КАПЫЦЬКО́ Віктар Мікалаевіч (н. 8.10.1956, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС Людміла Якаўлеўна (н. 13.5.1950, г. Чарнаўцы, Украіна),
бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыла Маладзечанскае муз. вучылішча (1970), Кіеўскую кансерваторыю (1976, клас Л.Чаўдар). У 1976—97 салістка Нац.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае голасам прыгожага чыстага тэмбру, высокай вак. тэхнікай. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца шчырасцю, лірызмам, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Паола («Джардана Бруна» С.Картэса), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Прылепа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда, Віялета, паж Оскар («Рыгалета», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Сюзанна і Барбарына («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1977), міжнар. конкурсу «Новыя оперныя галасы» (1986, Італія). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЮХ Пётр Васілевіч (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). ЛаўрэатМіжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ Валерый Якаўлевіч (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),
расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар.арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н Святлана Лаўрэнцьеўна (н. 27.12.1949, в. Рыжкаўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. баяністка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Солапава), з 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1980 салістка і канцэртмайстар групы баянаў Дзярж.акад.нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Яе творчасці характэрны віртуознасць, эмацыянальнасць, своеасаблівая інтэрпрэтацыя твораў розных эпох, стыляў і жанраў. Аўтар рэдакцый для баяна з аркестрам і першы выканаўца канцэртаў Р.Шчадрына (фінал 1-га фп. канцэрта), А.Мдывані, А.Клеванца, Э.Наско, С.Хвашчынскага, твораў малой формы Я.Глебава, В.Малых, А.Рашчынскага, М.Сіраты, у т. л. напісаных спецыяльна для яе. Выступае ў складзе дуэта і трыо баяністаў. Запісала на Бел. радыё праграмы апрацовак для баяна бел. і рус.нар. музыкі, творы муз. класікі. Лаўрэат I Рэсп. (Мінск) і V Усесаюзнага (Масква) конкурсаў артыстаў эстрады (абодва 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ГАРАДСКІ́ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР.
Створаны ў 1968 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як вучэбны калектыў Маладзечанскага музычнага вучылішча. З 1985 гарадскі. У складзе аркестра студэнты, выкладчыкі і выпускнікі муз. вучылішча. У розныя гады калектыў узначальвалі Л.Саламонік, М.Казінец, Ю.Новікаў, З.Кафанава, В Грыбкоў, Р.Фрыдман. З 1979 маст. кіраўнік і дырыжор Р.Сарока. У рэпертуары творы муз. класікі, сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: уверцюры «Карыялан» і «Эгмант», 5-я сімфонія Л.Бетховена, сімфоніі 40-я В.А.Моцарта, 1-я В.Каліннікава, 4-я і «Італьянскае капрычыо» П.Чайкоўскага; канцэрты для фп. з арк. Дж.Гершвіна, С.Рахманінава, Чайкоўскага, Э.Грыга; творы Я.Глебава, В.Іванова, У.Солтана і інш. З аркестрам выступаюць піяніст І.Алоўнікаў, спевакі М.Жылюк, Н.Залатарова, В.Кучынскі, В.Скорабагатаў і інш.Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю нар. творчасці (1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў Алег Канстанцінавіч (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),
расійскі артыст цырка, клоун. Нар.арт. Расіі (1958). Нар.арт.СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш.ЛаўрэатМіжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДКАЯ Святлана Аляксандраўна (н. 7.12.1958, в. Дудзічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1990). Жонка У.І.Салодкага. Скончыла Баранавіцкае муз. вучылішча (1978). З 1978 салістка Дзярж.нар. хору Беларусі, з 1985 — ансамбля нар. музыкі «Свята» і Дзярж. ансамбля танца Беларусі, адначасова спявае ў дуэце з Салодкім, захоўваючы арыгінальную нар. манеру выканання. З 1994 адна са стваральніц і салістка ансамбля нар. песні «Вяселле». Валодае яркім голасам сакавітага тэмбру, выкананню ўласцівы выразнасць, задушэўнасць. У рэпертуары пададзеныя ў рэгіянальных традыцыях спеваў бел.нар. песні, у т. л. «Пасею гурочкі», «Грачанікі», «А й на дварэ дробен дождж ідзе» (вясельная). Сярод бел.нар. песень, выкананых у дуэце, «Цячэ вада ў ярок», «Ой, хадзім, хадзімо», «Із-за лісу-гаю вода прыбувае». Пра С. і яе мужа зняты кінафільм. Лаўрэатміжнар. фестывалю ў Паўн. Карэі (г. Пхеньян, 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХІ́Н Аскольд Аўрамавіч (2.5.1941, г. Архангельск, Расія — 19.2.1994),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Ін-т мастацтваў у Кішынёве (1965). З 1965 саліст ансамбля песні і танца БВА, з 1966 — Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1980 — Дзярж.к-та Беларусі па тэлебачанні і радыёвяшчанні, у 1985—90 — Крымскай філармоніі. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці і пластычнасці. Сярод партый: Мечык («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Барыс, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Канчак, Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Рэнэ, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Рамфіс, Мантэроне («Аіда», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Камандор («Дон Жуан» В.А.Моцарта). У камерным рэпертуары рамансы і песні бел. кампазітараў. Лаўрэатміжнар. конкурсаў вакалістаў у Празе (1967) і Сафіі (1968, залаты медаль), міжрэсп. конкурсу вакалістаў імя Я.Вітала (1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК Леанід Фёдаравіч (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).