ШАРТГО́РНСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы, шартгорн (ад англ. shorthorn караткарогі),
парода мяснога і малочна-мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Вялікабрытаніі паляпшэннем мясц. караткарогай жывёлы пры скрыжаванні з галандскімі пародамі. Пашырана ў краінах Еўропы, ЗША, Аўстраліі. Выкарыстоўвалася пры вывядзенні парод бястужаўскай, курганскай, санта-гертруда.
Жывёлы мяснога тыпу маюць далікатную рыхлую канстытуцыю, тулава кампактнае і шырокае, галава і шыя кароткія і шырокія, добра развіта мускулатура. У жывёл малочна-мяснога тыпу тулава падоўжанае, галава лёгкая і сухая, шыя доўгая і тонкая. Рогі кароткія, сустракаецца камоласць Масць чырв., белая, шэрая. Маса быкоў 850—950, кароў 450—570 кг. Скараспелыя. Надой малака за год 3500—4000 кг, тлустасць 3,7—3,9%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́КАН (Yukon),
плато ў сістэме Унутр. пояса Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША (штат Аляска) і Канадзе. Буйныя масівы з плоскімі вяршынямі (выш. да 1500—2000 м), асобныя тэктанічныя катлавіны. Горныя масівы складзены пераважна з крышт. парод і маладых вулканічных покрываў. Дно катлавін размешчана на выш. 200—500 м, укрыта рыхлымі антрапагенавымі адкладамі. Радовішчы медзі, свінцу, кам. вугалю, нафты, золата. Клімат субарктычны, кантынент., на З больш мяккі. Сярэдняя т-растудз. да -30 °C, ліп. 10—15 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Разгалінаваная сетка рэк бас. Юкан і Кускаквім. На тэрасах і прыдалінных схілах да выш. 400 м — хвойныя лясы, вышэй рэдкалессі і гарнатундравая расліннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯП (Yap),
група вулканічных астравоў у зах. частцы Ціхага ак., уваходзіць у групу Каралінскіх астравоў. Пл. 100 км². Выш. да 178 м. Клімат субэкватарыяльны акіянічны. Ападкаў да 3000 мм за год. Трапічныя вечназялёныя лясы, ва ўнутр. раёнах — саванна. Рыбалоўства, земляробства (таро, батат, цукр. трыснёг). Уздоўж усх. падножжа астраўной дугі праходзіць аднайм. глыбакаводны жолаб (даўж. 460 км, сярэдняя шыр. 72 км, найб.глыб. 8850 м), які працягваецца таксама ўздоўж астраўной дугі Нгулу. Разам яны ўтвараюць паўд.-ўсх. мяжу Філіпінскага м. Карэннае насельніцтва а-воў Я. (мікранезійцы) мелі грошы ў выглядзе каменных дыскаў дыяметрам да 2 м з адтулінай пасярэдзіне (вагой нярэдка да некалькіх тон), якія адным з першых апісаў рус. вучоны М.М.Міклуха-Маклай.
1. Папар; адпачываючае адзін год поле, на якім сеюць азімыя (Жытк., Касц.Бяльк., Лёзн., Маз., Нас., Слаўг., Стол.). Тое ж па́рына (Мсцісл., Слаўг.), пар (паўсям.), па́рініна (Касц.Бяльк., Слаўг.).
2. Пакінуты папар пад пашу; аблога (Крыч., Слаўг.); часовы папас на папары (Лёзн., Слаўг., Тал.Мядзв.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
БЕРМУ́ДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Bermuda),
уладанне Вялікабрытаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак. (900 км на У ад Паўн. Амерыкі). Пл. 53,3 км². Нас. 60,7 тыс.чал. (1993), каля 60% — негры, астатнія пераважна англічане і амерыканцы. Адм. ц. і порт — г.Гамільтан (на найб. в-ве Бермуда). Афіц. мова англійская. Большасць вернікаў англікане і метадысты. Астравы каралавыя, складзены з вапнякоў, размешчаны на вяршыні патухлага падводнага вулкана. Выш. да 79 м. Клімат трапічны, умерана вільготны. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца (сак.) 16,7 °C, самага цёплага (жн.) 26,7 °C. Ападкаў да 1350 мм за год. Аснова гаспадаркі (занята палавіна самадзейнага насельніцтва) — курортная справа і абслугоўванне турыстаў (больш за 500 тыс.чал. за год). Вырошчванне кветак (вывозяцца ў ЗША), агародніцтва (ранняя агародніна і бульба) і пладаводства (бананы, цытрусавыя). Прам-сць: нафтаперапр., фармацэўтычная, хім., харч., у т. л. рыбаперапрацоўчая; суднабудаванне (спарт. судны, яхты) і суднарамонт; здабыча і перапрацоўка вапняку. Транспарт аўтамаб. (7 астравоў злучаны дамбамі і мастамі). Міжнар. аэрапорт (в-аў Бермуда). Гандл. сувязі пераважна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай. Грашовая адзінка — бермудскі долар.
Гісторыя. Адкрыты ў 1522 ісп. мараходам Х.Бермудасам. У 1609 тут з’явіліся першыя англ. пасяленцы, з 1684 Бермудскія астравы — калонія Вялікабрытаніі. Да 1862 важны ваенна-марскі порт і месца ссылкі. У час 2-й сусв. вайны мелі стратэг. значэнне як брыт. марская авіябаза. З 1941 арандаваны ЗША (ваен. базы).
З 1968 унутр. самакіраванне (у 1973 пашырана). Дзеянні брыт. і мясц. адміністрацыі з мэтай атрымання Бермудскімі астравамі незалежнасці (канец 1970-х г.) не падтрыманы насельніцтвам. Дзейнічае канстытуцыя 1968 (са зменамі 1973 і 1979). Брыт. манарх прадстаўлены ген.-губернатарам. Заканадаўчы орган — двухпалатны парламент. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэм’ер-міністр. Паліт. партыі: Аб’яднаная бермудская партыя, Прагрэс. лейбарысцкая партыя, Нац. ліберальная партыя. Прафсаюзы: Бермудскі саюз прамысл. працоўных, Бермудская асацыяцыя дзярж. служачых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКУ́МЫ Туркменскія, пясчаная пустыня на Пд Сярэдняй Азіі, у Туркменістане. На Пн і ПнУ абмежавана Сарыкамышскай упадзінай і далінай Амудар’і, на ПдУ — узвышшамі Карабіль і Бадхыз, на Пд — падгорнай раўнінай Капетдага, на З — сухім рэчышчам Зах. Узбоя. Пл. каля 350 тыс.км². К. ўтвораны пераважна з пясчаных адкладаў пра-Амудар’і, на Пд — з асадкаў рэк Тэджэн і Мургаб. Пераважаюць пяскі, у асноўным замацаваныя градавыя, на Пд — бугрыстыя; пашыраны таксама сыпучыя барханавыя пяскі, пераважна вакол такыраў, што ўтварыліся на гліністых адкладах стараж. рачных разліваў. Характэрны саланчаковыя катлавіны — шоры. Радовішчы карысных выкапняў: сера (Дарваза), газ (Дарваза—Зеаглі, Ачак, Байрам-Алі), нафта. У рэльефе К. вылучаюцца: паўн. Заунгузскія К., або Заунгузскае плато (выш. пясчаных град да 40—60 м); паўд. Нізінныя, або Цэнтральныя, і Паўд.-Усходнія К. (выш. град ад 3—5 м да 30 м). Па мяжы Нізінных і Заунгузскіх К. размешчаны Унгуз. У Паўд.-Усх. К. знаходзіцца сухое рэчышча Узбоя Келіфскага. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 28 °C да 34 °C. Сутачныя амплітуды т-ры паветра да 50 °C. Ападкаў ад 60 да 150 мм (на Пд) за год. Па паўн.-ўсх. мяжы К. цячэ р. Амудар’я; Тэджэн і Мургаб губляюцца ў пясках. К. багатыя грунтавымі водамі. Глебы на зарослых пясках шэра-бурага тыпу, у паніжэннях — саланчакі і такыры. Пераважае рэдкая травяністая расліннасць (пясчаная асака) з зараснікамі хмызнякоў (белы і чорны саксаул, пясчаная акацыя, эфедра, астрагалы), на барханавых пясках — кандым, чэркез, злак селін. Жывёльны свет: пясчаная рысь—каракал, джэйран, ліс, дзікабраз, заяц, грызуны, стэпавая чарапаха, яшчаркі—агама, геконы, варан, змеі; птушкі — саксаульная сойка, пустынны груган, павукападобныя — фалангі, скарпіёны. Большая ч. пустыні ўвесь год выкарыстоўваецца як паша. Уздоўж Амудар’і, Мургаба, Тэджэна, арашальнага Каракумскага канала аазіснае земляробства. У Паўд.-Усх. К. — Рэпетэкскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ,
рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.