правалачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся, ‑лакуцца; пр. правалокся, ‑лаклася, ‑лаклося; заг. правалачыся; зак.
Разм.
1. Працягнуцца волакам, не адрываючыся ад паверхні чаго‑н.; правалачыцца. Кабыла рванулася і паімчала аконама па раллі. Яна гэтак тузанулася ўбок, што аконам.. вышмаргнуў адну лагу з стрэмя і бразнуўся вобземлю. Колькі крокаў ён правалокся за кабылай па раллі, пакуль адарваўся. Чорны.
2. Павольна прайсці, праехаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прасвятляць — прасвятліць і стан паводле знач. дзеясл. прасвятляцца — прасвятліцца.
2. перан. Наступленне спакою, радасці, шчасця. Мабыць ва ўсякім жыцці, нават у самым цяжкім, бываюць свае прасвятленні, свае радасці. Кулакоўскі.
3. Здольнасць ясна, правільна мысліць. У адзін з момантаў прасвятлення .. [Голуб] зноў адрозніў пяшчотны звон Алесінага голасу: — Я буду даглядаць яго, — прасіла яна. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н. — Калі не памыляюся, Сцяпан Захаравіч Белавус? — няўпэўнена папытаўся я. Гурскі. Вэня.. запрасіў Любу сесці,.. папытаўся, як здароўе, пагаварыў. Чорны.
2. Папрасіць дазволу на што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Камісара да іхняга ганку Мы прынеслі на ранку. Для яго папытаўся вады я, — У нас яна выйшла. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Спароць усё, многае. І цяпер тыя дзед і баба, тая нізкая, чорная хата здаюцца Раі сном, хоць яна і ведае, што гэта быў не сон, што тыя дзед і баба яе ратавалі. Паспорвалі жоўтыя латы з яе адзежы, сюды, у бальніцу, прывезлі. Арабей. — [Задрапей] падкраўся, як злодзей, да млына, узлез на плот і паспорваў [ластаўчыны гнёзды]. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́ска, ‑і, ДМ со́сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Тое, з чаго або тое, што даюць ссаць дзіцяці (трубка з гумы ў выглядзе саска). Плача ў калысцы з соскай пустой дзіця. Танк. — Біць вас трэба, такіх матак. Дзіця галоднае, а яна сядзіць і чырванее, як дзяўчынка. Пара ўжо кінуць саромецца, мілая мая. Соску трэба .. Дзе соска? Няма? Эх, ты! — завіхалася спрытная мачыха. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спруцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Стаць халодным і цвёрдым; скарчанець, застыць (пра труп).
2. Памерці, акалець. Стары з-за крушні злажыўся з пістаноўкі, зараджанай куляй,.. і смальнуў. То немец і спруцянеў. Гурскі.
•••
Каб ты (ён, яна і пад.) спруцянеў — ужываецца як праклён. Голас у Саўкі быў сярдзіты, хрыплы ад кашлю: — Каб ты спруцянеў, каб ты, падла лапавухая. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. угруз, ‑ла; зак.
Глыбока ўвязнуць (у гразі, снезе і пад.). Марыя выйшла людзям насустрач, саступіла з грудка і раптам правалілася ў багну. Паспрабавала вылазіць і ўгрузла яшчэ глыбей. У яе ўжо не было сілы выцягнуць ногі з балота. Кулакоўскі. // Асесці, уехаць у зямлю. А вось і бацькава хата. Яна як бы трошкі ўгрузла ў зямлю. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Вельмі азябнуць, замерзнуць; страціць ад холаду рухомасць. Удубелі ногі на холадзе. □ [Люда:] — Рукі — не так, вельмі ж ногі ўдубелі... Яна паказала .. малую, стройную нагу ў нейкім сінім туфліку. Брыль.
2. Прамерзнуць да цвёрдасці. Зямля ўдубела: ні экскаватар, ні бур, тым больш бульдозер не маглі ўспароць, узламаць грунт пад катлаван. Мыслівец. // Зацвярдзець, астыўшы (пра ежу). Бульба ўдубела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмакрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм. Стаць мокрым (звычайна ад поту). Блукалі [хлопчыкі], як мне здалося, вельмі доўга, аж узмакрэлі, калі, нарэшце, нейкім цудам выйшлі проста да смалярні. Ваданосаў. Ад напружанасці ў .. [Кастуся] узмакрэлі далоні, і ад гэтага ён яшчэ больш бянтэжыўся. Гаўрылкін. Але як змерклася, калі ўсе паснулі, Галя дала волю слязам, яна амаль да раніцы прахліпала ў падушку, аж навалачка ўзмакрэла. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́сна,
1. пабочн. Па сутнасці, на самай справе. — На седала! — крыкнуў Лявон. Ніхто яго не паслухаў. Лявон, уласна, і не чакаў гэтага. Чарнышэвіч. Уласна, гэта быў не пакой, а двухпакаёвая кватэра на трэцім паверсе. Хадкевіч.
2. часціца абмежавальная. Ва ўласным разуменні гэтага слова. Уласна прозы ў Багдановіча мала. Яна прадстаўлена апавяданнямі, нарысамі, .. а таксама перакладамі. Лойка.
•••
Уласна кажучы гл. кажучы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)