ячэ́йка, ‑і, ДМ ячэйцы; Р мн. ячэек; ж.

1. Паглыбленне, адтуліна (у цэлай сістэме падобных), кожнае асобнае звяно ў чым‑н. Ячэйкі сотаў. Зубныя ячэйкі. □ — У кожнай культурнай канюшні.. павінны быць.. ячэйкі на кожнага каня. Мележ.

2. Невялікая арганізацыйная група; адзінка, якая ўваходзіць у склад якога‑н. буйнога аб’яднання. [Лютынскі:] Я хачу да якой-небудзь вытворчай ячэйкі прымацавацца. Крапіва. Аднойчы да члена падпольнай ячэйкі Ільі Паша звярнуліся з прапановай паставіць у яго хаце друкарскі станок. Карпюк. Успомнім хоць бы гады Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкая сям’я, як маленькая ячэйка вялікай Савецкай Радзімы, была падвергнута суроваму выпрабаванню. «Беларусь». // Уст. Пярвічная арганізацыя якога‑н. таварыства, саюза. У школе ўсё жыццё пачало кружыцца наўкола ячэйкі. Галавач. Увечары ў хаце адной дзяўчыны, што жыла са старой маці, сабралася ўпотай восем чалавек: пяць хлопцаў і трое дзяўчат — вясковая ячэйка. Хадкевіч.

3. Адзіночны стралковы акоп. Былі таксама ячэйкі для стралкоў. Кулакоўскі. Пад дрэвамі, пад кустамі былі ячэйкі-акопчыкі. Ермаловіч.

•••

Камсамольская ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВЛКСМ да 1934 г.

Партыйная ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВКП (б) да 1934 г.

Ячэйка памяці — састаўная частка збіральніка запамінальнага блока; элемент памяці вылічальнай машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБРА́З, ікона,

1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.

2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл. Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.

Першыя абразы вядомы з 2 ст. н.э. Найб. стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.​Рублёў, Феафан Грэк).

На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст. Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.

Літ.:

Гл. пры арт. Іканапіс.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Абраз. А.​Рублёў. Спас. 1420-я гады.
Абраз «Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны. 16 ст. Музей старажытнай беларускай культуры ІМЭФ АН Беларусі.
Абраз «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. 1678. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПЛО́ДНАСЦЬ, бясплоддзе,

няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.

Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).

У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.

І.​У.​Дуда (бясплоднасць у чалавека).

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗВЯЗДА́»,

штодзённая грамадска-паліт. газета. Заснавальнікі — Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нац. сходу і СМ Рэспублікі Беларусь. Першы нумар выйшаў 27.7(9.8).1917 у Мінску на рус. мове, з 1925 матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах, са жн. 1927 — на бел. мове. Спачатку выдавалася як орган Мінскага, з кастр. 1917 — Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б). Арганізатары і першыя рэдактары В.​Г.​Кнорын, К.​І.​Ландар, А.​Ф.​Мяснікоў, В.​В.​Фамін, М.​В.​Фрунзе. Двойчы забаранялася Часовым урадам, але выходзіла пад назвамі: з 15(28).9.1917 «Молот», з 8(21).10.1917 «Буревестник», з 1(14).11.1917 пад назвай «Звезда». Рэзка крытыкавала пазіцыі Часовага ўрада, прапагандавала праграму РСДРП(б), змяшчала матэрыялы з’ездаў і канферэнцый бальшавікоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 асн. ідэалаг. і прапагандысцкі орган бальшавіцкай партыі. У сувязі з акупацыяй Беларусі германскімі войскамі з лют. 1918 выдавалася ў Смаленску як газета Паўн.-Зах. абл. і Смаленскага губ. к-таў РКП(б). Са снеж. 1918 зноў пачала выходзіць у Мінску. 3 сак. 1919 орган ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, 1—19.4.1919 выходзіла ў Вільні, з 1.5 да 8.8.1919 — зноў у Мінску. У час польскай акупацыі Беларусі з восені 1919 выдавалася ў Смаленску, штотыднёвік, з 8.8.1920 — у Мінску. У 1920—30-я г. асн. ўвагу аддавала дзейнасці камуніст. партыі, асвятляла пытанні калектывізацыі, індустрыялізацыі, культ. буд-ва. У пач. Вял. Айч. вайны ў выніку акупацыі Мінска выдавалася ў Магілёве, Гомелі (да 13.8.1941). У маі—вер. 1942 выдавалася нелегальна як орган Мінскага падп. к-та КП(б)Б (выйшлі 4 нумары); з 27.1.1943 да 1.7.1944 выдавалася ў зоне дыслакацыі партыз. злучэнняў на Міншчыне як орган ЦК КП(б)Б і Мінскага абкома КП(б)Б (выйшлі 93 нумары). З 10.7.1944 выдаецца ў Мінску, да жніўня 1991 орган ЦК КПБ, Вярх. Савета і СМ БССР. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Змяшчае заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па праблемах маралі, права, навукі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, навіны спорту. У 1993—94 выдавала дадатак «Чарнобыль», з 1995 — дадатак «Экалогія — чалавек».

Літ.:

Булацкий Г.В. Печать Белоруссии в период завершения социалистической реконструкции народного хозяйства республики (1933—1937). Мн., 1960;

Дастанка М.Е. Газета «Звязда» ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941 — май 1945 гг.). Мн., 1970;

Наша «Звязда» 1917—1967 гг. Мн., 1968;

На ніве працы і змагання. Мн., 1977.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́Р (лац. calendarium літар. пазыковая кніжка; у Стараж. Рыме даўжнік плаціў працэнты ў першы дзень кожнага месяца, г. зн. у календы) астранамічны, сістэма злічэння вял. прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці бачных рухаў нябесных цел. Адрозніваюць К.: сонечны (у аснове гадавы рух Сонца па экліптыцы), месяцавы (на аснове руху Месяца вакол Зямлі), месяцава-сонечны.

Пры пабудове К. узнікае праблема спалучэння сонечнага (трапічнага) года, роўнага 365,2422 сярэдніх сонечных сут, і сінадычных месяцаў, працягласцю 29,5306 сут кожны. Адным з першых сонечных К. быў стараж.-егіпецкі (4 ст. да н.э.): працягласць года ў ім была роўная 365 сут (12 месяцаў па 30 сут, апошнія 5 сут не нумараваліся і былі святочнымі). Сучаснае летазлічэнне развілося з стараж.-рым. сонечнага К., уведзенага ў 46 да н.э. Юліем Цэзарам і названага юліянскім К. (ці старым стылем). Тры гады запар у гэтым К. мелі па 365, а 4-ы, высакосны — 366 сут; сярэдняя працягласць года 365,25 сут, што на 11 мін 14 с больш за трапічны год. З-за гэтай недакладнасці кожныя 128 гадоў юліянскі К. адставаў на 1 сут. Гэту памылку на 10 сут выправілі ў 1582 пры папе рымскім Грыгорыю XIII увядзеннем новага К., які назвалі грыгарыянскім (ці новым стылем). У ім выкарыстоўваецца больш дакладнае значэнне сапраўднага трапічнага года. На практыцы год, нумар якога канчаецца на 2 нулі і не дзеліцца без астачы на 400, не лічыцца высакосным. Невялікая недакладнасць паміж грыгарыянскім і трапічным гадамі дае розніцу ў 1 дзень за 3300 гадоў. Каталіцкія краіны перайшлі на грыгарыянскі К. у 16 ст., Скандынавія і Вялікабрытанія — у 18 ст., правасл. краіны Грэцыя, Балгарыя, Румынія, Сербія — у пач. 20 ст., Расія — 31.1.1918 (наступны дзень ужо быў 14 лютага). У месяцавым К. працягласць месяца (сінадычнага, роўнага 29,5306 сут) звязваецца са зменаю фаз Месяца. Прыклад такога К. — мусульманскі К., якім карыстаюцца некаторыя народы Азіі і Афрыкі. У гэтым К. год падзяляецца на 12 месяцаў па 30 і 29 сут папераменна; працягласць года (354 сут) меншая за сонечны, таму пачатак года ўвесь час зрушваецца. У камбінаваным месяцава-сонечным К. змена фаз Месяца ўзгадняецца з гадавым рухам Сонца. Прыклад такога К. — сучасны яўрэйскі К.: 19 сонечных гадоў складаюць 235 сінадычных месяцаў (па 29—30 дзён), 1 раз у некалькі гадоў уводзіцца 13-ы месяц. Пачатак года прыпадае на розныя дні, але заўсёды ўвосень. Кожны месяц пачынаецца з маладзіка, дзень — з заходам Сонца.

Літ.:

Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ РУСЬ,

раннефеадальная дзяржава ўсх.-слав. і некат. неслав. плямён у 9—1-й трэці 12 ст. з цэнтрам у Кіеве. У розны час у яе ўваходзілі тэр. ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўн. Дзвіны, ад Днястра і Зах. Буга да Акі і Волгі. Паняцце «К.Р.» уведзена ў навуку гісторыкамі 19 ст. Паліт. ядром дзяржавы ў 9—10 ст. была Руская зямля — тэрыторыя вакол Кіева, Пераяслаўля і Чарнігава (гл. Русь). Паводле летапісаў, родапачынальнікам дынастыі рус. князёў быў вараг Рурык, які княжыў у Ноўгарадзе па запрашэнні мясц. жыхароў. Яго родзіч Алег у 882 захапіў Кіеў і зрабіў яго сталіцай дзяржавы. У часы княжання Ігара, яго жонкі Вольгі, Святаслава Ігаравіча і Уладзіміра Святаславіча (10 — пач. 11 ст.) улада Кіева пашырылася на шмат якія плямёны ўсх. славян. Полацкае княства, Тураўскае княства былі ў васальнай залежнасці ад кіеўскіх князёў. Культура К.Р. знаходзілася на ўзроўні тагачасных перадавых краін. Сведчаннем гэтага былі вял. гарады, высокае ваен. майстэрства, развітое прыкладное мастацтва, шырокія знешнія сувязі з краінамі Захаду і Усходу. Яе вытокам з’яўлялася культура ўсх.-слав. народаў, якія ўспрынялі элементы візант. культуры. Архітэктура К.Р. пераважна драўляная. З увядзеннем хрысціянства (988) пачалі будавацца мураваныя храмы (Сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку і інш.). Аб пашырэнні пісьменнасці сведчаць надпісы на побытавых рэчах, берасцяныя граматы. У буйных гарадах складаліся летапісы, перапісваліся царк. кнігі, з’явіліся таленавітыя пісьменнікі і арыгінальныя літ. творы. У гады княжання Яраслава Мудрага [1019—54] фактычна завяршылася існаванне К.Р. як адзінай дзяржавы. Пасля яго смерці К.Р. распалася на часткі, утварыліся 5 груп зямель, унутры якіх намеціліся цесныя эканам. і культ. ўзаемасувязі: Наўгародская і Пскоўская землі; Уладзіміра-Суздальская, Разанская, Усцюжская, Мурамская; Кіеўская, Чарнігаўская і Северская; Галіцкая і Валынская; Полацка-Мінская і Смаленская; Тураўская і Пінская, Навагрудская землі. З іх утварэннем у старажытнарускай народнасці намецілася вылучэнне велікарус., укр. і бел. народнасцей. Развіццё сац.-эканам. і этнакульт. сувязей найперш паміж Полацкай і Смаленскай землямі садзейнічала этнаўтварэнню беларусаў.

Літ.:

Греков Б.Д. Киевская Русь. [6 изд.] М., 1953;

История СССР с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1966;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Толочко П.П. Древняя Русь: Очерки соц.-полит. истории. Киев, 1987;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Фроянов И.Я. Древняя Русь: Опыт исслед. истории соц. и полит. борьбы. М.; СПб., 1995;

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь, IX—XIII стст. Мн., 1998.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 8, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАНАРЫХТО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, па нарыхтоўцы, вывазцы і транспартаванні драўніны. Забяспечвае сыравінай і лесаматэрыяламі лесапільную вытв-сць, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую, гідролізную, гарнарудную, лесахім. прам-сць, буд-ва, аўта- і вагонабудаванне і інш. галіны нар. гаспадаркі (гл. адпаведныя артыкулы). Эксплуатацыйны фонд — пераважна хвоя, бяроза, елка, вольха, дуб, асіна. Драўнінныя матэрыялы выкарыстоўваюць на вытв. і буд. патрэбы (дзелавая драўніна), паліва (дровы), часткова экспартуюцца. Нарыхтоўка драўніны праводзіцца ў час высечак галоўнага, прамежкавага (санітарныя, пры ўпарадкаванні лесу) карыстання і інш. высечак (напр., квартальныя прасекі, трасы каналаў, газа- і нафтаправодаў, дарогі, расчыстка зямельных участкаў пры перадачы іх для мэт, не звязаных з лясной гаспадаркай). Валка лесу ажыццяўляецца бензапіламі, валачна-тралёвачнымі машынамі, тралёўка — трактарамі, абрэзка сукоў — бензапіламі і сукарэзнымі машынамі, пагрузка — сківічнымі пагрузчыкамі і гідраманіпулятарамі, вываз лесу ў хлыстах на ніжнія склады і спажыўцам — лесавозамі. З дробнатаварнай драўніны і адходаў робяць тэхнал. трэскі. Л.п. найб. развіта ў ЗША, Расіі, Канадзе, Швецыі, Фінляндыі, Бразіліі, некаторых краінах трапічнай Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі.

На Беларусі лесанарыхтоўкі вяліся са стараж. часоў, калі драўніна выкарыстоўвалася на паліва, для буд-ва жылля, абарончых збудаванняў, прылад працы, зброі, посуду, пазней — для будавання ваенных і гандл. суднаў. У 14—16 ст. з’явіліся першыя прававыя акты па рэгуляванні лесанарыхтовак. У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырэнне лесанарыхтовак было абумоўлена спрыяльным у гандл. адносінах геагр. размяшчэннем Беларусі, з яе зручнымі для сплаву на Пд і З рэкамі, сеткай чыгунак. З 1900 да 1913 штогод вывозілася ням. і англ. фірмамі 4,2 млн. м³ драўніны. У Вял. Айч. вайну было высечана больш за 500 тыс. га каштоўных лясных насаджэнняў, лясістасць знізілася да 19,7% (найменшая за ўсю гісторыю). Аб’ёмы лесанарыхтовак у пасляваенныя гады (1945—50) склалі 68,8 млн. м³, у т. л. галоўнага карыстання 73,5%. У 1990-я г. нарыхтоўку драўніны галоўнага карыстання ажыццяўляюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (57% ад усяго аб’ёму высечак, 18 вытв. аб’яднанняў і 5 леспрамгасаў), Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (20%) і інш. нарыхтоўшчыкі. Аб’ёмы лесанарыхтовак у 1997 склалі: вываз драўніны (тыс. шчыльных м³) — 5686, у т. л. дзелавой драўніны — 4860. У 1998 для патрэб цэлюлозна-папяровай прам-сці адгружана 130 тыс. м³ хвойных балансаў і для патрэб гідролізнай прам-сці — 120 тыс. м³ трэсак і пілавіння.

Буйнейшыя лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы: ААТ «Лунінецлес», ЗАТ «Мазырскі леспрамгас», ААТ «Віцебсклес», ААТ «Полацклес», ААТ «Маладзечналес». Прадукцыя Л.п. экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан.

Н.​Ю.​Пабірушка, П.​І.​Кавалёнак.

Да арт. Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Валка лесу ў Барысаўскім леспрамгасе.
Да арт. Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Вывазка хлыстоў.

т. 9, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.​Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.​А.​Ткачоў (1982), З.​Л.​Яцкевіч (1990), І.​М.​Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.

І.​А.​Марзалюк, М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс. чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв. сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел. рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.

А.​Л.​Бабіцкі.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗНАНЬ (Poznań),

горад на З Польшчы, на р. Варта. Адм. ц. Велікапольскага ваяводства. 660 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. трансп., с.-г., дакладнае, эл.-тэхн., прылада- і дызелебудаванне, вытв-сць падшыпнікаў), харч., гумавая, парфумерная, швейная, шкляная, паліграфічная. Штогадовыя міжнар. і нац. кірмашы. Ун-т, мед. акадэмія. Тэатры, у т. л. оперны. Музеі: нац., археал., муз. інструментаў і інш. Цэнтр турызму.

У 8—9 ст. П. — гарадзішча, вакол якога склаўся горад. У 10 ст. адна з гал. рэзідэнцый польскіх князёў. З 968 сядзіба першага польскага біскупства. У 1005 тут падпісаны мірны дагавор паміж каралём Баляславам I Храбрым і архібіскупам магдэбургскім Тагіно. У 1253 П. атрымала магдэбургскае права. З сярэдзіны 13 ст. адм.-паліт. цэнтр Велікапольшчы. У 15—16 ст. адзін з буйных гандл. і культ. цэнтраў краіны (у 16 ст. каля 20 тыс. жыхароў). З сярэдзіны 17 ст. занепадала ў выніку войнаў (Паўночная вайна 1655—60, Паўночная вайна 1700—21) і эпідэмій (у пач. 18 ст. — 12 тыс. жыхароў), У 1793 адышла да Прусіі. З 1807 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Пазнанскага вялікага княства. Тут адбылося антыпрус. Пазнанскае паўстанне 1848. Пасля 1-й сусв. вайны і Пазнанскага паўстання 1918—19 у складзе адноўленай Польскай дзяржавы. У 2-ю сусв. вайну захоплена ням.-фаш. войскамі (1939). У 1945 вызвалена Сав. Арміяй. У 1956 у П. адбыўся першы ў ПНР масавы рабочы пратэст.

Гіст. ядро П. — т. зв. Тумскі востраў на правым беразе Варты. Тут знаходзяцца раманскі касцёл св. Яна (каля 1200—1512), гатычны сабор (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст., на месцы касцёлаў 10 і 11 ст., у інтэр’еры грабніцы і надмагіллі, у т. л. 10 ст.), касцёл Дзевы Марыі (15 ст.). На левым беразе — Стары горад (развіваўся з 13 ст.) з рэгулярнай планіроўкай. На цэнтр. плошчы Рынак — ратуша (13—14 ст., перабудавана ў 1550—60 у стылі рэнесансу; жылыя дамы 16—19 ст., часта з галерэямі). Захавалася шмат кляштараў і касцёлаў у стылі барока. У 19 — пач. 20 ст. на З ад Старога горада сфарміраваўся цэнтр П. з палацамі і грамадскімі будынкамі ў стылях класіцызму, эклектыкі і сучаснай архітэктуры. У пасляваен. гады адноўлены пашкоджаныя арх. помнікі, узведзены комплекс міжнар. кірмашу, гасцініца «Меркурый», ансамбль новага цэнтра, новыя жылыя раёны абапал р. Варта.

Познань. Стары горад.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)