НЕЙГА́ЎЗ (Станіслаў Генрыхавіч) (21.3.1927, Масква — 24.1.1980),
расійскі піяніст, педагог. Сын Г.Г.Нейгаўза. Нар.арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Г.Нейгаўза), з 1957 выкладаў у ёй (з 1975 праф.). Яго творчасць вылучалася мастацтвам імправізацыйнасці, глыбокім лірызмам, паэтычнасцю, эмацыянальнасцю. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў дуэце з бацькам. Найб. вядомы як інтэрпрэтатар твораў Ф.Шапэна і А.Скрабіна. У рэпертуары таксама творы Л.Бетховена, В.А.Моцарта, Ф.Ліста, І.Брамса, Р.Шумана, М.Равеля, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева і інш.Сярод вучняў У.Крайнеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́РМУ-ЛЁЎБЕРГ ((Nordmo-Lörberg) Озе) (н. 10.6.1923, г. Мольсельв, Нарвегія),
нарвежская спявачка (сапрана). Спевам вучылася ў Осла. З 1952 салістка Стакгольмскай каралеўскай оперы. З 1978 дырэктар опернага т-ра ў Осла. Спявала ў Венскай дзярж. оперы, т-ры «Метраполітэн-опера» і інш., з 1960-х г. пераважна ў краінах Скандынавіі. Валодала яркім, насычаным голасам прыгожага тэмбру. Найб. вядома як выканальніца партый у операх Р.Вагнера і як інтэрпрэтатар песень Э.Грыга і Я.Сібеліуса. Сярод лепшых партый: Зіглінда, Эльза, («Валькірыя», «Лаэнгрын» Вагнера), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭШ ((Nash) Джон) (1752, Лондан — 13.5.1835),
англійскі архітэктар. Працаваў у Лондане, у 1783—96 — ва Уэльсе, у 1796—1806 — у Ірландыі і Шатландыі. З 1811 асабісты архітэктар рэгента (пазней Георг IV), з 1813 гал. наглядчык будынкаў. Будаваў загарадныя і сядзібныя дамы ў духу рамантызму, у лонданскіх ансамблях прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму. Сярод твораў: забудова раёнаў Парк-Крэсент (1812—22), Оксфард-сёркус, Рыджэнт-стрыт (абодва 1812—30), Рыджэнтс-парк (1821—30), Бакінгемскі палац (1825—30) у Лондане; палац рэгента «Павільён» у Брайтане (1815—21, псеўдаінд. стыль) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЛІН (Юрый Міхайлавіч) (н. 25.10.1958, Мінск),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1991). Творы адметныя спалучэннем метафарычна-абстрактнага і сюжэтна-рэалістычнага, шырокім выкарыстаннем тэхн. сродкаў выканання. Сярод твораў; «Ноч», «Фея», «Юр’я», «Куст», «Ганна зімовая», «Прысвячэнне Г.Мансу», «Нарач», серыі «Ілья Прарок», «Святы Іеранім», «Купалле», «Размова з вечнасцю», «Адзінота», «Поліфанія», «Легенды старых ліхтароў» (усе 1990-я г.), «2», «Туці», «Час жоўтага месяца», «Лесвіца ў неба», «Залаты дождж», «Святая Магдаліна», «Тэатр», «Зязюля», «Філосафы», «Савіньён», серыя «Нарачанскі край» (усе 2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’Я́ЧАЎ (Сямён Паўлавіч) (8.2.1866, с. Пад’ячава Дзмітраўскага р-на Маскоўскай вобл. — 17.2.1934),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1888. Асн. тэмы апавяданняў, зб. нарысаў «Па этапе» (1903), аповесцей «Пакуты» (1902), «Сярод рабочых» (1904), «Забытыя» (1909) і інш. — жыццё вёскі, лёс сялянства. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Маё жыццё» (кн. 1—2, 1929—32). Яго творчасці ўласцівы тонкая назіральнасць, багацце нар. мовы, форма сказа, драм. напружанасць канфліктаў, гумар.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—11. М.; Л., 1927—30;
Избр произв. М., 1966;
Деревенские разговоры. М., 1975.
Літ.:
Макина М.А. Семен Подъячев: Лит. портрет. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКАТА́ШКІН (Яўген Пятровіч) (12.4.1937, г. Гомель — 5.3.1994),
бел. мастак. Брат В.П.Пакаташкіна. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1960). У 1973—77 старшыня Гомельскай абл. арганізацыі Бел. саюза мастакоў. Працаваў у жывапісе і станковай графіцы. Сярод твораў: «Запраўка самалётаў» (1964), «Новае Палессе» (1970), «Суднарамонтны «Чырвоная кузня» (1976), «Прыпяць. Цішыня» (1980), «Мазыршчына. Адроджаная вёска» (1982), «У родныя мясціны. Край азёрны», «Трывожная памяць» (1984). Шэраг работ выканаў з Л.Пакаташкінай: «Загінем, але не здадзімся» (1961), «Дзед і ўнук. Бакеншчыкі» (1974), «Безыменная вышыня» (1985) і інш. Творам уласціва дакументальнасць, пошукі новых сродкаў выразнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМЕ́ЛА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3000—2500 да н.э.) у Цэнтр. Партугаліі. Назва ад аднайменнага найб. даследаванага могільніка (каля Лісабона). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на неўмацаваных паселішчах. З медзі вырабляла пляскатыя сякеры, а таксама тыповыя для П. наканечнікі стрэл з доўгім дзяржаннем і амаль круглым пяром. Керамічны посуд вырабляўся ў мясц. неалітычных традыцыях, сярод каменных вырабаў сустракаюцца амулеты — плоскавыпуклыя і цыліндрычныя чалавечыя фігуркі і паўмесяцы. Нябожчыкаў хавалі ў грабніцах, у бобападобных камерах, куды можна было трапіць праз доўгі калідор ці праз адтуліну ў даху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (Pojezierze Pomorskie),
узгорыстая раўніна на ПнЗ Польшчы паміж ніжнімі цячэннямі р. Одэр на З і р. Паслэнка на У (дзе мяжуе з Мазурскім Паазер’ем), берагам Балтыйскага м. на Пн і стараж. далінай Варты — Нотаці на Пд. Выш. да 329 м (г. Вяжыца). Характэрны ледавіковы плейстацэнавы рэльеф з градамі канцавых марэн. У міжмарэнных паніжэннях — азёры. На Пн і Пд — зандравыя раўніны. Пашыраны штучныя насаджэнні хвоі, рэшткі дубова-букавых лясоў, верасоўнікі, тарфянікі. П.П. — таксама агульная назва Паўднёва-Балтыйскіх Паазер’яў, сярод якіх вылучаюць Заходне-, Паўднёва- і Усходне-Паморскае Паазер’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАЗЯ́Н (Ваграм Камеравіч) (18.1.1888, г. Стамбул, Турцыя —5.6.1968),
армянскі акцёр. Нар.арт.СССР (1956). Сцэн. адукацыю атрымаў у Італіі. З 1907 (з перапынкамі) працаваў у арм. т-рах Стамбула, у 1922—53 іграў у арм. і рус. трупах Ерэвана, Тбілісі, Баку, Ленінграда, з 1954 у Арм. т-ры імя Г.Сундукяна ў Ерэване. Творчасці ўласцівы дасканаласць выканаўчай тэхнікі, бліскучы артыстызм. Выступаў пераважна ў п’есах У.Шэкспіра: Атэла, Гамлет, Рамэо, Макбет («Атэла», «Гамлет», «Рамэо і Джульета», «Макбет»). Сяродінш. роляў: Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАСО́НІК (Lepiota),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. шампіньёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў зонах з трапічным і субтрапічным кліматам. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомыя П.: востралускаваты (L. acutesquamosa), грабеньчаты (L. cristata), дробнашчытападобны (L. clypeolaria). Трапляюцца ў лясах, парках, сярод травы з чэрв. па кастрычнік.
Пладовае цела — шапка на ножцы дыям. 2—13 см, яйцападобная або званочкавая, потым распасцёртая, са шматлікімі лускавінкамі. Пласцінкі свабодныя, белыя. Ножка цыліндрычная, з нерухомым кольцам, выш. да 12 см. Споры бясколерныя, гладкія. Ядавітыя, ёсць ядомыя.