лёнішча

1. Месца, дзе быў пасланы лён (Слаўг.). Тое ж льні́шча, алле́нішча (Слаўг.).

2. Поле, дзе рос лён (Слаўг.). Тое ж ле́наві́шча, лляні́шча (Слаўг.), льні́шча (Слаўг., Смален. Дабр., Стол.), льня́нішча (Дзярж., Слаўг.), льне́нішча (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

раўні́на Роўнае поле (БРС). Тое ж раўніна́ (Зах. Бел. Др.-Падб., Кап., Рэч., Слаўг.), раўня́дзіна (Віц. Нік. 1895), раўня́дзь (Віц. Нік. 1895, Крыч., Лёзн., Слаўг.), раўкі́нь, роўніца, раўніча́нь (Слаўг.).

в. Раўніна Рагач. (К. 1778).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

старасе́лле Месца, дзе здаўна знаходзіцца населены пункт, двор або дзе быў дом, сяло (Слаўг., Смален. Дабр.).

ур. Стараселле (луг, поле) каля в. Казакоўка Слаўг., воз. Стараселле каля в. Ст. Каменка Слаўг., в. Стараселле Крыч.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

церабе́ж Месца, дзе выцераблены лес, кусты пад сенажаць, поле (Зах. Бел. Др.-Падб., Слаўг.). Тое ж церабень (Лемц. Айк.), церабе́йня (Валож.), церабле́нне, церабёж (Слаўг.).

в. Церабейнае Валож., ур. Церабеж (сенажаць) каля в. Клетнае Глуск.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

О́ПТЫКА (ад грэч. optike навука аб зрокавым успрыманні),

раздзел фізікі, які вывучае заканамернасці выпрамянення, распаўсюджвання і ўзаемадзеяння з рознымі аб’ектамі эл.-магн. выпрамянення бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага дыяпазонаў даўжынь хваль.

О. — адна са старажытнейшых навук, цесна звязаная з патрэбамі практыкі на ўсіх этапах развіцця. Прамалінейнасць распаўсюджвання святла была вядома ў Месапатаміі за 5 тыс. г. да н.э. і выкарыстоўвалася ў Стараж. Егіпце пры буд. работах. Піфагор (6 ст. да н.э.) меў блізкі да сучаснага пункт гледжання, што целы становяцца бачнымі з-за выпрамянення імі пэўных часцінак. Арыстоцель (4 ст. да н.э.) меркаваў, што святло ёсць узбуджэнне асяроддзя паміж аб’ектам і вокам, у школе яго сучасніка Платона сфармуляваны важнейшыя законы геаметрычнай оптыкі. Эўклід (3 ст. да н.э.) разглядаў узнікненне аптычных відарысаў пры адбіцці ад люстэркаў. Хвалевая оптыка пачала развівацца ў 17 ст. пасля прац Р.Гука і К.Гюйгенса, якія далі першыя хвалевыя тлумачэнні (аналагічныя тлумачэнням акустычных хваль) многім законам О. Святло разглядалася як імгненная перадача ціску з дапамогай «эфіру». Аднак прамалінейнае распаўсюджванне і палярызацыя святла не знайшлі тлумачэння з пазіцый хвалевых аналогій святла і гуку, што прывяло І.Ньютана да развіцця карпускулярных уяўленняў. Святло разглядалася ім як паток карпускул — часцінак, падобных да пругкіх шарыкаў. Карпускулярныя і хвалевыя тэорыі святла развіваліся і надалей і напераменна дамінавалі ў навуцы. Развіццё сучаснай О. звязана з працамі Т.Юнга, А.Ж.Фрэнеля, Д.Ф.Араго (з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі і прамалінейнага распаўсюджвання святла растлумачаны з хвалевых пазіцый), М.Фарадэя (выяўлена ўзаемасувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі, 1846), Дж.К.Максвела (устаноўлена эл.-магн. прырода святла, 1865), П.М.Лебедзева (ціск святла, 1899), А.Р.Сталетава (фотаэфект, 1888—90), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя святла і рэчыва, 1896), М.Планка (гіпотэза квантаў, 1900) і інш. Барацьба двух пунктаў гледжання на прыроду святла прывяла да сінтэзу абодвух уяўленняў (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Доследы А.І.Л.Фізо і А.А.Майкельсана прывялі да стварэння спец. адноснасці тэорыі.

Тэарэт. аснова апісання аптычных з’яў — Максвела ўраўненні для вектараў эл. і магн. напружанасцей светлавога поля ў матэрыяльным асяроддзі. Пры рашэнні канкрэтных аптычных задач карыстаюцца рознымі мадэлямі і набліжэннямі, а таксама ўяўленнямі і прынцыпамі, многія з якіх устаноўлены да адкрыцця эл.-магн. прыроды святла. На аснове законаў геам. оптыкі вырашаюцца пытанні асвятлення аб’ектаў і памяшканняў (гл. Святлатэхніка), распаўсюджвання святла ў аптычных прыладах, у т. л. ў воку, пераносу энергіі з дапамогай светлавых патокаў і інш. Шэраг задач фотаметрыі вырашаецца з улікам заканамернасцей успрымання чалавечым вокам святла і яго асобных колеравых складальных. Такія заканамернасці вывучае фізіялагічная О., якая цесна змыкаецца з біяфізікай і псіхалогіяй, даследуе зрокавы аналізатар (ад вока да кары галаўнога мозга) і механізмы зроку. Фізічная оптыка вывучае праблемы, звязаныя з прыродай святла і светлавых з’яў. Папярочнасць эл.-магн. хваль вынікае з эксперым. даследаванняў дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла, палярызацыі святла і распаўсюджвання яго ў анізатропных асяроддзях (гл. Оптыка анізатропных асяроддзяў, Крышталяоптыка). Хвалевая оптыка вывучае сукупнасць з’яў, дзе выяўляецца хвалевая прырода святла. Паводле яе прынцыпаў светлавое поле ў любым пункце ўяўляе сабой суму хваль, якія прыйшлі з інш. пунктаў, і складанне адбываецца з улікам іх амплітуд, фаз і палярызацый. Уплыў асяроддзя на светлавое поле ўлічваецца з дапамогай паказчыка пераламлення, каэфіцыента паглынання (ці ўзмацнення), а таксама тэнзараў дыэл. і магн. пранікальнасцей. Разам з развіццём атамна-малекулярных уяўленняў аб структуры рэчыва развівалася малекулярная оптыка, у межах якой аптычныя параметры асяроддзя вызначаюцца на аснове ўліку рэакцыі (водгуку) элементаў яго мікраструктуры (атамаў, малекул і інш.) на ўздзеянне светлавога поля. У выніку ўстанаўліваецца іх залежнасць ад частот і сіл асцылятараў квантавых пераходаў часцінак асяроддзя, іх шчыльнасці і характарыстык узаемадзеяння паміж імі, часу рэлаксацыі розных працэсаў і інш. Па выніках аптычных вымярэнняў выяўляецца інфармацыя аб мікраструктуры асяроддзяў і працэсах, што працякаюць у іх (гл. Спектраскапія). Пасля стварэння лазераў працэсы распаўсюджвання светлавых патокаў у асяроддзі разглядаюцца з пазіцый нелінейнай оптыкі. Выпрамяненне святла адбываецца пры пераходах часцінак рэчыва (атамаў, малекул, іонаў і інш.) з узроўняў з больш высокай энергіяй на энергетычна больш нізкія ўзроўні (спантанна ці вымушана; гл. Вымушанае выпрамяненне, Лазерная фізіка). Паглынанне наадварот — з больш нізкіх узроўняў на больш высокія. У гэтых працэсах выяўляецца квантавая прырода святла, яго фатонная структура. У нялазерных крыніцах святла выпрамяненне спантаннае і такія пераходы ў розных часцінках адбываюцца незалежна адзін ад аднаго, што выяўляецца ў малых кагерэнтнасці і монахраматычнасці, а таксама ў адсутнасці рэзка выражанай накіраванасці выпрамянення. Аптычнае выпрамяненне цеплавых крыніц (Сонца, зоркі, полымя, лямпы напальвання і інш.) з’яўляецца часткай іх цеплавога выпрамянення. Свячэнне, выкліканае інш. фактарамі (не цеплавымі), наз. люмінесцэнцыяй. Праходжанне святла праз асяроддзі суправаджаецца яго рассеяннем на неаднастайнасцях і флуктуацыях іх структуры (гл. Оптыка рассейвальных асяроддзяў, Рассеянне святла), выклікае розныя фіз. (напр., награванне, фоталюмінесцэнцыю, фотаэфект, іанізацыю атамаў і малекул), хім. (гл. Фотахімія, Фатаграфія, Фотабіялогія), мех. (напр., тармажэнне ці паскарэнне часцінак, іх захоп) і інш. з’явы і працэсы. Аптычныя з’явы і метады даследаванняў выкарыстоўваюцца для рашэння навук. і практычных задач. Напр., з дапамогай вока чалавек атрымлівае асн. аб’ём інфармацыі аб навакольным свеце, у т. л. запісанай на розных носьбітах (кнігі, фотаздымкі, відэадыскі, касеты). Карэкцыя зроку, павелічэнне яго далёкасці і раздзяляльнай здольнасці праводзяцца з дапамогай розных аптычных прылад (акуляры, біноклі, тэлескопы, мікраскопы). Развіццё тэхнікі асвятлення, удасканаленне крыніц святла, сродкаў запісу, счытвання, перадачы і захоўвання інфармацыі, аптычных метадаў даследаванняў, вывучэння будовы і хім. саставу рэчыва, апрацоўкі матэрыялаў, у т. л. з дапамогай лазернай тэхнікі, і інш. абумоўлена паглыбленнем ведаў аб законах распаўсюджвання святла і яго ўзаемадзеяння з рэчывам, а таксама развіццём і ўдасканаленнем аптычных прылад.

На Беларусі даследаванні ў галіне О. пачаты ў канцы 1940-х г. у БДУ, праводзяцца таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це прыкладной оптыкі, Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі Нац. АН, БПА, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах і інш. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка і стварэнне новых лазерных сістэм, вывучэнне заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі, выкарыстанне лазераў у біялогіі, медыцыне і прамысл. тэхналогіях, распрацоўка апаратуры для лазернага зандзіравання і авіякасм. спектраметрыравання і інш. У Мінску выдаецца міжнар. часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;

Иванов А.П. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ. 2 изд. М., 1973;

Ландсберг Г.С. Оптика. 5 изд. М., 1976;

Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику. [Т. 1—4]. Мн., 1989—91.

П.А.Апанасевіч.

т. 11, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

байда́н

1. Месца, пакінутае для пашы (Нас.).

2. Адкрытае для ветру месца (Віц.).

3. Месца на неўрадлівай, пясчанай ці забалочанай сенажаці, дзе расце трава сівец Narus stricta (Докш.).

ур. Байдан (поле) каля в. Каменка Чав.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ву́гал Частка сушы, якая вуглом уразаецца ў балоцістае месца ці сенажаць (БРС). Тое ж ву́гіл (Слаўг.).

ур. Ву́гал (луг) каля в. Віравая, ур. Башмакоў Вугіл (поле, палянка паміж лесам і балотам) каля в. Серкаўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

вы́сечка

1. Месца, дзе высечаны пад поле або сенажаць увесь лес, кусты або зроблена выбарачнае прарэджванне (БРС). Тое ж вы́рубка (Слаўг.).

2. Участак у лесе з рэдкімі старымі дрэвамі-сямянкамі на месцы высечанага лесу (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

стырня́ Зжатае поле наогул або на якім расло жыта (Брэсц. ДАБМ, к. 269, к. 271). Тое ж сцёран, сцерань (Гом. ДАБМ, к. 269, к. 271), сцерэн (Гом. Маг. губ. вед., 1854, № 48, 865), сцярні́шча (Лях.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Ве́траніца1 ’пралеска, кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (ветк., Мат. Гом.), ветраніца белая ’расліна’ (КТС). Рус. тамб. ветраница ’анемона’, зах.-сіб. ’сон-трава, Pulsatilla patens’, польск. wietrznica ’анемона’, серб.-харв. вѐтреница, вјѐтреница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’кураслеп’; ’дарыкній травяністы’, ст.-рус. ветряница ’назва лекавай травы’ (з XVIII ст.). Да ве́цер (гл.). Расліна названа так таму, што яна любіць адкрытыя, даступныя ветру месцы, паляны, лугі. Назвы, звязаныя з лексемай вецер, у славянскіх народаў атрымалі шматлікія расліны, напр.: бел. вятроўнік ’Filipendula Mill.’, укр. вітреник ’яснотка, шанта’; ’медуніца, шчамяліца’; ’спірэя’; ’пылюшнік’, славен. vétrnik ’васілёк’, рус. ветреница (гл. вышэй) і ’перакаці-поле’, ве́треная трава́ ’белая канюшына’; ’гарлянка’, ве́треник ’лясны кураслеп’ і інш., магчыма, таму, што некаторыя з іх ужываюцца для лячэння прастудных захворванняў, а таксама хвароб ад ветру.

Ветраніца2 ’пустазвонка’ (КТС), укр. ві́тренница ’няверная, нясталая, легкадумная жанчына’, паўн.-рус. ветреница ’нясталы, няверны, марнатраўны (аб чалавеку)’, польск. уст. wietrznica ’легкадумная жанчына, ветраго́нка’ ад ве́транік ’ветрагон’ і суф. ‑іц‑а.

Ветраніца3 ветраны млын’ (Касп.), рус. пенз., горк. ве́треница, балг. паўн.-усх. вятърница, макед. ветерница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’крыло ветранога млына’. Узнікла ў выніку намінацыі выразу ветраная мельніца (пры дапамозе суфікса ‑іц‑а). Гл. таксама ветранік1 (суфікс ‑ік).

Ветраніца4 ’ветранае надвор’е’ (КТС). Утворана ад прыметнікавай асновы ветран‑ (гл. ветраны) і суф. ‑іц‑а (які называе з’яву па яе прыкметах) паводле ўзору галалёдзіца.

Ве́траніца5 ’ветраная воспа’ (лоеў., браг., Мат. Гом.). Укр. вітренниця ’гарачка’; ’шаленства’, рус. ветреница, уладз., арханг. ’ветраная воспа’, наўг. ’хранічныя наскурныя высыпкі’, польск. wietrznice ’кароста ветраной воспы’, славен. vẹ̑trnice ’ветраная воспа’. Прасл. větrьnica, якая ўтварылася шляхам субстантывацыі прыметніка větrьnъ. Да вецер (гл.).

Ве́траніца6 ’дзве дошкі ў франтоне’ (палес., Мат. Гом.), віц. ’падшыўная дошка ля краю страхі’ (Касп.). Гл. ве́траніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)