ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр. Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.​Ліста) у Дж.​Б.​Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.​А.​Моцарта, Дж.​Расіні, В.​Беліні, Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛЬСАН ((Nilsson) Біргіт) (н. 17.5.1918, Каруп, Швецыя),

шведская спявачка (драм. сапрана); прадстаўніца школы бельканта. Вучылася ў Стакгольме (1941—46). У 1948—51 салістка Каралеўскай оперы ў Стакгольме. У 1953—86 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Ла Скала», «Метраполітэн-опера» і інш. Валодала надзвычай моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. выразнасцю. Вядомая выканальніца партый у операх Р.​Вагнера: Ізольда, Брунгільда, Эльза, Лізавета («Трыстан і Ізольда», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер). Інш. партыі; Агата («Вольны стралок» К.​М.​Вебера), Алена («Мефістофель» А.​Бойта), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Саламея («Саламея» Р.​Штрауса), Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Урсула («Мастак Матыс» П.​Хіндэміта).

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЦІ ((Patti) Адэліна) (19.2.1843, Мадрыд — 27.9.1919),

італьянская спявачка (каларатурнае сапрана). Муз. адукацыю атрымала пад кіраўніцтвам М.​Стракоша. У 1859 дэбютавала на опернай сцэне ў Нью-Йорку. Поспех прынеслі гастролі ў 1861 у т-ры «Ковент-Гардэн» (Лондан). У Італіі выступала з 1866 (т-р «Рэджа», г. Турын). У 1869—77 неаднаразова спявала ў Расіі. Апошняе выступленне ў 1914 у «Альбертхоле» (Лондан). Валодала незвычайным па прыгажосці тэмбру, чыстым, мяккім, звонкім, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам, віртуознай тэхнікай. Сярод партый: Дэздэмона, Нінета, Разіна («Атэла», «Сарока-зладзейка», «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Маргарыта, Джульета («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.​Гуно) і інш.

І.​Л.​Чэбак.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЯ́НАВА (Ханіфа Мухіддзінаўна) (н. 1924, г. Худжант, Таджыкістан),

таджыкская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959). З 1937 у Т-ры юнага гледача, муз.-драм. т-ры (Ленінабад), у 1943—83 салістка Таджыкскага т-ра оперы і балета (Душанбе). З 1969 заг. кафедры, з 1978 праф. Тадж. ін-та мастацтваў. Валодае моцным выразным гнуткім голасам прыгожага тэмбру. Сярод партый: Махін («Тахір і Зухра» А.​Ленскага), Гульру («Пулат і Гульру» Ш.​Сайфіддзінава), Малахат («Вяртанне» Я.​Сабзанава), Нісо («Бахціёр і Нісо» С.​Баласаняна), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), «Тоска» («Тоска» Дж.​Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.​Вердзі). Выканальніца макомаў.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМЕ́ДАВА (Шэўкет Гасан кызы) (18.4.1897, Тбілісі — 8.6.1981),

азербайджанская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1938). Вучылася ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21), у Мілане і Парыжы (1927—29). У 1921—48 салістка Азерб. т-ра оперы і балета (Баку). З 1945 выкладала ў Азерб. кансерваторыі (з 1949 праф.). Адна з першых азерб. оперных спявачак. Валодала голасам цёплага мяккага тэмбру. Сярод партый: Шахсенем («Шахсенем» Р.​Гліэра), Нэргіз («Нэргіз» А.М.​М.​Магамаева), Гюльчахра («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба). Аўтар кн. «Шляхі развіцця азербайджанскага музычнага тэатра» (1931).

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ (Соф’я Пятроўна) (27.9.1904, С.-Пецярбург — 21.7.1966),

расійская спявачка (мецца-сапрана).

Нар. арт. СССР (1955). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1928), у 1947—51 і 1960—61 выкладала ў ёй (з 1949 праф.). У 1928—59 у Ленінградскім т-ры оперы і балета імя Кірава. Валодала моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону, яркім сцэн. дараваннем. Сярод партый: Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Іаанна, Графіня («Арлеанская дзева», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ефрасіння («Сям’я Тараса» Дз.​Кабалеўскага), Актавіян («Кавалер руж» Р.​Штрауса) і інш. Выканала вак. цыкл «Песні і танцы смерці» Мусаргскага. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

Літ.:

Трайнин В. С.​П.​Преображенская. [Л.]. 1972.

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКАЯ (Наталля Міхайлаўна) (н. 27.1.1961, в/г Мышанка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Мінскі ін-т культуры (1982). У 1982—98 спявала ў Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1990 у ансамблі нар. музыкі «Бяседа» пры Бел. тэлерадыёкампаніі. Адначасова з 1999 выкладае ў Бел. ун-це культуры. Валодае прыгожым выразным голасам, мае артыстычныя даныя. Першая выканаўца (сола і ў дуэце) многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. «Дарога ля жыта» Л.​Захлеўнага, «Каліна ў полі» У.​У.​Карызны, «Ой туман, туман...» і «Птушка свётлакрылая» В.​Шыкаўца і інш.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

альт

(іт. alto, ад лац. altus = высокі)

1) нізкі дзіцячы або жаночы голас, а таксама спявак (спявачка) з такім голасам;

2) смычковы інструмент, сярэдні паміж скрыпкай і віяланчэллю;

3) другая па вышыні партыя шматгалосага музычнага твора.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛЯКСЕ́ЕВА (Ларыса Філалогаўна) (н. 29.10.1907, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла муз. тэхнікум імя Гнесіных у Маскве (1936). У 1937—41 і 1944—46 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1946—48 у Вялікім т-ры. Валодала голасам прыгожага тэмбру, высокай вак. культурай, сцэнічнай абаяльнасцю. Сярод партый: Русалка («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Караліна («Дрыгва», пазней «У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Марфачка («Алеся» Я.​Цікоцкага, канцэртнае выкананне, 1944), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). У канцэртны рэпертуар уключала бел. нар. песні.

Б.​С.​Смольскі.

Л.Ф.Аляксеева.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗЦО́ВА (Алена Васілеўна) (н. 7.7.1939, С.-Пецярбург),

руская спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1964). З 1984 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1964 салістка Вял. т-ра Расіі. Выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала» і інш.). Сярод партый: Марфа, Марына Мнішак («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсах імя П.​І.​Чайкоўскага (Масква), Ф.​Віньяса (Барселона; абодва 1970). Дзярж. прэмія Расіі 1973, Ленінская прэмія 1976.

Літ.:

Тимохин В.В. Е. Образцова: Творч. портрет. 2 изд. М., 1988;

Шейко Р. Елена Образцова: Записки в пути. Диалоги. 2 изд. М., 1987.

А.В.Абразцова.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)