ГАЛЬВАНАСТЭ́ГІЯ (ад гальвана... + грэч. stegō укрываю),
спосаб нанясення на метал. вырабы метал. пакрыццяў электралітычным асаджэннем. Робіцца для аховы вырабаў ад карозіі, павышэння іх цвёрдасці і зносаўстойлівасці, у дэкар. і інш. мэтах.
Перад нанясеннем пакрыцця паверхню вырабу абястлушчваюць, пратраўліваюць, шліфуюць і паліруюць. Працэс гальванастэгіі адбываецца ў гальванічнай ванне, дае анодам служаць металы, што раствораны ў электраліце, а катодам — вырабы. Пры працяканні пастаяннага эл. току метал з электраліту асаджаецца на паверхні вырабу. Наносяцца медзь (мядненне), цынк (цынкаванне), кадмій (кадміраванне), высакародныя металы, сплавы і інш. Пакрыцці адрозніваюцца моцным счапленнем з металам асновы, малой порыстасцю і дробнакрышталічнай структурай. Якасць гальванічных пакрыццяў і скорасць працэсу гальванастэгіі абумоўлены шчыльнасцю эл. току, саставам і т-рай электраліту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,
характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.
Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз.гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),
навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.
Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст.Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.А.Крапоткін, У.І.Вярнадскі, А.І.Ваейкаў, С.В.Калеснік, М.У.Тронаў, П.А.Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел зямной паверхні на рэгіёны, адносна аднародныя паводле асаблівасцей рэльефу. Вылучаныя вобласці, падвобласці і геамарфалагічныя раёны вызначаюцца генетычнай аднароднасцю, падобнасцю формаў, расчлянёнасцю, узростам, напрамкам і інтэнсіўнасцю сучасных геамарфалагічных працэсаў. Геамарфалагічнае раянаванне выкарыстоўваецца пры глебавым, ландшафтным, меліярацыйным і інш. прыродных раянаваннях.
На Беларусі геамарфалагічнае раянаванне распрацоўвалася Дз.М.Собалевым (1931), В.А.Дзяменцьевым (1948, 1960), М.М.Цапенка (1957), Л.М.Вазнечуком (1975), Б.М.Гурскім (1988) і інш. Даныя сучасных даследаванняў аб генезісе ледавіковых формаў, будове ўзвышшаў, рачных далін, марэнных і водна-ледавіковых раўнін і нізін, характар адлюстравання ў рэльефе тэктанічных асаблівасцей тэрыторыі, сучаснай морфадынаміцы дазволілі дэталізаваць гэтыя схемы і вылучыць на тэр. Беларусі 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускіх краявых ледавіковых узвышшаў і град, Перадпалессе і Палескую нізіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАРО́ДЫваенныя,
штучныя перашкоды (збудаванні і разбурэнні), якія ствараюцца на шляхах руху праціўніка з мэтай нанесці яму ўрон, затрымаць і ўскладніць прасоўванне, скаваць манеўр або вымусіць перамяшчацца ў выгадным для нашых войск напрамку.
Падзяляюцца на наземныя (у т. л. водныя), марскія і паветраныя (процісамалётныя); выбуховыя (мінна-выбуховыя і ядзерна-мінныя), невыбуховыя і камбінаваныя; аператыўныя і тактычныя. Наземныя З. падзяляюцца на процітанкавыя (мінныя палі, равы, эскарпы, контрэскарпы, надаўбні, вожыкі і інш.), проціпяхотныя (змешаныя мінныя палі, драцяныя З. і інш.), процітранспартныя (мінна-выбуховыя З., завалы, барыкады і інш.). Марскія З. бываюць мінныя, сеткавыя, бонавыя (гл.Боны), камбінаваныя (у т. л. процідэсантныя); устанаўліваюцца на паверхні, у тоўшчы вады і на дне. Паветраныя З. — аэрастаты і інш. сродкі, якія перашкаджаюць палётам самалётаў і верталётаў, ускладняюць бомбакіданне. Гл. таксама Фартыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ ПЛІТА́,
частка Цэнтральнаеўраазіяцкай маладой платформы, якая адпавядае плошчы Заходне-Сібірскай раўніны, а на Пн заходзіць на шэльф Карскага м. На З. абмежавана Урала-Новазямельскім выступам на ПдУ — Казахстана-Алтайскім і Кузнецка-Саянскім выступамі; на У прымыкае да Сібірскай платформы. Кустанайская седлавіна аддзяляе З.п. ад Туранскай пліты. Фундамент складзены з рознаўзроставых палеазойскіх складкавых парод, у цэнтр.ч. ёсць дакембрыйскія масівы. На паверхні фундамента рыфтавыя ўпадзіны субмерыдыянальнага напрамку, запоўненыя кантынентальнымі трыясава-юрскімі адкладамі. З мезазою на стан З.п. ўплывалі адмоўныя тэктанічныя рухі, якія паступова кампенсаваліся намнажэннем мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў (магутнасць да 4—6 км). Гэтыя адклады стварылі платформавы чахол. На З.п. шмат прамысл. радовішчаў: нафты, газу (гл.Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), вугалю, жал. руд, баксітаў, марганцавых руд, соды, вял. паклады торфу, Заходне-Сібірскі артэзіянскі басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУЛЬ (кірг. гарачае возера),
бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс.км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Кульскага запаведніка. На беразе — магіла М.М.Пржавальскага. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАХА́РЫ (Kalahari),
паўпустынная вобласць у цэнтр. частцы Паўд. Афрыкі, на тэр. Анголы, Батсваны, Замбіі, Зімбабве, Намібіі і ПАР; упадзіна, якая супадае з аднайм. сінеклізай Афр. платформы. Даўж. з Пн на Пд каля 2000 км, шыр. больш за 1200 км, пл. каля 630 тыс.км². Пераважныя выш. 900—1000 м. Абмежавана на У і З ступеньчатымі плато і глыбавымі хрыбтамі, на Пн водападзелам рэк Конга—Замбезі, на Пд далінай р. Аранжавая. На раўніннай паверхнічырв. і белыя пяскі, дзюны (выш. да 100 м), западзіны з саланчакамі. Клімат трапічны, на Пн ад р. Замбезі субэкватарыяльны. Ападкаў ад 150 мм за год на Пд да 1000 мм на Пн. Расліннасць на Пн — рэдкалессі, паркавыя саванны з акацыямі, баабабамі, на Пд — паўпустыні і пустыні. Найб.нац. паркі: Калахары-Хемсбак (ПАР), Этоша (Намібія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЕ РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
выпрамяненне радыёхваль рознымі аб’ектамі Метагалактыкі. Бывае неперарыўнае і дыскрэтнае; цеплавое (інтэнсіўнасць вызначаецца т-рай выпрамяняльнага аб’екта) і нецеплавое (сінхратроннае; выпрамяняецца рэлятывісцкімі электронамі пры іх руху ў касм.магн. палях). Вывучаецца ў радыёастраноміі.
Адкрыта ў 1932 амер. вучоным К.Янскім; у 1942 выяўлена радыёвыпрамяненне Сонца, у 1945 — Месяда, у 1946 — ад крыніцы ў сузор’і Лебедзя. Паверхні Зямлі дасягае К.р. ў дыяпазоне ад дэкаметровых да міліметровых радыёхваль (астатняе К.р. паглынаецца ў атмасферы Зямлі). Неперарыўны спектр К.р. маюць нармальныя галактыкі і радыёгалактыкі, квазары, пульсары, рэшткі звышновых зорак і інш. Дыскрэтнае К.р. звязана з халоднымі і шчыльнымі міжзорнымі воблакамі, дзе ідуць працэсы зоркаўтварэння. Найб. інтэнсіўна выпрамяняюць нейтральны вадарод (даўжыня хвалі 21 см), гідраксільная група (18 см), вада (1,35 см), вуглякіслы газ (2,6 мм). Гл. таксама Рэліктавае выпрамяненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,
атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).
Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.