расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.К.Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.І.Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр.фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн.спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в.Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Літ.:
Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;
Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;
Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ.Т. 1—3. Смоленск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I (Wilhelm; 22.3.1797, Берлін — 9.3.1888),
прускі кароль [1861—88] і герм.імператар [1871—88]. З дынастыі Гогенцолернаў. Сын Фрыдрыха Вільгельма III. Прафес. ваенны, ген. ад інфантэрыі (1840). Удзельнічаў у вайне 1814—15 кааліцыі еўрап. дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Пасля ўступлення на прускі прастол бяздзетнага старэйшага брата Фрыдрыха Вільгельма IV атрымаў тытул прынца (1840). Кіраваў задушэннем Бадэнска-Пфальцкага паўстання 1849. Ваен. губернатар Рэйнскай вобл. і Вестфаліі (з кастр. 1849). У 1858—61 рэгент пры псіхічнахворым Фрыдрыху Вільгельме IV, пасля яго смерці (2.1.1861) кароль. У 1867—71 прэзідэнт Паўночнагерманскага саюза. У час праўлення Вільгельма I актыўную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрываў прызначаны ім у 1862 прускі прэм’ер-міністр (у 1871 пасля аб’яднання герм. зямель у адзіную імперыю выбраны яе рэйхсканцлерам) О. фон Бісмарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКЛЕТЫЯ́Н Гай Аўрэлій Валерый (Gaius Aurelius Valerius Diocletianus; каля 240, Дыяклея, каля сучаснага г. Шкодэр, Албанія — 3.12.316),
старажытнарымскі імператар [284—305]. Прафес. ваенны. Абвешчаны імператарам пасля смерці правіцеля Нумерыяна. Ліквідаваў паўстанне багаудаў у Галіі (285—286), маўрытанскіх плямён у Афрыцы (290—295) і інш. З мэтай паляпшэння кіруемасці Рым. імперыяй падзяліў яе на 4 часткі (тэтрархіі; складаліся з 12 дыяцэзаў), прызначыў 3 суправіцеляў (293), аддзяліў ваен. ўладу ад цывільнай, павялічыў армію, устанавіў фіксаваныя цэны і памер заработнай платы, увёў новую сістэму падаткаабкладання. У 303—304 праследаваў хрысціян. У 305 добраахвотна адмовіўся ад улады, жыў у сваім маёнтку ў Салоне (сучасны г. Спліт, Харватыя), дзе і памёр. Гл. таксама Дамінат.
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 243—248.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЎДЗІЙ, Тыберый Клаўдзій Нерон Германік (Tiberius Claudius Nero Germanicus; 1.8.10 да н.э., Лугдунум, цяпер г. Ліён, Францыя — 13.10.54 н.э.),
старажытнарымскі імператар [41—54 н.э.]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Абвешчаны імператарам пасля забойства яго пляменніка Калігулы. За час праўлення К. ўмацавана ваен. дыктатура і імператарская ўлада, у т. л. за кошт выцяснення і замены сената, закладзены асновы імперскай бюракратыі, палепшана фін. становішча дзяржавы, упарадкавана падаткаабкладанне, правінцыялы надзелены правамі рым. грамадзян, пашыраны межы дзяржавы, у т. л. далучаны Паўд. Брытанія, Маўрэтанія. Пры ім пабудаваны гавань у Остыі, 72 км водаправода і інш. Атручаны жонкай Агрыпінай.
Літ.:
Крист К. История времен римских императоров от Августа до Константина. Т. 1. Ростов н/Д, 1997;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 128—134.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫ́ДРЫХ I БАРБАРО́СА (Friedrich I Barbarossa літар. — чырванабароды; каля 1122, г. Вайблінген, Германія — 10.6.1190),
германскі кароль (з 1152), імператар«Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1155—90]. З дынастыі Штаўфенаў. Сын і нашчадак герцага Швабіі Фрыдрыха II Аднавокага [1105—47]. З 1147 герцаг Швабіі (пад імем Фрыдрых 111). У 1153 заключыў у г. Канстанц (Германія) дагавор аб узаемным прызнанні правоў рым. папы і герм. імператара, але ў 1157 адмовіўся прызнаваць вяршэнства папы. Дзеля атрымання імператарскай кароны ад рым. папы і падпарадкавання італьян. зямель зрабіў 6 ваен. паходаў у Італію (1154—55, 1158—62, 1163, 1166—68, 1174—78, 1184), у час якіх каранаваны (1155). З 1178 таксама кароль Бургундыі. У 1180 дамогся суда над Генрыхам Львом. У 1183 заключыў мір з Ламбардскай лігай. Удзельнік 3-га крыжовага паходу (1189—90).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́МВЛІХ (Jamblichos) (каля 250, Халкіс, Сірыя — каля 325),
познаантычны філосаф-неаплатонік. Вучыўся ў Александрыі, потым у Рыме ў неаплатоніка Парфірыя. Працягваў характэрную для ўсяго неаплатанізму традыцыю сінтэзу буйнейшых ант.філас. вучэнняў з мэтай стварэння універсальнай карціны быцця. Зрабіў спробу рэстаўрацыі язычніцкага політэізму і міфалогіі шляхам міфалагічнай інтэрпрэтацыі неаплатанічнай іерархіі універсуму (быцця), абазначыў абстрактныя філас. катэгорыі імёнамі багоў і інш. міфалагічных істот. Распрацаваў тэорыю містэрыяльнай тэургіі (багадзейства), г.зн. далучэння людзей да прыроды бажаства праз здзяйсненне пэўных дзеянняў. Аўтар прац «Аб егіпецкіх містэрыях», «Аб піфагарэйскім жыцці», шматлікіх каментарыяў да прац Платона, Арыстоцеля і інш. Прыхільнікам вучэння Я. быў імператарЮліян, які бачыў у ім альтэрнатыву хрысціянству.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 7, ч. 1. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III АРА́НСКІ (Willem van Oranje; 14.11.1650, г. Гаага, Нідэрланды — 19.3.1702),
статхаўдэр (правіцель) Нідэрландаў [1672—1702], кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі [1689—1702]. Ва ўмовах пагрозы англа-франц. інтэрвенцыі прызначаны ў 1672 галоўнакаманд., пазней пажыццёвым статхаўдэрам. Стварыў антыфранц. кааліцыю (герм.імператар і брандэнбургскі курфюрст, пазней далучыліся Іспанія і Данія), прымусіў Людовіка XIV вывесці войскі з Нідэрландаў і заключыць мір (1678). У перыяд т.зв. Слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. ў арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя) запрошаны апазіцыяй (вігамі) на англ. трон. У 1689—97 на чале войск новай антыфранц. кааліцыі змагаўся з Людовікам XIV у Фландрыі; у выніку заключанага ў 1697 міру Францыя прызнала яго каралём Англіі.
Садзейнічаў развіццю англ. парламентарызму: пры ім прыняты «Біль аб правах» (1689), Акт аб 3-гадовым парламенце (1694), Акт аб пераходзе прастола ў спадчыну (1701).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ Марк (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,
Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл.Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАФЕЛІ́ТЫ (ад мона... + грэч. thelēma воля),
прыхільнікі рэліг.-філас. вучэння, якое склалася ў 7 ст. ў Візантыі. Было кампрамісам паміж артадаксальнай догмай, прынятай на Халкідонскім саборы, і монафізіцтвам. Паводле вучэння М., Хрыстос валодаў дзвюма прыродамі (чалавечай і божай), але адной воляй і адной «энергіяй» (богачалавечай), і самастойнасць чалавечай волі Хрыста знікла ў выніку яе паглынання божай воляй. Найб. вядомыя М.: Сергій, патрыярх канстанцінопальскі (610—638), Кір, епіскап Фасіса, Феодар, епіскап Фарана (Сінайскі п-аў). Улады Візантыі падтрымлівалі вучэнне М., бо разлічвалі з яго дапамогай умацаваць свае пазіцыі ў па-монафізіцку настроенага насельніцтва ўсх. правінцый, у 638 яго афіцыйна ўхваліў імператар Іраклій. Аднак М. былі асуджаны як ерэтыкі на Латэранскім (648) і Канстанцінопальскім (680—681) саборах. Пасля разгрому М. усталявалася містычнае вучэнне пра 2 прыроды і 2 волі Хрыста.