ГАРЭ́ННЕ,

фізіка-хімічны працэс пераўтварэння рэчыва, які суправаджаецца інтэнсіўным вылучэннем энергіі, цепла- і масаабменам з навакольным асяроддзем і звычайна яркім свячэннем (полымем). Гарэнне ў адрозненне ад выбуху і дэтанацыі адбываецца з меншай скорасцю і без утварэння ўдарнай хвалі.

Аснова гарэння — экзатэрмічныя хім. рэакцыі, здольныя да самапаскарэння з-за назапашвання вылучанай цеплыні (цеплавое гарэнне) ці актыўных прамежкавых прадуктаў рэакцыі (ланцуговае гарэнне). Найб. шырокі клас рэакцый гарэння — акісленне вуглевадародаў (напр., пры гарэнні прыроднага паліва), вадароду, металаў і інш. Акісляльнікі — кісларод, галагены, нітразлучэнні, перхлараты. Асн. асаблівасць гарэння — здольнасць распаўсюджвання ў прасторы з-за нагрэву ці дыфузіі актыўных цэнтраў. Гарэнне можа пачацца самаадвольна (самазагаранне) ці ў выніку запальвання (полымем, эл. іскрай). Паводле агрэгатнага стану гаручага рэчыва і акісляльніку адрозніваюць гамагеннае (гарэнне газаў і газападобных рэчываў у асяроддзі газападобнага акісляльніку), гетэрагеннае (гарэнне вадкага ці цвёрдага паліва ў газападобным акісляльніку) і гарэнне выбуховых рэчываў і порахаў. Выкарыстоўваюць для вылучэння энергіі паліва ў тэхніцы (маторабудаванне, ракетная тэхніка) і цеплаэнергетыцы, атрымання мэтавых прадуктаў у тэхнал. працэсах (доменны працэс, металатэрмія і інш.).

В.​Л.​Ганжа.

т. 5, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),

групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).

У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]​2-, [Os6(CO)18]​2−, [Mo3NiS4]​4+, [Au55(PR3)12]​6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.

Літ.:

Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;

Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.

В.​В.​Свірыдаў.

Да арт. Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]​2−.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЫЙ (лац. Rhodium),

Rh, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 45, ат.м. 102,9055, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​103Rh. У зямной кары 10​−7% па масе. Як ізаморфная прымесь уваходзіць у крышт. рашотку мінералаў медна-нікелевых сульфідных руд, мінералаў групы осмістага ірыдыю, самароднай плаціны. Адкрыты ў 1804 англічанінам У.​Воластанам, назва ад грэч. rhodon — ружа (ад ружова-чырв. колеру яго солей).

Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 1963 °C, tкіп 3727 °C, шчыльн. 12 410 кг/м³. У звычайных умовах кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння ўсіх кіслот (у т. л. царскай гарэлкі) і шчолачаў. Здробнены пры 100 °C узаемадзейнічае з сернай к-той, пры 200—600 °C — з галагенамі, серай, селенам; пры 600—800 °C у паветры акісляецца, утвараецца сесквіаксід Rh2O3 (шэрыя крышталі, якія пры t>1000 °C раскладаюцца на метал і кісларод). Выкарыстоўваюць для атрымання сплаваў з плацінай (маюць 7, 10 і 30% Р.) і інш. плацінавымі металамі (каталізатары, тэрмапары), вырабу тыгляў у вытв-сці монакрышталёў, нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты, люстраныя паверхні рэфлектараў, пражэктараў, тэхн. люстраў.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́Н (лац. Selenium),

Se, хімічны элемент VI групы перыяд. сістэмы; ат. н. 34; ат. м. 78,96. Прыродны С. складаецца з 6 стабільных ізатопаў, асн. ​80Se (49,82%). З 16 радыеактыўных ізатопаў найб. значэнне мае ​75Se з перыядам паўраспаду 121 сут. Вельмі рэдкі і рассеяны элемент, у зямной кары 1,410′​6% па масе. Здольны да канцэнтрацыі, утварае больш за 50 мінералаў (селенідаў, селенітаў, селенатаў і інш.), характэрны прымесі С. ў сульфідах і самароднай серы. Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў. Штодзённа чалавеку і жывёлам неабходна 50—100 мкг С. на 1 кг рацыёну. Адкрыты Ё.​Я.​Берцэліусам у 1817 (назва ад грэч. selēnē Месяц).

С. — неметал. Мае некалькі алатропных мадыфікацый. Устойлівая крышт. мадыфікацыя — шэры, т.зв. «металічны», С. гексаганальнай структуры; шчыльн. 4800 кг/м³, tпл 221 °C, tкіп 685 °C. Паўправаднік. На паветры ўстойлівы; кісларод, вада, саляная і разбаўленая серная к-ты на С. не дзейнічаюць, раствараецца ў канцэнтраванай азотнай к-це і царскай гарэлцы. З кіслародам утварае аксіды. Усе селену злучэнні ядавітыя. Выкарыстоўваецца ў электратэхн., металургічнай, хім., фармацэўтычнай прам-сці.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТОР (лац. Fluorum),

F, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат.н. 9, ат.м. 18,9984, адносіцца да галагенаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​19F У зямной кары 6,510​−2% па масе. Асн. мінерал — флюарыт. Важны элемент для млекакормячых жывёл і чалавека (утварэнне зубоў і касцей). Адкрыў у 1771 швед. вучоны К.​Шэеле, у свабодным стане вылучыў у 1886 франц. хімік А.​Муасан. Назва Ф. ад грэч. phthoros гібель, разбурэнне.

Бледна-жоўты газ з рэзкім пахам, tкіп — 188,2 °C, шчыльн. 1,693 кг/м³ (0 °C). Самы электраадмоўны хім. элемент, моцны акісляльнік. Энергічна ўзаемадзейнічае з вадой (вылучаецца кісларод) і вадародам (утвараецца фторысты вадарод HF). Не ўтварае кіслародных кіслот. Усе хім. элементы (акрамя гелію, неону і аргону) утвараюць устойлівыя фтарыды. У прам-сці Ф. атрымліваюць электролізам у расплаве калію дыгідратрыфтарыду KH2F3 пры 70—120 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фторарганічных злучэнняў і фтарыдаў. Вельмі таксічны: раздражняе скуру. слізістыя абалонкі носа і вачэй. ГДК у паветры 0,15 мг/м³, у вадзе 0,7 мг/л (для фтарыдіона).

Літ.:

Исикава Н., Кобаяси Е. Фтор: Химия и применение: Пер. с яп. М., 1982.

А.​П.​Чарнякова.

т. 16, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЕ́ННЕ-АДНАЎЛЕ́ННЕ, акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі,

хімічныя рэакцыі, пры якіх адбываецца пераход электронаў ад атамаў, малекул ці іонаў аднаго злучэння да атамаў, малекул і іонаў другога. Паводле электроннай тэорыі акісленне вызначаецца як страта (напр., Zn−2e = Zn​2+), а аднаўленне як далучэнне (напр., Cl2 + 2e = 2Cl​–) электронаў. Рэчыва, якое далучае электроны, наз. акісляльнікам, а якое іх страчвае — аднавіцелем. Акісленне-аднаўленне ўзаемазвязаныя працэсы, якія адбываюцца адначасова: Zn + Cl2 = Zn Cl2 (Zn аднавіцель, акісляецца да Zn​2+, а Cl2 акісляльнік, аднаўляецца да 2Cl​–). Важнейшыя акісляльнікі: кісларод, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій і інш. Аднаўляльнікі: вугаль, вадарод, ёдзісты калій, аксід вугляроду і інш. Пры складанні ўраўненняў акіслення-аднаўлення ўлічваецца электраадмоўнасць атамаў (здольнасць атама ў малекуле прыцягваць і ўтрымліваць электроны) і акіслення ступень. Перамяшчэнне электронаў у акісленні-аднаўленні адбываецца за кошт розніцы энергій сувязі, у аднаўляльніку электроны звязаны слабей. Рэакцыямі акіслення-аднаўлення карыстаюцца пры атрыманні металаў і неметалаў, розных хім. прадуктаў (аміяку, азотнай і сернай кіслот і інш.), яны ляжаць у аснове гарэння ўсіх відаў паліва, карозіі металаў, электролізу раствораў і расплаваў, дзеяння хім. крыніц току. Уласціва біял. сістэмам (гл. ў арт. Акісленне біялагічнае, Фотасінтэз).

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАКО́,

сакраторная вадкасць малочных залоз млекакормячых жывёл і чалавека, фізіялагічна прызначаная для выкормлівання дзіцянят. Выпрацоўваецца ў перыяд лактацыі. Змяшчае большасць элементаў, неабходных для нармальнага росту і развіцця арганізма, аховы яго ад захворванняў, у збалансаваным, аптымальным для засваення стане. Склад М. залежыць ад віду, пароды, узросту жывёл, стадыі лактацыі, сезона года і інш. Асн. кампаненты М.: вада, бялкі (казеін, лактаглабулін, лактальбумін), тлушчы (гліцэрыны), малочны цукар (лактоза), мінер. рэчывы (калій, кальцый, магній, натрый, фосфар і інш. макра- і мікраэлементы), большасць вядомых вітамінаў, імунаглабуліны. Некаторыя з іх (казеін, лактоза) у інш. прыродных прадуктах адсутнічаюць. У невял. колькасцях у М. ёсць свабодныя амінакіслоты, інш. азоцістыя злучэнні (ацэтылхалін, крэацін і інш.), тлушчападобныя рэчывы (лецыціны, халестэрын, эргастэрын і інш.), свабодныя тлустыя к-ты, ферменты (лактаза, ліпаза, пераксідаза, пратэіназа і інш.), гармоны (аксітацын, інсулін, пралакцін і інш.), пігменты, газы (вуглякіслы газ, кісларод, вадарод, аміяк), мікраарганізмы; у сырадоі — антыбактэрыяльныя рэчывы (лактэніны). М. многіх с.-г. жывёл — каштоўны харч. прадукт, сыравіна для вытв-сці разнастайных малочных прадуктаў. Найб. шырока выкарыстоўваецца каровіна М., якое змяшчае ў сярэднім вады 87%, тлушчу 3,9, бялку 3,2 (казеіну 2,7), малочнага цукру 4,7, мінер. рэчываў 0,7%; мае энергет. каштоўнасць 690 ккал/кг.

Л.​Л.​Галубкова.

т. 10, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

макраэлеме́нты

(ад макра + элемент)

найбольш пашыраныя 10 хімічных элементаў з атамнымі нумарамі ў інтэрвале ад 8 да 26, якія складаюць 99,92 % масы зямной кары (кісларод, крэмній, кальцый, алюміній, жалеза, магній, калій, натрый, тытан, марганец); параўн. мікраэлементы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

разложи́ть​II сов.

1. (на составные части) раскла́сці;

разложи́ть во́ду на кислоро́д и водоро́д раскла́сці ваду́ на кісларо́д і вадаро́д;

разложи́ть число́ на мно́жители раскла́сці лік на мно́жнікі;

2. перен. (дезорганизовать) разбэ́сціць; см. разлага́ть.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

САПРАБІЁНТЫ, сапробы (ад грэч. sapros гнілы + bios жыццё),

жывыя арганізмы, якія жывуць у забруджаных арган. рэчывамі вадаёмах. Здольнасць С. мінералізаваць арган. рэчывы спрыяе біял. самаачышчэнню вадаёмаў і выкарыстоўваецца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых вод. Відавы склад і колькасць С. — біялагічныя індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў. Для кожнай ступені забруджанасці вызначаны паказальныя арганізмы. Вылучаюць полі-, меза- і алігасапрабіёнты.

Полісапрабіёнты жывуць у моцназабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца наяўнасцю нязгнілых бялковых рэчываў, вял. колькасцю вуглекіслаты, серавадароду і метану, адсутнасцю кіслароду. Згуртаванні полісапрабіёнтаў хутка змяняюцца, утвараюць слізістыя камякападобныя абрастанні, характарызуюцца вял. колькасцю асобін нешматлікіх відаў. На Беларусі да іх належаць некат. бактэрыі (сфератылус натанс, тыётрыкс нівея), зялёная водарасць асцыляторыя, некат. інфузорыі і жгуціканосцы, чарвяк тубіфекс, лічынка мухі-пчалавідкі («крыска»). Мезасапрабіёнты жывуць ва ўмерана забруджаных водах, дзе няма нязгнілых бялкоў, ёсць кісларод і прадукты акіслення — нітраты і нітрыты. Да іх належаць ніткавыя бактэрыі, водарасці, мукоравыя грыбы, прасцейшыя, малюскі, ракападобныя, лічынкі насякомых (напр., матыль), некат. рыбы. Алігасапрабіёнты жывуць у чыстых або слабазабруджаных вадаёмах, якія характарызуюцца добрымі акісляльнымі ўмовамі, невял. колькасцю свабоднай вуглекіслаты, адсутнасцю серавадароду. Вызначаюцца залацістыя водарасці з роду дынобрыян, пірафітавыя з роду цэрацыум і дыятомавыя з роду цыклатэла, сінедра, ніцшыя; кветкавыя расліны — рдзесты, шышнякі, гарлачык; галінаставусыя ракападобныя, рачныя ракі, амаль усе рыбы, трытоны, жабы. Проціпастаўляюць катарабіёнтам. Гл. таксама Сапробнасць.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)