прыпа́р, ‑у, м.

1. Душная гарачыня, спякота ў паветры ад сонца. Іскрыцца сонейка. Прыпар. Бялевіч. То ў бубны дахаў снежны вецер біў, То навальніца у прыпар грымела, Трубач над зыркім вогнішчам трубіў — І ўсё было да болю зразумела. Грахоўскі.

2. Напружаная летняя праца ў полі (у час касьбы, жніва). Следам за сенакосам падыходзіў жніўны прыпар. Асіпенка. У самы прыпар прыехала на хутар бабка Югася, каб паглядзець дзяцей, пакуль маці і бацька будуць ўпраўляцца з касьбою і жнівом. С. Александровіч. // перан. Найбольш напружаная праца, якая наступае час ад часу, а таксама перыяд такой працы. Кафедры правяралі выкананне вучэбных планаў і паспешліва рыхтаваліся да чарговага інстытуцкага прыпару. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рой 1 ’сям’я пчол або інш. насякомых, якія ўтвараюць адасобленую групу на чале з маткай’, ’мноства, вялікая колькасць насякомых, птушак, якія носяцца ў паветры’, ро́ем ’чарадой, гуртам, у вялікай колькасці’ (ТСБМ, Бяльк., Стан., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ; воран., ашм., віл., З нар. сл.). Укр. рі́й, рус. рой, польск. rój, н.-луж. roj, в.-луж. rój, чэш., славац. roj, славен. rȍj, серб. ро̑ј, харв. rȏj, чак. rọ̑j, макед. рој, балг. рой, ро́ят ’рой’, ц.-слав. рои ’замяшанне, мітусня, беганіна, узбуджэнне, непарадак’; ’бунт, сварка’; ’натоўп’; ’чарада, куча’. Сюды далучаюць славац. zdrój, польск. zdrój ’крыніца’. Прасл. *rojь — першапачаткова ’плынь, струмень, паток’, потым — ’вылятанне пчол з мацярынскай сям’і’, — якому адпавядае ст.-інд. ráyas ’плынь, імкненне, бег, паспешнасць, раз’юшанасць’, riṇā́ti ’выпускае на волю’, лац. rīvus ’паток’ < і.-е. *h​3roi̯Ho‑ ’цячэнне, струмень, плынь; бег, ход’ (Траўтман, 243; Уленбек, 245; Фасмер, 3, 496; Брукнер, 461; Махэк₂, 515; Шустар-Шэўц, 2, 1232; Скок, 155–156; Бязлай, 3, 193; Сной₂, 627–628; БЕР, 6, 311–312; ESJSt, 13, 775–776). Роднаснымі да прасл. *rojь з’яўляюцца прасл. *rějati ’цячы’, *rěka ’рака’, *ristati ’спаборнічаць’, *riskati ’бегчы, імкнуцца хутка’, ’шныраць’, ’гойсаць’, *rinǫti ’рынуцца’. Сюды ж: ро́йніца, раёўня, ро́йнік ’посуд, у які збіраюць рой пчол’, ройі́льня, ройны́ця ’тс’ (Жыв. НС, Сл. Брэс., З нар. сл., Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Гл. таксама райнік.

Рой 2 ’запаленне малочнай залозы’ (шальч., Сл. ПЗБ). Няясна.

Рой 3 ’гайня ваўкоў’ (глыб., ЛА, 1; астрав., лельч., ЛА, 5) — пад уплывам народнай этымалогіі нібыта адносіцца да рой 1 ’мноства, стада, стая’, таму і знешняе падабенства. Аднак лексема ўзыходзіць да руя́ ’тс’, ’зграя, стада ваўкоў у перыяд цечкі’ (Сл. ПЗБ), гл., магчыма, з польск. ruja ’цечка, гон’ < ст.-чэш. řújě, říjě ’перыяд цечкі ў аленяў’, суч. říje < прасл. *reuti/*rou‑ti ’раўці, рыкаць’ > бел. раўці (гл.). Параўн. лат. raunas laiks ’марцаванне катоў’. Не выключаецца ад’ідэацыя лексем юр, юра́ ’гайня ваўкоў’ (ЛА, 5).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ (ад лексіка + ...графія),

1) раздзел мовазнаўства, які займаецца тэорыяй і практыкай укладання слоўнікаў розных тыпаў.

2) Сукупнасць слоўнікаў, блізкіх паводле свайго тыпу, жанру ці мовы. Вылучаюць тэарэтычную Л. (уключае слоўнікавую лексікалогію і тыпалогію, распрацоўку прынцыпаў пабудовы слоўніка і слоўнікавага артыкула, пытанні арганізацыі слоўнікавай працы, гісторыю Л., навук. крытыку слоўнікаў) і практычную (аб’ядноўвае разнастайныя тыпы і віды лексікаграфічнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і захоўванні слоўнікавых матэрыялаў у выглядзе картатэк, індэксаў, камп’ютэрных баз даных і інш.).

Л. зарадзілася ў розных народаў свету на ранніх этапах развіцця пісьменнасці ў сувязі з неабходнасцю тлумачэння незразумелых слоў, што пранікалі ў тую ці інш. мову з розных крыніц На Усходзе (Шумер) пачатковыя элементы лексікаграфічнай работы засведчаны за 2,5 тыс., у Кітаі — за 2 тыс. гадоў да н.э., у Еўропе — у 5 ст. н.э. («Лексікон, або Гласарый Гесіхія Александрыйскага»), у Расіі — у 11 ст.

У развіцці практычнай бел. Л., як і ў інш. народаў, вылучаюць 3 перыяды. У даслоўнікавы перыяд развіцця Л. кніжнікі пры дапамозе глос тлумачылі незразумелыя словы ў тэксце або на палях. Гэты перыяд бел. Л. звязаны з дзейнасцю Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. бел. кніжнікаў 16—17 ст. Асн. функцыя ранняга слоўнікавага перыяду — вывучэнне нац. моў. Таму да яго адносяцца і першыя рукапісныя зборнікі глос (гласарыі, азбукоўнікі, лексісы, лексіконы), і першыя друкаваныя слоўнікі (напр., «Лексіс» 1596 Л.​Зізанія), і больш познія поўныя слоўнікі апісальнага тыпу. «Слоўнікам беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870) — адкрываецца перыяд развітой Л. на Беларусі, асн. функцыяй якога з’яўляецца нармалізацыя і кадыфікацыя слоўнікавага складу нац. мовы, павышэнне моўнай культуры яе носьбітаў. Да гэтага перыяду адносяцца бел. слоўнікі, створаныя ў канцы 19—20 ст. Паводле тыпаў і жанраў слоўнікаў, характару моўнай інфармацыі ў іх вылучаюць энцыклапедычную Л. (універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі, энцыклапедычныя слоўнікі і даведнікі, напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87), нарматыўную Л. (нарматыўныя слоўнікі розных тыпаў, напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987), дыялектную Л. (дыялектныя, абласныя, краёвыя, рэгіянальныя слоўнікі мясц. лексікі, дыялекталагічныя і лексічныя атласы і інш. працы па лінгвагеаграфіі, напр., «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87), гістарычную Л. (гіст. слоўнікі розных тыпаў: азбукоўнікі, старабел. лексіконы і лексіцы, тлумачальныя і тэрміналагічныя слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага перыяду і інш., напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» у 40 вып., вып. 1—17, 1982—98), перакладную, двухмоўную Л. (бел.-рус., укр.-бел., англа-бел. і інш. слоўнікі агульнага, дыферэнцыяльнага, тэрміналагічнага, школьнага і інш. тыпаў, напр., «Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995), фразеаграфію, фразеалагічную Л. (рознатыповыя слоўнікі літ. і нар.-дыялектнай фразеалогіі, напр., «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І.​Я.​Лепешава, ч. 1—2, 1981—93), пісьменніцкая Л. (рознатыповыя слоўнікі мовы пісьменнікаў, напр., «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997) і інш.

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Виноградов В.В. Лексикология и лексикография: Избр. труды. М., 1977;

Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978;

Щербин В.К. Вселенная в алфавитном порядке: Словари — вчера, сегодня, завтра. Мн., 1987;

Яго ж. Тэарэтычныя праблемы беларускай лексікаграфіі. Мн., 1996.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

федэра́ты

(лац. foederatus = аб’яднаны ў саюз)

1) пасяленцы на граніцы Рымскай імперыі і Візантыі, якія прымалі ўдзел у войнах за атрыманую імі зямлю і плату;

2) добраахвотнікі рэвалюцыйнай арміі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—1794 гг.;

3) салдаты і афіцэры Парыжскай камуны 1871 г.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (у бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.​Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.​Л.​Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВО́ЎНІК (Gossypium),

род шматгадовых травяністых раслін і кустоў сям. мальвавых. 35 відаў у Амерыцы, Азіі, Афрыцы, Аўстраліі. Адна з асн. тэхн. культур (прадзільная культура). Вырошчваюць у аднагадовай культуры ў тропіках, субтропіках, паўд. раёнах умеранага пояса бавоўнік мексіканскі (звычайны, або упланд; Gossypium hirsutum; больш за 70% сусв. вытв-сці бавоўнавага валакна), бавоўнік індакітайскі (дрэвападобны; Gossypium arboreum), бавоўнік перуанскі, барбадоскі (Gossypium peruvianum, Gossypium barbadense) і інш.

Кусты і травы з моцнай стрыжнёвай каранёвай сістэмай. Кветкі вял., белыя, крэмавыя, жоўтыя, двухполыя; звычайна самаапыляльнікі. Плод — каробачка. Насенне ўкрыта доўгімі, пераважна белымі, валаскамі, што выкарыстоўваюцца як валакно — бавоўна. Цеплалюбівая расліна, патрабавальная да ўмоў увільгатнення, жыўлення і асвятлення. Вегетац. перыяд 110—145 сут Лепшыя глебы — лёгкія сугліністыя шэразёмы. Засоленыя глебы папярэдне меліяруюць. З насення бавоўніка атрымліваюць баваўняны алей (22—29%), з пладоў — бавоўну. Добры меданос (мёдавытворчасць 300 кг/га). Гл. таксама Баваўнаводства.

Бавоўнік.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКУЛА́БАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Баркулабаўская хроніка, Баркалабаўскі летапіс,

помнік бел. летапісання пач. 17 ст. Захаваўся ў адзіным спісе, які зберагаецца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве. Складзены ў мяст. Баркулабава (цяпер в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.), як мяркуюць, мясц. святаром Ф.​Філіповічам. Ахоплівае перыяд 1545—1608, сістэматычнае апісанне падзей пачынаецца з 1564 — ад заснавання Баркалабам Корсакам вёскі і замка. Змяшчае занатоўкі пра мяст. Баркулабава і яго ваколіцы, дзярж. і прыватныя дакументы, нар. легенды і паданні. Шмат звестак пра жыццё, побыт, звычаі сялян, міграцыю насельніцтва, цэны на с.-г. прадукцыю, стыхійныя бедствы. Расказвае пра грамадска-паліт. і рэліг. жыццё Беларусі і Расіі канца 16 — пач. 17 ст. Аўтар асвятляў падзеі з патрыят. пазіцый чалавека, блізкага да нар. нізоў. Напісаны жывой вобразнай і каларытнай бел. мовай.

В.​А.​Чамярыцкі.

Старонка Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РСКАЯ ДУ́МА,

1) у Кіеўскай дзяржаве 10 — 1-й пал. 12 ст. нарада князя з дружынай (князевымі мужамі, думцамі) і інш. набліжанымі асобамі (напр., земскімі баярамі).

2) У перыяд феад. раздробленасці Русі савет знатных васалаў пры князю ў вял. і ўдзельных княствах.

3) У цэнтралізаванай Рускай дзяржаве канца 15 — пач. 18 ст. пастаянны саслоўна-прадстаўнічы орган арыстакратыі пры вял. князю (з 1547 цары). Мела дарадчы характар, абмяркоўвала пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі. Складалася з думных чыноў (баяраў, акольнічых, думных дваранаў, думных дзякоў), колькасць якіх мянялася; супрацоўнічала з Разрадным і Пасольскім прыказамі. Скасавана Пятром I у 1711 у сувязі са стварэннем Сената.

Літ.:

Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV — первой трети XVI в. М., 1988;

Ключевский В. Боярская Дума Древней Руси;

Добрые люди Древней Руси: Репр. изд. М., 1994.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГМАН (Аляксандра Рыгораўна) (дзявочае Кучкоўская; парт. псеўд. Зіна, Стаха, Малеўская; н. 1.5.1906, Гродна),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык, публіцыст. Чл. КПЗБ з 1925. Працавала сакратаром падп. акр. к-таў КСМЗБ у Гродне, Вільні, Брэсце, Баранавічах, Беластоку. Дэлегат I з’езда КПЗБ (1928). З 1931 чл. Краявога Сакратарыята ДК КПЗБ. З 1934 у СССР. У 1935 рэпрэсіравана. З 1946 у Польшчы. Рэабілітавана ў 1956. Даследуе гісторыю КПЗБ, Бел. рэв. арг-цыі, Бел. сялянска-работніцкую грамаду, Бел. навук. т-ва ў Вільні, перыяд. друк. Аўтар манаграфій, артыкулаў, нарысаў пра дзеячаў КПЗБ і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, яўр. пісьменнікаў і журналістаў — ураджэнцаў Беларусі.

Тв.:

Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977;

Sprawy białoruskie w II Reczypospolitej. Warszawa, 1984;

Бел. пер. — Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс. Мн., 1996.

А.​С.​Ліс.

т. 3, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (н. 27.5.1937, в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1985). Скончыў БДУ (1958). З 1961 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (з 1989 нам. дырэктара). Даследуе гісторыю Беларусі 19 — пач. 20 ст.: праблемы рабочага, с.-д., народніцкага і нац. руху, фарміравання паліт. партый, грамадска-паліт. барацьбы, перыяд. друку. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 2, 1972), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1, 1984), калект. манаграфій «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: са старажытных часоў да 1917 г.» (1985), «Полацк: Гіст. нарыс» (2-е выд., 1987). Аўтар дапаможнікаў і падручнікаў для сярэдняй школы.

Тв.:

Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)