дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км². Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пдкраіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр.краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр. партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл.краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЯ́НА (Guyana),
Кааператыўйая Рэспубліка Гаяна (Cooperative Republic of Guyana), дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. На З мяжуе з Венесуэлай, на Пд — з Бразіліяй, на У — з Сурынамам, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 215 тыс.км². Нас. 834 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Джорджтаўн. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Гаяна — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1980. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, выканаўчая — Савету Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр (першы віцэ-прэзідэнт).
Прырода. Паўн.ч.краіны займае шырокая забалочаная Гвіянская нізіна. На Пд адгор’і Гвіянскага пласкагор’я, найб.выш. на З — г. Рарайма (2772 м). Карысныя выкапні: баксіты, золата, алмазы. Знойдзены невял. радовішчы нафты, урану, храмітаў, марганцавых і жал. руд. Клімат субэкватарыяльны гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Джорджтаўне 26—28 °C, ападкаў 2230 мм за год. Рэкі мнагаводныя, з вял. колькасцю парогаў і вадаспадаў; найб. Эсекіба, Дэмерара, Бербіс, Карантэйн, 83% тэр. займаюць пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. На ПдЗ — саванны, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Нац. парк Каетур.
Насельніцтва. Каля 51% інд. паходжання, 43 — негры і мулаты, 4% — індзейцы (ва ўнутр. раёнах). Ёсць групы англічан, партугальцаў, кітайцаў. Паводле веравызнання 57% — хрысціяне (значная ч. англікане), 33 — індуісты, 9% — мусульмане. Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана на прыбярэжнай нізіне. У гарадах жыве 35% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Джорджтаўн (200 тыс.ж., 1993), Нью-Амстэрдам, Макензі, Бартыка. 44,5% працаздольных занята ў прам-сці і гандлі, 33,8 — у сельскай гаспадарцы, 21,7% — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гаяны — індзейцы-аравакі. У 1499 гэту тэр. адкрыў ісп. мараплавец А. дэ Ахеда. Першыя паселішчы еўрапейцаў на р. Памярун засн. ў 1581 галандцамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзбярэжжа высадзіліся англічане (у 1667 іх паселішча захапілі галандцы). У 1621 галандская Вест-Індская кампанія атрымала правы на кантроль над б.ч.тэр. Гаяны. У 1732 паселішчы Бербіс, у 1773 — Эсекіба і Дэмерара атрымалі статус нідэрландскіх калоній. У 1650 — пач. 19 ст. ў Гаяну пастаянна прывозілі неграў-рабоў з Афрыкі для працы на цукр. плантацыях і ў рудніках. У 1782 тэр. Гаяны адышла да Францыі, у 1783 — да Нідэрландаў. У 1803—14 калоніі Бербіс, Эсекіба і Дэмерара перайшлі да Вялікабрытаніі; у 1831 аб’яднаны ў адну калонію Брыт. Гвіяна. У 1834 адменена рабства. З 1838 сюды ўвозілі танную рабочую сілу з Індыі, з 1853 — з Кітая. У 1928 уведзена канстытуцыя, паводле якой створаны Заканад. савет. У 2-ю сусв. вайну ў Гаяну пачаў пранікаць амер. і канадскі капітал (распрацоўка пакладаў баксітаў), створана ваен. база ЗША (1940). Пасля вайны нац.-вызв. рух узначаліла Нар.прагрэс. партыя (НПП; засн. ў 1950). У 1953 брыг. ўлады ўвялі новую канстытуцыю, паводле якой мясц. насельніцтва атрымала права ўдзельнічаць у кіраванні краінай. Пасля перамогі на выбарах 1953 НПП яе лідэр Ч.Джаган узначаліў урад. У кастр. 1953 англ. ўрад увёў у калонію войскі, разагнаў яе ўрад і парламент і прыпыніў дзейнасць канстытуцыі. У 1955 створана партыя Нар.нац. кангрэс (ННК). На выбарах 1957 і 1961 зноў перамагла НПП (урадамі кіраваў Джаган). У снеж. 1964 адбыліся датэрміновыя выбары ў Нац. сход, створаны кааліцыйны ўрад на чале з Ф.Бернхемам. 26.5.1966 Брыт. Гвіяна абвешчана незалежнай дзяржавай (атрымала назву Гаяна). З 1970 Гаяна — парламенцкая рэспубліка. У 1972 урад Бернхема абвясціў курс на стварэнне «кааператыўнага сацыялізму», адначасова адбылося ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ННК.
У 1980 у Гаяне ўстаноўлена прэзідэнцкая рэспубліка. Пасля смерці ў жн. 1985 прэзідэнта Бернхема (правіў з 1980) новы кіраўнік дзяржавы Х.Хойт звярнуўся за эканам. дапамогай да Міжнар. валютнага фонду, жорсткія патрабаванні якога выклікалі незадавальненне насельніцтва Гаяны і прывялі да забастоўкі (сак. 1989). На выбарах у 1992 перамагла НПП, прэзідэнтам стаў Джаган. Дзейнічаюць Нар. прагрэс, партыя, Нар.нац. кангрэс і інш. Гаяна — член ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці, Лац.-амер.эканам. сістэмы.
Гаспадарка. Гаяна — эканамічна адсталая краіна. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, якая дае больш за 25% валавога ўнутр. прадукту. Развіта горназдабыўная прам-сць. Гаяна — адна з вядучых краін па здабычы баксітаў (штогод 1—1,5 млн.т), забяспечвае 90% сусв. вытв-сці кальцыніраваных баксітаў. Асн. радовішчы ў далінах рэк Дэмерара і Бербіс. Здабываюць золата (каля 500 кг штогод), тэхн. і ювелірныя алмазы (каля 10 тыс. каратаў штогод). Параўнальна развіты харч. (цукровыя і рысаачышчальныя з-ды), харчасмакавая (у т. л. тытунёвая), лесапільная і дрэваапр., тэкст., швейная, абутковая прам-сць. Штогод атрымліваюць цукру-сырцу каля 160—200 тыс.т, рому 150—170 тыс. гекталітраў. У Джорджтаўне працуюць ліцейны з-д, мукамольная ф-ка і з-д па кансерваванні крэветак. У г. Макензі гліназёмны з-д. Вытв-сць электраэнергіі 276 млн.кВт∙гадз (1992), пераважна на невял. ЦЭС. Ворныя землі займаюць 3% тэр.краіны, лугі і пашы — 6% (на ПдЗ). Земляробчыя раёны — акіянскае ўзбярэжжа і ніжнія ч. далін рэк Дэмерара і Бербіс. Гал.с.-г. культуры (збор тыс.т, 1993): цукр. трыснёг — 2600, рыс — 300, апельсіны — 15, бананы — 21, какосавыя арэхі — 48, агародніна — 12, а таксама кукуруза, кава, какава, маніёк, ямс, батат. На ПдЗ на ўчастку саваннаў уздоўж р. Рупунуні пашавая жывёлагадоўля. Гадуюць (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 160, свіней — 30, авечак — 130, коз — 79. Рыбалоўства і здабыча морапрадуктаў, гал. від прадукцыі — крэветкі. Нарыхтоўка каштоўных парод трапічнай драўніны. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўнутр. водны. Аўтадарог 7665 км, з іх 550 км з цвёрдым пакрыццём, 5000 км гравійных. Асноўныя праходзяць па ўзбярэжжы, ад Джорджтаўна на Пд у Бразілію ідзе Трансгаянская шаша. Для суднаходства выкарыстоўваюцца ўчасткі рэк агульнай даўж. 6000 км. Чыгункі (187 км) вузкакалейныя, маюць дапаможнае значэнне. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Асн. парты Джорджтаўн і Нью-Амстэрдам (імпарт), Ліндэн і Эвертан (экспарт баксітаў і гліназёму). У краіне 53 аэрапорты і аэрадромы, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Джорджтаўна. Гаяна экспартуе цукар, баксіты, гліназём, рыс, золата, крэветкі, драўніну, патаку і ром; імпартуе тавары нар. ўжытку, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, паліва. Асн.гандл. партнёры: ЗША (25% экспарту, 40% імпарту), Вялікабрытанія (адпаведна 28 і 11%), Японія, Германія, Канада, краіныЛац. Амерыкі. Грашовая адзінка — гаянскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,
саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.
Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл.Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГА (’s-Gravenhage, Den Haag),
горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс.ж. (1993). Порт на Паўн.м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.
Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл.Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.
Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.П.Берлаге, В.М.Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.М.Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТРО́ЙТ (Detroit),
горад у ЗША на пагранічнай з Канадай р. Дэтройт, паміж азёрамі Гурон і Эры, у штаце Мічыган. 1012,1 тыс.ж., з прыгарадамі 4,67 млн.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, адзін з гал. партоў у сістэме Вялікіх азёр. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр ЗША. Найбуйнейшы ў краіне цэнтр аўтамаб. прам-сці (у Д. і яго прыгарадах знаходзяцца праўленні, н.-д. лабараторыі і гал. прадпрыемствы аўтамаб. манаполій «Джэнерал мотарс», «Форд мотар», «Крайслер»; трэць аўтамабіляў краіны збіраецца ў Д. і паблізу горада). З аўтабудаваннем звязаны інш. галіны прам-сці: чорная металургія, металаапр., прыладабуд. інстр., хім., гумаватэхн., шкляная, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання. Развіты таксама суднабуд., нафтаперапр., харч.прам-сць. Вытв-сць аўтабранятанк. тэхнікі. 3 ун-ты.
Засн. ў 1701 французамі як крэпасць і форт. У 1760 захоплены англічанамі, з 1796 у складзе ЗША. З 1802 горад, у 1812 часова захоплены англічанамі. У 1837—47 сталіца штата Мічыган. Інтэнсіўны рост Д. пачаўся пасля 1830 у сувязі з буд-вам Эры-канала (1827), адкрыццём рэгулярнага суднаходства на Вялікіх азёрах. Адзін з цэнтраў абаліцыянізму. Значны прыток эмігрантаў з Еўропы. З канца 19 ст. развівалася аўтамаб.прам-сць (у 1903 засн. кампанія «Форд мотар», у 1925 — «Крайслер»), У 1960-я г. адбыліся расавыя хваляванні (у Д. пражывае больш як палова чорнага насельніцтва штата Мічыган), у выніку цэнтр горада быў значна знішчаны.
У горадзе пераважае шахматная планіроўка, ёсць рысы і радыяльна-кальцавога плана (магістраль Гранд-бульвар; радыяльныя вуліцы, якія сыходзяцца ў парку Гранд-сёркус). Асн. пабудовы: Ратуша (1871), Публічная б-ка (1921—23, арх. К.Гілберт), Ін-т мастацтваў (1922—27, арх. П.Крэт, фрэскі Д.Рыверы, 1932—33); небаскроб Пенабскатбілдынг (1928), прамысл. комплекс «Крайслер» (1938, арх. А.Кан), канферэнц-зала Уэйнскага ун-та (1957—59) і будынак кампаніі «Рэйналдс металс» (1959, арх. М.Ямасакі), «Рэнесанс-Цэнтр» (1977, арх. Дж.Портман). Музеі: Ін-т мастацтваў (багатыя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва), Грынфілд-вілідж (музей амер. побыту), гісторыі аўтамабіля (у Дырбарне — прыгарадзе д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́СК,
араб.Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.
Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст.н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц.франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.
Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст.н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац.б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕАЛО́ГІЯ (ад гідра... + геалогія),
навука аб падземных водах, іх саставе, уласцівасцях, фарміраванні, пашырэнні, руху, узаемадзеянні з горнымі пародамі і паверхневымі водамі. Распрацоўвае метады вызначэння гідрагеал. параметраў ваданосных гарызонтаў, пошуку і разведкі радовішчаў падземных вод, ажыццяўляе ацэнку запасаў і рэсурсаў падземных вод рэгіёнаў, краіны, вывучае рэжым і баланс падземных вод, даследуе гідраўлічную сувязь паверхневых і падземных вод, водаабмен паміж ваданоснымі гарызонтамі і комплексамі, прагназуе змены гідралагічных умоў тэрыторыі пад уздзеяннем меліярацыі, водазабораў падземных вод і інш.
Першыя звесткі аб паходжанні і ўласцівасцях прыродных вод адносяцца да 1-га тыс. да н. э. (Стараж. Грэцыя — Фалес, Арыстоцель, Стараж. Рым — Лукрэцый). У эпоху Адраджэння і пазней у Зах. Еўропе падземныя воды вывучалі Г.Агрыкала, Б.Палісі, Н.Стэна і інш.; у Расіі — М.В.Ламаносаў, В.М.Севяргін. Да сярэдзіны 19 ст. вучэнне аб падземных водах было часткай геалогіі. Як самаст. навука гідрагеалогія сфарміравалася ў канцы 19 ст. У развіццё гідрагеалогіі значны ўклад зрабілі А.Дарсі, Ж.Дзюпюі, А.Шэзі (Францыя), Э.Прынц, К.Кайльгак, Г.Гёфер (Германія), А.Хазен, Ч.Сліхтэр, О.Мейнцэр (ЗША), А.П.Карпінскі, С.М.Нікіцін, І.В.Мушкетаў (Расія) і інш.
На Беларусі комплексныя гідрагеал. даследаванні арганізаваны ў 1928 (у бас.р. Свіслач), у выніку якіх выяўлены крыніцы водазабеспячэння г. Мінск. У 1929—35 дзейнічаў Ін-т геалогіі і гідрагеалогіі АНБССР, з 1935 сектар гідрагеалогіі і інж. геалогіі ў Ін-це геал. навук АН. У 1938 на базе свідравіны, якая ўскрыла мінер. воды ў Бабруйску, пабудавана першая на Беларусі водалячэбніца. Пасля Вял.Айч. вайны складзены кадастр падземных вод, дробнамаштабныя гідрагеал. карты Беларусі, вывучаны хімізм і асн. элементы балансу падземных вод. З 1958 вядзецца сярэднемаштабная геолага-гідрагеал., з 1970 гідрагеал. здымка. Рэжым, т-ру і хім. састаў падземных вод і расолаў, умовы іх фарміравання, прынцыпы аховы і рацыянальнага выкарыстання даследуюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Г.В.Багамолаў, М.Ф.Казлоў, А.В.Кудзельскі), у Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це (А.П.Лаўроў, С.П.Гудак), Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,
галіна геалогіі, якая вывучае гісторыю Зямлі і агульныя заканамернасці развіцця зямной кары. Асн. задачы геалогіі гістарычнай: вызначэнне і тэарэт. абгрунтаванне храналагічнай паслядоўнасці геал. падзей на Зямлі і развіцця арган. свету. На падставе звестак аб паслядоўнасці залягання, будове і складзе горных парод і мінералаў, арган. рэштках, палеамагнітных уласцівасцях і ўзросце парод даследуе заканамернасці фарміравання ўнутр. будовы і развіцця кантынентальнай і акіянскай зямной кары, тэктанічных рухаў, асобных структур, размяшчэння сушы і мора, эвалюцыі флоры і фауны. Геалогія гістарычная заснавана на стратыграфіі і цесна звязана з палеанталогіяй, геахраналогіяй, палеагеаграфіяй, гіст.тэктонікай, петраграфіяй, выкарыстоўвае вучэнні аб фацыях і прыродных асацыяцыях (парагенезе) горных парод і інш. Дасягненні сучаснай геалогіі гістарычнай — выяўленне асн. заканамернасцей развіцця геал. працэсаў, узнікнення і кансалідацыі зямной кары стараж. кантынентаў (Гандваны, Лаўразіі), з’яўлення і развіцця акіянаў, дрэйфу кантынентаў, утварэння і развіцця рыфтавых сістэм, геасінклінальных паясоў, платформаў і інш. геаструктур, змены палеамагнітных эпох у гісторыі Зямлі, а таксама агульных законаў развіцця зямной кары і арган. свету планеты.
У пач. 19 ст. ўзнікла стратыграфія (У.Сміт у Вялікабрытаніі, Ж.Кюўе і А.Браньяр у Францыі распрацавалі асновы біястратыграфічнага метаду, што спрыяла стварэнню стратыграфічнай школы). У сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ідэі актуалізму Ч.Лаеля замест тэорыі катастроф Кюўе, сталі панаваць уяўленні пра непарыўныя і паслядоўныя пераўтварэнні Зямлі. Як навука геалогія гістарычная сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст. пасля з’яўлення прац Ч.Дарвіна і пашырэння эвалюцыйнага вучэння ў геалогіі.
На Беларусі найб. поўныя абагульненні геал. мінулага зрабілі А.С.Махнач і Л.М.Вазнячук (1959). Праблемы геалогіі гістарычнай тэр.краіны распрацоўваюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН (Р.Я.Айзберг, Г.І.Гарэцкі, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Э.А.Ляўкоў, М.М.Лявых, Махнач і інш.); Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це (В.С.Акімец, В.К.Галубцоў, Г.І.Кедо, С.С.Маныкін, В.А.Пушкін, А.В.Фурсенка і інш.), арганізацыях «Беларусьгеалогія», БДУ, Гомельскім ун-це і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ЗІКА (ад геа... + фізіка),
навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.
Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.Гутэнберг (ЗША), Х.Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.С.Маладзенскі, А.М.Ціханаў, П.П.Лазараў, А.І.Забароўскі, У.У.Фядынскі, Э.Э.Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл.Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл.Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш).
На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр.краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навукНац.АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА«Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́Д,
1) усё насельніцтва пэўнай краіны (напр., Н. Беларусі, Францыі і г.д.).
2) Розныя формы гіст., этн. супольнасцей (племя, народнасць, нацыя).
3) У марксізме — толькі прац. класы і сац. слаі грамадства (у процілегласць пануючай або кіруючай эліце). Узнікненне і паглыбленне сац. дыферэнцыяцыі людзей прывяло да з’яўлення ў грамадстве адносна ўстойлівых супольнасцей з уласнымі эканам., паліт. і інш. інтарэсамі, аб’ектыўнай зацікаўленасцю фармуляваць і актыўна вырашаць задачы сац. прагрэсу ў інтарэсах абсалютнай большасці людзей. Напр., ініцыятывай рэв. змен у Англіі ў 17 ст. авалодалі розныя слаі буржуазіі і новае дваранства, якія выступалі ад імя Н.; у Франц. рэвалюцыі 1789—99 Н. прадстаўляла «трэцяе саслоўе» (бурж. элементы горада і вёскі), што ўзначальвала барацьбу супраць феад. адносін; у 19 і 20 ст. у якасці носьбітаў «народных інтарэсаў» і «асноўных прадстаўнікоў Н.» заяўлялі аб сабе даволі вузкія колы ліберальнай і радыкальнай, тэхн. і навук. інтэлігенцыі, што часта адбывалася пад уплывам уздыму масавых нар. рухаў, дзе гал. месца займалі рабочыя, сяляне, дробная буржуазія. Н. валодае здольнасцю да самаарганізацыі, з’яўляецца не толькі неаднароднай, але і супярэчлівай супольнасцю. Пры гэтым супярэчнасці існуюць паміж асобнымі элементамі сац. структуры і адначасова пранізваюць яе па вертыкалі зверху ўніз, што накладвае яскравы адбітак на гіст. падзеі, у прыватнасці, калі прадстаўнікі аднолькавых па сваім сац. змесце частак Н. займаюць непрымірымыя грамадзянскія і паліт. пазіцыі (напр., у грамадз. войнах). Тэарэт. інтэрпрэтацыя катэгорыі Н. характарызуецца мноствам падыходаў, якія абумоўлены істотнымі асаблівасцямі канкрэтных кірункаў філас., сац.-паліт. і прававой думкі. Марксісцка-ленінская філасофія пры распрацоўцы катэгорыі Н. канцэнтруе ўвагу на выконваемай ім ролі асн. суб’екта, «героя» гіст. працэсу. У тэорыях масавага грамадства, масавай культуры і масавай камунікацыі Н. лічыцца пасіўным аб’ектам разнастайных грамадскіх змяненняў: індустрыялізацыі і урбанізацыі, развіцця масавай вытв-сці і спажывання, бюракратызацыі грамадскага жыцця, шырокага распаўсюджвання нізкіх па маральна-эстэт. узроўні прадуктаў масавай культуры і інш., аб’ектам маніпуляцый з боку ўладных структур. Прынцыпова новым кірункам міжнар.-прававых і філас. даследаванняў з’яўляецца сістэмнае вывучэнне Н. як суб’екта калект.міжнар. правоў: права на самавызначэнне, на зберажэнне сваёй індывідуальнасці, на сац.-эканам. развіццё, роўнасць з інш. Н. і суверэнітэт.