ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ.
На Беларусі падземныя воды пашыраны ў водапранікальных пародах асадкавага чахла і масівах крышталічнага фундаменту. Паводле якасных паказчыкаў іх падзяляюць на прэсныя, мінеральныя, прамысловыя і тэрмальныя.
Прэсныя падземныя воды сканцэнтраваны пераважна ў верхніх ваданосных гарызонтах і комплексах Прыбалтыйскага, Прыпяцкага, Брэсцкага, Аршанскага артэзіянскіх басейнаў. Мінералізацыя прэсных падземных вод пераважна 0,3—0,5 г/дм3, пітных — да 1 г/дм3 (паводле ДАСТа). У іх хім. саставе пераважаюць гідракарбанаты, кальцый, магній, радзей сульфаты і натрый. Паводле ўмоў залягання прэсныя падземныя воды падзяляюцца на грунтавыя і артэзіянскія. Грунтавыя воды насычаюць пароды 1-га ад паверхні зямлі ваданоснага гарызонту і звычайна безнапорныя. Артэзіянскія воды насычаюць пароды 2-га, 3-га і ніжэй залягаючых ад зямной паверхні ваданосных гарызонтаў. Яны пераважна напорныя. Галоўная мэта здабычы прэсных падземных вод — гаспадарча-пітное водазабеспячэнне. На тэр. Беларусі разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод, іх эксплуатацыйныя запасы складаюць больш за 6 млн. м³/сут (прыкладна па 600 л на кожнага жыхара краіны). Эксплуатуюцца адзінкавымі свідравінамі (больш за 30 тыс.), групавымі водазаборамі, калодзежамі (у сельскай мясцовасці для ўласных патрэб насельніцтва, абсталяваны пераважна пад выкарыстанне грунтавых вод). На большай частцы тэрыторыі прэсныя падземныя воды добра ахаваны ад антрапагеннага ўздзеяння. За іх якасцю ажыццяўляецца пастаянны кантроль у межах дзярж. маніторынгу падземных вод.
Мінеральныя воды пашыраны ў многіх месцах краіны. Паводле іх іонна-салявога саставу вылучаюць гідракарбанатныя, сульфатныя (напр., «Рассветаўская»), хларыдныя (напр., «Мінская-4») і складанага саставу (гідракарбанатна-хларыдная, напр., «Брэсцкая»; гідракарбанатна-сульфатныя; сульфатна-хларыдныя, напр., «Усмешка», «Бярэзінская», «Барысаўская», «Бабруйская»; хларыдна-сульфатныя, напр., «Магілёўская»); паводле катыённага саставу — натрыевыя (напр., «Нарачанская», «Крынічка», «Дарыда») і кальцыевыя (напр., «Парэчча-1»). Паводле павышаных канцэнтрацый біялагічна актыўных кампанентаў вылучаюць мінеральныя воды серавадародныя, жалезістыя, радонавыя, бромныя, бромна-ёдныя, борныя, фторыстыя.
У гідракарбанатных водах з рознай камбінацыяй аніёнаў і катыёнаў, ускрытых у крышталічным фундаменце, павышаная колькасць радону (170—1480 Бк/дм3). Мінералізацыя вод да 2—3 г/дм3. Сульфатныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на значнай частцы тэр. краіны ў адкладах ад ардовіку і сілуру да юры. Характарызуюцца мінералізацыяй ад 4—6 г/дм3 да 25,8 г/дм3 і канцэнтрацыяй бору да 40 мг/дм3. Хларыдныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на ўсёй тэр. краіны, у пародах крышталічнага фундаменту, адкладах пратэразою, кембрыю, дэвону, пярмі, трыясу, юры. Паводле мінералізацыі падзяляюцца на воды малой мінералізацыі (да 10 г/дм3), сярэдняй (10—35 г/дм3) і расолы (35—70 г/дм3). У хларыдных водах рознай мінералізацыі павышаная канцэнтрацыя жалеза (да 20 мг/дм3), серавадароду (200—300 мг/дм3), брому (да 500 мг/дм3), ёду (да 3 мг/дм3), бору (да 20—25 мг/дм3), фтору (да 3,3 мг/дм3). На тэр. Беларусі адкрыта больш за 80 радовішчаў мінеральных вод, агульныя запасы якіх складаюць больш за 20 тыс. м³/сут. На іх базе функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод у гарадах Мінск, Брэст, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, г.п. Ушачы (Віцебская вобл.), пасёлках Ждановічы (Мінскі р-н), Парэчча (Гродзенскі р-н), в. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) і інш.; санаторыі «Аксакаўшчына», «Беларусь», «Дружба», «Крыніца» (Мінская вобл.), «Лётцы» (Віцебская вобл.), «Радон» (Гродзенская вобл.) і інш.; прафілакторыі і дамы адпачынку. Мінеральныя воды выкарыстоўваюць у якасці сталовых, лячэбна-сталовых і бальнеалагічных. На кожным радовішчы арганізаваны зоны санітарнага кантролю, вядуцца рэжымныя назіранні і кантроль хімічнага саставу.
Прамысловыя воды — гэта падземныя расолы з мінералізацыяй 320—460 г/дм3, у якіх ёсць шэраг каштоўных кампанентаў у прамысловых колькасцях. Такімі расоламі насычаны верхнепратэразойскія і дэвонскія адклады Прыпяцкага артэзіянскага басейна. Яны залягаюць на глыбінях 2000—4500 м і перакрыты дзвюма магутнымі водатрывалымі саляноснымі тоўшчамі, якія забяспечваюць утварэнне расолаў і іх захаванасць. Т-ра расолаў у прыродным заляганні 40—90 °C, што дае падставу адносіць іх да тэрмальных вод. Прагнозныя запасы прамысловых расолаў складаюць каля 35 тыс. м³/сут. Яны сканцэнтраваны ў 4 радовішчах, на 2 з якіх праведзены разведачныя работы і ацэнены эксплуатацыйныя запасы. Прамысловыя воды выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне. На іх аснове наладжана доследная вытворчасць ёду і брому.
Г.Л.Фурсікаў.
т. 18, кн. 2, с. 33