Вініл і вытворныя вініліт, вінілхларыд і шэраг іншых хімічных злучэнняў. Запазычана з ням. Vinyl < лац. vinum ’віно’ + грэч. ὕλη ’матэрыя, аснова’ (праз рускую мову, рус. винил і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДАТЫ́ЧНАЯ ПЛО́СКАСЦЬ да паверхні ў пункце,

плоскасць, у якой ляжыць датычная прамая да кожнай лініі на паверхні, праведзенай праз гэты пункт.

Калі паверхня вызначана ўраўненнем F(x, y, z) = 0, дзе F(x, y, z) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д. п. да гэтай паверхні ў яе пункце M0(x0, y0, Z0) мае выгляд (F′x)0 (x−x0) + (F′y)0(y−y0) + (F′z)0 (z−z0) = 0, дзе (F′x)0, (F′y)0, (F′z)0 — частковыя вытворныя функцыі F(x, y, z) у пункце M0. Д.п. да паверхні σ у пункце M0 характарызуецца тым, што адлегласць h ад гэтай плоскасці да зменнага пункта М паверхні σ пры імкненні М да M0 з’яўляецца бясконца малой у параўнанні з адлегласцю MM0.

Датычная плоскасць.

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПІ́ДЫ (ад грэч. lipos тлушч),

тлушчападобныя рэчывы, што ўваходзяць у састаў жывых клетак. Адыгрываюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці. Адзін з асн. кампанентаў біял. мембран. Уплываюць на пранікальнасць клетак і актыўнасць ферментаў, удзельнічаюць у перадачы нерв. імпульсу, мышачным скарачэнні, утварэнні міжклетачных кантактаў, імунахім. працэсах і інш. Большасць Л. — вытворныя вышэйшых тлушчавых к-т, спіртоў ці альдэгідаў. Падзяляюцца на простыя і складаныя. Да Л. таксама адносяць стэрыны, тэрпены, убіхіноны. Л. — паверхнева-актыўныя рэчывы, маюць у малекулах палярныя групоўкі (-COOH, -OH, -NH2 і інш.) і непалярныя вуглевадародныя ланцугі; сярэдне растваральныя ў непалярных растваральніках (бензол, петралейны эфір і інш.) і вельмі мала — у вадзе. У арганізме Л. ферментатыўна гідралізуюцца ліпазамі.

Літ.:

Маркман А.Л. Химия липидов. Вып. 1—2. Ташкент, 1963—70;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

С.​С.​Ермакова.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКО́ЗЫ [ад грэч. mykēs грыб + ...оз(ы)],

1) інфекцыйныя хваробы жывёл і чалавека, якія выклікаюцца паразітычнымі грыбамі і актынаміцэтамі. Пашыраны ўсюды. У жывёл хварэе пераважна маладняк. Большасць узбуджальнікаў аэробныя арганізмы, некат. маюць таксіны, якія выклікаюць атручэнні. Заражэнне адбываецца праз скуру, слізістыя абалонкі экзагенна (ад хворага непасрэдна ці праз паветра, прадметы, кармы, ежу) або эндагенна (пры актывацыі патагенаў у час інш. хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, дысбактэрыёзаў). Пры паверхневых М. пашкоджваюцца скура і яе вытворныя, пры глыбокіх — таксама слізістыя абалонкі, унутр. органы і тканкі, могуць утварацца пухліны. Большасць М. працякае хранічна, многія перадаюцца ад жывёл чалавеку. У людзей найчасцей бываюць грыбковыя хваробы скуры. У жывёл пашыраны актынабацылёз, актынамікоз, аспергілёз, бластамікозы, какцыдыяідоз, кандыдамікозы, мікраспарыя, трыхафітыя, фавус, фікамікозы, эпізаатычны лімфангііт, крыптакакоз, споратрыхоз, стрэптатрыхоз і інш. 2) Тое. што грыбныя хваробы раслін.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́СКУС (лац. muscus ад санскр. машонка, яйцо),

прадукт жывёльнага ці расліннага паходжання са своеасаблівым, т.зв. мускусным, пахам і здольнасцю паляпшаць і фіксаваць пах парфумерных кампазіцый.

Жывёльны М., які атрымліваюць пераважна з мускусных залоз самцоў кабаргі — зярністая цёмна-рудая маса, мае бялкі, тлушчы, халестэрын, розныя солі. Пах абумоўлены прысутнасцю макрацыклічнага кетону мускону. Мускусны пах маюць некаторыя эфірныя алеі, а таксама сінт. пахучыя рэчывы, якія не знойдзены ў прыродзе. Пахучая аснова расліннага М. — макрацыклічныя лактоны (макраліды); найб. важныя амбрэталід, які ёсць у эфірным алеі з насення гібіскусу, і тыбеталід, што уваходзіць у састаў эфірнага алею з каранёў аптэчнага дзягілю. Сярод сінт. М. найб. шырока выкарыстоўваюць т.зв. нітрамускусывытворныя бензолу, што маюць адну ці некалькі нітрагруп (напр., М. амбравы).

Да арт. Мускус. Структурныя формулы: 1 — мускону; 2 — амбрэталіду; 3 — тыбеталіду; 4 — мускусу амбравага.

т. 11, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙМЕ́НШЫХ КВАДРА́ТАЎ МЕ́ТАД,

адзін з метадаў памылак тэорыі для ацэньвання невядомых велічынь па выніках вымярэнняў. Выкарыстоўваецца для статыстычных апрацовак.

Прапанаваны К.Гаўсам (1794—95) і А.Лежандрам (1805—06). Першасна прызначаўся для апрацоўкі астр. і геад. вымярэнняў. Строгае матэм. абгрунтаванне і вызначэнне межаў дастасавальнасці Н.к.м. далі А.А.Маркаў і А.М.Калмагораў. Паводле Н.к.м., калі n вынікаў вымярэнняў y1, y2, ..., yn звязаны з m (m < n) пераменных x1, x2, ..., xm зададзенай функцыянальнай залежнасцю yi = 𝑓(x1, x2, ..., xm) + σi, дзе σi — невядомыя выпадковыя хібнасці, ацэнкамі для xi бяруцца такія Xi, для якіх сума квадратаў S = i=1 n pi [ yi 𝑓 ( Xi ) ] 2 , дзе pi — зададзеныя лікі, будзе найменшая. Для мінімізацыі S першыя частковыя вытворныя па невядомых велічынях прыраўноўваюць да нуля. Рашэнне сістэм ураўненняў S / xi = 0 дае ацэнкі для Xi.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТО́ЛЫ, гідроксінафталіны,

вытворныя нафталіну з адной ці некалькімі гідраксільнымі групамі ў малекуле. Маюць агульную ф-лу C10H8−(OH)11, дзе n = 1—3 і болей.

З’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі ў сінтэзе азафарбавальнікаў.

Бясколерныя крышт. рэчывы з характэрным пахам. Добра раствараюцца ў этаноле, дыэтылавым эфіры. бензоле, хлараформе, шчолачах, мала — у вадзе. Пры награванні ўзганяюцца. Паводле хім. уласцівасцей — тыповыя фенолы. Найб. пашыраны монанафтолы 1-Н. (нафталінол-1) і 2-Н. (нафталінол-2). Выкарыстоўваюць 1-Н у вытв-сці заацыдаў (напр., 1-нафтылмачавіны), 2-Н. як моцны антысептык, антыаксідант шкіпінару і каўчукоў, яго этылавы эфір (нералін) як пахучае рэчыва ў парфумерыі. 2-Н. слаба раздражняе скуру, слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 0,1 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Да арт. Нафтолы: а — 1-нафтол; б — 2-нафтол.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРЫ́ТЫ,

неарганічныя і арган. вытворныя азоцістай кіслаты.

Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO2)n, (n — ступень акіслення металу М). Крышт. рэчывы, тэрмічна малаўстойлівыя: раскладаюцца пры 25—300 °C; без раскладання плавяцца толькі Н. шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць пераважна Н. шчолачных металаў і амонію для сінтэзу азафарбавальнікаў, як акісляльнікі і аднаўляльнікі ў гумава-тэхн., тэкст. і металаапрацоўчай прам-сці, кансерванты харч. прадуктаў. Водарастваральныя Н. (напр., Н. натрыю NaNO2, калію KNO2) таксічныя. Н. арганічныя — эфіры азоцістай к-ты; паўпрадукты ў арган. сінтэзе. Маюць адну ці некалькі груп -O-N=0, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала; ізамерныя нітразлучэнням. Ніжэйшыя алкілнітрыты — газы (напр., метылнітрыт CH3ONO, tпл -12 °C), астатнія — бясколерныя ці жаўтаватыя вадкасці. Не раствараюцца ў вадзе. Высокатаксічныя. Ізапентылнітрыт (ізаамілнітрыт) (CH3)2CHCH2CH2ONO — проціяддзе пры атручэнні сінільнай к-той і яе солямі.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Саму́йла ’тоўсты чалавек’ (віц., Нар. лекс.). Ад сам з суф. ‑уй‑ла (як хамуйла (гл.)). Аб суфіксацыі гл. Карскі 2–3, 23–25. Да семантыкі параўн. самавіты і вытворныя (гл. сам).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Падазрава́ць ’лічыць вінаватым у якіх-н. дрэнных, недазволеных учынках; думаць, дагадвацца’ (ТСБМ). Новае кніжнае запазычанне з рус. подозревать, якое ад прасл. zьrěti ’глядзець, бачыць’. Бел. м. дзеяслоў zъreti і яго вытворныя неўласцівыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)