рама́н

(фр. roman, ад лац. romanus = рымскі)

1) вялікі, звычайна празаічны твор са складаным і развітым сюжэтам;

рыцарскі р. — твор заходнееўрапейскай сярэдневяковай літаратуры пра каханне і незвычайныя подзвігі рыцараў;

2) разм. любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

swill

[swɪl]

1.

n.

1) памы́і pl. only .

2) по́йла для сьвіне́й

3) бурда́ f.

4) вялі́кі глыто́к

2.

v.t.

1) пра́гна піць, жлу́кціць, хлябта́ць, лакта́ць

2) паласка́ць

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

АРЛЫ́ (Aquila),

род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.

Арлы: 1 — стэпавы; 2 — іспанскі магільнік.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬСКІ (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Артур Віталевіч

(н. 23.9.1924, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. паэт. Сын В.Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). З 1942 служыў на флоце, у 1945 удзельнічаў у баях супраць Японіі. Працаваў у прэсе, з 1963 заг. літ.-пед. часткі, у 1966—78 дырэктар Бел. рэсп. тэатра юнага гледача. Друкуецца з 1937. Асн. матывы яго паэзіі — услаўленне ваен. подзвігу маракоў, будні марской службы, духоўныя імкненні сучасніка (зб-кі «Водбліскі далёкіх маякоў», 1958; «Дабрата», 1966; «Выратавальны круг», 1974; «Строма», 1982). Аўтар кніг для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Чарнічка» (1964), «Жывыя літары» (1973), «Еду ў госці да слана» (1978) і інш., п’ес «За лясамі дрымучымі» (з П.​Макалём, паст. 1958), «Сцяпан — вялікі пан» (паст. 1979) і інш.

Тв.:

Чалавек, якому баліць: Выбр. Мн., 1984;

Наваселле дрэў: Вершы і паэма. Мн., 1990.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАНСТАЛЬ ((Hofmannsthal) Гуга фон) (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),

аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЙ ІВА́НАВІЧ ДАНСКІ́ (12.10.1350, Масква — 19.5.1389),

вялікі князь маскоўскі (з 1359) і ўладзімірскі (з 1362). Сын Івана II Іванавіча. Пры ім у 1367 у Маскве пабудаваны першы ў Паўн.-Усх. Русі белакаменны крэмль. У 1368 і 1370 яго войскі адбілі напады на маск. княства войска Альгерда, у 1371 — разанскага кн. Алега Іванавіча. У 1376 замацаваны ўплыў Масквы ў Балгарыі Волжска-Камскай. У сваёй палітыцы абапіраўся на аўтарытэт і падтрымку Сергія Раданежскага. Дз.І.Д. першы з маск. князёў узначаліў барацьбу супраць татара-манголаў і перамог іх на р. Вожа (1378) і ў Кулікоўскай бітве 1380, што паклала пачатак вызваленню Русі ад татара-манг. панавання. За гэту бітву празваны Данскім. Пасля зруйнавання Масквы тат. ханам Тахтамышам (1382) аднавіў горад. Пры ім Масква замацавала кіруючае становішча ў рус. землях. Упершыню без згоды Залатой Арды завяшчаў вял. княжанне свайму сыну Васілю. Кананізаваны.

Літ.:

Кучкин В.А. Дмитрий Донской // Вопр. истории. 1995. № 5—6.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́РЭНМАТ ((Dürrenmatt) Фрыдрых) (5.1.1921, г. Кональфінген, Швейцарыя — 14.12.1990),

швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вывучаў філалогію, філасофію і прыродазнаўчыя навукі ва ун-тах Берна і Цюрыха. Дэбютаваў п’есай «Пісанне гаворыць» (1947). Сусветную вядомасць яму прынеслі п’есы «Візіт старой дамы» (1956), «Фізікі» (1962), «Скрыжаванцы» (1967). У прозе вылучаюцца зб. апавяданняў «Горад» (1952), аповесць «Аварыя» (1956), раманы «Суддзя і яго кат» (1950—51), «Абяцанне» (1958). У творах Дз. спалучаюцца абсурд і парадокс, гратэск і ўмоўнасць, камічнае і трагічнае, выкарыстоўваецца дэтэктыўны элемент. Яго п’есы ставіліся ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі («Іграем Стрындберга», 1983, «Фізікі», 1985, «Метэор», 1989), Нац. т-ры імя Я.​Купалы («Ромул Вялікі», 1996). Па матывах п’есы «Візіт старой дамы» С.​Картэс напісаў оперу «Візіт дамы» (паст. ў Нац. т-ры оперы Беларусі ў 1995).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. [Т. 1—2], Киев, 1995.

Літ.:

Павлова Н.С. Ф.​Дюрренматт. М., 1967.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІМІ́Р III Вялікі

(Kazimierz III Wielki; 30.4.1310, г. Коваль, Польшча — 5.11.1370),

польскі кароль [1333—70]; апошні кароль з дынастыі Пястаў. Імкнуўся да ўзмацнення і аднаўлення цэласнасці Польшчы, апіраючыся на саюз з Венгрыяй і папствам. У 1343 заключыў мір з крыжакамі. У 1349—52 пры падтрымцы Венгрыі захапіў б.ч. былога Галіцка-Валынскага княства, у 1356 падпарадкаваў Мазовію, у 1365 — Сантак і Дрэздэнка, у 1368 адваяваў у Брандэнбурга ч. Новай Маркі. Імкнуўся да цэнтралізацыі ўлады, спрыяў развіццю гарадоў, рамёстваў, гандлю. Ажыццявіў кадыфікацыю звычаёвага права (гл. Вісліцка-Петракоўскія статуты 1346—47), у 1334 выдаў прывілей для яўрэяў з мэтай урэгулявання іх прававога статуса ў Польшчы, упарадкаваў падаткі і правёў грашовую рэформу. Пабудаваў каля 50 замкаў. Заснаваў у Кракаве ун-т (1364, першы ў Польшчы).

Літ.:

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;

Dąbrowski I. Kazimierz Wielki, twórca Korony Królestwa Polskiego. Wrocław etc., 1964.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак». Вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. мелі маёнткі ў Віцебскім ваяв., Гродзенскім, Браслаўскім, Ковенскім пав., на Валыні. Найб. вядомыя:

Павел Юр’евіч, дваранін каралеўскі ў 1556, падкаморы гродзенскі ў 1568, архімандрыт гродзенскі і супрасльскі ў 1568—80. Андрэй Францішак (?—1682), староста гродзенскі з 1652, кухмістр ВКЛ з 1657, адначасова гараднічы віленскі ў 1657—65, пісар вялікі ВКЛ з 1658 і інш. Аляксандр (каля 1622—30.11.1686), царк. дзеяч, сакратар каралеўскі, рэгент вял. канцылярыі ВКЛ. Біскуп смаленскі (з 1672), віленскі (з 1684). Рыгор Юзаф (? — пач. 1724?), харунжы ў 1699—1700 і падстароста ў 1699—1704 гродзенскі, палкоўнік каралеўскі ў 1701, староста гродзенскі з 1706, лоўчы ВКЛ з 1710. Прыхільнік Сапегаў. У час. Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў, потым на баку Станіслава Ляшчынскага. Пасля рэстаўрацыі Аўгуста II у 1709 ваяваў супраць шведаў і Сапегаў, выступаў за вывад рас. войск з ВКЛ.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),

сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл. Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл. Лебедзі), чэрнець белавокая (гл. Чэрнеці).

Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)