род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 3 віды: Д. лекавая (F. officinalis), трапляецца ўсюды як пустазелле; Ваяна (F. vaillantii), вельмі рэдкі від, расце на мелавых агаленнях; казіная (F. capreolata), трапляецца зрэдку як здзічэлая.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шызае, нібы дымчатае (адсюль назва), або зялёнае. Кветкі дробныя, фіялетава-ружовыя, радзей белыя, з кароткімі шпорцамі, сабраныя ў гронкі. Плод арэшкападобны. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, патагонны, узбуджаны і танізоўны сродак) і фарбавальныя расліны. Ядавітыя (маюць фумаравую к-ту, алкалоід фумарын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЦЭ́НТРА, дыклітра (Dicentia),
род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды: Д. цудоўная (D. spectabilis, радзіма — Кітай, Карэя) і прыгожая, або амерыканская (D. formosa, радзіма — Паўн. Амерыка). Вырошчваюць у садах і кветніках. Размнажаюць дзяленнем кустоў і карэнішчаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамым разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце трайчаста-раздзельнае, перыстарассечанае або складанае, зялёнае ці шызавата-зялёнае. Кветкі пляскатыя, сэрцападобныя (адсюль бытавая назва расліны — «разбітае сэрца»), пераважна ружовыя або пурпуровыя, у доўгіх аднабаковых гронках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРВІ́ЛА (Diervilla),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Вельмі блізкі да роду вейгела. 5відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі 3 інтрадукаваныя віды: Д. бружмелевая (D. lonicera), сядзячалістая (D. sessilifolia) і прырэчная, або ручаёвая (D. rivularis). Вырошчваюцца пераважна ў бат. садах, дэндрарыях і парках. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Лістападныя кусты выш. да 2 м з разгалінаванымі парасткамі і шчыльнай шарападобнай кронай. Лісце простае, супраціўнае, авальна-выцягнутае або падоўжанае, бліскучае, па краі пілаватае. Кветкі двухполыя, няправільныя, зеленавата-жоўтыя, даўж. да 1 см, у гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — 2-гнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫХВО́СТКІ (Phoenicurus),
род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках з дуплаватымі дрэвамі, у садах і парках паблізу жылля, у скалах каля горных лугоў. На Беларусі 2 віды: гарыхвостка звычайная (P. phoenicurus) і гарыхвостка-чарнушка (P. ochruros).
Даўж. 14—18 см, маса 13—17 г. Апярэнне самцоў яркае, самак больш цьмянае. Хвост звычайна рыжы (адсюль назва). Гнёзды ў дуплах, штучных гняздоўях або скалах. Выседжваюць 3—7 птушанят. Кормяцца насякомымі, зімой пераважна насеннем і пладамі.
Гарыхвосткі: 1 — звычайная; 2 — чарнушка (а — самец; б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЗКА, лікападыела (Lycopodiella),
род споравых раслін сям. дзеразовых. Каля 20 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі зрэдку трапляецца Дз. заліўная (L. inundata). Расце на сфагнавых балотах, вільготных грунтавых агаленнях у кар’ерах і каля дарог. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовазялёныя расліны з доўгімі вілавата-галінастымі (дыхатамічнымі) паўзучымі сцёбламі даўж. да 1 м, якія месцамі перарываюцца. Ад сцёблаў адыходзяць вертыкальныя густааблісцелыя парасткі выш. да 10 см, на канцах якіх утвараюцца стробілы. Лісце дробнае, сядзячае, лінейна-ланцэтнае. Спарафілы зялёныя, шылападобныя. каля асновы расшыраныя, на краі зубчастыя. Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬМЕ́Н (франц. dolmen ад брэтонскага tol стол + men камень),
старажытнае пахавальнае збудаванне, адзін з відаў мегалітычных збудаванняў. Складзены з вялізных каменных глыб і пліт да некалькіх дзесяткаў тон, пастаўленых вертыкальна і накрытых адной або некалькімі плітамі зверху. Найчасцей у Д. рэшткі некалькіх памерлых з каменнымі або бронзавымі прыладамі і ўпрыгожаннямі. Некат. Д. выкарыстоўваліся для пахаванняў на працягу дзесяткаў і нават соцень гадоў. Пашыраны ў прыморскіх абласцях Паўн. Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і ў Крыме (бронзавы век), і Азіі (жалезны век).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ БЕТО́Н,
бетон, які выкарыстоўваецца для буд-ва аб’ектаў або іх канструкцыйных элементаў, якія пастаянна ці перыядычна знаходзяцца ў кантакце з водным асяроддзем. Належыць да цяжкіх бетонаў (шчыльн. 2300—2500 кг/м³), шырока ўжываецца ў гідратэхнічным будаўніцтве. Мае пэўную воданепранікальнасць, марозаўстойлівасць, мех. трываласць і расцяжнасць, ступень лінейных змен пры ўвільгатненні, высыханні і інш. Гідратэхнічны бетон прыбаўляюць з розных відаўпартландцэменту, буйных і дробных запаўняльнікаў (жвір, друз, пясок, сумесі зерняў цвёрдых і шчыльных парод), вады, дабавак (паверхнева-актыўныя, пластыфікавальныя і інш.).
Літ.:
Трапезников Л.П. Температурная трещиностойкость массивных бетонных сооружений. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАРЫЁН (Hipporion),
род вымерлых трохпальцых коней атр. няпарнакапытных. Больш за 50 відаў. Існавалі з верхняга міяцэну да ранняга плейстацэну. Сфарміраваліся ў Паўн. Амерыцы, потым засялілі ўсе мацерыкі, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. Жылі вял. табунамі (да некалькіх тысяч галоў) на травяністых раўнінах тыпу саваннаў.
Былі памерам з невял. каня (выш. ў карку да 1,5 м). Мелі карэнныя зубы больш нізкія, чым у сучасных коней. Бакавыя пальцы (2-і і 4-ы) невял., маглі шырока рассоўвацца ў бакі. Гіпарыёна змянілі аднапальцыя коні, якія лепш прыстасаваліся да жыцця ў стэпах і рассяліліся з Паўн. Амерыкі на інш. кантыненты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЧО́ЎНІК (Conioselinum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ў лясных раёнах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдка ў паўн. і ўсх. раёнах трапляецца гірчоўнік татарскі, або похвенны (C. tataricum). Расце ў лісцевых лясах і хмызняках, у далінах невял. рэк. Патрабуе аховы.
Шматгадовыя голыя травяністыя расліны з прамастойным, каленчата-сагнутым у вузлах, уверсе разгалінаваным цыліндрычным сцяблом з шызым налётам, выш. да 150 см. Ніжняе лісце чаранковае, двойчы-тройчыперыстарассечанае, верхняе сядзячае, больш дробнае. Кветкі белыя, дробныя, у складаных парасоніках. Плод — голы, бліскучы віслаплоднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЯЗДО́ЎКА (Nidularia),
род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў сям. гняздоўкавых. Вядома каля 30 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі — гняздоўка запоўненая (N. farcta). Сапратроф. Расце групамі ў лясах, парках, садах на адмерлай драўніне, зрэдку на глебе. Пладаносіць у ліп.—кастрычніку.
Пладовыя целы дыяметрам 0,5—0,7 см, няроўнашарападобныя, прыплясканыя, сядзячыя, з шырокай асновай, унутры з круглаватымі цельцамі (у іх развіваюцца базідыі са спорамі), адкрываюцца зверху шчылінай. Абалонка таўстасценная, часта лямцаватая, звонку напачатку белаватая, потым карычневая, унутры гладкая, бліскучая. Споры кароткаэліпсоідныя, гладкія, бясколерныя.
Гняздоўка запоўненая: 1 — вонкавы выгляд пладовага цела; 2 — пладовае цела ў разрэзе.