На Беларусі пачала развівацца з 1957, калі пры кафедры тэхналогіі металаў БПІ была створана пад кіраўніцтвам А.У.Романа даследчая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ парашковай металургіі БПІ, зараз Бел.навук.-вытв. канцэрн парашковай металургіі Нац.АН Беларусі). Работы ў гэтай галіне вядуцца пад кіраўніцтвам П.А.Віцязя, А.У.Романа, А.В.Сцепаненкі, Н.М.Дарожкіна. Значны ўклад у развіццё парашковай металургіі зрабілі Л.С.Багінскі, Я.А.Дарашкевіч, Г.М.Ждановіч, А.Ф.Ільюшчанка, Л.А.Ісаевіч, В.М.Кавалеўскі, В.М.Капцэвіч, Ф.Р.Лаўшэнка, А.П.Рэвут.
Тэхналагічныя асаблівасці парашковай металургіі — фармаванне дысперснай шыхты (парашкоў металаў, керамікі, валокнаў) без прыкладання ціску ці пад ціскам (прасаванне — статычнае ці дынамічнае, халоднае, цёплае ці гарачае) і спяканне (апрацоўка пры павышаных т-рах у ахоўнай прасторы ці звычайным паветры). Асн. кірункі: распрацоўка метадаў кіравання ўласцівасцямі парашковых і нанакрышталічных кампазіцыйных матэрыялаў з выкарыстаннем камп’ютэрнага мадэліравання іх мікраструктуры і паводзін; стварэнне сітаватых матэрыялаў з арганізаванай структурай; атрыманне парашкоў патрэбнага хім. і фазавага саставу метадамі мех. легіравання, гранулявання, самараспаўсюджвальнага высокатэмпературнага сінтэзу (СВС), нанясення ахоўных пакрыццяў. Вывучаны пытанні тэорыі прасавання метал. парашкоў пры статычным і дынамічным ушчыльненні, аптымальнага праектавання сітаватых матэрыялаў, стварэння дысперсна-ўзмоцненых парашкоў для вытв-сці спец. гарачатрывалых матэрыялаў, атрымання ахоўных пакрыццяў з патрэбнымі ўласцівасцямі. Распрацаваны новыя тэхнал. працэсы вытв-сці: канстр. матэрыялаў і вырабаў з іх на аснове парашкоў жалеза, нізкалегіраваных сталей і кампазіцыйных матэрыялаў (шасцерні, карпусныя дэталі); антыфрыкцыйных вырабаў (падшыпнікі слізгання, накіравальныя ўтулкі) на аснове кампазіцый парашку жалеза з графітам, меддзю, волавам, свінцом і інш. дамешкамі, у т. л. сітаватых, насычаных вадкімі змазкамі; тэхн. керамікі; алмазазмяшчальных кампазіцыйных матэрыялаў; сітаватых матэрыялаў з парашкоў і валокнаў каразійнатрывалай сталі, бронзы, нікелю, тытану і фільтраэлементаў з іх для ачысткі вадкасцей і газаў, глушэння шуму пнеўмаінструменту; цеплавых труб з парашковай капілярнай структурай; кампазіцыйных парашкоў (інтэрметаліды, карбіды, алюмініды і да т.п.), атрыманых метадамі СВС. Распрацаваны тэхналогіі і абсталяванне для нанясення ахоўных пакрыццяў метадамі газаполымнага і плазменнага напылення; матэрыялы, тэхналогіі і абсталяванне для плазменна-вакуумнага і электронна-прамянёвага нанясення ахоўных, узмацняльных і дэкаратыўных пакрыццяў.
Даследаванні ў галіне парашковай металургіі выконваюцца таксама ў Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі і надзейнасці машын, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це (г. Магілёў). У 1975—85 створаны прамысл. ўчасткі на мінскіх трактарным, аўтамабільным, падшыпнікавым, матацыклетным і веласіпедным з-дах. У 1984 пабудаваны Маладзечанскі з-д парашковай металургіі.
Літ.:
Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар.маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), для быт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар.маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.
М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст. з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.
На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст.вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст.Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл.Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар.маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел.дзярж. канцэрн нар.маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-камаст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-камаст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр.лабараторыянар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-дмаст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-камаст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.
Л.А.Паўловіч.
Да арт.Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКІ РАЁН.
У цэнтры Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,7 тыс.км². Нас. 46 тыс.чал. (2001, без райцэнтра), гарадскога 12,8%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км² Цэнтр — г.Рэчыца. Уключае г.Васілевічы, г.п.Зарэчча, 189 сельскіх населеных пунктаў, Васілевіцкі гарадскі Савет, Зарэцкі пасялковы Савет, 20 сельсаветаў: Азершчынскі, Артукоўскі, Бабіцкі, Баршчоўскі, Белабалоцкі, Вышамірскі, Глыбаўскі, Дземяхоўскі, Дуброўскі, Жмураўскі, Заспенскі, Камсамольскі, Капараўскі, Караваціцкі, Ліскаўскі, Новабарсуцкі, Перасвятоўскі, Ровенскаслабодскі, Свірыдавіцкі, Холмецкі.
Тэр. раёна ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Паверхня пераважна пласкахвалістая з выступамі марэнных град і ўзгоркаў на З, забалочанымі плоскімі паніжэннямі і ўчасткамі дзюнна-ўзгоркавых форм на У. Пераважаюць выш. 130—140 м (75% тэр.), найвыш. пункт 161 м (за 2 км на Пд ад в. Камсамольск). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ. Карысныя выкапні: нафта і спадарожны гаручы газ (асн. раён здабычы на Беларусі, гл.Рэчыцкае радовішча нафты) торф, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 18,5 °C Ападкаў 609 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб.р. Дняпро з прытокамі Бярэзіна і Ведрыч з Днепрыкам. Каналы: Кербіцкі, Нізавы, Рэчыцкі (усе часткова), Ветхінскі, Перавалоцкі, Бонда і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (27,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,1%), тарфяна-балотныя (17,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (16,2%), поймавыя (алювіяльныя, 11,5%). Пад лесам 46% тэрыторыі. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя, радзей трапляюцца асінавыя, грабавыя, яловыя і інш. Штучныя насаджэнні (30,8%) пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 3% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Васілевічы-І, Шэўб-Кабылёва, Крапіўніцкае балота, Шчыгус, Белае-Пагарэлец, Янаўскае балота. У межах раёна ландшафтны заказнік рэсп. значэння Смычок, біял. заказнік мясц. значэння Закрашынскі Мох. Помнікі прыроды рэсп. значэння — дуброва ва Узнажскім лясніцтве, мясц. значэння — дуброва ў Баршчоўскім і ясеннікі ў Васілевіцкім і Караваціцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 93 тыс.га, з іх асушаных 44,6 тыс.га. На 1.1.2001 у раёне 15 калгасаў, 8 камунальных с.-г. прадпрыемстваў, с.-г. прадпрыемства «Дземяхі», племзавод «Ведрыч», падсобная гаспадарка «Крынкі» Гомельскага аддз.Бел. чыгункі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм «Рэчыцкае ПМС», аграхім. лабараторыя, насенная інспекцыя і міжраённая льнонасенстанцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых, кармавых і пладова-ягадных культур, бульбы, агародніны. Прадпрыемствы харч. (спірт, канцэнтрат кваснага сусла, крухмал, кісель, хлебапрадукты, камбікорм, жытняя мука), першаснай апрацоўкі лёну (ільновалакно), металаапр. (запчасткі для с.-г. машын) прам-сці, аблспажыўсаюза (кансервы з агародніны і мяса, мінер. вада і вінныя напіткі); Васілевіцкі і Рэчыцкі лясгасы (аднаўленне і догляд лясных насаджэнняў, дрэваапрацоўка); ААТ «Буравая кампанія «Дэльта» (свідравіны на ваду). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Гомель—Калінкавічы, аўтамагістраль Расія—Гомель—Кобрын, аўтадарогі Рэчыца—Парычы, Рэчыца—Хойнікі і Рэчыца—Лоеў. Суднаходства па рэках Дняпро і Бярэзіна. У раёне 27 сярэдніх, 11 базавых, 5 пач., 4 муз., 2 спарт. школы, дзіцячая школа мастацтваў, школа-інтэрнат, 2 спецшколы, Дом дзіцячай творчасці, ПТВ, с.-г. тэхнікум, 32 дашкольныя ўстановы, 59 сельскіх дамоў культуры і клубаў, 56 б-к, 6 бальніц, 2 дыспансеры, 3 паліклінікі, 4 амбулаторыі, 44 фельч.-ак. пункты, 3 санаторыі-прафілакторыі. Ровенскаслабодскі музей баявой і працоўнай славы. Выдаецца газ. «Дняпровец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІКА МЕТАЛАПАЛІМЕРНЫХ СІСТЭМ
Як самастойны навук. кірунак узнікла ў 1950-я г. па ініцыятыве акад. У.А.Белага. У 1959 адкрыты Гомельскі філіял лабараторыі трываласці Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі, у 1961 — лабараторыятэхн. механікі Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі АН Беларусі. На іх базе ў 1964 створаны Аддзел механікі палімераў (з 1969 Ін-т механікі металапалімерных сістэм) АН Беларусі, з 1994 — Ін-т механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага Нац.АН Беларусі.
Прадметам механікі металапалімерных сістэм як класа кампазітаў з’яўляюцца мадэлі і метады іх апісання і прагнозу ўласцівасцей, разлік неаднародных матэрыялаў і канструкцый з палімернымі кампанентамі на дэфарматыўнасць і трываласць. Даследаванні грунтуюцца на прынцыпах, метадах і тэрміналогіі механікі дэфармаванага цвёрдага цела, фізікі палімераў і фіз.-хім. механікі матэрыялаў. Традыцыйнымі і прызнанымі кірункамі з’яўляюцца: фундаментальнае вывучэнне напружана-дэфармацыйнага стану ў аб’ёме палімера і на мяжы падзелу «палімер—метал», вызначэнне нясучай здольнасці і рэсурсу адгезійных спалучэнняў і трыбаспалучэнняў, комплекснае даследаванне новых матэрыялаў у розных агрэгатных станах і знешніх умовах, абгрунтаванне аптымальных матэрыялазнаўчых, тэхнал. і канстр. параметраў металапалімерных сістэм на стадыі праектавання.
Распрацоўваюцца метады разліку і канструявання дэталей і вузлоў машын (В.В.Мажароўскі, В.Я.Старжынскі), навук. асновы фарміравання матэрыялаў і канструкцый на аснове драўніны і палімераў (Б.І.Купчынаў); даследуецца адгезійнае ўзаемадзеянне палімераў і металаў (А.Р.Юркевіч), рэлаксацыя напружанняў і «эфект памяці» палімераў (Ю.М.Плескачэўскі), дыскрэтны кантакт дэфармуемых цел (М.К.Мышкін, М.І.Петракавец, А.І.Свірыдзёнак).
У апошнія гады значна пашырылася метадалогія (нелінейная тэорыя, варыяцыйныя прынцыпы, дыскрэтныя метады, мезааналіз, зондавая мікраскапія) і прадметная галіна механікі металапалімерных сістэм. Разам з эксперым. вывучэннем і матэм. апісаннем традыцыйных палімерных кампазітаў распрацаваны мадэлі адаптыўных матэрыялаў і біякампазітаў, якія маюць прыкметы больш складаных, «інтэлектуальных» паводзін. Выкананы структурна-функцыянальны аналіз і дадзена класіфікацыя неаднародных матэрыялаў, уведзена паняцце структуры з рухомымі міжфазнымі межамі, вывучаны мех. ўласцівасці і прыстасавальныя рэакцыі штучных і біял. кампазітаў (Л.С.Пінчук, Ю.М.Плескачэўскі, С.В.Шылько).
За даследаванні ў галіне фрыкцыйных матэрыялаў на аснове палімераў групе супрацоўнікаў ін-та (У.А.Белы — кіраўнік, Э.Я.Канавалаў, В.Р.Карэцкі, Б.І.Купчынаў, В.Г.Саўкін, А.І.Свірыдзёнак, В.Я.Старжынскі, С.В.Шчарбакоў) прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Літ.:
Белый В.А., Егоренков Н.И., Плескачевский Ю.М. Адгезия полимеров к металлам. Мн., 1971;
Макаревич А.В., Пинчук Л.С., Гольдаде В.А. Электрические поля и электроактивные материалы в биотехнологии и медицине. Гомель, 2003;
Пинчук Л.С., Николаев В.И., Цветкова Е.А. Эндопротезирование суставов: технические и медико-биологические аспекты. Гомель, 2003;
Шаповалов В.М., Тартаковский З.Л. Многокомпонентные полимерные системы на основе вторичных материалов. Гомель, 2003;
Технология производства и методы обеспечения качества зубчатых колес и передач. Мн.; Гомель; СПб., 2003; Шилько С.В., Плескачевский Ю.М. Механика адаптивных материалов и биотканей. Мн., 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),
навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л.сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.
Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.Ф.Гамалея, С.Кітазата, К.Б.Ніл, Э.Ру і інш.
На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед.ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял.НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел.н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.І.Кудзіну, В.В.Первазванскаму, А.Л.Пескіну, А.І.Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.І.Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.А.Паўловіч і інш., вет. М. — Д.Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.С.Самсонава і інш.Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац.АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел.НДІ эпідэміялогіі і М., інш.с.-г. і мед.н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.
Літ.:
Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;
Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІЯ ГЛЕБ
Першыя абагульненыя звесткі пра геаграфію глеб Беларусі вядомы з пач. 19 ст. (працы М.М.Ачапоўскага). Геаграфія глеб у асноўным вызначаецца характарам рэльефу і клімату. Яе пытанні з 1840 вывучалі супрацоўнікі (А.В.Саветаў, І.А.Сцебут і інш.) Горы-Горацкай земляробчай школы (у 1848 пераўтворана ў земляробчы ін-т). Вывучэнне геаграфіі глеб Бел. Палесся актывізавалася ў час работы Зах. экспедыцыі І.І.Жылінскага (1873—98).
У пач. 20 ст. цэнтрам вывучэння геаграфіі глеб Беларусі стаў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у якім у 1921 адкрыта кафедра глебазнаўства. У 1922—23 супрацоўнікі гэтай кафедры Я.М.Афанасьеў, П.А.Кучынскі, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, Г.У.Пратасеня вывучалі глебы асобных раёнаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. У 1923—24 даследаванні глеб Беларусі праводзілі супрацоўнікі Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі (Мінск): Г.М.Высоцкі, В.Г.Касаткін, П.П.Рагавой, С.І.Сакалоў і студэнты І.С.Лупіновіч, У.М.Пілько, І.К.Ярашэвіч. Па выніках іх працы В.Г.Касаткін склаў першую глебавую карту Мінскай губ. (6 паветаў) і напісаў нарыс «Пра глебы Беларусі». У 1927—28 вывучаліся глебы Віцебскай і Бабруйскай акруг (М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў), Магілёўскай (П.А.Кучынскі), Мазырскай і Слуцкай (П.П.Рагавой) і інш.
У 1930-я г. геаграфію глеб Беларусі даследавалі М.П.Булгакаў, А.Р.Мядзведзеў, В.І.Пашын, В.Н.Чацверыкоў і інш. Абагульняльнай з’явілася навук. праца А.Р.Мядзведзева «Характарыстыка прыродна-гістарычных умоў Палескай глебавай правінцыі і Віцебска-Пскоўскай акругі Заходняй глебавай правінцыі» (1940). Цэнтрамі геагр. глебавых даследаванняў былі Ін-т аграглебазнаўства АН Беларусі (адкрыты ў 1931) і кафедра глебазнаўства БДУ (заснавана ў 1933). Вынікам глебава-геагр. даследаванняў 1930—40-х г. стала глебавая карта маштабу 1:1 200 000 (1949, пад рэд. І.С.Лупіновіча) і манаграфія «Глебы БССР» (1952, пад рэд. І.С.Лупіновіча і П.П.Рагавога).
У 1957 пачаліся буйнамаштабныя глебавыя даследаванні тэр. Беларусі. Кіравалі гэтымі работамі: М.П.Булгакаў, С.К.Вайцяховіч, В.Ф.Клебановіч, Г.Ф.Кулеш, Т.А.Раманава, І.М.Салавей, М.І.Смяян. Да 1964 завершаны першы тур буйнамаштабнага картаграфавання глеб, усе калгасы і саўгасы атрымалі глебавыя карты (1:10 000), пачалі складаць глебавыя карты раёнаў (1:50 000) і абласцей (1:200 000). Акрамя супрацоўнікаў Ін-та глебазнаўства і аграхіміі вывучэннем геаграфіі глеб Беларусі займаліся работнікі «Белдзіпралеса» (В.І.Блінцова, В.І.Герлах, А.С.Пухоўскі, Ф.В.Тарасевіч, А.Р.Штэйнбок і інш.).
Вынікам шматгадовых даследаванняў геаграфіі глеб сталі буйнамаштабныя глебавыя карты ўсіх гаспадарак і абагульняльная глебавая карта тэр. Беларусі (1:600 000, пад рэд. Т.Н.Кулакоўскай і П.П.Рагавога, 1974). Праведзена глебава-геагр. раянаванне тэр. Беларусі (Н.І.Салавей, М.І.Смяян), напісаны манаграфіі і падручнікі. У цяперашні час Беларусь мае найбольш поўную сярод краін СНД вывучанасць геаграфіі глеб як с.-г., так і лясных тэрыторый.
Каардынатарам работ па вывучэнні геаграфіі глеб Беларусі з’яўляецца НДІ глебазнаўства і аграхіміі АН Беларусі (Т.А.Раманава, М.І.Смяян і інш.). Вывучэннем глебавага покрыва займаюцца «Белдзіпразем» і яго абласныя філіялы, БСГА, кафедра глебазнаўства і н.-д.лабараторыя экалогіі ландшафтаў БДУ, «Белдзіпралес», «Белдзіправадгас».
Літ.:
Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;
Аношка В.С. Гісторыя развіцця глебазнаўства на Беларусі. Мн., 2000;
Геаграфія глеб з асновамі глебазнаўства. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯЛОГІЯ
Станаўленне кардыялогіі як навукі на Беларусі абумоўлена пашыранасцю хвароб сістэмы кровазвароту. Навук. даследаванні ў галіне кардыялогіі сталі асновай для стварэння Бел.навук. кардыялагічнага таварыства ў Віцебску (1964), ля вытокаў якога стаялі А.Дз.Адэнскі, Г.Х.Даўгяла, І.Дз.Мішэнін, Г.І.Сідарэнка (старшыня), Б.І.Трусевіч. З 1970 адкрываліся спецыялізаваныя кардыялагічныя і кардыярэўматалагічныя аддзяленні і кабінеты, стваралася паэтапная сістэма лячэння хворых на інфаркт міякарда. У 1977 адкрыты Бел.НДІ кардыялогіі (яго першы дырэктар — Сідарэнка, з 1993 — М.А.Манак). У 1978 у Ін-це створана лабараторыя сардэчна-сасудзістай хірургіі, пазней — адпаведны аддзел (заг. Ю.П.Астроўскі, У.П.Крылоў, А.М.Саўчанка, А.У.Шот). У Ін-це распрацаваны метады ранняга выяўлення ішэмічнай хваробы сэрца (ІХС), аб’ектыўныя метады дыферэнцыяльнага выбару лячэння ІХС (Манак); схемы індывідуалізаванага лячэння інфаркту міякарда ў неадкладных сітуацыях і метады абмежавання пашкоджання мышцы сэрца (Л.З.Паланецкі); серыя прылад — электракардыёграфаў, кардыярэгістратараў і мікрааналізатараў ЭКГ (кіраўнік Сідарэнка) і інш. У пач. 1980-х г. адкрыты гар. і абласныя кардыялагічныя дыспансеры ў Віцебску, Гродне, Мінску, Магілёве, Брэсце, Гомелі. У 1991 Мінскі абл. кардыялагічны дыспансер пераўтвораны ў кардыялагічнае дыспансернае паліклінічнае аддзяленне Мінскай абл. бальніцы. Праводзілася актыўная работа па стварэнні і развіцці паэтапнай сістэмы рэабілітацыі хворых, што перанеслі востры інфаркт міякарда. Аддзяленні рэабілітацыі адпаведнага кірунку функцыянуюць у санаторыях «Крыніца», «Лётцы», «Буг», «Сонечны», «Рось»; у 2002 у санаторыі «Аксакаўшчына» адкрыта аддзяленне рэабілітацыі хворых, што перанеслі аперацыі на сэрцы і сасудах. Працуе дзіцячы кардыяхірургічны цэнтр на базе 1-й клінічнай бальніцы Мінска, аддзяленне кардыяхірургіі ў Гомельскім абл. кардыялагічным дыспансеры. За распрацоўку і ўкараненне ў практыку шэрагу кардыялагічных прыбораў і праграмна-тэхнічных комплексаў супрацоўнікі Бел.НДІ кардыялогіі А.П.Вараб’ёў, В.В.Мірончык, Я.Г.Нікіцін, Паланецкі, Сідарэнка, А.У.Фралоў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1996. За стварэнне штучнага клапана сэрца «Планікс» Дзярж. прэмія Беларусі ў 1996 прысуджана Астроўскаму. У 2001 на базе Бел.НДІ кардыялогіі і 4-й клінічнай бальніцы Мінска створаны Рэсп. навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія» (РНПЦК), які займаецца навук., клінічнай, педагагічнай і арганізацыйна-метадычнай дзейнасцю. Асноўныя кірункі навук. даследаванняў: распрацоўка метадаў дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на ІХС і артэрыяльную гіпертанію; распрацоўка і ўдасканаленне новых тэхналогій хірургічнага лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў як ва ўмовах штучнага кровазвароту, так і на працуючым сэрцы; удасканаленне арганізацыі і кіравання кардыялагічнай службай Беларусі, распрацоўка аўтаматызаваных праграмна-тэхнічных сродкаў і прыбораў для выяўлення ІХС, артэрыяльнай гіпертаніі і інш. Даследаванні па кардыялогіі вядуцца таксама ў мед. ун-тах Мінска, Віцебска, Гродна, Гомеля, у Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе ў 1978 адкрыта кафедра кардыялогіі (У.В.Гарбачоў, А.Г.Мрочак). Вядучыя спецыялісты ў галіне кардыялогіі: В.М.Альхімовіч, Астроўскі, Я.В.Бардзін, М.Ф.Волкаў, Гарбачоў, Даўгяла, Э.І.Збароўскі, У.І.Казлоўскі, Крылоў, У.А.Лаліні, М.А.Ліс, Манак, Мрочак, Паланецкі, Сідарэнка, В.А.Янушка.
Літ.:
Сидоренко Г.И. Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭАГРАФІЧНАЕ МАСТАЦТВА.
Нар. харэаграфічнае мастацтва беларусаў выступае як складаная поліэлементная з’ява ў арганічным спалучэнні з каляндарна-земляробчай і сямейна-родавай сістэмамі. Складаецца яно з карагодаў і танцаў. Найстараж. від нар.танц. творчасці, пашыраны на Беларусі, — карагод (харавод, каравод, танок, кола, круг). Гэта калектыўная харэаграфічная дзея, у якой рухі арганічна спалучаюцца з харавым спяваннем (часам з інстр. суправаджэннем) і драматызацыяй паэт. зместу. Паводле функцый карагоды падзяляюцца на абрадавыя, прымеркаваныя да абрадаў або пэўнага часу і абставін, і пазаабрадавыя. Сярод абрадавых пераважаюць карагоды веснавыя (выконваюцца «ад Масленкі да Тройцы»), летняга перыяду (звязаны з купальскімі ігрышчамі і жнівом), восеньскія (звязаны з абрадам «Жаніцьба Коміна»), зімовыя (звязаны з Калядамі). Карагоды, прымеркаваныя да абрадаў, сустракаюцца ў каляндарным і сямейным цыклах, пазаабрадавыя выконваюцца ў любы час. Паводле жанравых прыкмет карагоды падзяляюць на 3 групы з адпаведным дамінаваннем у іх песні, гульні, уласна харэаграфіі: песенныя («Чыя эта мамка па вуліцы ходзіць», «Ідзе, ідзе карагод», «Як па жыту луны ходзюць», «Ой, што на нашым на шырокім возеры», «Ой, ляці, страла, да ўздоўж сяла» і інш.), гульнявыя («Пава хадзіла пер’е раніла», «Заінька па-за садам», «Сядзіць, сядзіць Яшчар», «Цар за горадам гуляе», «А мы проса сеялі», «Рында», «Ідзіце, мальцы, у карагод» і інш.), танцавальныя («Як пашла мядзвежка пір піруваці», «Васіль, Васілёчык», «Зязюля», «Каб мне чарачку гарэлкі», «Гусарык», «Шастак» і інш.). Выконваюцца карагоды пераважна жанчынамі ўсіх узроставых груп (класічныя кругавыя карагоды — абрадавыя ці прымеркаваныя да абрадаў), а таксама дзіцячымі, падлеткавымі, маладзёжнымі гуртамі мяшанага складу (пераважна гульнявыя і танц.).
Бел. аўтэнтычны т а н е ц — складаная сістэма, якая спалучае функцыі: абрадавыя (калядныя, жніўныя, вясельныя); прымеркаваныя да абрадаў (каляндарных і сямейна-родавых), якія выконваюцца ў любы час (на вечарынках, гульнях, ігрышчах, забавах, кірмашах, фэстах, у бяседзе); жанравую разнавіднасць (кадрылі, полькі, лявоніхі, вальсы, група запазычаных фалькларызаваных танцаў); тып арганізацыі руху (танцы-гульні, танцы ілюстрацыйна-выяўленчыя, арнаментальныя, імправізаваныя); структуру (аднаматыўныя, мала- і шматфігурныя, мала- і шматкаленныя); склад выканаўцаў (парна-гуртавыя, сольна-гуртавыя, з няцотнай колькасцю ўдзельнікаў, парныя, сольныя); муз. суправаджэнне — сольнае («пад язык», інструмент), ансамблевае (інстр., песенна-інстр.). Сярод абрадавых танцаў: калядныя («Каза», «Мядзведзь», «Кабылка», «Буцян» і інш.), жніўныя («Казёл» і інш.), вясельныя («Качан», «Чобаты», «Жабка», «Скокі на лаўках», «Жораў» і інш.), прымеркаваныя да абрадаў («Магера», «Таўкачыкі», «Лявоніха» з каляднай гульні «Жаніцьба Цярэшкі» і інш.). Сярод пазаабрадавых: «Лявоніха», «Мяцеліца», «Кашэль», «Чарэйка», «Кросны», «Церніца», вальс «Вішанька», «Акуліна»; «Какетка», «Каханачка», «Лысы», «Матлёт»; «Мікіта», «Заяц», «Казак», «Рускага» і шмат інш. Вызначальнымі для беларусаў з’яўляюцца полькі, якія пашыраны ў шматлікіх тыпах, варыянтах і назвах: «Трасуха», «Дробная», «Скакуха», «Соўгалка», «Крутуха», «Вінтом», «Верацяно», «Рассыпуха», «Казёл», «Зявака», «Шчэпка», «Пчолка», «З камандамі», «На два бакі» і інш.
Першыя звесткі пра бел. харэаграфічны фальклор з’явіліся ў 19 — пач. 20 ст. у працах Я.Чачота, братоў Я. і К. Тышкевічаў, І.Насовіча, П.Бяссонава, П.Шэйна, Е.Раманава, А.Кіркора, П.Шпілеўскага, А.Пшчолкі, М.Федароўскага, У.Дабравольскага, М.Нікіфароўскага, М.Доўнар-Запольскага, Я.Карскага, А.Багдановіча, А.Сержпутоўскага і інш. У 1844 выйшла першая публікацыя, прысвечаная бел. танцу, «Беларускі танец з прыпеўкамі» А.Овіча, у 1941 — «Беларускі танец» І.Хвораста. З сярэдзіны 20 ст. асобныя жанравыя разнавіднасці бел.традыц.нар. харэаграфіі разглядалі ў сваіх працах К.Галяйзоўскі, З.Мажэйка, В.Яшчанка і інш. У 1956 выдадзены першы зб. з нотнымі дадаткамі і малюнкамі «Шэсць беларускіх танцаў» (складальнік К.Аліна), у 1969 — манаграфія «Беларускі сцэнічны танец» Ю.Чурко, у 1978 — навучальны дапаможнік «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні» Л.Алексютовіч. З 1990-х г.бел. танцавальны фальклор пачаў даследавацца як сінкрэтычнае адзінства руху, музыкі, слова, ва ўзаемасувязі функцыі, структуры і стылістыкі ў працы ў 6 т. «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» («Магілёўскае Падняпроўе», т. 1, 2001; «Віцебскае Паддзвінне», т. 2, 2004). Сцэнічныя варыянты пашыраных на Беларусі танцаў запісвалі С.Грабеншчыкоў, Н.Лаўрухіна, А.Рыбальчанка, І.Серыкаў, Я.Хацілоўскі і інш.
Музыку для бел.нар. танцаў збіралі: у 19 ст. М.Ельскі, О.Кольберг, Я.Карловіч, Е.Раманаў, у 20 ст. А.Грыневіч, М.Чуркін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, І.Назіна, М.Козенка, А.Рашчынскі, В.Купрыяненка, А.Скорабагатчанка, М.Казловіч і інш., музыку бел.нар. танцаў выкарыстоўвалі ў сваіх творах бел. кампазітары І.Жыновіч, Дз.Камінскі, Р.Пукст, М.Чуркін, Я.Цікоцкі, А.Багатыроў, Дз.Лукас, Р.Сурус, В.Войцік, В.Помазаў, У.Кандрусевіч, Г.Гарэлава, П.Альхімовіч, В.Кузняцоў, А.Рашчынскі, С.Наско, С.Хвашчынскі, Л.Сімаковіч і інш.
У сістэме традыц.нар. харэаграфіі вызначальная роля належыць яе т.зв. карыфеям (лідэрам), якія выступаюць у ролі захавальнікаў нар. рэпертуару, мясцовага маст. стылю. Сярод нар. танцораў: на Усх. Палессі — В.Багданава, Я. і С. Вергуны, Л.Дрань, М.Забаўка, Р. і М. Казачэнкі, В.Казлоў, Г.Каўтунчык, Г.Круглова, Г.Ксяндзова, Т.Лахцерава, Ю.Ліпская, Н.Лось, М.Маркевіч, Л.Махнач, А.Сасноўская, З.Сініцкая; на Зах. Палессі — А.Клімчук, С.Кочык, Л.Крагель, М.Кунац, Г.Міхаевіч, С.Страпка, Г. і М. Сукач, Я.Шумак, Я.Якута, С.Ярошчык; у цэнтр. Беларусі — М. і С. Абрамовічы, З.Касцюковіч; у Падняпроўі — В.Галамака, М.Каношка, Т.Сінякова і інш.
У галіне традыц.нар. харэаграфіі працуюць нар. ансамблі нар. танца, музыкі і песні «Лёс» Бабіцкага сельскага дома культуры Чачэрскага р-на, засл.фалькл. ансамбль «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры Лельчыцкага р-на, фалькл.-этнагр. гурт в. Скібічы Драгічынскага р-на, фалькл. калектывы — «Знаходка» Тышкавіцкага сельскага дома культуры Іванаўскага р-на, «Сінічкі» Івольскага сельскага дома культуры Буда-Кашалёўскага р-на, дзіцячыя ўзорныя танц.фалькл. гурты «Берагіня» Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установы «Школа-садок» Барысаўскага р-на, «Верабейкі» Любанскага раённага цэнтра культуры, «Рудабельскія зорачкі» СШ №3 г.п. Акцябрскі, узорныя танц. калектывы «Нежачкі» Расонскага раённага цэнтра пазашкольнай работы, «Верасок» Капаткевіцкага гар. дома культуры Петрыкаўскага р-на і інш.
Самабытныя сцэнічныя пастаноўкі на аснове харэаграфічных першакрыніц зрабілі бел. харэографы П.Акулёнак, Л.Алексютовіч, Л.Барадулька, В.Варановіч, А.Вараб’ёў, Ю.Васілюк, В.Гаявая, В.Дарнеў, С.Дрэчын, М.Дубінін, М.Дудчанка, В.Жыльцоў, Н.Залеўская, Ч.Клячко, М.Лесагор, Л.Ляшэнка, А.Мяцельская, В.Папоў, В.Партной, А.Рыбальчанка, В.Сакалоў, П.Свярдлоў, І.Серыкаў, І.Смірноў, І.Хвораст, М.Цурканаў, Г.Чорны, Я.Штоп і інш.
У апошнія дзесяцігоддзі традыц. харэаграфічную спадчыну беларусаў даследавалі аддзел харэаграфічнага мастацтва Рэсп.навук.-метадычнага цэнтра культуры Мін-ва культуры Беларусі, галіновая навук.-даследчая лабараторыябел.танц. творчасці Мінскага ін-та культуры (А.Варламаў, С.Гуткоўская, Г.Каляда, С.Клімовіч, Ю.Чурко і інш.), з пачатку 1990-х г. — лабараторыятрадыц. мастацтва Бел.дзярж. ін-та праблем культуры (М.Козенка), а таксама абласныя і раённыя цэнтры культуры рэспублікі.
Да аўтэнтычнага танц. фальклору звяртаюцца харэаграфічныя калектывы Беларусі, бел. дыяспары за яе межамі. Асновам бел.нар. танца навучаюць у дзіцячых харэаграфічных школах, школах мастацтваў, у этнашколах. Як асобную дысцыпліну бел.нар. танец вывучаюць у бел. ун-це культуры і мастацтваў, пед. ун-це імя М.Танка, у сярэдніх спец.навуч. установах культуры і мастацтва.
На Беларусі праводзяцца традыц.рэсп. фестывалі нар. танца «Беларуская полька» (г. Чачэрск; 1993, 1994, 1996, 1999—2000), рэгіянальныя фестывалі фалькл. мастацтва, у т. л. «Берагіня» (г.п. Акцябрскі; 1999, 2000—2001; з 2004 — рэсп.), «Мядоцкі край і яго таленты» (в. Мётча Барысаўскага р-на; 1997, 2001), а таксама рэсп. фестывалі бел.нар. танца «Палескі карагод» (перыядычна — міжнар.; г. Пінск, з 1991), «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992) і інш.
Пра бел. харэаграфічны фальклор зняты фільмы «Столінскія карагоды, танцы, скокі» (1990), «Чачэрскі куфэрак» (1991), «Карагод» (1995), «У святыя вечары на Каляды» (1996) і інш., а таксама больш за 30 танц.фалькл. тэлепраграм з цыкла «Радавод» (1991—2000).
Касцюмы для калектываў нар. танца вырабляюць маст.-эксперым.тэатр. камбінат, маст.-вытв. камбінат Бел. саюза тэатр. дзеячаў, навук.-вытв.рэсп. унітарнае прадпрыемства «Скарбніца», спецыялізаваныя атэлье ў абл. цэнтрах, прыватныя вытв. майстэрні і інш. па эскізах мастакоў А.Александровіч, Л.Баразны, І.Булгакавай, А. і Н. Бяловай, А.Казловай, С.Кошавай, Н.Мядзведскай, Ю.Піскуна, М.Раманюка, Л.Рулёвай, Т.Шэпет, Г.Юрэвіч, А.Юр’евай і інш.
М.А.Козенка.
Кругавы веснавы карагод у выкананні жыхарак вёсак Ламбава і Панкратавічы Бабруйскага раёна.Узорны фальклорны гурт «Берагіня» Барысаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),
навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш.Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш.Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл.«Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.
Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл.Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.М.Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.П.Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.Гольбах, К.Гельвецый, Д.Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот). У 20 ст.сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, А.М.Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.
На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел.пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.А.Бенядзіктаў, А.П.Ерась, В.М.Кавалгін, Ф.І.Івашчанка, Я.Л.Каламінскі).
Літ.:
Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;
Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1996;
Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ.Мн., 1997;
Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІКА
Станаўленне батанікі на Беларусі адбывалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя даследаванні мелі пераважна апісальны характар. У складзе экспедыцыі, арганізаванай Пецярбургскай АН у 1773 (кіраўнік І.І.Ляпёхін), працаваў М.Азерацкоўскі, які сабраў у наваколлі Віцебска гербарый больш за 400 відаў раслін. У 1775 І.Э.Жылібер заклаў у г. Гродна батанічны сад, значную частку якога складалі віды мясц. флоры. Ля вытокаў батанікі як навукі стаялі бел. вучоныя В.Г.Бесэр, Ж.Э.Жылібер, К.Ф.Ледэбур, В.М.Севяргін, С.Б.Юндзіл. У сярэдзіне 19 ст. апублікаваны працы А.А.Антонава, Н.В.Доўнара, Э.Ліндэмана, Р.Пабо, В.В.Пашкевіча, К.Чалоўскага, у якіх прыведзены спісы раслін Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. Флору і расліннасць Палесся вывучалі У.С.Дактуроўскі, Г.К.Крэер, Г.І.Танфільеў. У 1897—1901 Ю.К.Пачоскі апублікаваў манаграфію «Флора Палесся і прылеглых мясцовасцей».
У 1836 у г. Горкі Магілёўскай губ.засн. першая на Беларусі земляробчая школа, на базе якой у 1848 утвораны земляробчае вучылішча і Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Супрацоўнікі гэтых устаноў зрабілі значны ўклад у развіццё с.-г. раслінаводства. Р.Э.Траўтфетэр (дырэктар ін-та ў 1860—63) сабраў гербарый мясц. раслін, М.В.Рытаў вёў даследаванні па генетыцы і селекцыі, М.М.Гайдукоў займаўся фізіялогіяй раслін. У 1910 у Мінску створана балотная станцыя (у 1931 пераўтворана ва Усесаюзны балотны ін-т). У 1920-я г. арганізаваны шэраг доследных станцый, у педагагічных ін-тах створаны кафедры батанікі. Кафедра батанікі дзейнічала і ў Ін-це беларускай культуры (у 1929 рэарганізаваны ў Акадэмію навук Беларусі). У 1931 на базе кафедраў батанікі, заалогіі, фізіялогіі і эксперыментальнай біялогіі створаны Ін-т біялагічных навук АН Беларусі. У 1932 у Мінску засн. Батанічны сад. У 1947 у АН Беларусі адноўлены Ін-т біялогіі. Навук. кірункі, што распрацоўваліся ў ім, сталі базай для ўтварэння самастойных навук. устаноў, для якіх расліны і раслінны свет з’яўляюцца адзінай прыроднай асновай для навукова-доследнай дзейнасці: Цэнтр. батанічны сад, лабараторыя біяфізікі і ізатопаў (у 1973 рэарганізавана ў Ін-т фотабіялогіі), аддзел генетыкі і цыталогіі (у 1965 пераўтвораны ў ін-т). Мянялася і ўдакладнялася назва ін-та: з 1947 — Ін-т біялогіі, з 1963 — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі, з 1966 — Ін-т эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча (з 1972) АН Беларусі. У 1972 у склад ін-та ўключаны аддзел фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін. Гербарый ін-та (каля 300 тыс. узораў) унесены ў дзярж. рэестр навук. аб’ектаў, якія з’яўляюцца нац. здабыткам краіны. Асн.навук. кірункі: біялагічныя асновы ўзнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага свету Беларусі; фізіёлага-біяхімічныя асновы павышэння прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін; радыеэкалогія раслін. Уклад у развіццё батанікі зрабілі А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, В.С.Гельтман, Ц.М.Годнеў, Дз.С.Голад, М.А.Дарожкін, Н.В.Казлоўская, Г.А.Кім, В.Ф.Купрэвіч, М.А.Ламан, М.Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, У.М.Рашэтнікаў, М.У.Смольскі, М.П.Тамін, В.М.Цярэнцьеў, І.Д.Юркевіч і інш.
Даследаванні па батаніцы вядуцца таксама ў Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, БСГА, БДУ, Гомельскім Тэхналагічным і Педагагічным ун-тах, Бярэзінскім біясферным запаведніку, Нац. парках «Белавежская пушча», «Прыпяцкі» і «Браслаўскія азёры». Працу навукова-даследчых устаноў батанічнага профілю каардынуе аддзяленне біялагічных навук Нац.АН Беларусі. Навук. праца вядзецца ў канкрэтнай прыроднай зоне з выкарыстаннем аб’ектаў мясц. флоры, расліннасці і с.-г. культур, што вырошчваюцца ў краіне. Вынікі даследаванняў разам з агульнатэарэтычнай значнасцю забяспечваюць рашэнне практычных задач сельскай і лясной гаспадаркі, аховы прыроды і здароўя людзей.