ЛАЖЭ́ЧНІКАЎ (Іван Іванавіч) (25.9.1792, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 8.7.1869),
рускі пісьменнік. Удзельнік Айч. вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—15. У 1820—37 (з перапынкамі) дырэктар навуч. устаноў Пензенскай, Казанскай, Цвярской губ. З 1843 віцэ-губернатар у Цверы, у 1853—54 — у Віцебску. У 1856—58 цэнзар у Пецярбургу. З 1858 у Маскве. Друкаваўся з 1807. Адзін з пачынальнікаў рус.гіст. рамана («Апошні Навік», ч. 1—4, 1831—33; рамантызаваная версія першых перамог Расіі ў Паўн. вайне 1700—21). Лепшы гіст. раман — «Ледзяны дом» (1835), у якім праўдзіва ўзнавіў эпоху царавання Ганны Іванаўны і «біронаўшчыны». Суровы каларыт часоў стварэння цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы ў 15 ст. апісаў у рамане «Басурман» (1838). Пісаў вершаваныя трагедыі («Апрычнік», нап. 1842, забаронена цэнзурай, выд. 1859; паводле яе аднайм. опера П.Чайкоўскага), вадэвілі. Аўтар раманаў «Вядзьмар на Сухаравай вежы» (1840, незавершаны), «Няшмат гадоў таму» (ч. 1—4, 1862), «Унучка панцырнага баярына» (1868; напісаны па матэрыялах, сабраных ім у Віцебску, дзе з кансерватыўных пазіцый паказана паўстанне 1863—64), мемуарнай аповесці «Беленькія, чорненькія і шэранькія» (1856), нарысаў-успамінаў пра А.Пушкіна, В.Бялінскага, вайну 1812. У «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) акрамя сваіх ваен. уражанняў змясціў запісы пра бел. гарады. Эпісталярная спадчына часоў службы ў Віцебску адлюстроўвае спачувальнае стаўленне аўтара да бел. сялян.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. Можайск, 1994.
Літ.:
Петров С.М. Русский исторический роман XIX в. 2 изд. М., 1984. С. 95—142;
Воробьева Т. Лажечников в Витебске // Неман. 1970. № 9;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,
ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк.правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл.Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.
стараж.-грэч.Істр, рака ў Еўропе, на тэр.ФРГ, Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Югаславіі, Балгарыі, Румыніі, Украіны; другая па даўжыні пасля Волгі. Даўж. 2850 км, пл.бас. 817 тыс.км². Утвараецца ад сутокаў Брэге і Брыгах на ўсх. схілах горнага масіву, Шварцвальд, упадае ў Чорнае м. Верхні Д. (да Вены) цячэ па Баварскім пласкагор’і ў вузкай глыбокай даліне, якая падзяляе адгор’і Альпаў і Чэшскага масіву. У сярэднім цячэнні перасякае Сярэднедунайскую раўніну. У асобных горных хрыбтах і градах (Венгерскія Вароты, Вішаградскі праход, Жалезныя Вароты, Казанэ) утварае даліны прарыву. Ніжняе цячэнне (да вусця) праходзіць па Ніжнедунайскай раўніне. Утварае дэльту (пл. 3500 км²), дзе вылучаюцца 3 гал. рукавы (гірлы); Кілійскае, Сулінскае і Георгіеўскае. Больш за 300 прытокаў, 34 з іх суднаходныя. Гал. прытокі: Марава, Ціса, Олт, Сірэт, Пруг (злева), Ін, Драва, Сава, Марава (справа). Жыўленне мяшанае. Рэжыму верхняга Д. характэрна летняе разводдзе ад раставання снегу і лёду ў гарах, на астатняй тэр. веснавое разводдзе і летняя межань. На асобных участках у суровыя зімы замярзае да 1,5 мес. Сярэдні гадавы расход вады 6430 м³/с. Рыбалоўства (пераважна ў дэльце). Водзяцца бялуга, сяўруга, асетр, дунайскі селядзец, сазан, жэрах і інш. Выкарыстоўваецца на арашэнне і водазабеспячэнне гарадоў і прамысл. цэнтраў. Суднаходная да вярхоўяў, мае вял. значэнне ў трансп. сувязях Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. У ніжнім цячэнні (у Румыніі) Д. злучаны каналам з Чорным м. У Жалезных Варотах (на мяжы Румыніі і Югаславіі) 2 буйныя ГЭС (Джэрдап), каскад ГЭС з вадасховішчамі на тэр.
Аўстрыі і ФРГ. Гал. гарады на Д. — Рэгенсбург (ФРГ), Лінц, Вена (Аўстрыя), Браціслава (Славакія), Будапешт (Венгрыя), Нові-Сад, Бялград (Югаславія), Русе (Балгарыя), Брэіла, Галац (Румынія), Ізмаіл (Украіна) і інш. У дэльце Д. запаведнік Дунайскія плаўні. Д. — міжнар. рака. Канвенцыяй аб рэжыме суднаходства на Д. 1948 устаноўлена свабода суднаходства, забаронена плаванне ваен. караблёў непрыдунайскіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.Радзівіл, І.Вайніловіч, памешчык К.Навамейскі, граф А.Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.Кжыжаноўскі, А.Пліхта, В.Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.Гружэўскі, І.Завіша, Я.Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.
2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.
Літ.:
Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;
Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,
дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.
Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,
форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.
На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПІНГ (англ. doping ад dope даваць наркотык),
стымуляцыя псіхафіз. актыўнасці спартсмена з дапамогай фармакалагічных сродкаў і метадаў. прызнаных Мед. камісіяй Міжнар.алімп.к-та (МАК) допінгавымі. У спіс допінгавых сродкаў уваходзяць: узбуджальныя (амфетамін, эфедрын, кафеін); абязбольваючыя наркатычныя (марфін, кадэін, какаін і інш.); андрагенна-анабалічныя стэроіды (метанабол. 19-нортэстастэрон, станазалол, тэстастэрон); мачагонныя (фурасемід, гідрахлоратыязід, ацэтазаламід, аміларод і інш. для хуткага штучнага зніжэння масы цела, прыспешваюць працэс выдзялення мачы, што зніжае канцэнтрацыю ў ёй допінгавых субстанцый і перашкаджае іх выяўленню); пептыдныя гармоны і іх аналагі (плацэнтны ганадатрапін, кортыкатрапін, самататрапін, эрытрапаэтын). Д. з’яўляюцца таксама сродкі, выкарыстанне якіх не забаронена, але мае пэўныя абмежаванні; алкаголь, марыхуана, сродкі мясц. абязбольвання. У абгрунтаваных мед. паказаннямі выпадках дазваляецца выкарыстанне пракаіну, лідакаіну (ксілакаіну), карбакаіну. Кортыкастэроіды могуць выкарыстоўвацца толькі мясцова пры захворваннях вушэй, вачэй, скуры, пры інгаляцыйнай тэрапіі (астма, алергічны насмарк) і бэта-адрэналітыкі (прапраналол і інш.). Допінгавымі метадамі лічацца аўтатрансфузія (пераліванне ўласнай крыві), гетэратрансфузія (пераліванне донарскай крыві), пераліванне прэпаратаў, які маюць эрытрацыты (з уласнай або донарскай крыві), фармацэўтычныя, хім., фіз. маніпуляцыі з мэтай падмены саставу пробы біял. вадкасці.
Пошукі пазатрэніровачных спосабаў стымуляцыі псіхафіз. магчымасцей чалавека вяліся яшчэ ў старажытнасці. З канца 19 ст. ў спарт. дысцыплінах, што патрабуюць доўгатэрміновага напружання (напр., веласіпедны спорт), выкарыстоўвалі кафеін, алкаголь, эфір, стрыхнін і абязбольваючыя наркатычныя сродкі. Першыя антыдопінгавыя даследаванні (пачынальнік польскі фармацэўт А.Букоўскі) праведзены ў пач. 20 ст. на скакавых конях на іпадромах Будапешта, Варшавы, Вены. У 1950—60-я г. фармацэўтычныя сродкі пачалі шырока выкарыстоўваць у многіх відах спорту. Першы смяротны выпадак зафіксаваны ў час Алімп. гульняў у 1960 у Рыме (у выніку злоўжывання амфетаміну і вял. напружання пры высокай тэмпературы паветра памёр дацкі веласіпедыст К.Енсен). У 1967 МАК стварыў Мед. камісію, якая распрацавала правілы антыдопінгавага кантролю. На 94-й сесіі МАК (1988, Сеул) прыняты тэкст Міжнар.алімп. антыдопінгавай хартыі, якая вызначае прынцыпы барацьбы з Д., ролю і задачы ў ёй спарт і ўрадавых арг-цый. У 1989 Антыдопінгавая хартыя прынята Саветам Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»
(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),
1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.Папроцкі (1760—62) і А.Янушкевіч (1763—64).
2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.Ясінскі, К.Даніловіч, Э.Славацкі, А.Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ.«Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.
3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.Корвін-Мілеўскі, Ф.Завадскі, В.Бараноўскі, Э.Навіцкі, Т.Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел.нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел.нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел.нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. У вер. 1910 газета забаронена. У кастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ.нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў АФГАНІСТА́НЕ,
узброеная барацьба ўнутры афг. грамадства з восені 1978 з прычыны нявырашанасці паліт., эканам., сац., этн.-нац. і рэліг. праблем у краіне. На 1-м этапе вайны (1978—79) супраць новаўвядзенняў кіруючай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) выступіла ўзбр. радыкальная ісламская апазіцыя (фундаменталісты), якая пасля паражэння сваіх папярэдніх антыўрадавых мяцяжоў 1970—75 арганізавала на тэр. Пакістана падрыхтоўку маджахедаў. Ва ўмовах крызісу ўлады па просьбе кіраўніцтва НДПА 27.12.1979 у Афганістан уведзены сав. войскі, новым ген. сакратаром НДПА і прэзідэнтам краіны стаў Б.Кармаль. На 2-м этапе (1980—89) непасрэдны ўдзел у вайне сав.ваен. кантынгенту (да 120 тыс.чал.) прывёў да кансалідацыі апазіцыйных НДПА сіл. Апошнім аказвалі падтрымку і дапамогу ЗША (у 1980—86 кангрэс выдаткаваў 750 млн., у 1987 — 630 млн.дол.), Пакістан, частка араб. краін, фундаменталісты Ірана, Кітай і інш. У кастр. 1986 з Афганістана выведзены 6 сав. палкоў. Пры новым афг. лідэры Наджыбуле афіцыйна абвешчана палітыка нац. прымірэння (снеж. 1986), прынята канстытуцыя 1987, уведзена шматпарт. сістэма і інш. Пасля падпісання ў Жэневе 14.4.1988 прадстаўнікамі Афганістана, Пакістана, СССР, ЗША шэрагу дакументаў аб паліт. урэгуляванні афг. праблемы 15.2.1989 з Афганістана канчаткова выведзены сав. войскі. На 3-м этапе вайны (1989—92) пасля спынення паставак зброі з Расіі ўраду Наджыбулы (прэзідэнт Афганістана да 16.4.1992) узбр. апазіцыя 28.4.1992 заняла Кабул, да ўлады прыйшлі яе лідэры (гл. В.Рабані, Г.Хекмаціяр). На 4-м этапе (1992—96) у межах т.зв.мусульм. рэвалюцыі забаронена дзейнасць Партыі Айчыны (былая НДПА). Абвастрэнне рознагалоссяў паміж пушгунскім і непуштунскім лагерамі ісламістаў выклікала новую жорсткую хвалю грамадз. вайны. 5-ы этап звязаны з дзейнасцю найб. артадаксальных ісламістаў — талібаў, якія імкнуцца да суцэльнай ісламізацыі краіны. У вер. 1996 яны захапілі Кабул, да 1997 кантралявалі 2/3тэр. Афганістана, наблізіліся да мяжы з Таджыкістанам і Туркменіяй. У ходзе грамадз. вайны загінулі 1,5 млн. афганцаў і 15 тыс.сав. вайскоўцаў (з іх больш за 750 чал. з Беларусі), 5 млн.афг. грамадзян сталі бежанцамі, знішчана 80% прадукц. сіл краіны і інш.
Літ.:
Спольников В.Н. Афганистан: Исламская оппозиция: Истоки и цели. М., 1990;
Война в Афганистане. М., 1991;
Афганистан-95 // Азия и Африка сегодня. 1995. № 10.
М.Г.Елісееў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў Афганістане. Байцы аднаго з добраахвотніцкіх атрадаў, якія ваявалі на баку ўрада.