полацкі князь з 988, сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапіснай легенды, за заступніцтва за маці хлопчык Ізяслаў быў разам з ёй адасланы бацькам на Полаччыну ў пабудаваны для іх г. Ізяслаўль (цяпер г.Заслаўе пад Мінскам). З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў (гл.Ізяславічы). Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку створана адно з першых епіскапстваў (991—992), уведзена пісьменства, аб чым сведчыць яго пячатка з надпісам, знойдзеная пры археал. раскопках у Ноўгарадзе. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку І.У. як чалавеку і хрысціяніну, першым з усходнеслав. князёў ахарактарызаваў як кніжніка: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Пражыў не больш як 25—26 гадоў. Меў 2 сыноў: Усяслава Ізяславіча і Брачыслава Ізяславіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭХІ́ЗІС (ад грэч. katēchēsis павучанне, вуснае настаўленне),
1) рэлігійная кніга; выкладанне асноў хрысц. веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. Першапачаткова слова «К.» азначала вуснае настаўленне асоб, якія пераходзілі ў хрысціянства, перад прыняццем імі хрышчэння. З 16 ст. К. — кніга, навуч. дапаможнік, мэта якога — агульнае рэліг. навучанне вернікаў. Пачатак такім выданням паклаў М.Лютэр, які ў 1529 надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 у Ватыкане выдадзены «Рымскі катэхізіс», у якім выкладзена каталіцкая дактрына: сімвал веры, таінствы, дэкалог (10 запаведзей), гал. малітвы. У сярэдзіне 19 ст.правасл. мітрапаліт Філарэт (Драздоў) склаў «Прасторны катэхізіс», які доўгі час быў падручнікам па закону Божаму. На бел. мове ў 1562 выдадзены «Катэхізіс» С.Буднага, у 1783 — Л.Зізанія. Існуе некалькі варыянтаў К. Звычайна яны складаюцца з 3 частак: у 1-й даюцца звесткі пра Бога і царкву, у 2-й — этычныя настаўленні, у 3-й апісаны сродкі атрымання божай міласці.
2) У перан. сэнсе — твор, напісаны ў форме пытанняў і адказаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРКУЛЬТУ́РА (ад контр... + культура),
сістэма норм і стандартаў паводзін, уласцівых пэўнай сац. групе, якая адрозніваецца ад пануючых ці найб. распаўсюджаных у грамадстве узораў і каштоўнасцей культуры, процілеглая і варожая ім. Праяўленнем К. могуць з’яўляцца субкультуры злачынных груп, мафіёзных арг-цый, падп. сектаў і інш., якія кіруюцца акрэсленымі нормамі і правіламі паводзін. Тэрмін «К.» ўвёў у 1960-я г.амер. сацыёлаг Т.Розак для вызначэння духоўных арыентацый альтэрнатыўных маладзёжных груповак (хіпі і інш.), што процістаялі пануючым у той час у зах. краінах культ. каштоўнасцям, ідэалам мяшчанскага матэрыяльнага дабрабыту, жыццёвага поспеху, сац.канфармізму. У сучаснай культурфіласофіі тэрмін «К.» ўжываецца для вызначэння глыбінных пераўтварэнняў у культуры, новых духоўных парадыгм. У гэтым сэнсе ранняе хрысціянства, напр., уяўляецца як контркультурны феномен у адносінах да фундаментальнага іудаізму і панавання Рымск. імперыі; падобны характар мелі ўзнікненне мадэрнізму і постмадэрнізму ў культуры 20 ст. У канцы 20 ст. ў філас.-сацыялагічным усведамленні замацоўваецца паняцце К. як працэсу станаўлення будучых культ. узораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ЛІС [Novalis; сапр.Гардэнберг (Hardenberg) Георг Філіп Фрыдрых фон; 2.5.1772, каля г. Мансфельд, Германія — 25.3.1801],
нямецкі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік іенскіх рамантыкаў. Вучыўся ў Іенскім, Лейпцыгскім, Вітэнбергскім ун-тах (1790—94), скончыў Горную акадэмію ў Фрайбургу (1798). Ўласную філасофію «магічнага ідэалізму» (абсалютная ўлада чалавека ў духоўным і матэрыяльным свеце) развіваў у паэтычна-філас. «Фрагментах» (1798), аповесці «Вучні ў Саісе» (1800). Лірычны цыкл «Гімны да ночы» (1800) — філасофска-містычнае асэнсаванне праблемы жыцця і смерці. У «Духоўных песнях» (выд. 1802) Свяшчэннае Пісанне трактуе ў духу піетызму. У незавершаным рамане-міфе «Генрых фон Офтэрдзінген» (выд. 1802) ідэал гарманічнага чалавека ўвасоблены ў вобразе паэта; твор адметны лірызмам і шматзначнай сімволікай. Аўтар лірычных вершаў, публіцыстычнай кн. «Хрысціянства і Еўропа» (1799).
Тв.:
Рус.пер. — Гейнрих фон Офтердинген;
Фрагменты;
Ученики в Саисе. СПб., 1995;
Гимны к ночи. М., 1996;
Лира Новалиса в переложении Вячеслава Иванова. Томск, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРГАНІЗАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Тпа падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства.
Створаны 4.8.1998. Узначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь У.В.Ярмошын (да 14.4.2000 С.С.Лінг); уваходзяць дзеячы культуры, прадстаўнікі органаў дзярж. кіравання, духавенства. Асн. кірункі дзейнасці: міжнар. сувязі, культ.-масавая і інфарм.-тлумачальная работа, выдавецкая дзейнасць, правядзенне навук.-практычных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, прысвечаных знамянальным падзеям, а таксама садзейнічанне рэліг. арг-цыям ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхн. базы [буд-ва, рэстаўрацыя і рамонт храмаў, напр., праваслаўных цэркваў (комплексаў) Мінска, Віцебска, Друцка, касцёлаў у Гродне, Пінску, Нясвіжы і інш.]. Аргкамітэт мае сваю эмблему (аўтар мастак Л.І.Талбузін) з выявай узноўленага Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рабочую групу Аргкамітэта ўзначальвае старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.М.Білык. Рабочая група каардынуе дзейнасць міжнар., дзярж. і грамадскіх арг-цый па падрыхтоўцы да юбілеяў, падтрымлівае сувязі з аргкамітэтамі, якія створаны ў шэрагу краін свету, і з суайчыннікамі за межамі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДВЫЗНАЧЭ́ННЕ,
рэлігійнае вучэнне, паводле якога ўсё у свеце прадвызначана воляй Бога. Ідэя П. ўзнікла ў часы язычніцтва ў форме фаталізму, падпарадкавання чалавека лёсу, касм. неабходнасці. Хрысціянства выступіла з вучэннем пра ласку Божую, якая зыходзіць на абраных. Зыходзячы са спасылкі на недасканаласць і грахоўнасць прыроды чалавека, прыхільнікі Пелагія сцвярджалі магчымасць самаст. выратавання душы праз добрыя справы і заступніцтва царквы. Гэтыя падыходы ў трактоўцы П. ляглі ў аснову правасл. і каталіцкай дактрын выратавання. Ідэі Аўгусціна развіў пратэстантызм у вучэннях М.Лютэра і англіканства. Кальвіністы лічаць, што чалавечы лёс знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Бога, які выбірае ці адвяргае чалавека яшчэ да яго нараджэння. Некаторыя пратэстанты дапускаюць, што сац.-эканам. актыўнасць асобы і высокі ўзровень дабрабыту можа сведчыць аб магчымай абранасці. Вучэнне П. лягло ў аснову некаторых канцэпцый тэалогіі, гісторыі ў якасці абгрунтавання ідэі богаабранасці (яўр. народу, Расіі, ЗША і інш.). Дактрына П. выразна выяўляецца ў іудаізме, ісламе і інш. рэлігіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА І МЯФО́ДЗІЙ,
славянскія асветнікі, стваральнікі слав. азбукі, прапаведнікі хрысціянства. Браты; нарадзіліся ў г. Салунь (цяпер Салонікі, Грэцыя). Большасць вучоных лічаць іх балгарамі.
Кірыла (да прыняцця манаства ў 869 — Канстанцін; каля 827—14 2.869). Атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі, прыняў сан святара і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Пазней прызначаны настаўнікам філасофіі, за што празваны Філосафам. У пач. 860-х г. з дыпламат.-рэліг. місіяй наведаў хазар у грэч. калоніі Херсанес (Крым).
Мяфодзій (815—6.4.885). Быў на ваен. службе і 10 гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балг. абласцей, потым ігумен манастыра Паліхрон на беразе Мармуровага мора.
У 863 К. і М. запрошаны ў Маравію для пропаведзі хрысціянства на слав. мове. Прыбылі сюды са створанай імі слав. азбукай і ўласнымі перакладамі рэліг. кніг на слав. мову, царк. службу вялі па-славянску. З-за незадаволенасці ням. місіянераў, якія ў сваёй службе выкарыстоўвалі латынь, былі вымушаны пакінуць Маравію. У 867 па запрашэнні папы Мікалая I прыбылі ў Рым, дзе абаранялі права славян на родную мову ў літургіі. Пасля смерці ў Рыме Кірылы Мяфодзій пасвячоны ў сан епіскапа. У 882—884 жыў у Візантыі і Маравіі, дзе працягваў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Імёны К. і М. сталі сімвалам культурнай еднасці і самастойнасці славян. Назва стараж.слав. азбукі кірыліца паходзіць ад імя Кірыла. Браты фактычна сталі стваральнікамі літ.стараслав. мовы, зразумелай тады ўсім слав. народам. На Беларусі пра дзейнасць К. і М. ведалі ўжо з 11 ст. праз творы Чарнарызца Храбра «О письменах» і праз жыціі К. і М. Асветнікі кананізаваны правасл. царквой як Роўнаапостальныя К. і М., настаўнікі Славенскія. 11 мая (с. ст.) — Дзень св. К. і М., які ў Балгарыі, а з 1986 і ў слав. рэспубліках б.Сав. Саюза, у т. л. на Беларусі, адзначаецца як дзень слав. пісьменства і культуры. Ушаноўваюцца як святыя і каталіцкай царквой. У Балгарыі існуе ордэн К. і М., якім на Беларусі ўзнагароджаны П.Броўка, Н.Гілевіч, В.Нікіфаровіч.
Літ.:
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;
Бернштейн С.Б. Константин-философ и Мефодий. М., 1984;
Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬГА (пасля хрышчэння Алена; ? — 969),
вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал.г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс.чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г. Віцебска драўляны замак (наз. ад р. Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам I, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус.правасл. царквою.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́НСТВА,
адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой трактуецца як ерась). Узнікла ў 4 стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу-бацьку, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінапрыродны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца 4 стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да 6—7 стагоддзя арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў. У 16 стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. Розныя кірункі арыянства (сацыніянства, антытрынітарызм) існавалі і на Беларусі (С.Будны, В.Цяпінскі). Цяпер арыянства існуе на Захадзе ў невялікіх рэлігійных суполках (унітарыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл.Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.
Літ.:
Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;
Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;
Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.