АСЕ́ЦКІ (Ossietzky) Карл фон (3.10.1889, Гамбург — 4.5.1938),

нямецкі публіцыст, сатырык. Удзельнік 1-й сусв. вайны, ініцыятар пацыфісцкага руху. З 1919 сакратар берлінскага «Нямецкага таварыства міру», супрацоўнік левай прэсы. З 1927 гал. рэдактар час. «Die Weltbühne» («Сусветная трыбуна»). У вострасатыр. артыкулах і надзённых памфлетах выкрываў палітыку веймарскага ўрада, ням. мілітарызм і фашызм, за што не раз прыцягнуты да суд. адказнасці. Яго стылю ўласціва з’едлівая іронія. У 1933 кінуты ў канцлагер, творы Асецкага забаронены, кнігі спалены. Памёр у турэмнай бальніцы. Нобелеўская прэмія 1936.

Тв.:

Schrijfen. Bd. 1—2. Berlin;

Weimar, 1966.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНЧ (Bunche) Ральф Джонсан (7.8.1904, г. Дэтройт, ЗША — 9.12.1971),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ЗША. Адукацыю атрымаў у Каліфарнійскім і Гарвардскім ун-тах. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Хартыі Аб’яднаных Нацый (1944). У студз. 1946 дэлегат ад ЗША на 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН. З 1947 супрацоўнік ААН (у 1967—71 нам. Ген. сакратара). Спрыяў падпісанню мірных араба-ізраільскіх пагадненняў (1949), у час Суэцкага крызісу (1956) узначальваў сілы ААН у Егіпце, прымаў удзел ва ўрэгуляванні ваен. канфлікту паміж Індыяй і Пакістанам (1965). Узначальваў марш за грамадз. правы (1965), арганізаваны М.Л.Кінгам. Нобелеўская прэмія міру 1950.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА Эдуард Пятровіч (н. 18.9.1930, Мінск),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі і воднай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1989). Скончыў БПІ (1954) і БДУ (1965). З 1961 у Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (Мінск), у 1978—92 нам. дырэктара гэтага НДІ. У 1971—78 супрацоўнік Сакратарыята ААН (г. Нью-Йорк, ЗША). Навук. працы па метадах разліку і комплекснага выкарыстання воднага патоку, аднаўляльных крыніцах энергіі і іх выкарыстанні, нарматыўным забеспячэнні дзярж. разліку выкарыстання вод.

Тв.:

Вода. Природа Человек. Мн., 1986 (разам з Б.​У.​Фашчэўскім);

Возобновляемые источники энергии и возможности их использования в Беларуси. Мн., 1995.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЫ́РА Леанід Аляксеевіч (н. 12.9.1949, в. Негрымава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. перакладчык, літ.-знавец. Брат А.А.Казыры. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1972). З 1978 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе бел.заходнееўрап. літ. сувязі, пытанні маст. перакладу. Пераклаў на бел. мову раманы Ф.​Марыяка «Тэрэза Дэскейру» і «Клубок гадзюк» (1985), дэтэктыўны раман Д.​Пендлтана «Сіцылійскі набат» (1994) і інш. Складальнік і адзін з перакладчыкаў зб. «Французская навела XX ст.» (1992). Сааўтар. кн. «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988), «Англа-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай лексікі» (1993).

Л.​М.​Гарзлік.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШЭ́ВІЧ (Łukaszewicz) Юзаф Анджэй (30.11.1799, в. Крамплева каля Познані, Польшча — 13.2.1873),

польскі гісторык, публіцыст, бібліёграф. Чл. Кракаўскага (1857) і Пазнанскага (1873) навук. т-ваў. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1829 у Познані; супрацоўнік, потым дырэктар б-кі Э.​Рачынскага, у 1832—42 настаўнік польскай мовы ў пратэстанцкай гімназіі імя Фрыдрыха Вільгельма, у гар. архіве. Рэдагаваў час. «Przyjaciel Ludu» («Сябра народу», 1839—45) і «Orędownik Nauk» («Прыхільнік навук», 1840—46). Аўтар прац па гісторыі арыянства, кальвінізму, лютэранства і інш. пратэстанцкіх кірункаў у Польшчы (па рэгіёнах) і ВКЛ. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ХАРАЎ Якаў Васілевіч (6.11.1870, в. Пажаркі Калужскай вобл., Расія — 1942),

рас. і бел. кампазітар, муз. этнограф. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, кл. М.Рымскага-Корсакава). З 1921 супрацоўнік Дзярж. ін-та муз. навукі ў Маскве, уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 выкладчык Бел. муз. тэхнікума ў Мінску. Збіраў песні народаў Расіі, бел. нар. песні (запісаў у розных мясцовасцях больш за 150 песень). Сярод муз. твораў: харавыя апрацоўкі 82 бел. нар. песень (у т. л. «Ой рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»), рамансы на словы Я.​Купалы і Я.​Коласа. Аўтар муз.-этнагр. прац. Сярод яго вучняў М.Аладаў.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІ́РЫН Майсей Мендэлевіч (4.11.1895, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 20.5.1975),

савецкі гісторык-медыявіст. Замежны чл. АН Германскай Дэмакр. Рэспублікі (з 1956). Д-р гіст. н. (1946). З 1930 выкладаў усеаг. гісторыю ў ВНУ г. Ніжні Ноўгарад, з 1935 у Маскве у пед. ін-тах. З 1938 супрацоўнік Ін-та гісторыі АН СССР. Даследаваў сацыяльна-эканам. і паліт. жыццё Германіі 15—16 ст. Асн. працы: «Народная рэфармацыя Томаса Мюнцэра і Вялікая сялянская вайна» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Нарысы гісторыі палітычнай барацьбы ў Германіі перад Рэфармацыяй» (1952), «Да гісторыі ранняга капіталізму ў германскіх землях (XV—XVI стст.)» (1969).

т. 15, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАЛА́Й Леў Барысавіч (1906, Магілёўшчына — 1942),

яўрэйскі паэт. Вучыўся ў Віцебскім пед. тэхнікуме (1926—28). З 1932 супрацоўнік яўр. газ. «Юнкер Арбайтэр» («Малады рабочы»), з 1936 настаўнічаў у Мінску. Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну. Друкаваўся з 1924. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Аўтар паэт. зб-каў «Мой першы сноп» (1932), «У паходзе» (1940) пра жыццё вёскі. баявыя будні байцоў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Бялевіч, Р.​Няхай.

Літ.:

Рэлес Р. Леў Талалай // Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

Леў Талалай // Радзіме — радок і жыццё. Мн., 1986.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЙФ Майсей Саламонавіч (4.9.1904, Мінск —23.12.1966),

яўрэйскі пісьменнік. Вучыўся ў БДУ, скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1933). У 1961—64 супрацоўнік час. «Савеціш Геймланд» («Савецкая Радзіма»). Друкаваўся з 1920. У кнігах «Вершы і паэмы» (1933), «Пралетарка, сястра мая» (1935), «Смерць або перамога» (1936) і інш. падзеі грамадз. вайны, тэмы барацьбы народаў супраць ням. фашызму, памяці пра вайну. Пісаў пра Беларусь (вершы «Беларусь», «Палессе», «Лявоніха», «Калі ласка», «Беларускі вакзал»), верш «Добры сусед» прысвяціў Я.​Купалу. На бел. мову яго асобныя вершы пераклаў А.​Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1958;

Рукопожатие. М., 1964;

Песнь о братьях. М., 1981.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ШЧАНКА Рыгор Архіпавіч (25.1.1899, в. Камароўка Барзнянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 23.12.1942),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Праф. (1935). Скончыў мед. ф-т БДУ (1928). З 1928 у БДУ, з 1930 у Мінскім мед. ін-це, адначасова навук. супрацоўнік Ін-та жывёлагадоўлі Беларусі (1931—35). З 1935 заг. кафедры (адначасова нам. дырэктара) Віцебскага, з 1941 Кіеўскага (у Чэлябінску) мед. ін-таў. Асн. працы па даследаванні ўмоўных рэфлексаў, газа- і мінер. абмену, фізіялогіі харчавання, росту і размнажэння ў жывёл.

Літ.:

Шишко Е. Первый профессор из воспитанников Минского медицинского института // Здравоохранение Белоруссии. 1958. № 1.

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)