ПАРЫТЭ́Т (ад лац. paritas роўнасць),

1) прынцып роўнага прадстаўніцтва бакоў; азначае таксама роўнасць, раўнапраўе, раўнацэннасць, роўнае становішча. У міжнар. праве — парытэтны прынцып азначае дагаворнае абавязацельства ўстанавіць для замежных грамадзян і юрыд. асоб такі статус, якім карыстаюцца грамадзяне і юрыд. асобы дадзенай краіны. Найб. пашыраны пры пагаджальным разглядзе прац. і інш. канфліктаў у арбітражах.

2) П. валютны — суадносіны паміж валютамі розных краін. У эпоху абарачэння золата (серабра) у якасці грошай і пры свабодным абмене папяровых грошай на золата (да 1-й сусв. вайны 1914—18) ужываўся манетны П. (па колькасці чыстага золата, якое ўтрымлівалася ў грашовай адзінцы). Ва ўмовах абарачэння неразменных на золата папяровых грошай — валютны П. (па колькасці золата, якое афіцыйна ўстанаўліваецца ўрадам у нац. грашовай адзінцы). Валютны П., які змяняецца дзяржавай у залежнасці ад руху цэн унутры краіны і пакупной сілы замежнай валюты, называецца П. пакупной сілы валют.

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧЫН (Рыгор Яўхімавіч) (8.3.1894, в. Задашчэнне Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),

бел. правазнавец. Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1924). З 1921 у Паўнамоцным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе РСФСР (з 1923 Пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР). З 1924 нам. старшыні Камісіі заканад. меркаванняў пры СНК БССР. З 1931 у Ін-це сав. будаўніцтва і права АН Беларусі. Працаваў у Ін-це бел. культуры, Ін-це эканомікі АН БССР. Даследаваў пытанні сав. федэрацыі і нац.-дзярж. будаўніцтва ў БССР. 24.1.1937 арыштаваны і Ваен. калегіяй Вярх. Суда СССР у чэрв. 1938 асуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Советские республики в их взаимоотношениях. Мн., 1922;

Наша Канстытуцыя. Мн., 1928;

Ідэя беларускае дзяржаўнасьці перад утварэньнем Савецкае Беларусі // Зап. Аддз. гуманіт. навук. Пр. кафедры сучаснага права БАН. Мн., 1929. Т. 1.

В.​У.​Скалабан.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1918.

Адбылася 25—28.1.1918 у Вільні. Склікана Арганізац. к-там, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных сац. колаў і бел. арг-цый з акупіраванай Германіяй тэр. Беларусі. Правядзенне канферэнцыі выклікана неабходнасцю ўзгадніць мэты розных бел. арг-цый, «апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва» і «палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні». Дэлегатам належала разгледзець 2 канцэпцыі: выпрацаваную ў вер. 1917 канферэнцыяй Бел. нар. к-та, Бел. сацыял-дэмакр. работніцкай групы і Віленскага к-та Бел. сацыяліст. грамады і выпрацаваную арг-цыяй Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Пасля ўзгаднення сваіх пазіцый бел. арг-цыі не адмовіліся ад ідэі Бел.-Літ. дзяржавы, якая павінна была стаць канфедэрацыяй 2 аўт. тэрыторый — беларускай і літоўскай; у склад канфедэрацыі павінны былі ўвайсці ўсе бел. і ўсе літ. землі. Беларуская канферэнцыя абрала каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый і іх прадстаўнічы орган — Віленскую беларускую раду.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКА́Я ДУ́МА,

выбарны распарадчы орган гар. самакіравання ў Рас. імперыі. Засн. паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 на аснове саслоўнага прадстаўніцтва. На Беларусі ўведзена ў 1875 у Віленскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. у ходзе гарадской рэформы 1870—75. Члены дум (гласныя) выбіраліся на 4 гады на аснове высокага ўзроставага і маёмаснага цэнзу. Гарадавое палажэнне 11.6.1892 павысіла маёмасны цэнз выбаршчыка і скараціла склад гарадской думы больш чым у 2 разы. Займалася гар. гаспадаркай. Выканаўчы орган — гарадская ўправа на чале з гар. галавой. Гарадскія думы мелі абмежаваную кампетэнцыю, знаходзіліся пад кантролем губернатара і міністра ўнутр. спраў. Не атрымлівалі фінансавых сродкаў ад дзяржавы, гал. крыніцай іх даходаў былі падаткі з нерухомай маёмасці гараджан. Дзейнасць дум спрыяла развіццю гаспадаркі і культуры гарадоў: яны адкрывалі школы, бальніцы, займаліся страхаваннем, утрымлівалі статыстычныя камітэты. Скасаваны пасля Кастр. рэвалюцыі. Мінская гарадская дума скасавана ў студз. 1918.

А.​І.​Несцярэнка.

т. 5, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ ПРЫ НАРО́ДНЫМ КАМІСАРЫЯ́ЦЕ АСВЕ́ТЫ РСФСР,

орган для каардынацыі і кіравання сістэмай нац. адукацыйных і культ.-асв. устаноў, якія абслугоўвалі бел. насельніцтва на тэр. РСФСР. Дзейнічала ў Маскве ў 1921—30. Засн. па хадайніцтве Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Уваходзіла ў склад Савета па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР на правах бел. аддзела. У 1921—22 адчынены Беларуская секцыя пры Віцебскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы; арганізаваны бел. культ.-асв. ўстановы ў Сібіры і С.-Пецярбургу. Супрацоўнічала з бел. студэнцкімі зямляцтвамі ў Маскве і інш. гарадах РСФСР. У 1924—26 пасля далучэння Віцебскай, Гомельскай і ч. Смаленскай губ. да БССР функцыі бюро звузіліся. У 1930 яно ліквідавана. Да лета 1927 загадчыкам бюро быў М.​Ф.​Лойка, пазней — Н.​Каляда. У розныя часы ў ім працавалі бел. пісьменнік У.Дубоўка, мовазнавец Ю.​Вольскі і інш.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ ЎСХО́ДНІХ ЗЯМЕ́ЛЬ (Zarząd Cywilny ziem Wshodnich),

орган улады пры Гал. камандаванні польск. арміі на занятай ёю тэр. Беларусі і Літвы ў 1919—20. Пачало фарміравацца ў адпаведнасці з дэкрэтам нач. Польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскага ад 8.2.1919. Рада міністраў Польшчы 8.3.1919 ператварыла Літ.-Бел. дэпартамент Мін-ва замежных спраў у Дэпартамент па справах Усх. зямель на чале з грамадз. камісарам Л.​Калянкоўскім; у час наступлення на Вільню (лют. 1919) ген. камісарам назначаны Е.​Асмалоўскі. Упраўленне размяшчалася ў Вільні, мела ў Варшаве прадстаўніцтва на чале з графам С.​М.​Касакоўскім. Адм. прастора «Усх. зямель» падзялялася на 3 акругі: Віленскую, Брэсцкую, Валынскую, пасля захопу Мінска (жн. 1919) утворана і Мінская акруга. Акругі падзяляліся на паветы на чале са старастамі. Адміністрацыя ўпраўлення камплектавалася ў асн. з мясц. палякаў, пераважна нацыянал-дэмакр. арыентацыі. Летам 1920, разам з адступаючым польск. войскам, упраўленне эвакуіравалася ў г. Быдгашч, дзе спыніла сваё існаванне.

В.​С.​Талстой.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (ЗБВБ),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1946, статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Гал. ўправа. Дзейнічаюць аддзелы ў Лондане (з 1947), Брадфардзе (з 1948), Манчэстэры (з 1948), Бірмінгеме (з 1952). Асн. кірункі дзейнасці — нац.-культ., грамадска-арганізац., інфарм.-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамога ім у Вялікабрытаніі і інш. краінах. Выдавала час. «На шляху» (1946—51), «Беларус на чужыне», выпусціла шэраг брашур, у т. л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В.​Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Гал. ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946). У розны час старшынямі ЗБВБ былі В.Жук-Грышкевіч (1947—48), Ф.Бартуль (1949), А.Надсон (1951—52), П.​Асіповіч (1953, 1955), П.​Навара (1954, 1957, 1966—70), У.​Бутрымовіч (1958, 1960—65), Я.Міхалюк (1971—95), А.​Здановіч (1995—96), В.​Еўдакімаў (з 1996), Л.​Міхалюк (з 1997) і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНІКО́ЎСКІ (Тодар Міхайлавіч) (1861, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1930-я г.),

бел. грамадскі, паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўных вучылішчы і семінарыі ў Мінску, тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. Працаваў у Сял. пазямельным банку, Зах. экспедыцыі па асушэнні балот і арашэнні паўд. зямель, Мін-ве земляробства і дзярж. маёмасцей Рас. імперыі. У 1-й Дзярж. думе кансультант камісіі па зямельным паляпшэнні гаспадаркі ў Расіі. У 1917—18 скарбнік Мінскага бел. нар. прадстаўніцтва, чл. Рады БНР. Ва ўрадзе БНР на чале з Р.​Скірмунтам — дзярж. скарбнік, на чале з Я.​Серадой — нар. сакратар гандлю і прам-сці, гаспадаркі, дзярж. кантралёр. У 1919—20 чл. Бел. нац. к-та, старшыня бежанскага к-та і т-ва «Бацькаўшчына» ў Гродне, чл. Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, скарбнік культ.-асв. т-ва «Заранка», адміністратар Бел. т-ра ў Мінску. Пасля 1921 у Вільні. У 1928—29 рэдактар газ. «Грамадзянін». У 1930 старшыня Бел. праваслаўнага к-та па беларусізацыі царквы. Адзін з арганізатараў культ.-асв. т-ва «Прасвета».

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙСКО́ВА-ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ МІ́СІЯ БНР у Латвіі і Эстоніі,

дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—21. Накіравана ў вер. 1919 Радай нар. міністраў на чале з А.​І.​Луцкевічам для консульскай працы і арганізацыі бел. узбр. сіл на тэр. Эстоніі. Была акрэдытавана пры ўрадах Латвіі і Эстоніі, размяшчалася ў Рызе. Начальнік місіі К.​Б.​Езавітаў. 5.4.1920 паўнамоцтвы місіі пацверджаны ўрадам В.​Ю.​Ластоўскага. Пры місіі дзейнічалі рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Таліне і ў Ліепаі; ёй падпарадкоўвалася консульства БНР у Рызе. Місія ўдзельнічала ў рабоце бел.-лат. памежнай камісіі (сак. 1920), падрыхтавала надзвычайную дыпламат. місію на чале з В.​І.​Захаркам у Маскву (ліп. 1920) і Бел. нац.-паліт. нараду ў Рызе (20.10.1920); кіравала Асобным атрадам БНР на чале з С.​Н.​Булак-Балаховічам, змагалася за ўдзел БНР у Канферэнцыі балт. дзяржаў (жн. 1920). Яна садзейнічала арганізац. афармленню бел. калоніі ў Латвіі, стварэнню бел. прэс-бюро ў Рызе, культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына», курсаў беларусазнаўства і інш. Дзейнасць місіі спынена 1.2.1921 у выніку дыпламат. націску Сав. Расіі на ўрад Латвіі напярэдадні падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.

Р.​А.​Лобаў.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мі́сія

(лац. missio = адпраўленне, пасылка)

1) адказнае заданне, даручэнне (напр. сакрэтная м.);

2) адказная роля, высокае прызначэнне каго-н., чаго-н. (напр. высокая м. літаратуры);

3) пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва адной дзяржавы ў другой на чале з пасланнікам;

4) дэлегацыя, накіраваная ў іншую краіну са спецыяльнай мэтай (напр. ваенная м.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)