медзь, ‑і, ж.

1. Хімічны элемент, метал чырванаватага колеру, вязкі і коўкі. // перан. Пра колер, які нагадвае колер медзі; чырвона-жоўты. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі. А неба звінела дубамі І сыпала медзь жалудоў. Пысін.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. Не трубіў на зары гарніст, Не грымела аркестраў медзь. Панчанка.

3. зб. Разм. Медныя грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэрмо́метр, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння тэмпературы ў пэўных адзінках (градусах). [Наталля:] Пакажыце вашу тэмпературу. (Глядзіць на тэрмометр). Усё ў парадку. Я думала, ці можна вас адпраўляць. Крапіва. // перан. Пра тое, што вымярае, паказвае змены ў сферах грамадскага жыцця. [Фрэйда:] — Вялікі гонар быць на чырвонай дошцы. Вялікая ганьба — на чорнай. Чырвона-чорная дошка як бы тэрмометр нашай працы. Бядуля.

•••

Ставіць тэрмометр гл. ставіць.

[Ад грэч. thermē — цяпло, гарачыня і merteō — вымяраю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАНКІ́ЎСКІ ПЕ́ВЕНЬ (Gallus gallus),

птушка сямейства фазанавых. Пашыраны ў Індыі і Паўд.-Усх. Азіі. У прыручаным стане завезены на Яву, Філіпінскія а-вы, Новую Гвінею і а-вы Палінезіі, дзе месцамі здзічэў. Жыве ў лясных і кустовых джунглях у гарах і на раўнінах.

Даўж. цела да 66 см, маса самцоў 0,9—1,25 кг, самак 0,5—0,75 кг. Афарбоўка самца чырвона-залацістая на спінным баку і чарнавата-бурая на брушным, самкі бураватыя. У самца высокі мясісты грэбень на галаве, голыя шчокі і 1 або 2 вушныя лопасці, або «завушніцы». Гняздо на зямлі ў паглыбленнях. Корміцца насеннем, зернем, часткамі раслін і насякомымі. Ад банкіўскага пеўня паходзяць шматлікія пароды свойскіх курэй.

Банкіўскі певень.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМУЗІ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі ў канцы 19 ст. шляхам паляпшэння аквітанскай жывёлы (правінцыя Лімузен). На Беларусі вытворнікаў гэтай пароды выкарыстоўваюць на племзаводзе «Прыазёрны» Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.

Выш. быкоў у карку да 138 см, маса да 1150 кг, кароў адпаведна да 128 см і 640 кг. Будова цела моцная. Галава кароткая, лоб шырокі, рогі тонкія, закругленыя. Шыя кароткая, тоўстая, грудзі шырокія. Спіна шырокая, роўная. Ногі сярэдняй даўжыні, моцныя. Масць чырв. з адценнямі ад залаціста-рыжай да чырвона-бурай. Малочнасць кароў да 1800 кг з 5% тлушчу. Гадавалыя бычкі могуць дасягаць масы 450—500 кг. Мяса з унутрымускульным тлушчам.

Бык лімузінскай пароды.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУТЫ́Л (ад лац. rutilus залаціста-чырвоны),

мінерал класа аксідаў, аксід тытану, TiO2; гал. кампанент тытанавых руд. Ізаморфныя прымесі: хром, ніобій, тантал, ванадый, волава. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Утварае зярністыя суцэльныя масы, крышталі прызматычныя, слупкаватыя да ігольчастых, зросткі з магнетытам, гематытам, ільменітам, урастанні ігольчастыя і воласападобныя ў кварцы («стрэлы Амура», «валасы Венеры»), гранаце; па крышталаграфічных напрамках урастанні ў сапфіры, рубіне, шпінэлі і інш. абумоўліваюць астэрызм (эфект мігцення зоркі). Колер чырвона-буры, жаўтаваты, сіняваты, чорны, зялёны. Цв. 6,5. Шчыльн. 4,2 г/см³. Крохкі. Радовішчы вядомы ў кварцытах, гнейсах, метамарфічных сланцах. Намнажаецца ў россыпах. Выкарыстоўваецца ў электроднай і лакафарбавай прам-сці, сыравіна на ніобій і тантал. Найб. радовішчы ў Аўстраліі (90% сусветнай здабычы).

Рутыл.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абрыко́с

(фр. abricot)

пладовае дрэва сям. ружавых, пашыранае ў Сярэд. Азіі, на Каўказе, а таксама сакаўны плод гэтага дрэва чырвона-жоўтага колеру; на Беларусі вырошчваецца аматарамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пі́нія

(польск. pinia, ад іт. pigna)

хвойнае дрэва сям. сасновых з парасонападобнай кронай і чырвона-бурай карой, пашыранае ў Міжземнамор’і; у іншых мясцовасцях вырошчваецца як дэкаратыўнае.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АПЕЛЬСІ́Н (Citrus sinensis),

вечназялёнае дрэва сям. рутавых. Здаўна культывуецца ў трапічных і субтрапічных краінах (у Кітаі больш за 2 тыс. гадоў, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа з 11 ст., на Пд Еўропы з 15 ст.). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і як пакаёвую расліну.

Выш. 7—12 м. Лісце авальнае, кветкі адзіночныя або сабраныя ў суквецці, белыя, пахучыя. Плод — шматгняздовая ягада розных памераў, формы і афарбоўкі скуркі (ад светла-жоўтай да чырвона-аранжавай), сакаўны, салодкі ці кісла-салодкі, масай 100—500 г. Багаты цукрамі, лімоннай к-той, вітамінамі C, групы B, P. У скурцы да 2% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў парфумернай і кандытарскай прам-сці. Меданос. Размнажаецца прышчэпкай на трыфаліяце, памяранцы, сеянцах мясц. сартоў. Цепла- і вільгацелюбівая расліна.

Апельсін.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРШЫ́РСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы.

Малочнага кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Шатландыі ў графстве Эр (Ayr, Ayrshire) скрыжаваннем мясцовай жывёлы з шартгорнскай, джэрсейскай, гернзейскай і галандскай пародамі. Гадуюць у Расіі, ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. Выкарыстоўваюць для скрыжавання з мясц. жывёлай, каб павысіць тлушчамалочнасць.

Жывёла нізкарослая, мае моцны і лёгкі касцяк, добра развітае вымя. Масць чырвона-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 28—30 кг, ва ўзросце 12 месяцаў 240—260 кг, дарослых кароў 450—500 і быкоў 700—800 кг. Надой кароў за лактацыю 4200—5200 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,9—4,4%, рэкордны надой — больш за 10 тыс. кг. Сутачныя прыросты бычкоў на адкорме 750—800 г, забойны выхад дарослых жывёл 52—54%.

М.​П.​Грынь.

Карова айршырскай пароды.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ КУ́ФРЫ,

вырабы нар. майстроў з г. Давыд-Гарадок і навакольных вёсак Столінскага р-на. Промысел быў пашыраны ў 19 — 1-й пал. 20 ст. Паводле канструкцыі куфар рабілі ў выглядзе звужанай унізе дашчанай скрыні на 4 металічных ці драўляных колцах, з плоскім векам, якое выступала за бакавыя сценкі, з уразным ці накладным замком з акоўкай і 2 ручкамі па баках. Фарбавалі ў чырвона-вохрысты колер. Гладкія палосы бляхі, звычайна прафіляваныя, аздаблялі вуглы куфра і край века. Шырокія жал. палосы, што падзялялі пярэднюю сценку куфра на 4 часткі, заканчваліся дэкар. стылізаванымі выявамі галоў птушак, змей або звычайным закругленнем. Часам пярэднюю сценку размалёўвалі расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе галінак з кветкамі.

М.​Ф.​Раманюк.

Давыд-гарадоцкі куфар.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)