трактаваць слова як “сапсаванае расейскае”, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1194.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тоежса́масьць ’тоеснасць’ (Ласт.), тоеса́масьць, тожса́масць ’тоеснасць, ідэнтычнасць’ (Байк. і Некр.), тожса́масць ’ідэнтычнасць, саматоеснасць’ (Некр. і Байк.), сюды ж тоежса́мы ’тоесны’ (Ласт.), тоеса́мы, тожса́мы ’тоесны, ідэнтычны’ (Байк. і Некр.). Утворана для перадачы лац. identitās ’ідэнтычны’ ад īdem ’той самы, той жа’, па тыпу польск. tożsamość, у аснове спалучэнне то́е са́мое ’адно і тое ж’ (вілен., Сл. ПЗБ), то́я‑са́мая ’тое, што было’ (Варл.), формы н. р. суадносныя з той са́мы ’той жа’ (Некр. і Байк.), той‑са́мы ’тс’ (Байк. і Некр.), тоj сам ’тс’ (Вруб.), гл. той, тое, самы. Формы з тож, мажліва, непасрэдныя запазычанні з польскай мовы. Гл. таксама тож.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)