ЛЕ́ЙБНІЦ ((Leibniz) Готфрыд Вільгельм) (1.7.1646, г. Лейпцыг, Германія — 14.11.1716),
нямецкі вучоны, філосаф, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Іенскім ун-тах (1661—66). У 1672—76 на дыпламат. рабоце ў Парыжы. З 1676 на службе ў гановерскіх герцагаў. Заснавальнік (1700) і першы прэзідэнт Берлінскай АН. Адзін са стваральнікаў дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння, даследчык у галіне фізікі і механікі, пачынальнік матэм. логікі. Займаўся геалогіяй, біялогіяй, псіхалогіяй, лінгвістыкай, гісторыяй, юрыспрудэнцыяй. Аўтар шэрагу тэхн. вынаходстваў (гідраўлічны рухавік, лічыльная машына, пнеўматычныя прылады і інш.). Асн. творы: «Новая сістэма прыроды» (1695), «Новыя вопыты пра чалавечы розум» (1704), «Новы метад максімумаў і мінімумаў» (1684), «Тэадыцэя» (1710), «Манадалогія» (1714). Быццё ўяўляў як бясконцую колькасць дзейных субстанцый, непадзельных першаэлементаў — манад, якія з’яўляюцца духоўнымі, дзейнымі ўтварэннямі. Кожная з манад, паводле Л., першапачаткова валодае здольнасцю ўспрымаць (перцэпцыяй), але гэта толькі бессвядомы стан манады; усвядомленым успрыманнем (аперцэпцыяй) валодае толькі чалавек. У тэорыі пазнання Л. імкнуўся пераадолець крайнасць дэкартаўскага рацыяналізму і эмпірызму Дж.Лока, адмаўляў вучэнне Р.Дэкарта пра прыроджаныя ідэі і вучэнне Лока пра душу як «чыстую дошку». Ён лічыў, што існуюць ісціны фактаў (адкрываюцца вопытам) і метафіз. (вечныя) ісціны, якія выяўляюцца з дапамогай розуму. На Беларусі філас. і навук. працы Л. былі вядомы з 1-й пал. 18 ст.; уплыў яго ідэй заўважаецца ў працах Б.Дабшэвіча, Г.Каніскага і інш.бел. мысліцеляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХАВІ́К УНУ́ТРАНАГА ЗГАРА́ННЯ,
від цеплавога рухавіка, у якім хім. энергія, выдзеленая пры згаранні паліва, пераўтвараецца ў мех. энергію або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. Падзяляюцца на поршневыя, газатурбінныя рухавікі і рэактыўныя рухавікі.
Поршневыя Р.ў.з. маюць крывашыпна-шатунны (ці ротарны; гл.Ротарная машына) і газаразмеркавальны механізмы, сістэмы сілкавання, запальвання, ахаладжэння, змазкі і рэгулявання. Бываюць 2- і 4-тактавыя (найб. пашыраны). Акрамя таго, адрозніваюць газавыя рухавікі і рухавікі вадкага паліва (лёгкага, напр., бензіну і цяжкага, напр., дызельнага), а таксама рухавікі з унутр. і знешнім сумесеўтварэннем. Да Р.у.з. адносяць карбюратарныя (гаручая сумесь утвараецца ў карбюратары), помпава-карбюратарныя (сумесь утвараецца ва ўсмоктвальным трубаправодзе, куды паліва ўпырскваецца помпай) і газазмяшальныя (сумесь газавага паліва і паветра ўтвараецца ў газазмяшальніку). Запальванне ў такіх рухавіках прымусовае ад іскры ці факела. У рухавіках з унутр. сумесеўтварэннем запальванне гаручай сумесі ажыццяўляецца ад напаленай дэталі камеры згарання (каларызатара) ці ад нагрэтага сціснутага паветра (гл.Дызель). Р.ў.з. выкарыстоўваюцца на аўтамаб., чыг. і марскім транспарце, у ваеннай справе, энергетыцы і інш.
Літ.:
Двигатели внутреннего сгорания: Теория поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1983.
Я.А.Старадзетка, Ч.Б.Драбышэўскі.
Схема работы двухтактнага рухавіка ўнутранага згарання: а — сцісканне гаручай сумесі ў цыліндры і запаўненне крывашыпнай камеры; б — прадуўка прадзіманне* і выпуск; 1 — цыліндр; 2 — карбюратар; 3 — упускное акно; 4 — выпускное акно; 5 — крывашыпная камера.Схема работы чатырохтактнага карбюратарнага рухавіка ўнутранага згарання: 1 — упусканне; 2 — сцісканне; 3 — рабочы ход; 4 — выпусканне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
а́рфа1, ‑ы; Рмн. ‑аў; ж.
Шчыпковы музычны інструмент у выглядзе вялікай трохвугольнай рамы з нацягнутымі на ёй струнамі.
•••
Эолава арфа — скрынка з тонкіх дошчачак з нацягнутымі на ёй струнамі, якія гучаць пад дзеяннем ветру (ад імя міфічнага грэчаскага ўладара вятроў Эола).
[Ням. Harfe.]
а́рфа2, ‑ы; Рмн. ‑аў; ж.
Сельскагаспадарчая машына для ачысткі зерня пасля малацьбы ад мякіны і смецця. Стаяць пад крытым дахам Арфы, сеялкі, плугі.Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
машы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Рмн. ‑нак; ж.
1.Памянш.дамашына (у 1 знач.). Швейная машынка.
2. Невялікая прылада для якой‑н. работы. Машынка для набівання папярос. □ У школе ёсць машынка. На школьным двары ў часе перапынку стрыжэ настаўнік сваіх маленькіх вучняў.Колас.//Разм. Тое, што і пішучая машынка. У прыемнай кабінета дробненька стукала машынка.Кулакоўскі.
•••
Пішучая машынка — механізм з клавішамі-літарамі для ручнога друкавання тэксту.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
механі́зм, ‑а, м.
1. Унутраная частка машыны, прылады, апарата і пад., якая прыводзіць іх у дзеянне. Ледзь чутна цікаў гадзіннікавы механізм заведзенай міны.Шамякін.//Машына, прыстасаванне для чаго‑н. Цяпер .. ідзе ўборка багатага ўраджаю, на палі выйшлі механізмы.«Звязда».
2.перан. Унутраны лад, сістэма чаго‑н. Дзяржаўны механізм. Гаспадарчы механізм.
3.чаго. Сукупнасць працэсаў, з якіх складаецца якая‑н. фізічная, хімічная, фізіялагічная і пад. з’ява. Механізм хімічнай рэакцыі.
[Новалац. mechanismus, ад грэч. mēchanē — машына.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
снара́д, ‑а, М ‑дзе. м.
1. Від боепрыпасаў для стральбы з гармат. Процітанкавы снарад. Артылерыйскі снарад. □ Недзе зусім блізка разарваўся снарад.Шамякін.Час ад часу за ракой грукалі цяжкія гарматы, і над галавой Ягорава з пранозлівым свістам праляталі снарады.Краўчанка.
2. Прылада, прыстасаванне для спартыўных практыкаванняў. Гімнастычныя снарады. □ Разам з іншымі навічкамі знаёміўся [Паўлік] са спартыўнымі снарадамі, вывучаў розныя прыёмы бою на рапірах.Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлескапі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэлескопа, уласцівы яму. Тэлескапічная труба.// Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлескопа. Тэлескапічныя назіранні за Венерай.
2.Спец. Які моцна павялічвае. Тэлескапічныя акуляры.
3.Спец. Які падымаецца і апускаецца ў выніку павароту вакол сваёй восі накшталт тэлескопных труб. Тэлескапічны кран. □ З гэтага завода выйшлі металічныя апалубкі са ступеньчатай рэгуліроўкай, тэлескапічныя перасоўныя вышкі, машына для наклейкі рубероіда з адначасовыя пакрыццём бітума — цэлую брыгаду страхароў замяняе...Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ура́з, прысл.
1. У той жа момант, імгненна; раптам. Машына фыркнула пакрыўджана клубам шызага дыму, ураз падхопленага хлёсткім асеннім ветрам, уздрыгнула, але з месца не скранулася.Быкаў.Андрэй змоўчаў, бо сварка магла разгарэцца ўраз.Чарнышэвіч.
2. За адзін прыём, адразу. Люся зірнула ў вочы Гарбачову, нібы хацела ўраз разгадаць, што задумаў гэты чалавек.Шашкоў.Зрэдку, калі вецер ураз замятаў чалавечыя сляды, атрад хадзіў у далёкія, цёплыя вёскі.Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
буксі́р
(рус. буксир, ад гал. boegseeren = цягнуць)
1) трос, пры дапамозе якога адно судна можа цягнуць другое або машына машыну;
2) судна, прызначанае для перацягвання несамаходных суднаў, плытоў;
узяць на б. — аказаць дапамогу ў выкананні чаго-н.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ця́га, -і, ДМ ця́зе, ж.
1. Рухаючая сіла, пры дапамозе якой перамяшчаецца што-н., а таксама крыніца такой сілы (жывёла, машына, электрычнасць).
Паравая ц.
Конная ц.
2. Рух газаў, дыму (звычайна ў топачных і вентыляцыйных канструкцыях), які выклікаецца рознасцю ціску.
Печ дыміць ад слабой цягі.
3.перан. Імкненне, прыхільнасць да каго-, чаго-н.
Ц. да навукі.
Неадольная ц.
4. Стрыжань, які перадае рух ад адной часткі механізма да другой (спец.).
Стрэлачная ц.
5. У архітэктуры: тынкавальны або каменны паясок, які падзяляе вонкавыя і ўнутраныя сцены, абрамляе столь і пано.
6. Шлюбны палёт самца слонкі ў пошуках самкі (спец.).
|| прым.ця́гавы, -ая, -ае (у 1 знач.).
Цягавая сіла.
Ц. электрарухавік.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)