горад у Столінскім р-не Брэсцкай вобл., прыстань на р. Гарынь. За 35 км ад г. Столін, 280 км ад г. Брэст, 41 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец — Сарны. 7,2 тыс.ж. (1997).
Паводле археал. звестак, Давыд-Гарадок узнік у пач. 12 ст. У летапісах упамінаецца з 14 ст. У 14—18 ст. існаваў Давыд-Гарадоцкі замак. У канцы 14—16 ст. цэнтр Давыд-Гарадоцкага княства. З 1522 належаў каралеве Боне, з 1558 — Радзівілам. З 1579 цэнтр ардынацыі, з 1586 уваходзіў у Клецкую ардынацыю. Гараджане ўдзельнічалі ў Давыд-Гарадоцкім паўстанні 1648—50. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, прыйшоў у заняпад. З 1793 у Рас. імперыі, у 1795—96 цэнтр Давыд-Гарадоцкага павета, меў герб; з 1796 мястэчка Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1897 — 7815 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 11,7 тыс.ж. З 1940 горад, цэнтр Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай (з 1954 — Брэсцкай) вобл. З 7.7.1941 да 9.7.1944 акупіраваны ням-фаш. войскамі, якія загубілі ў горадзе 402 чал. У кастр. 1943 партызаны разграмілі ням.-фаш. гарнізон (гл.Давыд-Гарадоцкія баі 1943). З 1961 у Столінскім р-не. У 1970 — 8,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металаапр. (Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод), харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква (2-я пал. 17 ст.). Археал. помнікі — гарадзішча (12—14 ст.), каля Давыд-Гарадка грунтавы могільнік (1—5 ст.), селішча жал. веку, эпохі Кіеўскай Русі і позняга сярэдневякоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛГУДЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Дзялоша». Упершыню згадваюцца ў канцы 16 ст.Найб. вядомыя:
Бальцар, родапачынальнік, у 1621 валодаў Гелгудзішкамі ў Расіенскім пав.Андрэй Казімір (?—1711), сын Бальцара. Каралеўскі сакратар, падстолі жмудскі (1668), пісар вял. літоўскі (1673). Неаднаразова выбіраўся дэпутатам сейма. У час міжусобіц 2-й пал. 17 ст. прыхільнік караля Міхала Вішнявецкага, належаў да групоўкі канцлера ВКЛ К.Паца. Міхал, сын Антонія, дэпутат Трыбунала ВКЛ (1781), саветнік дэпартамента фінансаў Пастаяннай Рады Рэчы Паспалітай (1786), пісар польны літоўскі (1790). Прыхільнік Таргавіцкай канфедэрацыі, з чэрв. 1792 яе саветнік у Жмудзі. Маршалак дворны ВКЛ (апошні, ліп. 1793). Ігнацы (? — 13.5.1807), дэпутат Чатырохгадовага сейма 1788—92, ротмістр нац. кавалерыі і стражнік ВКЛ у 1789—93. Належаў да Згуртавання сяброў канстытуцыі 3 мая 1791. Удзельнік паўстання 1794, 24.4.1794 абраны ў Найвышэйшую Літоўскую раду. У 1806—07 удзельнічаў у арганізацыі польскіх узбр. фарміраванняў у складзе напалеонаўскага войска, камандаваў дывізіяй, генерал-лейтэнант. Антоні (1792—13.7.1831), сын Міхала, генерал. У 1812 уласным коштам сфарміраваў полк пяхоты і быў прызначаны яго камандзірам у чыне палкоўніка. Ваяваў у складзе корпуса Варшаўскага княства супраць рас. арміі ў 1812 і 1813. Служыў у арміі Каралеўства польскага, генерал брыгады (1818). Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. 25.2.1831 атрымаў чын генерала дывізіі. На чале дывізіі дзейнічаў у Жмудзі, падтрымліваючы атрад ген. Д.Хлапоўскага. 19.6.1831 часткай сваіх сіл няўдала атакаваў Вільню, пасля пацярпеў некалькі паражэнняў у Жмудзі. 13.7.1831 атрады Гелгуда і Хлапоўскага перайшлі граніцу з Прусіяй, дзе былі інтэрніраваны. Западозраны ў здрадзе, Гелгуд застрэлены капітанам С.Скульскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,
міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.В.Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш.сав. рэспублік, у т. л.БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.
Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.Ластоўскага і міністра замежных спраў А.Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БУГ, Буг,
рака на тэр. Украіны, Беларусі і Польшчы, левы прыток. Нараў. Даўж. 772 км, у межах Беларусі 154 км. Пл. вадазбору 39,4 тыс.км², у межах Беларусі каля 10 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Падольскага ўзв. каля в. Верхабуж Золачаўскага р-на Львоўскай вобл. Украіны. У сярэднім цячэнні праходзіць па Брэсцкім Палессі і Прыбугскай раўніне (на значным працягу пагранічная). Упадае ў Зягжынскае вадасх. на р. Нараў (Польшча). Асн. прытокі: Луга (Украіна), Капаёўка, Мухавец, Лясная, Пульва (Беларусь), Нужац (Польшча) — справа; Рата, Салокія, Уладаўка, Кшна, Лівец (Польшча) — злева. У верхнім цячэнні даліна выразная, шыр. 1—3 км, у сярэднім цячэнні (у межах Беларусі) невыразная, шыр. 3—4 км, на ніжнім участку выразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні вузкая, перарывістая, у сярэднім — нізкая, шырокая, часта зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча звілістае, шматрукаўнае, шыр. 10—20 м у вярхоўі, ніжэй 50—80 м, на асобных участках 200—300 м. Ледастаў з 2-й паловы снеж. да сярэдзіны сакавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 1—2 месяцы. Летам і ўвосень назіраюцца дажджавыя паводкі, зімой мяшаныя (ад адліг і дажджоў). Межань кароткая, перарывістая. Сярэднегадавы расход вады на мяжы Украіны і Беларусі каля 50 м³/с, у вусці 145 м³/с. Праз Мухавец, Дняпроўска-Бугскі канал, р. Піну. З.Б. злучаны з р. Прыпяць; праз р. Нараў з р. Чорная Ганча (прыток р. Нёман). Суднаходства ніжэй Брэста. На рацэ гарады Буск, Каменка-Бугская, Чырванаград, Сакаль (Украіна), порт Брэст (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЭ́ЛЬВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка. За 132 км ад Гродна. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск. 8,6 тыс.ж. (1997).
Вядома з 1470 як сяло Вял. З., уласнасць Міхаіла Начовіча (з 1477 вядомы суседні маёнтак Малая З.). У 16—19 ст.Вял. і Малой З. валодалі Вішнеўскія, Іллінічы, Забярэзінскія, Зяновічы, Камароўскія, Глябовічы, Радзівілы, Язерскія, Палубінскія, Сапегі. З 1524 Вял. З. (з 16 ст. ў крыніцах проста З.) мястэчка Ваўкавыскага пав. У 1616 рынак і 3 вуліцы, 17 корчмаў, 2 млыны. У 1720 атрымала прывілей на таргі і кірмашы. З 1739 заснавана рэзідэнцыя піяраў. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. У 1831 канфіскавана ва ўласнасць дзяржавы за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31. У 1897—2879 ж., нар. вучылішча, лячэбніца, млын, бровар, медаварня, свечачная майстэрня. У 20 ст. Малая З. ўвайшла ў межы З. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Зэльвенскага раёна. З 1.7.1941 да 12.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі, якія загубілі ў З. і раёне 6049 чал. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не. У 1971—4,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, санаторна-лясная школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, 2 камбінаты быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Зэльвенская Троіцкая царква (19 ст.), касцёл Дзевы Марыі (пач. 20 ст.). Каля З. — гарадзішча і курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна тэкстыльнай прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску бытавых (касцюмных, бялізнавых, парцьерных і інш.), тэхн. і тарных тканін, дывановай пражы. З адходаў асн. вытв-сці вырабляецца пакулле для ўпакоўкі, з кастрыцы — пліты, з самых нізкіх нумароў ільновалакна — радно, вяроўкі, шпагат. Прадпрыемствы размяшчаюцца ў раёнах вырошчвання лёну-даўгунцу і звязаны з ільнаводствам, ільноапрацоўкай. Працуе на мясц. і прывазной сыравіне: ільняным валакне, баваўнянай пражы, хім. валокнах. Найб. развіта І.п. у Расіі, Францыі, Нідэрландах, Бельгіі, Польшчы, Германіі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Японіі, на Украіне, Беларусі.
Вытв-сць ільновалакна і ручное ткацтва на Беларусі пашыраны з даўніх часоў. Першыя палатняна-парусінавыя мануфактуры засн. ў канцы 18 ст. ў Крычаве, Шклове, Горках, Добрушы і інш. Канкурэнцыя суседніх раёнаў Расіі і краін Зах. Еўропы прывяла да заняпаду галіны. У канцы 19 ст. — пач. 20 ст. З пранікненнем на Беларусь замежнага капіталу пачалося аднаўленне І.п. У 1900 руска-бельгійскае акц.т-ва пабудавала Віцебскую лёнапрадзільную фабрыку «Дзвіна». У 1902 аўстр. прадпрымальнікі заснавалі Высачанскую лёнапрадзільную фабрыку. На долю 8 заснаваных у 1900—13 прадпрыемстваў прыпадала 78% валавой прадукцыі тэкст. прам-сці Беларусі. Пераважна выраблялася пража, якую вывозілі на адпаведныя прадпрыемствы Расіі і Зах. Еўропы.
Значнае развіццё І.п. адбылося ў пач. 1930-х г., калі быў пабудаваны Аршанскі льнокамбінат. Стварэнне на гэтым камбінаце ў пасляваенны час новых вытв-сцей значна змяніла асартымент прадукцыі і павысіла яе якасныя характарыстыкі, што дазволіла выйсці на міжнар. рынак. У 1990-я г. І.п. Беларусі перажывае эканам. цяжкасці. У 1995 выраблена 41 млн.м² тканін (у 1990—94 млн.м²).
Г.С.Смалякоў.
Да арт. Ільняная прамысловасць. Асартыментны кабінет Аршанскага льнокамбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЧЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рутка. На аўтадарозе Навагрудак—Мінск. За 185 км ад Гродна, 42 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. 7,8 тыс.ж. (1998).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1395. У 15 ст. двор вял. князёў ВКЛ у Навагрудскім пав. У 1505 разрабаваны крымскімі татарамі. З 1594 вядомы як мястэчка. З 2-й чвэрці 17 ст. ўладанне кн. Радзівілаў. З 2-й пал. 17 ст. ў К. дзейнічала шпалерня (гл.Карэліцкія шпалеры). У 1655 у час вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай разбураны шведамі. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 зноў спалены шведамі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1833—62 дзейнічала Карэліцкая цукровая мануфактура. У 1897—2559 ж., школа, царква, сінагога, лячэбніца, гасцініца, паштовая станцыя. У 1-ю сусв. вайну моцна разбураны, акупіраваны герм. войскам. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Карэліцкага раёна, вёска. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3747 ж. З 30.4.1958 гар. пасёлак. У 1962—65 у Навагрудскім р-не. У 1971—3,7 тыс жыхароў.
Ільнозавод. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, базавая і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей «Зямля і людзі». Вайсковыя могілкі, Мемар. комплекс сав. воінам і партызанам, помнік землякам. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
гарадскі пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. За 39 км ад Мядзела, 139 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Крывічы на лініі Маладзечна—Полацк. 1,6 тыс.ж. (1998).
Пад 1493 К. ўпамінаюцца як шляхецкая ўласнасць. У 1552 вёска, мела 8 дымоў. Пазней уласнасць Кішкаў. Каля 1640 пабудавана Свята-Троіцкая царква. З 1684 належала Укольскім, Ходзькам, Любанскім, Швыкоўскім. У 1770 цівун і падкаморы трокскі А.Укольскі дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў грамату кляштару на крывіцкія землі. У 1777 пабудаваны мураваны касцёл. З 1776 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв., з 1793 ў Рас. імперыі. цэнтр воласці Вілейскага пав. У 1860—485 ж., 55 двароў. У 1886 у К. школа, нар. вучылішча, валасная ўправа, царква, касцёл, капліца, багадзельня, 3 крамы, 3 заезныя дамы, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. У 1897—719 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. У 1921 у мястэчку 623 ж., у фальварку 13 ж., управа, касцёл, 4 млыны, бальніца, пошта, аптэка; штотыднёвы кірмаш. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Крывіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. якія загубілі ў К. і раёне 2189 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак, з 1962 у Мядзельскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), царква (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ВА,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Краўлянка, каля аўтадарогі Ашмяны—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад горада і 20 км ад чыг. ст. Смаргонь, 222 км ад Гродна. 812 ж., 357 двароў (1998).
Упершыню згадваецца ў ням. хроніках (13 ст. як сталіца Нальшчанаў. З 1260-х г. (пасля ўцёкаў мясц. князя Даўмонта) у складзе ВКЛ. У 14 ст. цэнтр Крэўскага княства, пабудаваны Крэўскі замак. У К. падпісана Крэўская унія 1385, у 1387 заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Пасля 1391 К. ў Ашмянскім пав. Да 17 ст. неаднаразова было месцам барацьбы ў час усобіц і войнаў. У 17—18 ст. мястэчка. мела магдэбургскае права. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці (гл.Крэўская кераміка). У 1897 у К. 1380 ж., 217 двароў. 2 царквы, сінагога, вучылішча, школа, 2 магазіны, 5 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1972—1155 ж. У 1998 створаны міжнар. фонд «Крэва» — грамадская недзярж. арг-цыя з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка.
Лясніцтва. Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл Праабражэння Гасподняга (1997). Брацкія могілкі салдат рус. арміі, што загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Аляксандра Неўскага (1854). На зах. ускраіне вёскі захаваліся руіны Крэўскага замка і гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,
найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).