МЕТАМАТЭМА́ТЫКА (ад мета... + матэматыка),

раздзел матэматычнай логікі, у якім вывучаюцца асновы матэматыкі, структура і заканамернасці матэм. доказаў з дапамогай фармальных метадаў. Тэрмін «М.» ўвёў Д.Гільберт для абазначэння тэорыі, якая аналізуе структуру і ўласцівасці фармальных сістэм. У шырокім сэнсе — метатэорыя матэматыкі.

Паводле Гільберта, фармалізаваная сістэма, што атрымліваецца ў выніку фармалізацыі навук. тэорыі, даследуецца (на прадмет высвятлення яе несупярэчлівасці, паўнаты, вырашальнасці і ўзаемасувязі з інш. тэорыямі, незалежнасці яе аксіём і інш.) змястоўнымі метадамі, якія не апелююць да сэнсу яе аб’ектаў (формул). Гэта канцэпцыя (наз. фінітызм) прадугледжвае выкарыстанне канечных канструкцый («наглядных» матэм. прадметаў, эфектыўна здзяйсняльных працэсаў) і адмаўляе абстракцыю актуальнай бесканечнасці (гл. Абстракцыя). К.Гёдэль паказаў абмежаванасць фінітных (простых) метадаў для даследавання фармалізаваных тэорый; у 1931 ён даказаў тэарэму аб непаўнаце дастаткова багатых фармальных сістэм (у т. л. аксіяматычнай мностваў тэорыі і арыфметыкі натуральных лікаў) і аб немагчымасці доказу несупярэчлівасці сістэмы з дапамогай сродкаў, якія фармалізуюцца ў гэтай сістэме. Для доказу несупярэчлівасці фундаментальных матэм. тэорый сучасная М. выкарыстоўвае больш складаныя, нефінітныя метады.

Састаўная частка прадмета М. — даследаванне фармалізаваных матэм. тэорый, выкладзеных у выглядзе сімвалічных моў, і вывучэнне саміх гэтых моў. Мноства канечных паслядоўнасцей з аперацыямі над імі таксама могуць быць аб’ектамі матэм. даследавання. Гэта абумоўлівае выкарыстанне ў М. метадаў алгебры (гл. Булева алгебра), тэорыі мностваў і тапалогіі. Шырока выкарыстоўваецца ў М. гёдэлеўскі метад арыфметызацыі метатэорыі і тэорыя рэкурсіўных функцый. У больш вузкім сэнсе да М. (у адрозненне ад металогікі) адносяць пытанні сінтаксісу, прадметнай матэм. тэорыі (гл. Сінтаксіс у логіцы); семантыку вылучаюць у якасці самаст. галіны даследавання (гл. Семантыка лагічная).

Літ.:

Клини С.К. Введение в метаматематику: Пер. с англ. М., 1957;

Расёва Е., Сикорский Р. Математика метаматематики: Пер. с англ. М., 1972;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,

адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.​Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Паўль, Г.​Гірт, В.​Штрэйтберг, І.​Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.​Ф.​Фартунатаў, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, А.​А.​Шахматаў у Расіі, М.​Брэаль, А.​Мее ў Францыі, Г.​І.​Аскалі ў Італіі, С.​Буге, К.​Вернер у скандынаўскіх краінах, У.​Уітні ў ЗША, Я.​Развадоўскі, Я.​Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.​Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.​Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.​Царнке.

Літ.:

Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАКЦЮ́РН (франц. nocturne літар. начны),

першапачаткова цыкл рознахарактарных муз. п’ес пераважна для ансамбля струнных ці духавых інструментаў, прызначаны для выканання ў начны ці вячэрні час на вольным паветры. Блізкі да дывертысмента, серэнады, касацыі (В.​А.​Моцарт, І.​Гайдн). Вядомы таксама вак. і хар. Н. З 19 ст. Н. называюць інстр. мініяцюру (пераважна для фп.) лірыка-сузіральнага характару з кантыленнай мелодыяй і акампанементам, які мерна пагойдваецца. Форма звычайна 3-часткавая з кантрастнай сярэдзінай, радзей ронда.

Стваральнік фп. Н. — Дж.​Філд. Лепшыя ўзоры Н. належаць Ф.​Шапэну, які паглыбіў яго вобразна-эмацыянальны змест. Тып праграмнага Н. ёсць у Р.​Шумана (цыкл «начных п’ес» ор. 23) і Ф.​Ліста («Мроі кахання»), Часам Н. уваходзіць у склад буйных інстр. форм (7-я сімф. Г.​Малера, саната h moli Шапэна), у сцэн. музыку («Сон у летнюю ноч» Ф.​Мендэльсона, «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля), у камерна-інстр. (2-і квартэт А.​Барадзіна) і вак. творы (Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі, М.​Глінка, Б.​Брытэн). Узоры Н. ў рус. класічнай музыцы стварылі П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін. Тэрмін «Н.» выкарыстаў К.​Дэбюсі для назвы праграмнай сімф. сюіты, П.​Хіндэміт уключыў Н. у фп. сюіту «1922».

У бел. музыцы Н. ёсць у П.​Падкавырава, Я.​Цікоцкага. Найчасцей бел. кампазітары пішуць Н. для розных інстр. складаў, уключаюць у цыклы рознахарактарных п’ес (М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Л.​Абеліёвіч, С.​Картэс, Л.​Шлег). У буйных інстр. формах Н. трапляецца пераважна ў перапрацаваным выглядзе ў Абеліёвіча, Аладава, Г.​Вагнера (лірыка-філас. павольныя часткі сімфоній). Блізкія да Н. некат. лірычныя сцэны бел. балетаў («Мара», «Маленькі прынц» Я.​Глебава).

Літ.:

Панкратова В. Малые инструментальные формы (прелюдия, ноктюрн, этюд). М., 1962;

Попова Т. Одночастные инструментальные жанры // Музыкальные жанры. М., 1968;

Цуккерман В. Музыкальные жанры и основы музыкальных форм. М., 1964.

А.​У.​Валадковіч.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАН ((Newton) Ісаак) (4.1.1643, Вулстарп, каля г. Грантэм, Вялікабрытанія — 31.3.1727),

англійскі фізік, матэматык і астраном, стваральнік класічнай механікі і асноў сучаснага прыродазнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1672, з 1703 яго прэзідэнт). Замежны чл. Парыжскай АН (1699). Скончыў Трыніты-каледж Кембрыджскага ун-та (1665). У 1669—1701 заг. кафедры матэматыкі гэтага ун-та. З 1696 даглядчык, з 1699 дырэктар Манетнага двара ў Лондане. Навук. працы па механіцы, оптыцы, астраноміі, матэматыцы. Даў азначэнні зыходных паняццяў і сфармуляваў асн. законы класічнай механікі (гл. Ньютана законы механікі). Адкрыў сусветнага прыцягнення закон. Увёў тэрмін «гравітацыя» і стварыў класічную тэорыю гравітацыі. На яе аснове растлумачыў Кеплера законы, асаблівасці руху Месяца, прэцэсію Юпітэра, прапанаваў тэорыю фігуры Зямлі, тэорыю прыліваў і адліваў. У галіне оптыкі адкрыў дысперсію святла (1666), храматычную аберацыю, інтэрферэнцыю святла ў тонкіх слаях паветра (гл. Ньютана кольцы). Сканструяваў люстэркавы тэлескоп-рэфлектар (1668), вынайшаў рэфлектарны мікраскоп (1672) і секстант. Развіў карпускулярную тэорыю святла. Распрацаваў дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні (1665—66; гл. Ньютана—Лейбніца формула), пашырыў бінаміяльную формулу на выпадак адвольных рэчаісных паказчыкаў (гл. Ньютана біном). Гал. праца Н. — «Матэматычныя асновы натуральнай філасофіі» (1687), якая стала фундаментам класічнай фізікі і вызначыла развіццё прыродазнаўства ў наступныя 2 стагоддзі. У аснову ньютанаўскай карціны свету пакладзены паняцці абс. прасторы і часу, апісанне фіз. ўзаемадзеяння праз паняцце сілы, тэорыя далёкадзеяння, а таксама філас.-тэалагічныя погляды Н. Яго імем названа адзінка сілы ў СІ — ньютан.

Тв.:

Рус. пер. — Всеобщая арифметика или книга об арифметических синтезе и анализе. М., 1948;

Оптика или трактат об отражениях, преломлениях, изгибаниях и цветах света. 2 изд. М., 1954;

Математические начала натуральной философии. М., 1989.

Літ.:

Исаак Ньютон, 1643—1727: Сб. статей к трехсотлетию со дня рождения. М.; Л., 1943;

Карцев В.П. Ньютон. М., 1987;

Вавилов С.И. Исаак Ньютон, 1643—1727. 4 изд. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

І.Ньютан.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТЭ́ЛЬ (франц. pastel ад італьян. pastello памянш. ад pasta цеста),

жывапіс сухімі мяккімі каляровымі алоўкамі без аправы; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Пастэльныя алоўкі (прасуюцца і фармуюцца са сцёртых у тонкі парашок рознакаляровых пігментаў з невял. дамешкам камедзей, малака, мелу, гіпсу, тальку і інш.; у залежнасці ад саставу рэчываў могуць быць мяккімі, цвёрдымі, сярэдняй мяккасці). Імі малююць на шурпатай (найчасцей каляровай) паперы, кардоне, грунтаваным палатне, замшы, пергаміне. П. наносяць штрыхамі, што набліжае яе да графікі, або расціраюць пальцамі ці растушоўкай (спец. палачка), што дае магчымасць дасягнуць найтанчэйшых нюансаў тону. Малюнак вылучаецца чысцінёй, свежасцю, мяккай прыглушанасцю колеру, далікатнай аксаміцістай паверхняй твора. З прычыны нетрываласці фарбавага слоя ў П., які лёгка разбураецца, яго замацоўваюць спец. фіксатарамі.

Тэрмін «П.» упершыню ўпамінаецца ў канцы 16 ст. Майстры 16—17 ст. выкарыстоўвалі П. пераважна для падфарбоўкі малюнкаў. выкананых цвёрдымі штыфтамі. З канца 17 ст. пашырылася ў жывапісе. Найб. росквіту дасягнула ў 18 ст., асабліва ў мастацтве ракако. У П. працавалі Р.​Кар’ера (Італія), К. дэ Латур, Ж.​Б.​Перано, Ж.​Б.​Шардэн (Францыя), А.​Р.​Менгс (Германія), Э.​Ліятар (Швейцарыя) і інш. Класіцызм адмаўляў П., але з 2-й пал. 19 ст. яна адрадзілася ў творчасці франц. мастакоў Э.​Дэга, Э.​Дэлакруа, Э.​Манэ, Ж.​Ф.​Міле, А.​Рэнуара. У Расіі ў П. працавалі А.​Арлоўскі, А.​Венецыянаў, І.​Левітан, В.​Сяроў, у Літве — М.​Чурлёніс. На Беларусі да П. звяртаўся Ф.​Рушчыц. У гэтай тэхніцы працавалі і працуюць Я.​Батальёнак, М.​Будавей, Ю.​Герасіменка, І.​Давідовіч, В.​Дубрава, П.​Дурчын, Я.​Красоўскі, Я.​Кругер, Р.​Кудрэвіч, У.​Кудрэвіч, А.​Марыкс, М.​Моўчан, І.​Немагай, А.​Паслядовіч, Л.​Ран, Л.​Чурко і інш.

Л.​У.​Салодкіна.

Да арт. Пастэль. Э.​Дэга. Блакітныя танцоўшчыцы, каля 1879.
Да арт. Пастэль. Ф.​Рушчыц. Залаты пакой. 1913.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,

літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.​Джойсам, В.​Вулф (Англія), У.​Фолкнерам, Г.​Стайн, (ЗША), М.​Прустам (Францыя) і інш.

Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.​Фрэйда.

Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст. маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.​Грынам, Г.​Грасам, А.​Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.​Чорнага.

Літ.:

Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;

Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

Е.​А.​Лявонава.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),

уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл. Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл. Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.​А.​Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.

Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м​1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл. Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.

Літ.:

Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ. Вып. 1—4. М., 1969;

Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.

Э.​А.​Рудак.

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗРА́ДКА міжнароднай напружанасці,

тэндэнцыя да паляпшэння міжнар. адносін у свеце, найперш паміж краінамі з супрацьлеглымі сац.-паліт. сістэмамі (СССР, сацыяліст. краіны — члены Варшаўскага дагавора 1955 і інш., з аднаго боку, ЗША і іх саюзнікі па НАТО і інш. з другога), якая стала этапам развіцця міжнар. адносін у 1970—79 і 1986—91. Выклікана пераважна меркаваннямі самазахавання чалавецтва, якому пагражала гібель у выпадку глабальнай ядзернай вайны. Гал. элементы Р. — адыход ад «халоднай вайны», мірнае вырашэнне міжнар. праблем і канфліктаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. У 1970-я г. Р. праявілася ў пагадненні паміж СССР і ЗША аб прынцыпах узаемаадносін (1972) і ў шматлікіх сав.-амер. перагаворах аб раззбраенні; у сістэме дагавораў аб прызнанні непарушнасці дзярж. межаў у Еўропе (паміж Польшчай і ФРГ у 1970, ГДР і ФРГ у 1972, Чэхаславакіяй і ФРГ у 1973 і інш.), у падпісанні Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975), пагадненняў аб навук.-тэхн. і культ. супрацоўніцтве і інш. У той жа час не спынялася супрацьстаянне паміж капіталіст. і сацыяліст. сістэмамі; ЗША і СССР працягвалі гонку ўзбраенняў, умешваліся ў справы інш. дзяржаў. Ўварванне сав. войск у Афганістан у канцы 1979 прывяло да ажыўлення «халоднай вайны» з боку ЗША і НАТО, а на рубяжы 1970—80-х г. да фактычнага спынення Р. Шэраг крокаў па аднаўленні Р. распачаты з прыходам да ўлады ў СССР М.С.Гарбачова і перабудовай (з 1985): абвяшчэнне сав. праграмы ліквідацыі ядзернай зброі да 2000, сав.-амер. дагаворы па абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў, вывад сав. войск з Афганістана (1989) і інш. У канцы 1980 — пач. 90-х г., у сувязі з распадам СССР і сацыяліст. сістэмы, тэрмін «Р.» выйшаў з ужытку, бо знікла глабальнае супрацьстаянне супрацьлеглых сац.-паліт. сістэм, на змякчэнне якога была пераважна накіравана палітыка Р.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-АЎСТРЫ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1781, 1877, 1897, 1907, 1908.

Саюзны дагавор 1781 заключаны 18 мая — 4 чэрв. ў форме абмену лістамі паміж рас. імператрыцай Кацярынай II і аўстр. імператарам Іосіфам II. Гарантаваў тэр. недатыкальнасць уладанняў абедзвюх дзяржаў, узаемадапамогу ў вайне з Турцыяй і Швецыяй, адмову ад сепаратных перагавораў у выпадку сумеснага вядзення вайны. У 1789 тэрмін дзеяння дагавора прадоўжаны на 8 гадоў. Канвенцыя 1877 (сакрэтная) аб умовах нейтралітэту Аўстра-Венгрыі ў ходзе падрыхтоўкі Расіі да рус.-тур. вайны 1877—78. Падпісана 15.1.1877 у Будапешце.

Паводле канвенцыі Аўстра-Венгрыя атрымлівала Боснію і Герцагавіну, бакі абавязваліся не пашыраць сферы сваіх ваен. дзеянняў. Апошнія 3 пагадненні датычыліся балканскага пытання. Пагадненне 1897 (сакрэтнае) аформлена праз абмен лістамі паміж міністрамі замежных спраў Аўстра-Венгрыі А.​Галухоўскім (ліст ад 8 мая) і Расіі М.​М.​Мураўёвым (ліст ад 17 мая). Бакі абавязаліся падтрымліваць статус-кво на Балканах, а ў выпадку немагчымасці яго захавання меркавалі заключыць асобае пагадненне. Пагадненне 1907 падпісана 28 вер. ў Вене міністрамі замежных спраў Расіі А.​П.​Ізвольскім і Аўстра-Венгрыі А. фон Эрэнталем. Працягвала паўнамоцтвы ваен. і цывільных чыноў міжнар. еўрап. адміністрацыі ў 3 вілаетах еўрап. часткі Турцыі, устаноўленыя ў 1903. Але аўстра-тур. Пагадненне 1908 аб буд-ве чыгункі Сараева—Салонікі фактычна прывяло да спынення яго дзейнасці. Пагадненне 1908 (вуснае) — папярэдняе сакрэтнае пагадненне паміж Ізвольскім і Эрэнталем у час іх сустрэчы 15 вер. ў замку Бухлаў (Чэхія). Аўстра-Венгрыя пагаджалася на змяненне рэжыму Чарнаморскіх праліваў на карысць Расіі і на вырашэнне шэрагу балканскіх праблем на карысць Балгарыі, Грэцыі, Сербіі; Расія пагаджалася на анексію Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй, але прапаноўвала канчаткова вырашыць балканскія праблемы на агульна-еўрап. канферэнцыі. Аднабаковае абвяшчэнне анексіі Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй, што выклікала Баснійскі крызіс 1908—09, вымусіла Расію ў кастр. 1908 афіцыйна дэнансаваць пагадненне.

В.​М.​Пісараў.

т. 13, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫФТ (англ. rift трэшчына, разлом),

буйная лінейна выцягнутая (на сотні кіламетраў, часта больш за 1 тыс. км, шыр. ад 5—20 да 200—400 км) адмоўная шчылінападобная або ровападобная структура расцяжэння зямной кары глыбіннага паходжання, абмежаваная разломамі скідавага тыпу. Тэрмін прапанаваны англ. геолагам Дж.​Грэгары ў 1896. Сучасныя Р. выражаны ў рэльефе ў выглядзе глыбокіх далін; стараж. пахаваныя Р. запоўнены магутнымі тоўшчамі асадкавых парод. Р. звычайна складаецца з серыі разрываў, сярод якіх пераважаюць скіды. Нахіл паверхні скідаў 60—70°, верт. амплітуда перамяшчэнняў па іх дасягае 5 км. У межах Р. часта ўтвараюцца горсты і грабены. Адрозніваюць Р. ўнутрыкантынент, сучасныя (Байкальская, Усх.-Афрыканская рыфтавыя сістэмы і інш.) і стараж. пахаваныя (Прыпяцка-Данецкі, Пачалмскі і інш.), міжкантынент. (Чырвонага м., Адэнскага і Каліфарнійскага зал.) і ўнутрыакіянічныя, што ўскладняюць восевыя ч. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Вельмі вял. Р. наз. рыфтавымі паясамі або сістэмамі. Сукупнасць такіх структур утварае на паверхні Зямлі адзіную сусветную сістэму. Працэс фарміравання Р. звязаны з глыбіннай дыферэнцыяцыяй рэчыва мантыі Зямлі, утварэннем астэналітаў і лінз анамальнай разагрэтай і расшчыльненай мантыі ў падэшве літасферы і замяшчэннем ёю рэчыва ў ніжняй ч. літасферы. Гэта прыводзіць да тэрмічнага расшырэння літасферы, ізастатычнага падняцця і стварэння напружанняў расцяжэння. Існуе некалькі гіпотэз паходжання Р.: утварэнне іх у восевай ч. скляпенневага падняцця за кошт напружанняў расцяжэння, што ўзнікаюць пры выгінанні скляпення; рассоўванне зямной кары пры гарыз. перамяшчэнні пліты; разрыў зямной кары ў выніку аднабаковага цячэння рэчыва яе ніжняй пластычнай ч. ў бок акіяна (на фронце цячэння ў паслабленай зоне); утварэнне Р. над глыбінным мантыйным астэналітам з расцяканнем яго рэчыва ў падэшве кары ў процілеглыя бакі, што прыводзіць да яе расцяжэння. З працэсамі фарміравання Р. звязаны развіццё і дэструкцыя кантынент. і акіянічнай літасферы, утварэнне акіянаў, нараджэнне новай акіянічнай кары.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)