МЕ́ДЫНЬШ ((Mediņš) Яніс) (9.10.1890, Рыга — 4.3.1966),

латышскі кампазітар, дырыжор; адзін з заснавальнікаў лат. класічных оперы і балета. Брат Екабса Медыньша і Язепса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах фп., скрыпкі і віяланчэлі (1909). З 1904 скрыпач аркестра Лат. т-ра ў Рызе, з 1913 (з перапынкам) дырыжор Лат. оперы. У 1928—44 гал. дырыжор сімф. аркестра і муз. кіраўнік Лат. радыё. У 1921—44 выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1929 праф.). З 1944 жыў у Германіі, з 1948 — у Стакгольме. Сярод твораў: оперы «Агонь і ноч» паводле Я.​Райніса (1921, дылогія), «Багі і людзі» (1922), «Хлопчык з пальчык» (1927), «Свавольніца» (1939), балеты «Перамога кахання» (1935), «Стальныя крылы» (1936; усе паст. ў Рызе); сімф. творы, у т. л. 4 арк. сюіты, паэмы «Іманта» (1924), «Сіняя гара» (1927); канцэрты для віяланчэлі і для фп. з арк.; камерна-інстр. творы, сольныя песні.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НСЕ, Понсе Куэльяр (Ponce Cuellar) Мануэль Марыя (8.12.1882 ці 1886, г. Фрэснільё, Мексіка — 24.4.1948), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з вядучых мекс. кампазітараў 1-й пал. 20 ст. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі ў Мехіка (з 1909 выкладаў у ёй), удасканальваўся ў Італіі, Германіі, Францыі (у т. л. ў П.Дзюка). У 1917—19 гал. дырыжор Нац. сімфанічнага аркестра, у 1933—35 дырэктар Нац. кансерваторыі і ў 1945 Вышэйшай муз. школы пры Нац. аўтаномным ун-це ў Мехіка. Заснавальнік нац. кірунку ў мекс. музыцы. Аўтар арк. твораў: «Начныя эстампы» (1923), сімф. трыпціх «Чапультэпек» (1929), «Песня і танец старажытных мексіканцаў» (1933), сімф. дывертысмент «Кірмаш» (1940) і інш.; «Паўднёвы канцэрт» для гітары з арк. (1941), канцэрт для скрыпкі з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; твораў для фп., для гітары; больш за 100 рамансаў і песень. З 1982 у Мексіцы праводзіцца Міжнар. конкурс гітарыстаў імя П.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),

смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a​2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст. італьян. (А. і Н.​Амаці, Дж.​Гварнеры, А.​Страдывары, К.​Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.​Падгорны, Л.​Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.

Літ.:

Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;

Лазько А. Виолончель. М., 1965.

І.​Дз.​Назіна.

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛО́ЎНІКАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 16.1.1919, Бабруйск),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1970). Праф. (1980). Бацька І.У.Алоўнікава. Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, класы кампазіцыі В.​Залатарова і фп. М.Бергера), у 1947—94 педагог у ёй, у 1962—82 рэктар. Аўтар сімфанічнай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Жыццесцвярджальнасцю і лірычнай пранікнёнасцю вызначаюцца шырока вядомыя яго песні: «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня», «Песня пра Брэсцкую крэпасць», «Песня пра К.​Заслонава», «Песня аб Мінску», «Недзе ў пасёлку» і інш. Найб. значныя праграмныя сімф. творы: паэмы «Партызанская быль» (1952), «Нарач» (1954), сюіта «Песні міру» (1958); араторыя «Партызанскія песні» (1994).

Інш. тв.: кантата для дзяцей «Усім піянерам таварыш і брат» (памяці М.​Казея), «Урачыстая прэлюдыя» і эскіз «Куранты Брэсцкай крэпасці» для сімф. арк.; сюіта «На Палессі» і муз. карцінка «Зорка Венера» для арк. бел. нар. інструментаў; п’есы для фп., скрыпкі і фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Зубрыч І.І. Уладзімір Алоўнікаў. Мн., 1970.

І.​І.​Зубрыч.

У.У.Алоўнікаў.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕЛІЁВІЧ (Леў Майсеевіч) (6.1.1912, Вільня — 3.12.1985),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), скончыў Бел. кансерваторыю (1941). Асн. дасягненні Абеліёвіча ў галіне лірыка-філас. сімфанізму. Муз. драматургія яго сімфоній вылучаецца канфліктнасцю, шматпланавасцю вобразнага развіцця. Значны ўклад Абеліёвіча ў вак. музыку. У творах 1970-х г. выявіліся рысы неакласіцызму.

Тв.:

4 сімфоніі (1962—1970), уверцюра (1955), «Гераічная паэма» (1957) і Сімф. карціны (1958) для сімф. арк.;

канцэрт для фп. (1979) і вакаліз памяці Дз.​Шастаковіча (1976) з сімф. арк.;

арыя для скрыпкі і камернага арк.;

санаты;

фп. цыкл «Фрэскі»;

паэма для голасу з фп.;

зб. рамансаў і вак. цыклы на вершы М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Ф.​Цютчава, Р.​Бёрнса, А.​Пушкіна;

«Партызанскія балады» на вершы А.​Астрэйкі, М.​Танка, У.​Дубоўкі, «Ваенныя балады» на вершы розных паэтаў;

хары, песні, музыка да радыёспектакляў.

Літ.:

Калеснікава Н. Леў Абеліёвіч. Мн., 1970;

Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974. С. 162—186.

Р.​М.​Аладава.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́НСКІ (Дзмітрый Раманавіч) (17.8.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.11.1989),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Растоўскі муз. тэхнікум (1930), вучыўся ў Маскоўскім ін-це павышэння кваліфікацыі музыкантаў-педагогаў (1936—41). З 1945 у Мінску, з 1957 у Дзярж. выд-ве БССР, у 1963—66 старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. З 1980 у Канадзе. У яго творчасці пераважае інстр. музыка, дзе сфарміраваўся адметны індывід. стыль, заснаваны на спалучэнні яскравага меладызму, сучасных сродкаў выразнасці і бел. фальклору. Значны здабытак бел. муз. культуры — канцэрты для цымбалаў, скрыпкі (№ 2), віяланчэлі, фп. (№ 1, 2, 3) з аркестрам, Рапсодыя і Фантазія на бел. тэму для фп. з арк., Сімфаньета для камернага арк. Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў, эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў («Хто смяецца апошнім», «Дзень, калі спаўняецца 30 гадоў» і інш.).

Літ.:

Ауэрбах Л. Дзмітрый Камінскі. Мн., 1970;

Бергер Л. Д.​Р.​Каминский М., 1971.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЁВІЧ ((Konjović) Петар) (5.5.1883, Чуруг, Сербія — 1.10.1970),

сербскі кампазітар, дырыжор, педагог, фалькларыст, музыказнавец; адзін з заснавальнікаў серб. кампазітарскай школы. Чл. Чэшскай (1938) і Сербскай (1946) акадэмій навук і мастацтваў. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1906). Дырыжор, рэжысёр, ген. дырэктар оперных т-раў у многіх гарадах (у 1921—26 і 1933—39 у Заграбе). У 1939—50 праф., у 1939—43 і 1945—47 рэктар Акадэміі музыкі, у 1948—54 дырэктар заснаванага ім Ін-та музыказнаўства Серб. акадэміі навук. і мастацтваў у Бялградзе. Сярод твораў: оперы «Жаніцьба Мілаша» (1927), «Зецкі князь» (1929), «Каштана» (1931), «Сяляне» (1951), драм. містэрыя «Айчына» (1960, паст. 1983); сімфонія (1907), сімф. паэма «Макар Чудра» (1945); канцэрт для скрыпкі з арк. «Адрыятычнае капрычыо» (1936); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні, апрацоўкі нар. песень («Мая зямля»), музыка да драм. спектакляў. Аўтар кн. «Асобы» (1920), «Кніга пра сербскую і славацкую музыку» (1947), «Мілое Мілоевіч» (1954), «Стэван Макраняц» (1956) і інш.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРА́С,

расійскія кампазітары, браты. Нарадзіліся ў Кіеве.

Дзмітрый Якаўлевіч (7.11.1899—20.12.1978), кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1957). Нар. арт. Расіі (1963). Нар. арт. Чэчэна-Інгушскай АССР (1964). Нар. арт. СССР (1975). Вучыўся ў Петраградскай кансерваторыі (1913—17). У 1923—26 дырыжор і муз. кіраўнік у маскоўскіх драм. і эстр. т-рах, у 1936—72 кіраўнік эстр. аркестра Цэнтр. Дома культуры чыгуначнікаў у Маскве. Аўтар «Марша Будзённага» (1920), кантаты «Наперад», каля 300 эстр. і масавых песень (многія напісаны разам з братам), у т. л. «Конармейская», «Калі заўтра вайна», «Масква майская», «Развітанне», «Марш танкістаў», «Тры танкісты», адметных яскравым меладызмам; твораў для скрыпкі, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. Данііл Якаўлевіч (30.11.1905—16.4.1954), кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21). З 1930-х г. супрацоўнічаў з братам. Аўтар песень, «Уверцюры на цюркскія тэмы» для сімф. арк., стр. квартэта, музыкі да кінафільмаў.

Літ.:

Леонова М.Ф. Д.​Покрасс. М., 1981.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́ТАЛЕЎ (Фёдар Дзямідавіч) (н. 14.2.1938, в. Усушак Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. кампазітар, педагог. Скончыў Бел. кансерваторыю (1966, клас М.Аладава). У 1966—67 выкладаў у Брэсцкім, з 1969 у Мінскім імя М.​Глінкі муз. вучылішчах. Найб. творчыя дасягненні ў сімф. музыцы. Для яго твораў характэрны лірыка-філас. накіраванасць, інтэлектуальны пачатак, разнастайнасць вобразнага зместу, апора на нац. фальклор, выкарыстанне бел. нар. песні, увага да тэмбравага боку музыкі. Сярод твораў: 10 сімфоній (1967, 1970, 1972, 1974, 1979, 1980, 1983, 1987, 1990, 1991), 2 уверцюры (1973, 1975), паэмы для сімф. арк. «Беларусь партызанская» (1975), «Радзіма» (1977), кантата «Наш край» (сл. Я.​Коласа, 1966, канчатковая рэд. 1985), Скерца для сімф. арк. (1975), Паэма для фп. (1975), санаты для скрыпкі, віяланчэлі і фп., для габоя і фп., трыпціхі для кантрабаса і фп., для фп., цыклы п’ес для фп. «Дзіцячы сшытак» (1971), для віяланчэлі з фп. (1982) і інш. Аўтар шматлікіх песень, музыкі для дзяцей, да дакумент. фільмаў.

Р.​М.​Аладава.

т. 13, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыяпазо́н

[лац. diapason, ад гр. dis pason (chordon) = праз усе (струны)]

1) гукавы аб’ём (інтэрвал паміж самым нізкім і самым высокім гукамі), даступны якому-н. музычнаму інструменту або пеўчаму голасу (напр. д. скрыпкі, тэнаравы д.);

2) перан. аб’ём, ахоп ведаў, інтарэсаў і г. д. (напр. шырокі д. ведаў, творчы д. артыста).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)